Беларусь супраць Тайланда. Байцы Гуркоў і Кулебін сустрэнуцца з ідаламі муай-тай

Гістарычны фінальны турнір Thai Fight пройдзе днямі ў Бангкоку. У двух галоўных баях героі праекта “Байцоўскі ген” сустрэнуцца з азіяцкімі суперзоркамі. Як паглядзець прамую трансляцыю? Калі чакаць вынікаў, і ці ёсць шанцы ў беларусаў? Больш падрабязна ― у гэтым матэрыяле.

Турнір Thai Fight лічыцца сёння самым топавым для сусветнага тайскага бокса. Гэта ― як Ліга чэмпіёнаў у футболе.

Баі праводзяцца ў вагавых катэгорыях 67 і 70 кг; і тут, і там у фінал выйшлі беларусы ― Андрэй Кулебін і Віталь Гуркоў. Двубоі адбудуцца ў нядзелю, 16 снежня.

У чвэрць-фінале і паўфінале Кулебін пераадолеў француза Крыса Бусукоў і бразільца Адайлтана Парэйру. У фінале ён сыдзецца з тайцам Сінгмані ― чэмпіёнам мясцовых стадыёнаў, сусветна вядомым тайбаксёрам.

Гуркоў прайшоў француза Фарэса Бячара і фіна Антэра Хынынена. У фінале ён сустрэнецца з бадай самым папулярным і раскручаным тайбацом планеты ― Буакавам Пор Прамукам (абодва баі да фіналу скончыў эфектнымі накаўтамі).

 

 

 

Беларускае тэлебачанне не надае вялікай увагі гістрычным фіналам турніра Thai Fight-2012. Хоць фіналы абмяркоўваюць на медыя-рэсурсах усяго свету ― у Японіі, Аўстраліі, Расіі, ЗША, Нідэрландах, Італіі…

Па сутнасці турнір уяўляе з сябе матчавую сустрэчу Тайланд–Беларусь.

― Вось і паглядзім, што атрымаецца на выхадзе ― Thai Fight ці Belarus Fight, ― пажартаваў перад вылетам Віталь Гуркоў.

На думку многіх, нашы байцы не маюць шанцаў у сваіх супрацьстаяннях. Занадта знакамітыя, магутныя і распіяраная ў іх апаненты. Да таго ж, двубоі будуць праходзіць у Бангкоку, уплываць на іх будуць мясцовыя прамоўтары, якім для раскруткі шоў неабходна перамога сваіх байцоў. На турнір прыйдзе Кароль Тайланда Пуміпон Адульядзет. То бок, калі будзе роўны бой ці невялікая перавага беларусаў, нашым паясы не аддадуць.

Кулебін ужо сустракаўся з Сінгмані летась на адным з прафесійных турніраў. На думку нашай каманды, перамог. Але, натуральна, перамогу на вачах у манарха аддалі тайцу.

З іншага боку, Андрэй Кулебін і Віталь Гуркоў ― хоць і не раскручаныя, як той жа Буакаў Пор Прамук, але звышнебяспечныя і білі раней першых нумароў Тайланда. Манера вядзення боя ў таго ж Гуркова адрозная ад тайскай школы, таму як мінімум яго зорнага апанента Пор Прамука чакае цяжкае выпрабаванне.

Абодва нашы байцы едуць у Бангкок перамагаць: трэніраваліся найлепшым чынам, не хварэлі і рыхтавалі для тайцаў сюрпрызы, вылічвалі дні вылету, каб не мець праблемаў з акліматызацыяй.

Шанцы накаўтаваць аппанента ў тайскім боксе таксама надзвычай высокія: можна зрабіць рассячэнне локцем ці каленам, замарыць суперніка ў клінчы, удала ўдарыць з развароту…

 

 

У Бангкоку 16 снежня сустрэнуцца “жалезныя” тайскія прафесіяналы і выбітныя беларускія байцы ― Заслужаныя майстры спорту. За двубоямі будзе назіраць увесь свет, таму добрае выступленне ў любым разе станоўча адаб’ецца на рэйтынгу беларусаў. Але верым ― у найлепшае.

Прамую трансляцыю фінальнага шоў Thai Fight можна будзе паглядзець па наступных спасылках:

www.thaitv2.com/channel31.php
www.wezatv.com/dootv/channel3.php

Трансляцыя павінна адбывацца з 13.45 да 16.00 па беларускім часе. Інфармацыя пра вынікі аператыўна з’явіцца на сайце “Будзьмы”. Заўзеем разам за нашых байцоў!