Аляксей Гайдукевіч піша на budzma.by пра пакручастую гісторыю баскскай мовы, якую мясцовыя патрыёты здолелі зберагчы і развіць, нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы.
Баскі — народ, які насяляе тэрыторыі на поўначы Пірэнейскай паўвыспы, вядомы сваёй непакорнасцю і здольнасцямі да паспяховага захавання і адраджэння сваёй мовы і ідэнтычнасці. Для вялікай колькасці народаў, якія ў сённяшнія часы татальнай глабалізацыі і ўніфікацыі намагаюцца адрадзіць свае ўнікальныя культуры, гэта жывы прыклад. Дакументальна аформлены і занатаваны.
Цяпр на тэрыторыі Іспаніі і Францыі жыве каля 2,5 млн баскаў (да 4,5 млн з баскскімі прозвішчамі). Не менш нашчадкаў эмігрантаў жыве ў Паўночнай і Паўднёвай Амерыцы, але не ўсе яны захавалі сваю ідэнтычнасць.
Каб хаця б часткова ўсвядоміць вартасць у пэўнай ступені подзвігу баскаў, неабходна хаця б крыху зазірнуць у гісторыю гэтага народа, які здолеў праз тысячагоддзі ўплываў і спробаў культурнай асіміляцыі пранесці полымя мовы продкаў, не падобнай ні на адну іншую сучасную еўрапейскую.
Захаванне ідэнтычнасці праз сталы ціск
Рэч у тым, што яшчэ за часамі Рымскай імперыі і Карфагена жыхары паўночна-ўсходняй часткі паўвыспы заўжды больш-менш паспяхова дамаўляліся з заваёўнікамі. Тым больш што прыхадні не вельмі імкнуліся весці войны ў гарыстых умовах з непакорнымі горцамі з суровым норавам. Нават падчас арабскага панавання дынастыі феадалаў намагаліся трымаць як мага большую аўтаномію. Вядома, у першую чаргу для захавання ўласнага дабрабыту. Але, як прадэманстравала далейшая гісторыя, і дзеля выжывання мовы і культуры падначаленага народу.
Землі баскаў шмат разоў ахоплівалі паўстанні супраць розных захопнікаў. У тым ліку адначасова супраць некалькіх — франкаў і маўраў ці французаў і кастыльцаў (іспанцаў).
Пра адасобленасць культуры і мовы баскаў ад суседзяў сведчаць не толькі літаратурныя помнікі, але і рэшткі вершаваных спеваў, якія перадаваліся дзякуючы традыцыйным народным спаборніцтвам спевакоў.
Першай захаванай кнігай на баскскай мове з’яўляецца зборнік рэлігійных вершаў, надрукаваны ў 1545 годзе. Акрамя рэлігійных выданняў эксперты адзначаюць вялікую колькасць літаратурных твораў, прысвечаных менавіта мове і заахвочванню да захавання баскскай.
Асабліва пасля пачатку эпохі кансалідацыі Францыі і Іспаніі ў цэнтралізаваныя дзяржавы (пачатак XVIII стагоддзя), з жорсткім падпарадкаваннем Парыжу і Мадрыду. У адказ на прымусовы перавод працы мясцовых уладаў на кастыльскую і французскія мовы баскі ў 1765 годзе стварылі Таварыства Краіны баскаў, арганізацыю якая мела на мэце захоўваць традыцыі, мову, спрыяць пашырэнню аўтаноміі.
Паўстаннем баскскага нацыянальнага руху (у выглядзе, набліжаным да сучаснага разумення) лічыцца сярэдзіна ХІХ стагоддзя, калі пасля некалькіх грамадзянскіх войнаў па ўсёй Іспаніі, што ў тым ліку мелі характар супраціву рэгіёнаў цэнтральнай уладзе, былі канчаткова ліквідаваныя інстытуты «мясцовага самакіравання». Як і ў большасці рэгіёнаў, падпарадкаваных іспанскай кароне (Каталоніі, Галіцыі), галоўнымі рухавікамі новай палітычнай плыні былі дробныя буржуа пры падтрымцы ўсё яшчэ баскскамоўнага сялянства.
Асаблівасцю Краіны баскаў была іншая тэндэнцыя, якую патрыятычныя колы лічылі істотнай пагрозай. А менавіта міграцыя з цэнтральных частак Іспаніі, абумоўленая індустрыялізацыяй рэгіёна і эканамічным уздымам. Напрыклад, насельніцтва толькі Більбаа вырасла на 95,2% у перыяд 1900–1930 гг.
У выніку змены этнічнага складу ў гарадах баскская мова пачала ўспрымацца большасцю іх насельніцтва як сялянская і не вартая вывучэння. Тым больш што з прычыны планамернай іспанізацыі яна была амаль выціснутая з афіцыйнага ўжытку, не адпавядала новым выклікам глабалізацыі, бо дыялекты не былі ўніфікаваныя, не існавала літаратурнага стандарту, як у іспанскай. Такім чынам, для новых пакаленняў мова не выглядала прывабнаю.
Чарговым ударам па трываласці баскскай ідэнтычнасці і мовы была параза рэспубліканскіх сілаў у грамадзянскай вайне ў 1930-х гадах і ўсталяванне ўлады генерала Франка. Бо акрамя ўзмацнення цэнтральнай ўлады яно выклікала раскол сярод баскаў, частка якіх (з паўднёвых рэгіёнаў) падтрымала кансерватараў-франкістаў.
Ад забаронаў да пачатку сучаснага адраджэння
За часамі Франка ціск на мову баскаў толькі ўзмацніўся. Акрамя справаводства мова была забароненая ў адукацыі. У гарадах яе выкарыстанне ў грамадскіх месцах ўспрымалася як непадпарадкаванне і выклік рэжыму.
У адказ на ўціск радыкальная фракцыя адной з нацыяналістычных партый у 1959-м абвясціла вайну іспанскай дзяржаве, стварыўшы тэрарыстычную арганізацыю ETA. Нягледзячы на пераслед і абмежаванасць у чалавечых і матэрыяльных рэсурсах, дзякуючы падтрымцы часткі насельніцтва, тэрарысты аказаліся сапраўднай праблемай для Мадрыда.
І франкісты былі вымушаныя пачаць лібералізацыю ў этнічна-культурнай сферы. З аднаго боку, былі легалізаваныя падпольныя дагэтуль грамадскія школы па вывучэнні баскскай мовы, якія дзейнічалі па ініцыятыве актывістаў, за ўласны кошт. Таксама атрымалі распаўсюд культурніцкія ініцыятывы. З іншага — узмацніўся пераслед тэрарыстаў, які вымусіў іх на два гады, да 1964-га, прыпыніць актыўную дзейнасць.
Чытайце таксама: Рэжым чорных палкоўнікаў з прадказальным фіналам
Менавіта ў 1960-я лінгвісты канчаткова ўрэгулявалі пытанне з дыялектамі і сфармулявалі правілы і граматыку так званай «аб’яднанай мовы».
Але на той момант мова ўжо фактычна страціла вялікую колькасць функцый, у тым ліку афіцыйнае ўжыванне. Па некаторых звестках, колькасць носьбітаў баскскай, якія валодалі пісьмовай мовай, была на ўзроўні толькі 3500 дарослых.
Грамадскія школы мелі выправіць гэтае становішча, тым больш што пасля іх легалізацыі колькасць установаў павялічылася з 10 да 150 за некалькі гадоў.
Загартаваны пад панаваннем дыктатуры Франка, вытрываўшы забароны і рэпрэсіі, нацыянальны рух баскаў з новымі сіламі ўзяўся за пабудову мадэрнай нацыі пасля 1975-га, з пачаткам новай дэмакратычнай эпохі ў Іспаніі.
Аналізуючы зробленую баскамі працу, добра разумееш, што менавіта пабудова нацыянальнай дзяржавы і ёсць галоўнай іх мэтай. Хаця такія памкненні афіцыйна не артыкуляваліся ўладамі аўтаноміі, хіба распаўсюджваліся прадстаўнікамі ўзброеных груповак і іхнымі палітычнымі прадстаўнікамі. Зразумела, што першапачатковай задачай нацыянальных сілаў было адраджэнне культуры і мовы з адначасовым імкненнем да нармалізацыі палітычнага жыцця і атрымання больш шырокай аўтаноміі.
Трэба ўсведамляць, што баскская мова яшчэ 45 гадоў таму была незразумелай для паловы насельніцтва Краіны баскаў, а каля 70% ад гэтай часткі не мелі баскскіх каранёў ці іх бацькі не размаўлялі на баскскай. А таксама ўлічыць, што мова не мае нічога агульнага з іспанскай і французскай. Але палітыкам і актывістам-патрыётам хапіла палітычнай волі, каб узяць на сябе адказнасць і пачаць рэалізоўваць нацыяналізацыю. Пад якую трапілі і нашчадкі мігрантаў з іншых рэгіёнаў Іспаніі.
Вынікам некалькіх гадоў палітычнай барацьбы на рэгіянальным узроўні стала больш шырокае прадстаўніцтва патрыётаў у мясцовых органах улады з 1980-х. Што дазволіла рэфармаваць сістэму адукацыі ў аўтаноміі. Баскі здолелі годна пачаць абраны шлях і паступова адваёўваць у іспанскай розныя сферы жыцця, ад адукацыі і грамадскіх стасункаў да прыватнага ўжытку. Гэтым баскі прынцыпова адрозніваюцца ад ірландцаў, якія ў свой час адмовіліся ад ідэі пераходу да панавання гэльскай. Чым, як стала зразумела з часам, паставілі крыж на адраджэнні мовы продкаў. Бо яна не здолела вытрымаць канкурэнцыю з англійскай.
Чытайце таксама: Ольстэр, зацяжная крывавая бойня ў Заходняй Еўропе
На 2011 г., па розных ацэнках, больш чым палова студэнтаў у Краіне баскаў атрымлівала адукацыю на баскскай, а чвэрць — на баскскай і іспанскай. У школьнай адукацыі гэтыя лічбы яшчэ вышэйшыя на карысць баскскай. Больш сціплыя паказчыкі — у суседніх рэгіёнах і Францыі, дзе кампактна пражывае баскскае насельніцтва. І гэта пры тым, што распаўсюд мовы не носіць дырэктыўнага характару. Кожны мае права вольна абіраць мову навучання для сябе і сваіх дзяцей.
У выніку, па дадзеных апытанняў, каля 30% жыхароў Краіны баскаў карыстаюцца мовай продкаў стала, а 50% — час ад часу. Адсотак баскскамоўных меншы ў буйных гарадах, на поўначы краю.
У той жа час прыблізна кожныя 15 гадоў на 5% скарачаецца колькасць жыхароў, якія не карыстаюцца баскскай мовай увогуле.
Паступова і мэтанакіравана баскскі народ крочыць да сваёй мэты. Пакуль што падаецца не зусім эканамічна мэтазгодным пашырэнне суверэнітэту, але час гэты набліжаецца.
Аляксей Гайдукевіч, budzma.by