Працягваем вандроўкі па прасторах нашай Бацькаўшыны. Гэтым разам падрабязна спазнаем Баранавіцкі раён Брэсцкай вобласці. Сёння нас чакаюць старасвецкія палацы, культавая архітэктура, месцы памяці славутых бітваў ды гістарычных асобаў, помнікі прыроды ды іншыя цікавосткі. Такім чынам прапануем рушыць наступным шляхам: Ястрамбель — Мілавіды — Паўлінава — Падгорная — Урочышча Моргач.
Фота: planetabelarus.by
Ястрамбель
Наступным нашым прыпынкам будзе вёска Ястрамбель. Першыя ўзгадкі пра Ястрамбель у пісьмовых крыніцах датуюцца 1507 годам. За ўсю гісторыю тут змянілася шмат гаспадароў, але найбольшага росквіту паселішча дасягнула пасля таго, як у 1851 годзе Казімір Рдултоўскі прадаў Ястрамбель роду Катлубаяў.
Фота: planetabelarus.by
За Катлубаямі ў 1897 годзе тут быў пабудаваны прыгожы палац у стылі неакласіцызму ды закладзены парк. У будынку было 18 пакояў і падвал са скляпеннямі. Сцены былі ўпрыгожаны сюжэтамі з антычнай гісторыі, ляпнінай, падлога была выкладзена паркетам ды керамічнай пліткай. З правага боку палаца размяшчалася капліца.
Фота: vedaj.by
Фота: realt.onliner.by
Сёння ад маёнтка Катлубаеў захаваліся парк, сажалка, вінакурня і сам палац. Ён захаваўся ў адносна добрым стане ды вабіць сваімі незвычайнымі архатэктурнымі вырашэннямі. Сядзіба з’яўляецца не самым папулярным аб’ектам сярод падарожнікаў, але яго абавязкова варта пабачыць.
Фота: intex-press.by
За ўсю гісторыю ў палацы жылі не толькі Катлубаі. Па Першай сусветнай вайне тут месціўся шпіталь. Пасля 17 верасня 1939 года апошні з Катлубаеў Зыгмунт быў арыштаваны савецкай уладай і загінуў у Баранавіцкай турме.
Ястрамбель, 1939
У 1950 годзе палац быў пераабсталяваны пад дзіцячы дом для дзяцей вайны. Сцены, што падзялялі пакоі ў будынку, былі знесены, у выніку чаго атрымалася адно вялікае памяшканне. Каштоўныя дэкаратыўныя элементы былі страчаны, кафляныя печы разабраныя. Месцічы гавораць, што ведаюць, у каго з аднавяскоўцаў можна пабачыць колішнія «панскія камінкі». Каплічка з парэшткамі гаспадароў маёнтка таксама была зруйнаваная ды разрабаваная.
Фота: realt.onliner.by
Фота: realt.onliner.by
Што тычыцца парку, то тут можна сустрэць дуб чырвоны, лістоўніцу, хвою веймутаву. Тым не менш, летась на тэрыторыі парку было выкарчавана больш за 50 старых дрэваў.
Фота: intex-press.by
Фота: intex-press.by
Сажалка ў парку некалі сілкавалася з ракі Мышанкі, якая працякае побач. На паўночным усходзе ад палаца месціўся гаспадарчы двор. Да сёння з усіх гаспадарчых пабудоваў захаваўся толькі будынак колішняй вінакурні.
Фота: zviazda.by
Мілавіды
Далей рушым у бок вёскі Мілавіды. Каля яе 22 траўня (па новым стылі 3 чэрвеня) 1863 года адбылася найбольшая падчас Студзеньскага паўстання бітва інсургентаў з царскімі войскамі на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Рэгулярным царскім войскам пад кіраўніцтвам падпалкоўніка Булгарына супрацьстаялі злучаныя сілы гарадзенскага, наваградскага, пружанскага, ваўкавыскага і слонімскага паўстанцкіх атрадаў пад кіраўніцтвам Аляксандра Лянкевіча.
Ежы Хопэн. Касінеры
Паўстанцы адбілі ўсе напады і здабылі, пэўна, адзіную істотную перамогу за час усяго паўстання. У гэтай бітве загінула 18 паўстанцаў і 52 расійскія жаўнеры. Калі назаўтра атакі карнікаў аднавіліся з дапамогай трох батальёнаў з Нясвіжа, іх сустрэў пусты лагер, які паўстанцы пакінулі ўначы. Цікавы факт, што памерлых з абодвух бакоў пахавалі ў двух розных магілах, фактычна па абодва бакі дарогі насупраць адна адной.
Фота: planetabelarus.by
Сёння на Мілавідскім полі ў памяць пра бітву стаяць чатыры помнікі. Мемарыял на магіле загінулых з расійскага боку быў усталяваны ў 1913 годзе ў гонар пяцідзесяцігоддзя падзеяў. Ёсць меркаванне, што Уладзімір Караткевіч менавіта пасля наведання гэтага месца прыдумаў назву для свайго твору «Каласы пад сярпом тваім», калі пабачыў выяву з тыльнага боку помніка.
Фота: wikimedia.org
Другі мемарыял быў узведзены да сямідзесяцігоддзя Мілавідскай бітвы, у 1933 годзе, калі заходняя частка Беларусі знаходзілася ў складзе Польшчы. Польскі ўрад насупраць крыжа памерлым расійскім жаўнерам усталяваў каталіцкую капліцу ў стылі неакласіцызму, якую мы можам пабачыць і сёння.
Фота: planetabelarus.by
Апошнія два помнікі ўзведзеныя адносна нядаўна. У 1993 годзе да статрыццацігоддзя падзеяў быў усталяваны камень у гонар беларускіх паўстанцаў з шыльдай па-беларуску «За нашу і вашу свабоду».
Фота: planetabelarus.by
Апошні мемарыяльны валун з імёнамі кіраўнікоў паўстання ды медальёнам з выявай Кастуся Каліноўскага, які напярэдадні бітвы інспектаваў лагер інсургентаў, з’явіўся тут літаральна пару год таму.
Паўлінава
Наступным нашым прыпынкам будзе вёска Паўлінава Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. Тут знаходзіцца адна з найлепш захаваных архітэктурных перлінаў Баранавіцкага раёна — палац роду Бохвіцаў. Сядзіба Бохвіцаў — помнік архітэктуры пачатку ХХ стагоддзя — размяшчаецца на маляўнічым беразе ракі Качарышкі.
Паўлінава, 1916
Фота: planetabelarus.by
Першапачаткова гэтая зямля знаходзілася ва ўласнасці Навіцкіх, у якіх у 1897 годзе маёнтак набыў удзельнік Студзеньскага паўстання Ян Отан Бохвіц, сын вядомага філосафа, пісьменніка, тэолага Фларыяна Бохвіца. Паводле задумы, на гэтай тэрыторыі амаль пасярод лесу планавалася ўзвесці толькі гаспадарчыя пабудовы. Аднак пазней Ян Бохвіц вырашыў закласці тут маляўнічы парк ды праз паўгады ўжо збудаваў тут паўнавартасны палац.
Фота: natatnik.by
Сядзібе далі назву Паўлінава ў гонар маці Яна — Паўліны. А суседні маёнтак Фларыянава (раней Старыя Вошкаўцы) Ян назваў ў гонар бацькі. Гаспадары вельмі паважліва ставіліся да сямейных традыцыяў, часта прымалі пагасцяваць сваякоў ды сяброў. Вядома, што ў 1909 годзе тут гасцявала пісьменніца Эліза Ажэшка.
Эліза Ажэшка і Ян Бохвіц. Паўлінава, 1909
Палац быў пабудаваныы пераважна ў неагатычны стылі, прынамсі з выкарыстаннем вялікай колькасці неагатычных элементаў. З цягам часу гаспадарка пашыралася, а пасля смерці Яна перайшла ў спадчыну ягоным нашчадкам. Побач з сядзібай былі пабудаваны вінакурня, лядоўня, кароўнік, стайня. Крушні лядоўні ды кароўніка можна пабачыць і сёння.
Фота: hawat.by
Фота: hawat.by
Цалкам страчаны вадзяны млын ды заезная брама. Прысядзібны парк таксама моцна змяніў свае першапачатковыя абрысы за савецкім часам, але нешта ад старых формаў і ўнікальных раслінаў дзе-нідзе можна заўважыць.
Фота: meridian28.com
Фота: hawat.by
У 40-я гады ХХ стагоддзя ў будынку сядзібы знаходзіліся памяшканні вайсковага шпіталя, які быў скасаваны толькі ў 1995 годзе. З той пары пабудова засталася без належнага догляду ды гаспадароў.
Фота: hawat.by
Падгорная
Наступным нашым прыпынкам будзе аграгарадок Падгорная. Паселішча, якое да 1964 года мела назву Гавінавічы, вядомае ў пісьмовых крыніцах ажно з 1555 года як уласнасць магнацкага роду Ільінічаў. Пазней гаспадары Гавінавічаў часта змяняліся.
Фота: wikimedia.org
Вандроўнікаў у Падгорнай найбольш зацікавіць гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі — Свята-Антоніеўская царква, пабудаваная больш за 200 год таму, у 1817 годзе. Парафія ў Гавінавічах вядомая як мінімум з XVIII стагоддзя, верагодней за ўсё і сучасная царква будавалася тут першапачаткова як храм для вернікаў каталіцкага веравызнання. З 1827 года ўжо згадваецца як царква.
Фота: radzima.org
Храм узведзены з бутавага каменя ў стылі класіцызма, мае сцены таўшчынёй больш за метр. З паўднёвага боку царквы можна пабачыць адасобленую мураваную званіцу, узведзеную ў 1927 годзе па фундацыі Антонія Свяржынскага.
Фота: wikimedia.org
Фота: wikimedia.org
Ва ўнутраным аздабленні царквы варта звярнуць увагу на драўляны іканастас, у прыватнасці на абразы «Тайная вячэра» пачатку ХІХ стагоддзя, «Спас у вязніцы» 1890 года, на зусім нетыповы для праваслаўнай царквы, але тыповы для каталіцкіх і ўніяцкіх храмаў Беларусі «Маці Божая з дзіцём» XVIII стагодддзя — узор народнага жывапісу і разбярства.
Фота: radzima.org
Урочышча Моргач
Далей рушым ва ўрочышча Моргач, што побач з Падгорнай. Тут ёсць і свой прыродны абярэг — унікальны артэфакт са старажытнага гарадзішча — валун-следавік ( N 52,99759 , E 25,53296 ). Гэта адзіны вядомы на сёння ў Баранавіцкім раёне культавы камень-следавік. Шлях да яго пралягае праз маляўнічы грабавы лес, што асабліва прыйдзецца даспадобы аматарам прыроды.
Фота: intex-press.by
Форма валуна нагадвае ступу з паглыбленнем усярэдзіне, на дне якога можна разгледзець адбітак вельмі падобны на след чалавечай ступні. Месцічы клічуць валун Святым ці Асілкавым, што адпавядае двум вядомым легендам, звязаным са следавіком. Паводле першай, след на камені пакінула Божая Маці, якая ратавалася ад пераследу цара Ірада. Паводле іншай, мясцовы асілак падчас змагання з ворагамі выпадкова наступіў на гэты камень, праз што ягоная сіла павялічылася ў колькі разоў ды дазволіла перамагчы ў бітве.
Фота: intex-press.by
Памеры валуна 170 на 136 см, вышыня каля 115 см. Недалёка ад валуна размяшчаецца яшчэ адзін помнік — стаянка перяду І-га тысячагоддзя да н.э. — І тысячагоддзя н.э. Паводле меркавання некаторых даследчыкаў, камень гэты з’яўляўся ахвярнікам, у паглыбленне ў ім старажытнымі людзьмі складаліся разнастайныя паднашэнні.
Фота: intex-press.by
Але і хрысціяне не абміналі ўвагай унікальны валун. Вядома, што ў мінулыя стагоддзі паломнікі на шляху да цудадзейнага абраза Жыровіцкай Божай Маці абавязкова заязджалі паглядзець на валун. І сёння ля каменя можна сустрэць людзей. Да яго прыносяць падарункі, на галіны навакольных дрэваў навязваюць стужкі ды абярэгі. Месцічы сцвярджаюць, што камень дапамагае вылечыцца ад разнастайных хваробаў ды пазбавіцца жыццёвых няўдачаў. Так яно ці не, дакладна ніхто не адкажа, але ж наведаць урочышча Моргач лішнім не будзе.
Фота: intex-press.by
Вандруйце разам з «Будзьма!». Працяг будзе.
ПЖ, Budzma.org