Беларуская пісьменніца і перакладчыца Ганна Янкута выправілася ў падарожжа па Лацінскай Амерыцы на пошукі беларускіх слядоў. У сваім эсэ Ганна Янкута апісвае вандроўку па Мантэвідэа — горадзе дзяцінства беларуска-іспанскага перакладчыка, пісьменніка, заснавальніка Беларускага ПЭН-цэнтра Карласа Шэрмана. Разам з Ганнай Янкута пройдземся вуліцамі, якімі калісьці хадзіў Карлас Шэрман, прагуляемся па парку, дзе ён гуляў з сястрой у дзяцінстве, ды прыпынімся ля месца, дзе калісьці знаходзіўся дом Шэрманаў.
Працяг. Пачатак па спасылцы.
Дрэвы і дамы
З паркам Радо звязаны першы ўспамін Карласа Шэрмана: «Я прыгадваю сябе мяноўна з пяці гадкоў, калі мая сястра, старэйшая за мяне на дзевяць гадоў, вяла штораніцы ў першую школку жыцця праз містэрыі старажытнага парка з чырвонымі сцежкамі, гонкімі пальмамі і араўкарыямі, выспамі на цёмных водах вялікага возера». Пальмы і араўкарыі я бачу адразу ж, як толькі збочваю з узбярэжжа. Цікава, тыя ж ці не. Колькі такія дрэвы могуць жыць?
Зазіраю ў інтэрнэт. Віду гэтых пальмаў я не ведаю, мабыць, нейкая з фінікавых, бо фінікавая пальма — гэта род, у ім чатырнаццаць відаў. Яны нетутэйшыя, але атабарыліся тут досыць даўно, можна сказаць, натуралізаваліся. А вось араўкарыі — наадварот, родам якраз адсюль. Некалі яны панавалі ва ўсім свеце, але пасля масавага вымірання, якое адбылося шэсцьдзясят шэсць мільёнаў гадоў таму, адступілі ў Паўднёвае паўшар’е. У звыклых для сябе ўмовах фінікавыя пальмы растуць ад ста да ста пяцідзесяці гадоў, а вось некаторыя араўкарыі дажываюць нават да тысячы. Калі парк не абнаўляўся, то прынамсі некаторыя дрэвы — тыя ж, менавіта іх Карлас Шэрман мусіў бачыць больш за восемдзесят гадоў таму. Магчыма, яны раслі тут ад самага пачатку, бо насамрэч парк зусім не старажытны: яго заклалі на мяжы ХІХ і ХХ стагоддзяў. Зрэшты, цяжка быць старажытным у горадзе, гісторыя якога пачынаецца ў 1726 годзе.
Паварочваю на сцежку, якая вядзе ўглыб парку, яе колер — чырвоны, рыхтык як ва ўспамінах Шэрмана. Пакрыццё новым не выглядае, але васьмідзесяці гадоў яму таксама не дасі. Магчыма, колер захаваўся выпадкова, альбо сцежкі ў тутэйшых парках упарадкоўваюць паводле старой завядзёнкі. Чырвоная пальмавая алея выводзіць да стаўка — невялікага штучнага вадаёма, але пяцігадоваму хлопчыку ён сапраўды мусіў здавацца гіганцкім. Пакуль што ўсё ў кнізе супадае з рэальнасцю. Ці шмат я помню з уласнага ранняга дзяцінства, думаю я ў гэты момант. Здаецца, нашмат менш, чым апісаў Шэрман. Хаця, магчыма, нешта з часам яшчэ прыгадаецца.
Сяджу над возерам і пераглядаю выпіскі з «Блуканца». Недзе тут мусіла быць і згаданая ў кнізе школа: «Першыя літары і словы ў школцы каля парку Радо ў далёкім цяперака Мантэвідэа здаваліся чарадзейнымі знакамі, і кожнае з іх хавала ўласныя глыбокія таямніцы». Шукаю школу на карце. Але побач нічога няма, і да ніводнай з тых, што месцяцца крыху далей, дарога ад Шэрманава скрыжавання гэтымі сцежкамі не вядзе.
Вуліца 21 верасня, на якой жыў Шэрман, пачынаецца ў двух кварталах ад парку Радо і чапляе яго ўскраек, першы чым заглыбіцца ў Пунта Карэтас і скончыцца на беразе Ла-Платы. Я іду ў той бок, зірнуўшы па дарозе на помнік Хасэ Энрыке Радо — уругвайскаму палітыку, журналісту і эсэісту, у гонар якога парк і быў названы. Гэта адбылося яшчэ пры жыцці Радо (ён памёр у 1917-м), а вось помнік з’явіўся тут у 1947-м, праз 7 гадоў пасля ад’езду Шэрманаў у суседнюю Аргентыну. Яны яго не заспелі, як і помнік Канфуцыю непадалёк, нечаканы ў гэтым атачэнні, — і гэта першае несупадзенне, з якім я сутыкаюся. Далей, на 21 верасня, несупадзенні надараюцца на кожным кроку.
Вось, напрыклад, самы яскравы ўспамін Шэрмана пра гэтыя мясціны — трамвай: «Па даволі шырокай вуліцы 21 верасня хадзілі трамваі майго маленства, якія адпавядалі цёпламу клімату: замест дзвярэй мелі дробны ланцужок, і пасажыры самі адчаплялі яго на прыпынках. Я згадваю ўтульнасць і нават пах мяккіх, нібыта плеценых саломаю, крэслаў трамвая: здавалася, хтосьці побач нёс што-кольвек цёплае і смачнае; згадваю і скураную ліну, нацягнутую на кольцах праз увесь вагон: з дапамогаю гэнай ліны, якая задзейнічала званочак, білецёр падаваў сігналы кіроўцу — прыпыніцца на высадку людзей альбо пасля пасадкі ехаць далей». Цяпер жа трамваяў няма не толькі ў Пунта Карэтас, але і ва ўсім Мантэвідэа. Першы конны трамвай з’явіўся ў горадзе ў 1868 годзе (на трыццаць гадоў раней, чым у Беларусі, у Віцебску), электрычны — у 1906-м. У часы Шэрмана трамвайны транспарт у Мантэвідэа перажывае росквіт, а ўжо з 1948 года іх разам з рэйкамі пачынаюць прыбіраць з вуліц. У 1957 годзе закрываецца апошні трамвайны маршрут. З тых часоў на 21 верасня ад трамваяў не засталося і следу.
Калі я дабіраюся да апісанага ў кнізе скрыжавання, то натыкаюся на рамонт.
Мяняюць пакрыццё дарогі, таму частка 21 верасня перакрытая, усюды горы будаўнічага друзу. Дамы ў асноўным новыя, шматпавярховыя, гэта наогул раён новых дамоў, крамаў, офісаў, гатэляў. І ўсё ж я не губляю надзеі знайсці канкрэтнае месца, дзе жылі Шэрманы, бо ў «Блуканцы» ёсць дакладнае апісанне: «Насупраць дома свяцілася рэклама безупыннага ды таннага кіно «Біярыц», куды можна было ўвайсці ў любы момант, калі карціна ішла, ды глядзець першую частку пасля альбо ўвесь фільм двойчы ці колькі заўгодна, ажно да самага закрыцця апоўначы. Літаральна за колькі крокаў ад нас была кавярня «Аньён», дзе я набываў марозіва, калі выпадала шчасце». Яшчэ да прыезду ў Мантэвідэа я шукаю звесткі пра абодва гэтыя будынкі, кінатэатр «Біярыц» і кавярню «Аньён», і — нечакана — знаходжу іх у сацыяльных сетках, дзе людзі дзеляцца ўспамінамі і фотаздымкамі. На адным з іх — бар «Аньён», я амаль упэўненая, што гэта і ёсць патрэбная мне кавярня. Але, відаць, з гадамі меню змянілася: карыстальнікі сацсетак згадваюць ужо не марозіва, а алкаголь.
Бар «Аньён» (аўтар Luis Osimani). Фота з Фэйсбука
Будынак з невысокай вежачкай, моцна перабудаваны, але ўсё яшчэ пазнавальны, стаіць на скрыжаванні дагэтуль, толькі цяпер у ім «Макдональдс».
З кінатэатрам «Біярыц» сітуацыя нашмат складанейшая. Я вывуджваю з сацыяльных сетак фота — яно выглядае сучасна, у допісе вядзецца пра тое, што будынак захаваўся. Гэта — мая надзея, я спадзяюся, што якраз па здымку яго і знайду. Але колькі ні хаджу па 21 верасня, параўноўваючы выяву з рэдкімі старымі дамамі, заціснутымі між шматпавярховікамі, нічога падобнага тут няма. Хіба што кандытарская «Біярыц» — на шыльдзе надпіс: «З 1925 года», але будынак падаецца зусім новым.
Я вырашаю зайсці і распытаць супрацоўнікаў.
— Некалі ў гэтым раёне быў кінатэатр «Біярыц». Не ведаеце, дзе? Кавярня таксама называецца «Біярыц», можа, кіно было тут?
Але прадавачка за прылаўкам не разумее, чаго я ад яе хачу. «Якое кіно? Мы пячом хлеб і робім салодкае». Яна выходзіць з-за прылаўка і махае рукой у бок скрыжавання з Эжаўры: «Калі трэба кіно, то гэта туды».
Я праходжу некалькі дамоў і сапраўды натрапляю на кінатэатр, які раней не заўважыла, «Life 21». Ён месціцца ў комплексе «Касабланка» — сучасным шматкватэрным доме, першы паверх якога аддадзены пад крамы, офісы і іншыя ўстановы. Адкрываю той допіс, зверыцца са здымкам. І толькі цяпер разумею, што няўважліва яго прачытала, насамрэч там гаворыцца, што будынак захоўваўся да нядаўняга часу. Гэта значыць, яго больш няма? Чытаю настальгічныя каментары пад фота, нехта прыгадвае, што «Біярыц» стаяў насупраць іншага кінатэатра, які называўся «Касабланкі». Але ж «Касабланка» — вось яна!
Зноў лезу ў інтэрнэт, натрапляю на спіс усіх колішніх кінатэатраў Мантэвідэа. На месцы шматпавярховіка і «Lifе 21» сапраўды быў адкрыты ў 1947-м, то-бок ужо пасля ад’езду Шэрманаў, кінатэатр «Касабланка». Як нечакана ў гарадской тапаніміцы захоўваюцца абрысы мінулага! Відаць, кіно тут любілі — доўгі час «Касабланка» і «Біярыц» існавалі побач, не адбіраючы адно ў аднаго гледачоў. «Біярыц» закрылі толькі ў 1970-м, цяпер замест яго — невысокія, на 5–7 паверхаў, жылыя дамы. Значыць, насупраць, там, дзе цяпер комплекс «Касабланка», Шэрманы і жылі, і з таго часу гэтае месца ўжо некалькі разоў змяніла сваё аблічча.
Свой няісны як мінімум з 1947 года дом Карлас Шэрман апісаў у «Блуканцы» так: «Стары дом майго маленства быў утульным, поўным свежасці, а ўнутраны дворык меў армаваную шкляную столь, якую льга было адчыніць і зачыніць з дапамогаю ручнога механізму ў залежнасці ад надвор’я. Бацька круціў вялізную ручку, прыстасаваную да сцяны, і столь пачынала ціхі гарызантальны рух, паступова знікала пад дахам, адчыняючы нам нябёсы. Уздоўж сцяны, якая аддзяляла наш дом ад суседняга, раслі сціплыя ды гожыя браткі розных адценняў: ад бледна-лілейнага да цёмна-фіялетавага. Маці любіла іх і штодня ставіла вазачку з браткамі на стол. З тае пары варта мне бачыць іх дзе заўгодна, і я згадваю дом свайго маленства і маладую маці».
Мне лёгка ўявіць і сам дом, і яго ўнутраны дворык, бо ў гэтым падарожжы я ўжо бачыла розныя будынкі, з унутранымі дворыкамі і без, з вялікімі балконамі і зусім без вокнаў, старыя і новыя. Сярод іншага гэта звязана з асаблівасцямі горадабудавання. Гісторыя большасці тутэйшых гарадоў пачалася толькі пару стагоддзяў таму, яны ўзводзіліся паводле планаў і таму разлінееныя на квадраты кварталаў. Дамы, якія звонку нічым не вылучаюцца, у сярэдзіне часта ператвараюцца ў заблытаныя лабірынты. Яны распаўзаюцца ўнутры кварталаў, займаючы адгароджаную ад вуліцы тэрыторыю, і хаваюць шмат нечаканага, пра што звонку няма і намёку: і парослыя дрэвамі двары, і браткі, і нават кіраваныя ўручную шкляныя нябёсы.
Мне шкада, што дом Шэрманаў не захаваўся. У іншых раёнах Мантэвідэа старой забудовы шмат, нават на вуліцы 21 верасня, дзе-нідзе сустракаюцца даўнія асабнякі, і ўсё ж у асноўным тут высяцца падобныя на «Касабланку» жылыя комплексы. Відаць, таму, што раён зрабіўся прэстыжным, і ўсё больш людзей хоча тут жыць.
У «Блуканцы» ёсць яшчэ адна карцінка з колішніх часоў, рэканструяваць якую ў мяне не атрымалася. «На рагу стаяла аптэка, і яе дзікаваты гаспадар быў кіраўніком партыі народнага здароўя. Падчас выбараў штовечар ён выносіў лаву, станавіўся на яе ды гаварыў разявакам, што галоўнае ў жыцці — гэта, натуральна, здароўе, але ў выніку за яго галасавалі адно што сталыя кліенты, якія не толькі набывалі лекі, але і хадзілі ў аптэку на ўколы ды іншыя дробныя працэдуры, якія сам аптэкар і прапісваў». Я не ведаю, які з чатырох рагоў скрыжавання апісваецца ў кнізе, і ў гарадской тканцы аптэка, у адрозненне ад кавярні «Аньён» ці абодвух кінатэатраў, нічога пасля сябе не пакінула.
Даходжу да канца 21 верасня, цяпер я зноў на беразе Ла-Платы. У маім тэлефоне — толькі некалькі фотаздымкаў, аказалася, што мінулае на скрыжаванні, дзе жылі Шэрманы, ужо не сфатаграфуеш. Дрэвы аказаліся больш трывалымі за дамы. Яны так і растуць сабе ў парку, быццам нічога за гэтыя дзесяцігоддзі ў свеце не адбылося, а дамы засталіся хіба што ў кнігах і ўспамінах. Пакуль яшчэ жывыя тыя, хто іх заспеў, цені гэтых дамоў яшчэ могуць часам выплываць у сацыяльных сетках, каб нагадаць, што некалі быў і іх час, але як толькі людзі сыдуць, цені таксама растануць, бо ўжо нікога больш не змогуць усхваляваць.
***
Праз шмат гадоў пасля ад’езду ў Беларусь, у 1988 годзе Карлас Шэрман ненадоўга зноў прыляцеў у свае былыя ваколіцы і апісаў гэтае падарожжа ў эсэ «Аргентына: вяртанне праз паўжыцця». Яго самалёт, які не змог прызямліцца ў Буэнас-Айрэсе, бо ў міжнародным аэрапорце Эсэйса паласа для прыёму цяжкіх аэробусаў была на рамонце, перанакіравалі ў Мантэвідэа, і пасажыры гадзіну чакалі там перасадкі. «Цэлую гадзіну, самую кароткую гадзіну, якую я помню, радасна ўглядваўся ў твары маіх супляменнікаў, шкадаваў, што знаходжуся зусім побач з родным домам, як кажуць, рукой падаць, аэрапорт стаіць у раёне Караска, куды сястра вадзіла мяне малога на пляж, але не магу дацягнуцца да роднага парога».
Гэта быў першы і апошні раз, калі Шэрман змог пабываць у краіне, дзе нарадзіўся і якую на той момант не бачыў ужо пяцьдзясят гадоў. Што праўда, калі меркаваць з сучаснай карты Мантэвідэа, на пляж у раёне Караска (у якім дагэтуль месціцца сталічны аэрапорт) ён наўрад ці хадзіў. Адлегласць датуль ад скрыжавання 21 верасня — Эжаўры складае каля 10 кіламетраў. Да таго ж, у ваколіцах Пунта Карэтас і Пасітас хапае сваіх пляжаў, куды Сарыта Шэрман з нашмат большай імавернасцю вадзіла нядзелямі пасля сняданку на дзевяць гадоў малодшага брата.
Дзякуй Балтыйскаму цэнтру пісьменнікаў і перакладчыкаў, Шведскаму саюзу пісьменнікаў і Міжнароднаму саюзу беларускіх пісьменнікаў за магчымасць працаваць над гэтым цыклам эсэ на рэзідэнцыі ў г. Вісбю (Швецыя).
I’m grateful to the Baltic Center for Writers and Translators, the Swedish Writers’ Union and the International Belarusian Writers’ Union for the possibility to work on this series of essays at the residence in Visby (Sweden).
Фота аўтаркі
Ганна Янкута, budzma.org