Беларусь — марская дзяржава ў мінулым і сучаснасці. Пра тры перыяды, калі наша краіна была ў тым ці іншым сэнсе марской дзяржавай, піша Канстанцін Семяновіч.
Каб адразу расставіць усе кропкі над «і», зазначу, што Беларусь і сёння ў пэўным сэнсе марская дзяржава, таму што ёй належыць адпаведная квота вылову рыбы ў святовым акіяне. Больш за тое, у 2010 г. мінскі гарвыканкам зарэгістраваў закрытае акцыянернае таварыства «Белморфлот». Яно нават паспела выпусціць у мора пазычаны ў харватаў сухагруз «Караліна» з салігорскім каліем на борце, які нібыта даплыў нават да Бразіліі.
Планы агалошваліся шырокія: купляць караблі ў лізінг, плаваць па ўсіх марах і акеанах, зарабляць валюту. Але як тое часта здараецца ў несвабоднай краіне з валюнтарысцкай эканомікай, справа закончылася пшыкам, «Белморфлот» хутка патануў — таварыства збанкрутавала і было ліквідаванае ў 2021 г.
Аднак у гісторыі можна натрапіць прынамсі на тры перыяды, калі Беларусь была ў тым ці іншым сэнсе марской дзяржавай. Найперш гэта Полацкае княства, якое кантралявала ладны кавалак міжнароднага рачнога шляху «з варагаў у грэкі», а ў ХІ ст. працягнула гэты кантроль да самага вусця Дзвіны і выйшла на ўзбярэжжа Балтыкі.
Полацак. 12-13 ст. Мастак Павал Татарнікаў
Адтуль ужо быў прамы шлях у важныя порты Паўночнай Еўропы, і гісторыя сведчыць, што полацкія ладдзі былі здольныя на марскую навігацыю. Праўда, падазраю, была яна пераважна кабатажнай, г.зн. ішлі, не губляючы з поля зроку берагавую лінію.
Бяспечны давоз тавараў да мора гарантаваўся кантролем над берагамі Дзвіны, якія былі заселеныя пераважна балцкімі плямёнамі. Полацкая дружына забяспечвала не толькі спакойнае плаванне па Дзвіне і прытоках, але і даніну з тубыльцаў, што цягнула за сабой іх кіраванне полацкай адміністрацыяй, прынамсі пасярэдніцтва ў найважнейшых міжплемянных канфліктах.
Сітуацыя кардынальна змянілася, калі вусце Дзвіны апанавалі немцы, якія стварылі на ўзбярэжжы ўласныя дзяржавы і перакрылі палачанам дарогу да мора. Полацк у пачатках ХІІІ ст. спрабаваў выбіць нямецкі корак з вусця сілай зброі, а калі тое не ўдалося, полацкім вялікім купцам давялося дамаўляцца і плаціць за пропуск на мора, або завяршаць гандлёвы шлях на інфлянцкіх рынках, пераважна ў Рызе.
Другі працяглы эпізод марской гісторыі Беларусі пачаўся ў XV ст., калі пад кіраваннем вялікага князя Вітаўта беларуска-літоўская дзяржава сягнула ад Балтыкі да Чорнага мора.
Калі з паўднёвым морам было не надта добра, бо практычна ўсё ўзбярэжжа кантралявалася мусульманскай Турцыяй і яе васаламі, то з справа з гандлем на Балтыцы рухалася нашмат лепш. Пасля паспяховых войнаў з Тэўтонскім ордэнам і далучэннем да Літвы Жамойці частка балтыйскага ўзбярэжжа стала даступнай для нашых купцоў без пасярэднікаў.
І ўрэшце, трэці эпізод з перыяду Рэчы Паспалітай «чатырох народаў», як сёння называюць яе гісторыкі. Тут ужо быў не проста выхад да мора купцам, а ні многа ні мала, здабыча заморскіх калоній. Праўда, гэтая модная ў нас у апошнія часы тэма мае да Беларусі апасродкаваныя адносіны, бо найбольшыя правы на яе належаць сённяшняй Латвіі. Тым не менш...
У XVI ст. пад націскам агрэсіўнай Масковіі магістр Інфлянцкага ордэна ў пошуках саюзнікаў прыняў рашэнне аб секулярызацыі сваёй дзяржавы і пераход пад апеку Вялікага Княства Літоўскага. Так з 1561 г. у нас з’явілася Герцагства Курляндыі і Семігаліі, якое ад Люблінскай уніі аўтаматычна стала яшчэ і ленам польскай кароны.
Адукаваны і прагны падарожжаў герцаг Якуб Кетлер у 1651 г. выслаў два караблі да ўзбярэжжа Афрыкі, якія заклалі курляндскую калонію ў вусці ракі Гамбіі.
Крыніца: wikipedia.org
У 1654 г. курляндцы дабраліся да Караібаў і заснавалі калонію на выспе Табага, якую назвалі Новая Курляндыя. Збудавалі форт і горад, названы ў гонар герцага Якабус-Штадт і яшчэ горад з імем караля Рэчы Паспалітай Казімісхафен.
Пляж Castara-Bay на Табага. Крыніца: tripadvisor.com
Планавалі вырошчваць цукровы трыснёг, а для працы на плантацыях прывозіць чорных нявольнікаў з Гамбіі.
Гісторыя гэтых калоній аказалася кароткай, бо як маленькая Курляндыя, так і ўся Рэч Паспалітая не маглі цягацца ў заморскай каланізацыі з магутнай Англіяй, якая праз дзясятак гадоў тыя калоніі пераняла.
А аўтары сучасных беларускіх даведнікаў і віктарын па гісторыі ды геаграфіі любяць уводзіць туды пытанне: «Ці мела Беларусь калоніі?». І вучні ахвотна і правільна на яго адказваюць, бо надта экзатычная гісторыя, лёгка запамінаецца...
Канстанцін Семяновіч