Беларускае караоке без «Пераменаў». Казка для дарослых ад Яны Вольскай

У аўтарскай рубрыцы «Казкі жыцця» Яна Вольская распавядае гісторыю пра сустрэчу з родным горадам па вяртанні з эміграцыі.

Biełaruskaje karaoke

Даша ехала на доўгія выходныя дахаты. Цёплым вечерам у сталічным горадзе на цэнтральным вакзале яна разам з паўсотняй землякоў здала ў багаж валізку і прад’явіла раздрукаваны квіток кіроўцу. У гэты час да кіроўцы падыходзілі розныя людзі з прыватным інтарэсам, якія трымалі ў руках дакумэнты альбо пакункі, але дакладна не выглядалі, як пасажыры аўтобуса.

Кіроўца зь непахісным і суворым выглядам адным позіркам з-пад кусьцістых броваў ківаў ім убок. Там, у баку, у багажным аддзяленьні, грузіў валізкі другі кіроўца. Ён з такім жа суворым выглядам прымаў пакункі і дакумэнты і браў фіксаваную аплату. Пры гэтым ён выразна даваў зразумець, што ўсё гэта робіцца зь іх, кіроўцаў, дабрыні і ласкі:

– Чаму на дакумэнце не напісаны нумар тэлефона? Каму я буду званіць па прыбыцьці? Пушкіну? — строга адчытваў ён худзенькую дзяўчыну ў капелюшы.

Тая разгублена і сьпехам шукала патрэбны нумар у кантактах тэлефона і дапісвала на дакумэнце.

– Калі вы прыкладна будзеце на вакзале? — сарамліва запытала яна ў кіроўцы.

– Як мяжу пройдзем, — раздражнёна і рэзка адказаў кіроўца.

– Мы патэлефануем па нумары за гадзіну да прыбыцьця, — пабачыўшы, як дзяўчына цалкам сумелася, больш лагодна дадаў ён.

Мяжу аўтобус прайшоў на дзіва хутка. Што праўда, двух чалавек зьнялі з рэйса пасьля праверкі тэлефонаў. Але кожны з тых, хто застаўся, унутрана адчуў палёгку, што ссадзілі не яго.

Даша глядзела на палеткі і лясы, які несьліся за вакном аўтобуса, ахутаныя ранішнім туманам, задуменныя і лагодныя, і сэрца ейнае ныла ад прыгажосьці і трывогі.

На вакзале Дашу адразу кінула ў вір жыцьця. Яе сустрэлі сяброўкі і навыперадкі пачалі распавядаць апошнія плёткі. Хутка ў Дашы затлумілася галава ад безьлічы прыватных падрабязнасьцяў: адна сяброўка ўжо ў пяты раз наведала «хуткія спатканьні» і выглядае на тое, што нарэшце пазнаёмілася з годным кандыдатам. Другая пасварылася са сваім каханкам, таемна спраўдзіўшы ягонае ліставаньне зь іншымі дзяўчатамі, і цяпер прагнула помсты і куражу.

Яны паабедалі ў «Лідо» на Кульман, па дарозе зайшлі ў «Сілуэт», а ўвечары спаткаліся ў бары на Зыбіцкай. Пасьля некалькіх кактэйляў і вясёлых жартаў Даша раптам прапанавала дзяўчатам пайсьці ў караокэ. Усе аднадушна падтрымалі гэтае рашэньне.

– Cто гадоў там не была, — прызналася адна зь дзяўчат.

У караоке Даша папрасіла паставіць «Серебро» «Би-2». Гэта была настальгічная песьня, якую яна часта слухала ў плэеры, і пад якую ж паліла ў свае дзевятнаццаць гадоў у ноч перад ад’ездам за мяжу.

– Ты што, — абурыліся ейныя сяброўкі. — «Би-2» даўно ў стоп-лісьце, нельга сьпяваць.

На сцэну выйшла сяброўка Дашы і нізкім голасам зацягнула:

– Девчонка рыжая с Ростова-на-Дону, Дону, Дону,

И я в глазах её, как в той реке, тону, тону, тону.

Цветы, букеты ей дарить, дарить, дарить, дарить, дарить,

О любви всё говорить.

– Што гэта? — паморшчылася Даша.

– Воровайки, — засьмяялася другая сяброўка і выпіла чарговы шот.

– А можна тады Меладзэ? — запыталася Даша.

Сяброўка зрабіла вялікія вочы.

– Неее, — захітала яна галавой. — Таксама нельга.

– Ну а Брэжневу ці хаця б Сярдзючку? — пачала злавацца Даша.

– Ня ведаю, — няўпэўнена адказала сяброўка. — Але на ўсялякі выпадак іх таксама нельга.

– Дык а што можна тады? — закіпела Даша.

– Ну, можна «Кіно», — падказала сяброўка.

– Ура! — Даша ўзрадавалася. — Давай папросім «Пераменаў»!

Сяброўка замахала рукамі.

– Ты што, — шэптам прашыпела яна. — За гэтую песьню можна наогул сесьці. Небясьпечна. Амаль як «Тры чарапахі».

Яна каўтнула яшчэ адзін шот і прытулілася да Дашы:

– Дашка, класна так, што ты прыехала дадому.

У гэты момант сяброўка на сцэне запытвала ў іх знакамі, ці добра яна выступіла. Тры хлопцы за суседнім столікам гучна ёй заапладзіравалі. Яна сабралася з сіламі і з усім артыстызмам прагула ў мікрафон:

– Здравствуй, чужая милая,

Та, что была моей.

Как же мне не любить тебя

До самых последних дней.

– Сапраўды, як? — сказала Даша і закрыла твар рукамі.


Яна Вольская, Budzma.org