Бел-чырвона-белыя сцягі зноў залуналі над краінай. Як так атрымалася?

Апошнія падзеі ў краіне, якія ўжо можна лічыць гістарычнымі ў любым выпадку, добра паказалі, што бел-чырвона-белы сцяг вярнуўся ў Беларусь усур’ёз і надоўга. Як атрымалася, што з 95-га года ён быў у заняпадзе, а зараз зноў уварваўся ў гульню?


Прыгадаем гістарычныя падзеі. У 1995 годзе Лукашэнка правёў рэферэндум, у выніку якога Беларусь узяла курс на інтэграцыю з Расіяй, рускай мове надалі статус дзяржаўнай, прэзідэнт змог датэрмінова перапыняць паўнамоцтвы Вярхоўнага Савета, а «Пагоню» і «б-ч-б» замянілі на сімволіку БССР, але без сярпа і молата.

На працягу апошніх 25 гадоў беларуская нацыянальная сімволіка была ў заняпадзе. Апошнія гады за яе перасталі затрымліваць, але было і такое. І вось зараз на хвалі пратэстаў супраць узурпацыі ўлады ўся краіна абярнулася бел-чырвона-белым палатном. Хаця яшчэ ў пачатку гэтага лета ў фэйсбуку было шмат публікацый, у якіх даводзілася думка, што сёлетні пратэст супраць Лукашэнкі не мае нацыянальнай афарбоўкі. Падаецца, што такая думка ўзнікала ў асноўным у тых, каму было проста крыўдна, што не яны ўзначалілі пратэстны рух.

Беларуская прапаганда доўга спрабавала ўбіць беларусам у галовы, што нацыянальная сімволіка цалкам дыскрэдытавала сябе, калі яе выкарыстоўвалі акупацыйныя ўлады падчас Другой сусветнай. Абыходзячы факты, што так немцы рабілі амаль ва ўсіх акупаваных краінах, а ўсе суседнія краіны, нават Расія, вярнуліся да сваёй сімволікі.

Пакуль палітычныя партыі ў Беларусі гралі з махляром па яго правілах, сваю справу рабілі культурныя дзеячы і кампаніі, незалежныя СМІ, нацыянальна арыентаваныя крамы. І гэта дало плён! Паглядзіце зараз на здымкі з пратэстаў — у Мінску нашыя сцягі залуналі над стэлай, у Гомелі на галоўнай плошчы горада на флагштоках узнялі нацыянальныя колеры. У Гомелі, які заўсёды лічыўся адным з самых пралукашэнкаўскіх абласных цэнтраў!

000.jpg

Сцяг каля гомельскага драмтэатру. Фота: Флагшток

З усяго гэтага можна зрабіць некалькі высноваў. Тая сімволіка і рыторыка, якую народу навязвалі чвэрць стагоддзя, апынулася нежыццяздольнай. За ёй не стаіць анічога, акрамя мёртвага афіцыёзу. А тыя, хто не сядаў за картачны стол з шулерам, а рабіў справу — далі рады.

Д.Н., budzma.by