Беларус, які наблізіў чалавецтва да Месяца

06.04.2026 Асоба

У красавіку 2026-га людзі зноў паляцелі да Месяца. Місія «Артэміс II», якая стартавала 1 красавіка, стала першым за больш як паўстагоддзя палётам людзей за межы зямной арбіты ў бок Месяца. Карабель «Арыён» ужо выйшаў на траекторыю аблёту спадарожніка. У такія моманты звычайна згадваюць астранаўтаў, ракеты, вялікія дзяржавы і вялікія бюджэты. Але за кожным такім палётам стаяць і людзі, чые імёны не з’яўляюцца шырокавядомымі для ўсяго свету. Адным з такіх герояў быў беларус Барыс Кіт. У дзень нараджэння слыннага беларускага навукоўца, прыгадаем, што дакладна ён зрабіў, каб палёты на Месяц сталі рэальнасцю.

01.jpg Місія Артэміс ІІ. Фота: The Associated Press

Зорная Беларусь

Як ні сягне высока птах,
Ляцеціме ў гняздо наніз.
Зямля стаіць на трох кітах.
Адзін з кітоў — спадар Барыс.

Рыгор Барадулін

Пра Барыса Кіта часам можна пачуць як пра чалавека, які вынайшаў паліва для палёту на Месяц. Гэта, згадзіцеся, прыгожая, але занадта спрошчаная формула. Кіт не быў адзіным бацькам-заснавальнікам месяцовай праграмы і, вядома, не будаваў і не запраўляў ракеты. Беларус належаў да таго пакалення навукоўцаў, якое стварыла фундамент амерыканскай ракетнай тэхнікі. Менавіта такія людзі ў выніку і робяць магчымымі «вялікія скачкі чалавецтва», як выказаўся ў свой час першы чалавек на Месяцы Ніл Армстранг.

Шлях Барыса Кіта ў космас пачынаўся ў Беларусі. Ён навучаўся ў Наваградскай беларускай гімназіі, потым у Віленскім універсітэце на фізіка-матэматычным кірунку, выкладаў матэматыку ў беларускай гімназіі ў Вільні, а пасля і ўзначальваў яе. Пазней Барыс вярнуўся на Наваградчыну, займаўся адкрыццём школ, настаўніцкай працай.

06.jpgБарыс Кіт

Ягоны лёс увогуле выразна паказвае трагедыю ўсяго беларускага ХХ стагоддзя. Падчас вайны Кіт працаваў у сістэме адукацыі на Маладзечаншчыне і Пастаўшчыне, быў арыштаваны немцамі, цудам пазбег расстрэлу, а пасля зразумеў, што ў Савецкай Беларусі для яго таксама не будзе бяспечнай будучыні. У 1944 г. ён выехаў у Нямеччыну, а ў 1948 г. апынуўся ў ЗША.

Праз палітыку і вайну Кіта фактычна выціснулі з радзімы, але ён радзіму не забыў. Сам Барыс Кіт пазней казаў, што ўсё, што рабіў у жыцці, ён рабіў для славы Беларусі.

02.jpgПершы чалавек на Месяцы Ніл Армстранг. Фота: NASA

Бліжэй да зораў

У Амерыцы ён пачаў працаваць хімікам, і, як і сёння сотні тысяч беларусаў, адаптаваўся да новага жыцця эмігранта. Ужо ў 1950-х гг. Кіт увайшоў у амерыканскую ракетную праграму. Паводле архіўных звестак, ён удзельнічаў у ранніх працах над міжкантынентальнай сістэмай Наваха.

Калі гэты праект зачынілі, Кіт перайшоў у планаванне новых касмічных праектаў, якія пазней былі выкарыстаныя ў месяцовай  праграме «Апалон» і ў праграме «Шатл». А з 1963 года беларус пачаў працаваць у Астранамічным Бюро і ўвайшоў у матэматычную каманду, якая падтрымлівала месяцовую місію.

Што канкрэтна зрабіў Барыс Кіт

Калі патлумачыць вельмі проста, дык для палёту ў космас трэба было дакладна ведаць, якое паліва дае больш цягі, як яно захоўваецца, пры якой тэмпературы працуе, наколькі яно стабільнае, таксічнае, выбухованебяспечнае, як хутка запальваецца, як спалучаецца з акісляльнікам і колькі масы дазваляе ашчадзіць. З гэтымі пытаннямі і разабраўся беларус Барыс Кіт.

03.jpg«Даведнік па ракетным паліве» Барыса Кіта. Фота: Ebay

У 1960 годзе Барыс Кіт разам з Дугласам Эверэдам выдаў «Даведнік па ракетным паліве». Кніга стала для спецыялістаў адным з базавых арыенціраў на бліжэйшыя дзесяцігоддзі. Беларус быў адным з тых навукоўцаў, хто дапамог навукова абгрунтаваць і сістэматызаваць ідэю, што для далёкіх касмічных палётаў адной з найлепшых звязак будуць вадкі вадарод і вадкі кісларод.

Сэнс гэтай ідэі просты. Такая пара кампанентаў дае вельмі вялікую энергію пры адносна невялікай вазе, а гэта крытычна істотна, калі трэба вывесці карабель далёка за межы Зямлі.

Паміж эпохай палётаў на Месяц місіі «Апалон» і сённяшнім стартам «Артэміс» прайшлі дзесяцігоддзі новых распрацовак. Але варта адзначыць самае істотнае: гэтыя палёты да Месяца і цяпер трымаюцца на той самай навуковай логіцы высокаэнергетычнага ракетнага паліва.

04.jpg Барыс Кіт. Фота: Гельмут Фрык

NASA сцвярджае, што асноўная ступень сучаснай ракеты захоўвае крыягенныя вадкія вадарод і кісларод. Гэта значыць, што і сёння палёт да Месяца абапіраецца на той клас ведаў пра паліва, які Барыс Кіт дапамагаў сістэматызаваць для касмічнай эры.

Цікава, што нават у 2023 годзе навуковы даклад на еўрапейскай касмічнай канферэнцыі па «зялёных» ракетных паліўных сістэмах па-ранейшаму цытаваў кнігу Кіта і Эверэда ў спісе галоўных крыніц.

Таму калі сёння свет сочыць за новым палётам да Месяца, варта ўзгадаць і пра беларуса, без якога гэтая гісторыя выглядала б зусім інакш.

05.jpgБарыс Кіт і Васіль Быкаў. Архіўнае фота

Адзначым, паводле сведчанняў самога Барыса Кіта, ягоны старэйшы сын Уладзімір Кіт працаваў у NASA і займаў там высокую пасаду ажно да свайго выхаду на пенсію.

Павал Хадзінскі, budzma.org