19 жніўня 1991 года былі прыняты не толькі афіцыйны сцяг і герб, але і замацавана адзіная правільная назва нашай краіны — «Рэспубліка Беларусь», або яе кароткая форма «Беларусь». З гэтага часу такая назва краіны ўжываецца ў шматлікіх афіцыйных дакументах. Аднак усходні сусед Беларусі дагэтуль аспрэчвае напісанне наймення, выкарыстоўваючы нібыта больш традыцыйнае для рускай мовы «Белоруссия». Ці толькі ў моўнай традыцыі тут справа? Паспрабуем разабрацца.
19 верасня Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка інфармавала ААН аб змене назвы на «Беларусь». У гэтым законе Вярхоўны Савет нашай краіны пастанавіў: «Беларускую Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку надалей называць «Рэспубліка Беларусь», а ў скарочаных і састаўных назвах — «Беларусь». Устанавіць, што гэтыя назвы транслітаруюцца на іншыя мовы ў адпаведнасці з беларускім гучаннем».
Пазней назва «Рэспубліка Беларусь», або «Беларусь» як адзіная правільная была замацавана ў Канстытуцыі 1994 года, якая была выдадзена на беларускай і рускай мовах. З цягам часу ў нашай краіне тэрмін «Белоруссия» паступова знікаў з рускамоўнай прасторы. Вельмі паказальным з’яўляецца змена наймення рупара дзяржаўнай прапаганды — газета «Советская Белоруссия» ператварылася ў «СБ-Беларусь сегодня».
«Беларусь» у класіфікатары краін свету
Шэраг беларускіх мовазнаўцаў выказваліся за ўвядзенне ў рускамоўны абарот слова «Беларусь». Такі крок цалкам правамерны, лагічны і апраўданы, бо найменне незалежнай дзяржавы замацавана ў яе падставовым дакуменце — Канстытуцыі краіны. Доктар філалагічных навук, ганаровы старшыня Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў Адам Мальдзіс у свой час звяртаў увагу на тое, што назва краіны Беларусь замацавана ва ўсіх афіцыйных дакументах. Больш за тое, ёсць і адпаведнае заключэнне тапанімічнай камісіі ААН аб афіцыйнай назве нашай краіны.
Аднак у расійскай інфармацыйнай прасторы, у газетах і часопісах, у кнігах і падручніках, а часам і на афіцыйным узроўні працягваюць актыўна выкарыстоўваць найменне «Белоруссия». У свой час адзін з міністраў Расійскай Федэрацыі заяўляў, што ўжыванне такога наймення ніяк не звязана з нейкім грэбаваннем да жыхароў суседняй краіны — хутчэй, гаворка ідзе аб гістарычнай звычцы, а не форме вялікадзяржаўнага шавінізму.
Карыкатура на сайце «СБ-Беларусь сегодня» на тэматыку няправільнага ўжывання назвы краіны. Крыніца: sb.by
Вось што на гэты конт пісала ў 2009 годзе газета адміністрацыі прэзідэнта «СБ-Беларусь сегодня»: «Казалось бы, закон нужно исполнять — и точка! Но все вышло по знаменитой поговорке о дышле. Если в нашей стране название «Беларусь» сразу было принято и народом, и средствами массовой информации, то за границей закон убедил не всех. название «Белоруссия» до сих пор остается в ходу, хотя его время давно прошло». Дарэчы, паводле выдадзенага Дзяржаўным камітэтам Расійскай Федэрацыі па стандартызацыі і метралогіі «Агульнарасійскага класіфікатару краін свету», у афіцыйных дакументах у Расіі павінны выкарыстоўвацца наступныя абазначэнні нашай краіны: Беларусь і Рэспубліка Беларусь.
Назва «Белоруссия» як адмаўленне самастойнасці суседзям
Пытанне наймення краіны палягае не столькі ў моўнай традыцыі, але хутчэй з’яўляецца палітычным аспектам. Беларусь з’яўляецца не адзінай краінай на постсавецкім абшары, назва якой у расійскай інфармацыйнай прасторы пішацца іначай, чымся афіцыйная. Напрыклад, сённяшняя «Малдова» працягвае пісацца як «Малдавія», хоць такой краіны ўжо даўно няма. Часта замест афіцыйных назваў «Кыргызстан» і «Туркменістан» выкарыстоўваюць «Кіргізія» і «Туркменія», што не можа не крыўдзіць жыхароў гэтых краін.
Цішотка з выпраўленай назвай нашай краіны, якая выпускалася крамай адзення Mark Formelle. Крыніца: belsat.eu
Найменні «Туркмения», «Киргизия», «Молдавия», а таксама «Белоруссия» выкарыстоўваліся раней як абазначэнні савецкіх рэспублік, якія ў рэальнасці не мелі незалежнасці і былі падпарадкаваны галоўнаму цэнтру СССР — Маскве. Пасля развалу Савецкага Саюза шэраг рэспублік атрымалі сапраўдную незалежнасць і змянілі свае назвы ў адпаведнасці з моўнымі і гістарычнымі асаблівасцямі. Выкарыстанне старых назваў былых краінаў Савецкага Саюза расійскім грамадствам і палітычнай элітай з’яўляецца прамым сведчаннем непрызнання незалежнасці і падтрымкай ідэі вяртання былых земляў Расійскай (і савецкай) імперыі ў склад сучаснай Расійскай Федэрацыі або прынамсі захавання значнага палітыка-эканамічнага ўплыву на як мага большую частку постсавецкіх краінаў.
«Белоруссия» — гэта назва адной з савецкіх сацыялістычных рэспублік. Яе больш няма, на яе месцы цяпер — незалежная Рэспубліка Беларусь. Змена назвы для жыхароў Беларусі стала сімвалам новага жыцця, новай эпохі, магчымасцю выказаць сваю адасобленасць праз новае імя. Нягледзячы на афіцыйныя міжнародныя дакументы, пытанне наймення застаецца адкрытым, а аднастайнасці як не было, так і няма. Таму гаворка тут не толькі пра моўныя традыцыі, гэтае пытанне пераходзіць у плоскасць узаемапавагі паміж дзяржавамі, у сферу этыкету.
Татуіроўка, якую набіў беларускі журналіст, каб падкрэсліць правільнасць наймення ўласнай краіны. Крыніца: udf.name
Нездарма ў свой час прадстаўнік расійскага кірунку Facebook (сетка, да якой доступ у Расіі абмежаваны) заяўляў, што ў сацыяльнай сетцы будзе працаваць аўтазамена «Белоруссии» на «Беларусь»: «Мы прыйшлі да неабходнасці такой аўтазамены ў сувязі з тым, што ёсць толькі адно карэктнае найменаванне гэтай краіны. Людзі, якія пішуць «Белоруссия», наносяць маральныя пакуты Facebook-супольнасці. У нейкім сэнсе гэта кіберхуліганства, і мы не збіраемся з гэтым мірыцца».
Белоруссия — «традыцыйнае» найменне для расійскай мовы, якое крыўдзіць беларусаў
Дагэтуль вельмі часта ў кнігах, школьных і ўніверсітэцкіх падручніках, сродках масавай інфармацыі («Медуза», РБК, «Коммерсантъ» іншыя) сучаснай Расійскай Фэдэрацыі пераважна ўжываецца назва краіны «Белоруссия». Прычым розныя расійскія эксперты, а ў першую чаргу філолагі і лінгвісты, выказваюцца ў тым ключы, што абедзве формы маюць права на існаванне. Але пры гэтым заяўляецца, нібыта найбольш традыцыйнае найменне для рускай мовы — «Белоруссия». Часта можна пачуць аб лінгвістычных дублетах «Белоруссия — Беларусь», якія адносяцца да старадаўняга хароніма Белая Русь.
Ёсць і больш радыкальныя выказванні расійскіх навукоўцаў. Да прыкладу, у 2009 годзе кандыдат філалагічных навук, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута рускай мовы РАН Ірына Лявонціна пісала, што слова «Беларусь» моцна супярэчыць рускай арфаграфіі, у якой няма злучальнай галоснай «а», і негатыўна ацаніла дзеянні беларускіх і расійскіх уладаў, якія рэкамендавалі назваць беларускую дзяржаву «Беларуссю».
Самае смешнае заключаецца ў тым, што найменне «Белоруссия» — насамрэч не рускае, а нямецкае слова. Канчаткі «сія» («ссия») у рускай мове сталі з’яўляцца пры Кацярыне ІІ якая, як вядома, была немкай, і казала менавіта так. Па сутнасці, гэта такая сабе пруская традыцыя назвы земляў, якая нічога агульнага з рускай мовай не мае.
Банэр у беларускім офісе аўтамабільнай кампаніі Hyndai, на якім падкрэсліваецца правільная назва краіны. Крыніца: charter97.org
Больш пераканаўча гучыць пазіцыя айчынных філолагаў, якія сцвярджаць, што найменне нашай краіны адносіцца да ліку ўласных назваў, якія ў адпаведнасці з міжнароднай традыцыяй перадачы іншамоўных уласных імёнаў не перакладаюцца на іншыя мовы — замест гэтага выкарыстоўваецца прынцып транслітарацыі. Такі прынцып зацверджаны групай экспертаў па геаграфічных назвах пры Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Распрацаваны рэкамендацыі, асноўны сэнс якіх зводзіцца да таго, што назва на іншай мове не павінна скажаць арыгінальную.
Больш за тое, назвы дзяржаў для рускай мовы з’яўляюцца словамі замежнага запазычання. Беларусь не з’яўляецца часткай Расіі, каб на яе прымяняць правілы словаўтварэння рускай мовы. Расія мае права прымяняць правілы рускай мовы адносна тапонімаў на тэрыторыі Цвярской або Архангельскай абласцей, але яна не мае права гэта рабіць адносна замежнай тэрыторыі. Адпаведна, згодна з правіламі ААН, усе словы, вытворныя ад назвы краіны, пішуцца гэтак жа, як і назва краіны, гэта значыць транслітаруюцца з мовы арыгінала.
«Сіла традыцый» рускай мовы часта беларусам моцна рэжа слых і выглядае як пасіўная абраза. Нездарма ў 2009 годзе Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь звярнулася да расійскага боку з просьбай узаконіць адзіны сапраўдны тапонім — Беларусь — на ўзроўні моўнай нормы. У 2014 годзе ў твітэр-акаўнце Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь быў апублікаваны зварот, які заклікае асоб, якія вядуць твітэр ААН на рускай мове, выкарыстоўваць у афіцыйным кантэксце назву «Рэспубліка Беларусь».
Мем, які адлюстроўвае ўзровень раздражнення, калі няправільна вымаўляюць назву краіны. Крыніца: pikabu.ru
Натуральна, пытанне назвы сваёй краіны хвалюе і простых беларусаў, а не толькі афіцыйныя органы ўлады. Вельмі паказальным стаўся выпадак, калі ў снежні 2013 года на сайце change.org жыхар Мінска Мікіта Раманоўскі ініцыяваў петыцыю да «адміністрацыі рускай Вікіпедыі» з патрабаваннем змяніць назву артыкула «Белоруссия» на «Беларусь». Са снежня 2013 па люты 2019 года петыцыю падпісалі больш за 82 тысячы наведвальнікаў гэтага сайта, што сведчыць, наколькі рэзанансным і важным для жыхароў Беларусі з’яўляецца найменне ўласнай краіны.
Хведар Прылёпаўскі, Budzma.org