Ці здольны рускі танк навучыць беларусаў роднай мове. Разважае Валера Руселік

Дзе мяжа паміж русафобіяй і любоўю да беларускай мовы, і што перашкаджае беларусам засвоіць матчыну мову? Як давесці неабходнасць ведання і выкарыстання беларускай мовы, калі практычнага прымянення для яе амаль няма? Ці варта нават проста разважаць пра неабходнасць «моўнай дыскрымінацыі» адносна рускай мовы і ці прымуць такую беларусізацыю пад прымусам беларусы? На гэтыя ды іншыя пытанні ў эфіры «Еўрарадыё» адказваў аўтар калонкі «Прыдарожны пыл»  на Budzma.org, блогер і тэлевядоўца Валера «Дарога» Руселік.

Valer Rusielik

— У беларускай прасторы важных тэмаў шмат, і яны адна адну не ўзаемавыключаюць. Важна разбірацца, хто ёсць хто, важна рэагаваць на бяздумную палітыку ў сённяшняй Беларусі, на расійскі свет... Але адначасова важна займацца культурай, асветай і адукацыяй, развівацца самім і дапамагаць развівацца і быць беларусамі нашым дзеткам. У тым ліку зважаючы на наступ расійскага свету, які з дня ў дзень узмацняецца. Калі ўвесь час гэтыя справы адкладаць, мы прыйдзем да таго, што сітуацыя як у Карме, дзе ў школе дзеці не змаглі перакласці словы «шкарпэткі» і «плот», распаўсюдзіцца на ўсю Беларусь.

— На «Будзьма беларусамі!» у аўтарскай калонцы ты шмат разважаеш на тэму беларусізацыі і сумежных праблем, якія існуюць у краіне. Жартуеш, што разводзіш русафобію... Але ці сапраўды сітуацыя настолькі крытычная?

— Давай узгадаем, што адбылося днямі. Быў Міжнародны дзень роднай мовы. Акрамя шыкоўных дыктовак, якія беларусы пісалі па ўсім свеце, ён адзначыўся паляваннем на кнігавыдаўцоў і кнігараспаўсюднікаў. Прычым зачапіла яно як незалежныя выдавецтвы і людзей, якія з імі супрацоўнічаюць, унутры Беларусі, гэтак і выдавецтвы за мяжой — іх папрызнавалі экстрэмісцкімі фармаваннямі і гэтак далей. Вось табе і Дзень роднай мовы! І гэта пры тым, што паводле статыстыкі доля беларускамоўных выданняў у Беларусі мізэрная, і гэта ўжо само па сабе ганьба.

Пасля таго, як прызналі экстрэмісцкім фармаваннем выдавецтва Gutenberg, якое знаходзіцца ў Кракаве, частка аўтараў адмовілася з ім супрацоўнічаць.

З беларускай кнігай ваююць, таму што цудоўна разумеюць яе сілу, цудоўна разумеюць, што беларусы — кніжная нацыя.

Многія з нас, большасць з нашых пакаленняў, дакладна нараджаюцца расійскамоўнымі, і прыходзяць да Беларусі рознымі шляхамі. Але вельмі часта праз кнігу. Хтосьці прачытаў «Каласы пад сярпом тваім», кагосьці ўразілі нейкія вершы — не Быкава, у нас ёсць шмат добрых паэтаў. Анатоль Сыс, Алесь Чобат...

Усяго адной кнігі дастаткова, каб яна запаліла ў чалавеку агмень беларушчыны на ўсё жыццё. Ворагі беларушчыны гэта цудоўна разумеюць.

— А дзе мяжа? Як у любові да свайго не прыйсці да ваяўнічай русафобіі?

— А чаго баяцца ваяўнічай русафобіі? Задамо гэтае пытанне, напрыклад, украінцам. Ужо там сёння гэтай русафобіі будзь здароў, і зразумела, чаму яна з’явілася. А што ў Беларусі нас яшчэ расійцы не бамбяць... Вось у тэлеграме Статкевіча ўжо пішацца пра тое, што, магчыма, ядравыя ўдары па нас у адказ будуць...

Вайна ад нас недалёка. Шахеды у цэнтры Гомля лятаюць, у Мінску ляталі... Ужо дзе-нідзе ўзрываюцца ў Беларусі... І ў такі час шукаць нейкія паўтаны мне падаецца не зусім правільна. На парозе стаіць вайна і з дня на дзень могуць пачаць забіваць людзей у Беларусі, а мы будзем думаць, як бы гэта нікога не пакрыўдзіць, як бы куды не скаціцца?

Трэба разумець, што сёння русафобія не ёсць нейкай скрайнасцю альбо дэвіяцыяй — гэта папросту адэкватная ацэнка рэчаіснасці.

Расійская дзяржава сёння з’яўляецца апірышчам зла, зла, якое яна нясе ўсяму свету, найперш сваім суседзям, у тым ліку беларусам. І пра гэта трэба дакладна казаць. Тут не ідзе гаворка пра нейкіх асобных людзей. Добрыя людзі ёсць у любога народа, гэта безумоўна, але расійская дзяржава, якая прасоўвае расійскую мову, расійскую культуру — дакладней, безкультур’е — гэта ёсць зло.

З’явы трэба называць сваімі імёнамі: расійская мова сёння ў Беларусі — гэта зброя, якая ваюе на баку зла.

Тыя беларусы, якія ўсведамляюць усе пагрозы гэтай сітуацыі, павінны біць у званы і будзіць суайчыннікаў.

— У беларусаў жыве невылечная траўма, нанесеная нібыта ў васьмідзясятых гадах Пазняком і БНФ. Да гэтага часу ходзяць і кажуць: «он жа нас хацеў заставіць усіх гаварыць на беларускам языке, на мове гэтай, а іначай чамадан-вакзал-Расія». І гэтых людзей ты хочаш да беларускай мовы схіліць?

— Тое было амаль пяцьдзясят гадоў таму... Я таксама думаў, што, можа, трэба неяк акуратней, каб не напалохаць суайчыннікаў, не адкінуць. Але мне здаецца, што свет робіцца сёння не шэрым, а чорна-белым, і артыкуляванне сваіх каштоўнасцяў, тае ідэі, якая будзе маяком, сёння вельмі важнае. Людзі могуць абіраць нейкую альтэрнатыву, але альтэрнатыва павінна быць дакладна акрэсленай, а не размазанай і такой, каб спадабацца абсалютна ўсім. Чорна-белая альтэрнатыва павінна быць вельмі кантрасная. І гаворка не пра тое, што ўсім забароняць гаварыць па-расейску і ўсіх прымусяць гаварыць па-беларуску. Такога няма. У іншых краінах, дзе адна дзяржаўная мова, дзе ёсць дзяржаўная праграма падтрымкі нацыянальнай мовы, дзе мова знаходзіцца ва ўразлівым становішчы, — нідзе няма, каб людзей хапалі, білі дручкамі і казалі: «гавары менавіта на гэтай мове».

У Беларусі ж адваротная сітуацыя, калі за беларускую мову можна атрымаць дручкоў, могуць выкінуць з працы, з універсітэта, альбо кінуць у турму. Пачуўшы беларускую мову, некаторыя суседзі пішуць даносы. Я асабіста не ведаю выпадкаў, каб так прыціскалі расійскую мову.

Трэба быць клінічным ідыётам, каб у Беларусі сёння ўбачыць прыцісканне расійцаў: усё спрэс па-расійску, дзеці вывучаюць беларускую мову раз на тыдзень, гэта менш, чым замежныя мовы. Дзе і што прыціскаецца?

— Раней можна было скардзіцца, што няма дзе знайсці якой цікавосткі па-беларуску, цікавых гісторый па-беларуску, фільмаў па-беларуску ці яшчэ чаго-небудзь. Зараз жа вельмі шмат розных праектаў: тут табе і адукацыя па-беларуску, і гісторыя, і гульні, і фільмы... Усяго хапае, у розных накірунках. Працуе гэта ці не?

— Можа, не такімі тэмпамі, якімі б хацелася, але працуе.

Шторазу ў гэтым пераконваюся, калі, напрыклад, бачу новыя каналы альбо дзесьці абсалютна выпадкова сустракаю беларускамоўных людзей, у разы маладзейшых за мяне.

Я знаёмы з ініцыятывамі ў Варшаве, якія займаюцца беларускамоўным выхаваннем дзетак. Там дзеткі гавораць па-беларуску. Яны не з Марса, не з Месяца прыляцелі. Гэта дзеткі, якія разам з бацькамі спажываюць у сябе дома вось гэты самы беларускамоўны кантэнт, напрыклад, «Кніжны воз» альбо праект «Разумняты» ад «Будзьма беларусамі!». Шмат сем’яў спажываюць гэты кантэнт, карыстаюцца шматлікімі анлайн кнігарнямі —цяпер вельмі шмат кніг агучваецца.

А з дапамогай штучнага інтэлекта можна і самому гэтым займацца, цяпер неабавязкова наймаць нейкую студыю, шукаць прафесійных дыктараў... Было б толькі жаданне. Развіццё тэхналогій, якое мы зараз назіраем, дае нам велізарны шанц. І не толькі беларусам. Многія народы, якія жывуць сёння ў Расіі, знаходзяцца на мяжы знікнення. Перад імі стаіць пагроза нашмат большая, чым нават перад беларусамі. І вось яны таксама з дапамогай штучнага інтэлекта генеруюць, да прыкладу, песні ў самых сучасных музычных жанрах, і такім чынам прывабліваюць сваю моладзь родным словам, роднай культурай.

Гэтага ўсяго не так шмат, як хацелася б, але тут вельмі важна нам самім таксама пачынаць штосьці рабіць. Перафразуючы Уладзіміра Мацкевіча, думаць і ствараць Беларусь сёння могуць абсалютна ўсе. Незалежна ад таго, ці хтосьці ўмее спяваць, ці мае талент літаратара, ці яшчэ нейкі... Тэхналогіі дапамогуць, абы было жаданне.

— Што хутчэй спрацуе ў дачыненні да шараговага беларуса, каб ён усе ж зацікавіўся сваім: пагроза рускага танка ці зацікаўленасць праз розныя праекты, праграмы і ўсё астатняе? Асабліва з улікам таго, што рэжым, як толькі штосьці падобнае з’яўляецца, тут жа робіць гэта экстрэмісцкім і карае?

— Найлепшая рэклама і прапаганда — гэта ўласны прыклад. Калі ўсе, хто дэкларуе сваю сімпатыю да беларускай мовы і культуры, будуць размаўляць па-беларуску. А так мы ведаем вельмі шмат расійскамоўных цудоўных беларусаў, якія прыхільна ставяцца да беларушчыны, але самі для сябе гэты крок яшчэ не робяць.

Да людзей у сацсетках часам звяртаюцца нейкія расійцы, кажуць «ой, пасаветуйце, как нам пераехаць у Беларусію, нада лі вучыць какой-то язык месны», і далёка не спрэс боты і тролі сярод тых, хто адказвае, што не, у нас усё тут па-расійску і няма ніякай беларускай мовы, прыязджайце і ўсё будзе супер-пупер.

Вось калі гэтыя людзі будуць бачыць і чуць, што кожны пяты, потым кожны чацвёрты, а тады і кожны трэці сустрэты мінак размаўляе па-беларуску, у чалавека хоцькі-няхоцькі ў галаве шчоўкне, і ён сапраўды задумаецца.

Мне здаецца, гэта найлепшы шлях — праз уласны прыклад і праз любоў.

Valer Rusielik

— А сам пішаш калонку, дзе заклікаеш да дыскрымінацыі...

— Таму што ў Беларусі толькі на паперы ёсць моўная роўнасць. Паўсотні школ у горадзе — і ўсе расійскамоўныя. Якая ж гэта роўнасць? Дык давайце тады дыскрымінуем, мы ж не пабудуем дадатковыя пяцьдзясят школ, бо дзяцей столькі няма ў горадзе. Давайце мы палову гэтых школ перавядзем на беларускую мову, і будзе роўнасць. Вось тады тыя мірсалімавы і ўсе падобныя да іх закрычаць: «зачыняюцца расійскамоўныя школы!». Так. Яны будуць зачыняцца, і да гэтага трэба таксама ставіцца нармальна, і пра гэта трэба гаварыць.

Што ў Беларусі немагчымае нацыянальнае адраджэнне без дыскрымінацыі расійскай мовы, расійшчыны і пазітыўнай дыскрымінацыі беларушчыны, то бок праграмы падтрымкі беларушчыны.

Каб адрадзіць сваё, нам трэба надзяляць яму ўвагу, а расійшчыну, што сёння пранікла ва ўсе сферы жыцця, трэба прыбіраць. Вось і ўсё.

Калі ў нас будзе адзіная дзяржаўная беларуская мова і ўсе чыноўнікі абавязаныя будуць гаварыць па-беларуску, калі тэлеканалы будуць вяшчаць толькі па-беларуску і гэтак далей. Калі пра выбарчыя бюлетэні нават не будзе ісці спрэчкі, ці можа зрабіць іх па-расейску альбо, можа, па-беларуску. Калі ўсё ад дзяржавы будзе па-беларуску.

Гэта будзе тое, што ёсць ва ўсім нармальным свеце, дзе ніхто не кажа, «што вы тут прыціскаеце расійскую мову». Чаму ў Фінляндыі няма выбарчых бюлетэняў па-расійску? Чаму ў Японіі тэлеканалы не вяшчаюць па-расійску? Ніхто не задае такіх пытанняў, таму што гэта абсалютна нармальна. І не трэба пра Беларусь у гэтым пляне казаць, што тут гэта ўсё інакш, і тут гэта дыскрымінацыя. Не, гэта вяртанне да нармальнасці.

— Наколькі сёння вялікая пагроза ўцягвання нашага народу ў акупацыйную вайну, якую вядзе Расія.

— Я не аматар вызначаць колькасна: дзевяноста восем адсоткаў, тры адсоткі... Тры адсоткі мы вызначылі, і гэтага было дастаткова для аднаго персанажа з беларускай палітыкі. А што да ўсяго астатняга, то тут альбо «будзе», альбо «не будзе».

Сёння мы жывём у такім свеце, калі цяжка загадваць, што чагосьці дакладна не будзе. А калі мы гаворым пра вайну, то калі ёсць нават тэарэтычная імавернасць, што яна будзе, то і ставіцца да гэтага трэба адпаведна. Што вайна будзе ў Беларусі — цалкам магчыма. Такая імавернасць ёсць, вось і ўсё.

— Наколькі рэальна, што мы, дыяспара, зможам захаваць імпэт свой беларускасці?

— Гэта пытанне да ўсіх беларусаў, незалежна ад таго, па які бок беларускай мяжы яны жывуць.

Захаваць беларускасць у сабе гэтак жа актуальна ў Горадні, Рэчыцы, Калінкавічах і Віцебску, як і ў Таронта, Варшаве, Кіеве, Вільні альбо Батумі.

Гэта паўсюль вымагае пэўных высілкаў, працу над сабой. Але гэта стварае і пашырае беларускі свет.