Масква імкнецца рэалізаваць у Беларусі тое, што яна рыхтавала для Украіны, калі пачынала ў 2022 годзе вайну, адзначаюць эксперты.
Фота з сацыяльных сетак
На працэс русіфікацыі Беларусі звяртаецца ўвага ў артыкуле, які апублікаваны на сайце EuraNews. «Наша Ніва» прыводзіць яго асноўныя палажэнні.
Беларусы перажываюць новую хвалю русіфікацыі па меры таго, як Масква пашырае сваё эканамічнае, палітычнае і культурнае дамінаванне ў краіне. І ў гэтым няма нічога новага. У царскую эпоху і часы СССР Расія ўжо навязвала Беларусі сваю мову, сімвалы і культурныя інстытуты.
Аднак пасля распаду СССР у 1991 годзе Беларусь стала аднаўляць сваю ідэнтычнасць, беларуская мова на кароткі час стала афіцыйнай, а бел-чырвона-белы сцяг замяніў чырвоны серп і молат савецкай эпохі.
Сітуацыя змянілася з прыходам у 1994 годзе да ўлады Аляксандра Лукашэнкі, які зрабіў рускую мову афіцыйнай нароўні з беларускай і прыбраў нацыянальную сімволіку.
Цяпер беларускую мову рэдка можна пачуць на вуліцах Мінска і іншых вялікіх гарадоў. Афіцыйны бізнэс вядзецца на рускай, яна дамінуе таксама ў СМІ. Лукашэнка размаўляе па-руску, а чыноўнікі пазбягаюць беларускай мовы.
Краіна атрымлівае расійскія крэдыты і танныя энерганосьбіты ўзамен за палітычны і вайсковы саюз з Масквою. Гэты альянс дазваляе Уладзіміру Пуціну размяшчаць войскі і ракеты ў Беларусі, выкарыстоўваючы яе ў якасці плацдарму для вайны ва Украіне.
«Я разумею, што наша Беларусь акупаваная... І хто там прэзідэнт? Не Лукашэнка. Прэзідэнт — гэта Пуцін», — прыгадвае аўтар артыкула словы Святланы Алексіевіч, заўважаючы, што Нобелеўскі лаўрэат па літаратуры 2015 года жыве цяпер у Германіі ў выгнанні.
«Беларускія дзеячы культуры сутыкнуліся з пераследам, сотні нацыянальных арганізацый былі зачыненыя. Эксперты адзначаюць, што Масква імкнецца рэалізаваць у Беларусі тое, што яна рыхтавала для Украіны, калі пачынала ў 2022 годзе вайну», — піша аўтар і заўважае, што цяпер зусім мала дзяцей вучацца на беларускай мове.
Аўтар звяртае ўвагу, што ў 1994 годзе каля 40% вучняў навучалася на беларускай мове, цяпер гэтая лічба складае 9%.
Гаварыць па-беларуску лічыцца праяваю апазіцыйнасці да Лукашэнкі і выражэннем нацыянальнай ідэнтычнасці. У той жа час, па словах аўтара кнігі «Мова 404» Аліны Нагорнай, «усё больш людзей хоча гаварыць на беларускай мове, якая стала сімвалам свабоды. Але баяцца гэта рабіць публічна».
У артыкуле прыводзіцца меркаванне аналітыка Валера Карбалевіча аб тым, што беларусы, як і ўкраінцы, хацелі больш цесных сувязей з Еўропай, што суправаджалася ростам іх нацыянальнай тоеснасці. «Але Крэмль хутка зразумеў небяспеку і пачаў працэс паўзучай русіфікацыі ў Беларусі».
Па словах Карбалевіча, гэта прывяло да з’яўлення прарасійскіх арганізацый, сумесных адукацыйных праграм і культурных праектаў, якія «раслі як грыбы пасля дажджу на фоне жорсткіх рэпрэсій супраць усяго беларускага».
Крэмль атрымаў карт-бланш пасля таго, як падтрымаў Лукашэнку ў час пратэстаў 2020 года.
«Сёння Лукашэнка плаціць Пуціну нашым суверэнітэтам. Беларуская нацыянальная ідэнтычнасць, культура і мова з’яўляюцца нашай самай моцнай зброяй у барацьбе з рускім светам і русіфікацыяй», — цытуе аўтар словы Святланы Ціханоўскай.
Для прасоўвання рускай культуры і ўплыву ў чатырох гарадах Беларусі дзейнічаюць «Рускія дамы». Яны праводзяць семінары, кінаклубы, выставы і конкурсы.
«Мэта заключаецца ў тым, каб насадзіць расійскія наратывы так, каб як мага больш беларусаў успрымалі рускую мову як сваю ўласную. Крэмль не шкадуе сродкаў і дзейнічае маштабна, што можа быць асабліва эфектыўна і небяспечна ў сітуацыі, калі Беларусь апынулася ў інфармацыйнай ізаляцыі, а ўнутры краіны практычна не засталося нікога, хто мог бы супрацьстаяць Рускаму свету», — цытуе аўтар словы аналітыка Аляксандра Фрыдмана.
Артыкул завяршаецца словамі Паўла Латушкі аб тым, што «Пуцін яшчэ ў 2021 годзе апублікаваў артыкул, які адмаўляе існаванне незалежнай Украіны, і ўжо тады мы цудоўна разумелі, што ён мае аналагічныя мэты і ў Беларусі».
Чытайце яшчэ: Аліна Нагорная: Хачу, каб беларуская мова стала проста звычайнай з’явай для Беларусі. Не дэкаратыўнай