Выбары ў ЗША заўжды цікавяць увесь свет, перадвыбарчая кампанія ўплывае на настроі біржавых інвестараў, рухі катыровак і змены кошту валют розных краінаў. Пакуль што дзейны кіраўнік краіны Дональд Трамп працягвае аспрэчваць вынікі, звяртаецца ў судовыя органы, але Джо Байдэн, дэмакратычны кандыдат, ужо атрымлівае віншаванні ад лідараў іншых дзяржаваў і анансуе свае першыя крокі на пасадзе прэзідэнта.
У 2020 годзе Беларусь стала своеасаблівым элементам перадвыбарчай рыторыкі ў ЗША. Кандыдат ад амерыканскіх дэмакратаў Байдэн неаднаразова згадваў падзеі ў нашай краіне на выступах і ў сацыяльных сетках.
На апошнім тыдні кампаніі, калі кожнае слова кандыдата можна ўмоўна ацаніць у некалькі мільёнаў, Джо Байдэн згадаў Лукашэнку і ягонае атачэнне:
«Міжнародная супольнасць павінная значна пашырыць санкцыі супраць Лукашэнкі і атачэння, замарозіць афшорныя рахункі, дзе яны захоўваюць сваё скрадзенае багацце».
Але наколькі істотная такая рыторыка, ці не застанецца гэтая заява толькі словамі, як вынікі выбараў могуць паўплываць на эканоміку Беларусі і курс рубля? Варта разабрацца.
Байдэн абваліць кошт нафты
Шматлікія аналітыкі і эксперты на старонках уплывовых сусветных выданняў адзначылі некалькі магчымых зрухаў у эканоміцы планеты, якія таксама могуць негатыўна адбіцца на даходах прадпрыемстваў у Беларусі. Разам з унутранымі фактарамі, якіх насамрэч вельмі шмат, знешні ціск можа паскорыць і пагоршыць працэсы ў беларускай гаспадарцы.
На сайце Bloomberg вядучы эканамічны кансультант з Англіі адзначыў:
«Праз некалькі месцаў пасля перамогі Байдэна іранская нафта можа зноў трапіць на сусветныя рынкі».
Для рынку вуглевадародаў, на які ўвесь 2020 год адмоўна ўплывае «каранавіруснае» зніжэнне попыту, такія падзеі могуць стаць дрэннай навіною. Як рэагуе беларуская гаспадарка і курс валюты на зніжэнне цэнаў на нафту, беларусы добра памятаюць па падзеях на пачатку 2020-га, калі за тры месяцы рубель страціў 15% вартасці (з 2,1 да 2,4 за USD).
Не да канца зразумела, нашто амерыканскай Дэмакратычнай партыі біць па кампаніях у ЗША, якія здабываюць карысныя выкапні, імаверным зніжэннем цэнаў на нафту.
Але журналісты Bloomberg сцвярджаюць:
«Байдэн выказаў намер вярнуцца да сумеснага комплекснага плану дзеянняў — каб утрымаць Іран ад працягу ядзерных выпрабаванняў. Іран у сваю чаргу заяўляе, што не вернецца да перамоваў, пакуль санкцыі не будуць знятыя».
Reuters са спасылкай на перавозчыкаў нафты апублікавала інфармацыю, што ў абыход санкцый Іран ужо павялічыў пастаўкі:
«Некаторыя краіны разлічвалі ўжо ў верасні на перамогу Байдэна і таму не спалохаліся нелегальных закупак з добрымі зніжкамі».
Такім чынам, нягледзячы на заявы кандыдата ад Дэмакратычнай партыі пра неабходнасць развіцця «зялёнай энергетыкі» і паступовае зніжэнне спажывання нафты, відавочна, што ўдзельнікі рынку вуглевадародаў рыхтуюцца да зніжэння цэнаў.
Больш жорсткія санкцыі супраць Расіі
Другі ўдар, які можа нанесці Байдэн і які цалкам верагодна адаб’ецца негатыўным рэхам у кішэнях беларусаў, — узмацненне санкцый у дачыненні да нафтагазавага сектару Расійскай Федэрацыі і банкаўскай сферы:
«З іншых сцэнарыяў — санкцыі супраць "Паўночнага патоку — 2″ і нафтагазавай галіны ў цэлым. Таксама пад ударам банкаўскі сектар: у тых законапраектах, што абмяркоўваюцца ў Кангрэсе, ёсць спіс найбуйнейшых расійскіх дзяржбанкаў, супраць якіх пры пэўных умовах могуць быць уведзеныя санкцыі».
Такое меркаванне выказаў эксперт на сайце расійскай тэлекампаніі РБК.
Сапраўды, дэмакраты і ў прыватнасці сам Байдэн спрычыніліся да шэрагу санкцый супраць уладаў Расіі пасля падзеяў ва Украіне ў 2014-м. Разам з абвалам цэнаў на нафту, што таксама звязваюць з палітыкай Вашынгтона ў часы, расійская валюта страціла амаль 80% сваёй вартасці цягам 2014-га. Беларускі рубель абваліўся на 25% — толькі дзякуючы драконаўскім абмежавальным мерам па набыцці валюты з 30%-й камісіяй.
Такая турбулентнасць на расійскім фінансавым рынку заўжды мае катастрафічныя наступствы і ў Беларусі. А разам з відавочнымі адмоўнымі вынікамі каранцінных абмежаванняў у свеце, унутранымі праблемамі ў краіне сітуацыя можа толькі пагоршыцца для беларускай эканомікі і валюты.
Калі Трамп не прызнае вынікі выбараў
Вяртаючыся да пачатку артыкула, варта адзначыць непрымірымую пазіцыю Трампа. Прэзідэнт ЗША неаднаразова выказваўся наконт варыянтаў аспрэчвання ў судовых органах вынікаў выбараў. Увогуле, для Рэспубліканскай партыі кампанія, падчас якой амерыканцы таксама абіралі прадстаўнікоў у абедзве палаты парламента, выглядае не вельмі станоўча.
Як адзначаецца ў публікацыі эканамічнага аглядальніка QZ.com, «перамога Байдэна пры захаванні большасці рэспубліканцаў у Сенаце можа адмоўна адбіцца на прыняцці праграм па стымуляцыі фінансавых рынкаў, што ў сярэднетэрміновай перспектыве негатыўна паўплывае на рынкі».
Але асаблівую трывогу ў экспертаў выклікае менавіта варыянт працяглай няпэўнасці ў выпадку аспрэчвання вынікаў выбараў. Эканамісты ўспамінаюць падобныя падзеі ў 2000 годзе, калі кандыдат ад дэмакратаў Гор аспрэчваў у Вярхоўным судзе рэзультаты галасавання:
«Кошт казначэйскіх аблігацый, як звычайна ў часы няпэўнасці, падняўся. Паперы буйных кампаній і індэксы знізіліся.
Таксама згадваецца 2011 год, крызіс, звязаны з падвышэннем лічбы магчымай дзяржаўнай запазычанасці. Кангрэс працяглы час не мог узгадніць адпаведнае рашэнне. Тым часам фінансавыя агенцыі знізілі крэдытны рэйтынг ЗША, што адбілася на кошце казначэйскіх пазыковых папераў, выклікала рэзкія скачкі на рынках акцый і прыродных рэсурсаў».
Немагчыма ўявіць, каб паўтарэнне такой сітуацыі ў выніку аспрэчвання вынікаў выбараў Трампам і палітычнай няпэўнасць не выклікала сусветнага фінансавага крызісу па аналогіі з 2008 годам. Цунамі таго крызісу некалькі разоў моцна біла і па Беларусі. Асабліва ў 2011-м.
Таму і такі сцэнар, як і перамога Байдэна, цалкам можа мець негатыўныя наступствы для беларускай эканомікі і валюты.
Аляксей Гайдукевіч, budzma.by