Працягваем вандраваць разам з «Будзьма!» па прасторах Баранавіцкага раёна. У трэцяй частцы маршрута нас чакае шмат цікавага: культавыя будынкі разнастайных канфесіяў, унікальны для Беларусі трохкутны храм, крушні старасвецкіх маёнткаў, гістарычная местачковая забудова, наведаем нават колішні асяродак рыцараў мальтыйскага ордэна. Такім чынам прапануем рушыць наступным шляхам: Новая Мыш — Моўчадзь — Вялікая Сваротва — Жалезніца — Сталовічы.
Фота: vedaj.by
Чарговым нашым прыпынкам у Баранавіцкім раёне будзе колішняе мястэчка Новая Мыш. Яшчэ паўтара стагоддзі таму гэта было адно з найбуйнейшых мястэчак старажытнай Наваградчыны, пакуль не з’явілася чыгуначная станцыя ў Баранавічах, вакол якой і завіравала жыццё сённяшняга раённага цэнтра.
Вандруем разам з «Будзьма»! На што паглядзець у Баранавіцкім раёне?
Фота: planetabelarus.by
Упершыню ў пісьмовых крыніцах Мыш узгадваецца ў XV стагоддзі як вёска, а ў XVІ стагоддзі ўжо як мястэчка. Вядома, што за ўвесь час існавання ў Мышы гаспадарылі прадстаўнікі наймагутнейшых родаў беларускай шляхты. Хадкевічы, атрымаўшы ад Жыгімонта Аўгуста графскі тытул, утварылі тут Мышанскае графства. Да XVII вядома пра існаваннне замка Хадкевічаў у Старой Мышы ды аб заснаванні там кляштара езуітаў.
Фота: planetabelarus.by
Сёння дакладна цяжка сказаць, калі Хадкевічы заснавалі менавіта Новую Мыш, якая, паводле задумы гаспадароў, мелася стаць буйным гандлёвым і палітычным цэнтрам тагачаснай Наваградчыны. Верагодней за ўсё, што пасля трынаццацігадовай вайны з Масковіяй, калі загінуў кожны другі месціч колішняй Мышы. Спатрэбілася амаль паўтара стагоддзі пасля той вайны, каб аднавіць былы патэнцыял мястэчка ды зрабіць яго цэнтрам графства.
Вандруем разам з «Будзьма!»: што паглядзець у Баранавіцкім раёне. Частка другая
Фота: planetabelarus.by
У пачатку ХІХ стагоддзя графства Мыш належала Юзафу Несялоўскаму, пра якога ўзгадвае ў сваім творы «Пан Тадэвуш» Адам Міцкевіч. Менавіта пры Несялоўскім гаспадарчымі справамі маёнтка кіраваў Тадэвуш Чачот — бацька беларускага пісьменніка, фалькларыста, мовазнаўцы, філамата Яна Чачота, песні якога, напісаныя на матыў вядомых яму беларускіх, як казаў сам Чачот, «крывіцкіх» песняў, карысталіся надзвычайнай папулярнасцю ў студэнцкім асяродку Віленскага універсітэта.
«Сялянскія песенькі з-над Нёмана і Дзьвіны...», Вільня, 1846
Менавіта тут, у Новай Мышы, бавіў дзіцячыя гады паэт, якога ягоны сябар Адам Міцкевіч так і называў «Ян з Мышы». Шмат сваіх балад Ян Чатот прысвяціў мясцовым рэаліям: «Мышанка», прысвечаная Хадкевічам, «Калдычэўскі шчупак», прысвечаны Міхалу Верашчаку, брату каханай Міцкевіча Марылі, ды шматлікія іншыя.
Ян Чачот
Гісторыя імклівага развіцця Новай Мышы спынілася з пачаткам гісторыі горада Баранавічы, калі ў 1871 годзе ў некалькіх кіламетрах ад Новай Мышы на чыгунцы адкрылася новая станцыя Баранавічы, вакол якой і пачало віраваць тагачаснае эканамічнае жыццё мясцовасці.
Фота: planetabelarus.by
Колішняя рынкавая плошча ў Новай Мышы да нашых дзён не надта змянілася. У забудове плошчы, як і раней, дамінуе каталіцкі касцёл Перамянення Пана, збудаваны ў стылі класіцызму ў 1825 годзе на месцы даўнейшага драўлянага касцёла 1641 года пабудовы.
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
У ім захоўваецца барочны арган, зроблены ў 1762 годзе, перанесены разам з амбонам ды алтарамі па скасаванні кляштара бенедыктынак пасля Студзеньскага паўстання з Нясвіжа. З таго часу аўтэнтычным у аргане застаўся толькі праспект, астатняя частка грунтоўна перароблена Фларыянам Астраменцкім у 1891 годзе.
Фота: argany.by
Фота: vedaj.by
Побач з касцёлам можна пабачыць Спаса-Праабражэнскую царкву, пабудаваную ў 1859 годзе ў неарускім стылі на месцы колішняй драўлянай уніяцкай царкы.
Фота: vedaj.by
Фота: vedaj.by
У Новай Мышы найбольш захавалася гістарычнай забудовы ХІХ стагоддзя, бо раней большасць будынкаў тут была драўлянай і бясконца цярпела ад пажараў. Сёння на неторых вуліцах колішняга мястэчка можна пабачыць яўрэйскія камяніцы, захавалася сінагога, хедар — яўрэйская навучальная ўстанова, млын, а ў цэнтры мястэчка будынак колішняй карчмы, пабудова якога датуецца таксама ХІХ стагоддзем.
Фота: fotobel.by
Фота: fotobel.by
Фота: fotobel.by
Далей рушым у колішняе мястэчка, сёння вёску Моўчадзь, што на рацэ Маўчадка. Некаторыя называюць Моўчадзь беларускай Швейцарыяй, бо яна размешчана сярод маляўнічых лясістых узгоркаў ды бяскрайніх залёных лугавін, што сыходзяць далёка за далягляд. Моўчадзь упершыню згадваецца ў пісьмовых крыніцах у XV стагоддзі, але археолагі сцвярджаюць, што заселеныя былі гэтыя мясціны значна раней.
Фота: wikimedia.org
Захаваная гістарычная забудова Моўчадзі ў асноўным датуецца ХІХ стагоддзем, бо раней пераважна драўляная Моўчадзь рэгулярна цярпела ад пажараў. Гісторыя мястэчка, як і большасці беларускіх мястэчак ХІХ стагоддзя, звязаная з яўрэйскім насельніцтвам, якое ў 1889 годзе складала семдзесят адсоткаў Моўчадзі. Перадусім дзякуючы яўрэям мястэчка зазнала імклівае прамысловае развіццё на мяжы XVIII-XIX стст. Тут функцыянавалі ўласная гарбарня, млын, пазней ГЭС, былі адчынены аптэка і карчма. Наступны штуршок да развіцця горада задала чыгунка, якая была пракладзена праз Моўчадзь ў другой палове ХІХ стагоддзя.
Фота: wikimedia.org
Колішняя яўрэйская забудова Моўчадзі сёння часткова захавалася. Можна пабачыць крушні млына, ГЭС ды аптэкі. Былая карчма выкарыстоўваецца як жылы дом. У колішняй сінагозе месціўся сельскі клуб. Ёсць у Моўчадзі і старыя каталіцкія, праваслаўныя ды яўрэйскія могілкі.
Быў тут і касцёл, але не захаваўся. Пасля ІІ сусветнай вайны савецкія ўлады ператварылі яго ў клуб, а затым і ўвогуле разабралі. Месцічы ведаюць толькі месца, дзе размяшчаўся храм: акурат за праваслаўнай царквой святых апосталаў Пятра і Паўла.
Фота: planetabelarus.by
Праваслаўны храм апосталаў Пятра і Паўла пабудаваны яшчэ ў 1869 — 1873 гг. У царкве захоўваецца абраз Аляксандра Неўскага 1866 года. Вакол царквы захавалася аўтэнтычная каменная агароджа з заезнай брамай.
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
Варта пашпацыраваць і дзе-нідзе брукаванымі вуліцамі Моўчадзі, каб уявіць, як выглядала мястэчка яшчэ стагоддзе таму, у некаторых месцах захаваліся кавалкі старажытнай брукаванкі.
Наступным прыпынкам прапануем зрабіць вёску Вялікая Сваротва, якая вядомая ў пісьмовых крыніцах з XV стагоддзя як двор Сваротва, які належаў Храптовічам. Росквіт Сваротвы звязаны з родам Незабытоўскіх, калі паселішча перайшло ва ўласнасць Якуба Незабытоўскага, а пазней яго спадчыннікам, у тым ліку сыну Стэфану, маршалку тагачаснай Гарадзенскай губерні.
Фота: radzima.org
У пачатку ХІХ стагоддзя Якуб Незабытоўскі заклаў сядзібу ў стылі ампір на ўзвышшы над рэчкай Сваротва — адзінай рэчкай, якая бярэ свой пачатак з возера Свіцязь. Як выглядаў маёнтак Незабытоўскіх, можам уявіць з дапамогай малюнка сядзібы Напалеона Орды 1876 года.
Пры сядзібе быў вялікі гаспадарчы двор з будынкамі стайні, кароўніка, сталярні, кузні, аранжарэі. На старых фотаздымках захавалася выява лядоўні, якая сканчвалася вежай з гадзіннікам. Крушні лядоўні, кузні і некаторых іншых гаспадарчых пабудоў можам пабачыць і сёння.
Фота: fotobel.by
Фота: fotobel.by
На жаль, палац разам з інтэр’ерам, бібліятэкай ды большасць гаспадарчых будынкаў сядзібы Незабытоўскіх былі знішчаны пажарам у 1917 годзе. Часткова захаваўся прысядзібны парк, але ён моцна пацярпеў ужо ў 2013 годзе.
Фота: fotobel.by
Асноўнай жа архітэктурнай перлінай Вялікай Сваротвы з’яўляецца незвычайная трохкутная Траецкая царква, першапачаткова пабудаваная ў 1823 годзе і ўжо ў нашым тысячагоддзі адноўленая са зруйнаванага стану. Гэта адзіная царква ў Беларусі, якая мае форму трохкутніка. Уваходныя дзверы былі прадугледжаны з усіх бакоў, алтар раней размяшчаўся ў цэнтральнай частцы храма, але пасля аднаўлення яго перанеслі ў адзін з кутоў.
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
Яшчэ ў 1747 годзе на месцы сучаснай царквы быў пабудаваны драўляны ўніяцкі храм на каменным падмурку. У 1823 годзе Незабытоўскія фундавалі будаўніцтва новай царквы на старым падмурку.
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
Даследчыкі выказваюць меркаванне, што такая незвычайная форма царквы тлумачыцца тым, што праз яе падкрэслівалася адрозненне ўніяцкага храма ад каталіцкага касцёла ці праваслаўнай царквы, а, магчыма, у падобнай архітэктурнай форме ўвасобілася канцэпцыя, што ва ўніяцкі храм без супярэчнасцяў можна прыходзіць маліцца і каталікам, і праваслаўным, і непасрэдна ўніятам.
Фота: planetabelarus.by
Наступным прыпынкам раім зрабіць вёску Жалезніца. Жалезніца вядомая з сярэдзіны XV стагоддзя як зямля, што належала Сапегам. Пазней у Жалезніцы гаспадарылі Хадкевічы ды Кашчыцы. Палкоўнік Іосіф Кашчыца, адзін з ганаровых шляхцічаў Наваградчыны, за ўдзел у Лістападаўскім паўстанні быў залічаны да дзяржаўных злачынцаў тагачаснай Расійскай Імперыі ды пазбаўлены шляхецтва, пасля чаго быў вымушаны эміграваць. Гаспадаром канфіскаванага маёнтка Жалезніца стаў Аляксандр Вольскі, а пазней ягоныя нашчадкі.
Фота: intex-press.by
З пачатку ХХ стагоддзя Жалезніца стала ўласнасцю Мільгераў, за якімі землі маёнтка павялічыліся ўтрая. Сядзіба была пабудавана каля невялікай крынічкі, што ўпадала ў раку Мышанку, якую сярод рэшткаў старога парку ды хмызняку цяжка сёння адшукаць, але магчыма. Сёння на месцы сядзібы месціцца школа.
Фота: intex-press.by
Але асноўны архітэктурны аб’ект, які нас цікавіць у Жалезніцы, і, бадай, адзіны захаваны тут з даўніх часоў, капліца, закладзеная яшчэ Вольскімі ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя, пабудаваная з чырвонай цэглы на мясцовых могілках у стылі касіцызму. Унутры капліцы да нашых дзён захаваўся, хаця і ў пашкоджаным стане, прысценкавы алтар, выраблены ў іянічным стылі. Франтон будынка сёння амаль разбураны. Пахавальныя камеры з трунамі спачылых прадстаўнікоў роду Вольскіх ў капліцы цалкам разрабаваныя яшчэ за савецкім часам.
Фота: @czach.u
Фота: @czach.u
Апошнім прыпынкам на сёння будзе вёска Сталовічы ці Сталавічы, як называюць месцічы. Сталовічы вядомыя яшчэ з XVI стагоддзя, калі тут гаспадарылі Радзівілы. Акурат у гэты перыяд Сталовічы займелі статус мястэчка.
Фота: planetabelarus.by
Росквіт мястэчка Сталовічы звязаны з іменем Жыгімонта-Караля Радзівіла, які заснаваў у Сталовічах адзіны на сучаснай тэрыторыі Беларусі асяродак Мальтыйскага каталіцкага рыцарскага ордэна, з дзейнасцю якога ён пазнаёміўся падчас навучання ў італьянскім горадзе Балоння, дзе і папоўніў шэрагі прадстаўнікоў ордэна. Спачатку Караль-Жыгімонт фундаваў у Сталовічах будаўніцтва драўлянага касцёла, а пазней, у 1639 годзе, мураванай капліцы, асвечанай у гонар Маці Божай Ларэтанскай. Тут жа захоўвалася скульптура Маці Божай, якую, паводле легенды, Караль-Жыгімонт прывёз з Італіі з-за яе надзвычайнай прыгажосці.
Фота: planetabelarus.by
У 30-40-я гг. XVIII стагоддзя па праекце выбітнага архітэктара Яна Глаўбіца над капліцай быў узведазены велічны мураваны храм Яна Хрысціцеля у стылі віленскага барока, які мы можам пабачыць і сёння, але ў моцна пераробленым выглядзе.
Фота: planetabelarus.by
У 1817 годзе Мальтыйскі ордэн быў скасаваны, а ў 1868 годзе, пасля Студзеньскага паўстання, будынак касцёла Яна Хрысціцеля перададзены праваслаўнай царкве. Падчас перабудовы фасад будынка страціў дэкаратыўныя вежы, фігурныя франтоны, у храме былі знішчаны арган і амбон. Пазней у Расію было вывезена і ўнутранае ўбранства касцёла, у тым ліку і скульптура Маці Божай Ларэтанскай.
Фота: planetabelarus.by
Як толькі быў атрыманы дазвол уладаў на будаўніцтва новых каталіцкіх храмаў, сталовіцкія каталікі ўзвялі касцёл Найсвяцейшага Сэрца Ісуса ў 1907-1910 гг. у неагатычным стылі, які добра захаваўся да нашых дзён ды велічна ўзвышаецца над панарамай сучасных Сталовічаў.
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
Сталовічы ўвайшлі ў гісторыю дзякуючы сумна вядомай бітве ў верасні 1771 года, калі расійскае войска пад кіраўніцтвам Суворава ўночы здзейсніла напад і ўшчэнт разбіла войска Рэчы Паспалітай пад кіраўніцтвам гетмана Міхала-Казіміра Агінскага. Прыкладна праз два дзесяткі год пасля гэтай падзеі Сталовічы ўвайшлі ў склад Расійскай Імперыі. Як напамін у Сталовічах усталяваны мемарыяльны камень.
Фота: fotobel.by
Фота: fotobel.by
З гістарычнай інфраструктуры ХІХ-ХХ стагоддзя ў Сталовічах захавалася няшмат: два млыны, адзін з якіх вадзяны, размяшчаецца каля рэчкі ды ўжо даўно не працуе. Другі — усяго дзясятак год таму канчаткова спыніў сваю працу.
Фота: fotobel.by
Фота: fotobel.by
Фота: radzima.org
Вандруйце разам з «Будзьма!». Працяг будзе.
ПЖ, budzma.org