Барды ў жаночай калоніі

Барды Андрэй Мельнікаў, Вальжына Цярэшчанка і Марыя Новікава выступілі ў жаночай калоніі г. Гомеля 25 кастрычніка.

На канцэрце прысутнічала поўная зала выключна жанчын рознага ўзросту. Канцэрт запісваўся на відэа і трансляваўся па кабельным тэлебачанні калоніі для тых, хто не мог быць непасрэдна ў залі. Доўжыўся выступ гадзіну.

У кожнага з выступоўцаў свая адметнасць, свой стыль, таму і рэакцыя залі была адпаведная рэпертуару. Асабліва жыва публіка ўспрыняла “Калыханку” Андрэя Мельнікава, у якога ў песні гучаў такі тэкст: “Спіць і мент, і пракурор”, – што выклікала фурор у залі.

Вальжына Цярэшчанка: “Я не першы раз выступаю ў калоніі. Для дадзенай публікі нашыя выступы – гэта глыток свабоды, глыток культурнай прасторы, за якую яны шчыра хапаюцца. Публіка тут прывучаная слухаць, прычым па-сапраўднаму, ад сэрца”.

На жаль, ні расцяжкі кампаніі “Будзьма беларусамі!”, ні плакатаў вывесіць не дазволілі, але пры канцы канцэрту кожнаму гледачу былі раздадзеныя вясеннія паштоўкі ад кампаніі з тварам Змітра Вайцюшкевіча ў ружовых акулярах. Публіка не змагла схаваць сваёй задаволенасці ад прэзентаў.

Сваімі выступамі барды выклікалі гарачыя апладысменты і шчырыя падзякі ад арганізатараў з боку турмы, якім таксама вельмі спадабаўся канцэрт.

Выступ ладзіўся ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”

Тэгі: