На краўдфандынгавай платформе Gronka адкрыты збор на выданне кнігі «Пан Проза» Сяргея Календы. Гэта калекцыя кніг, мастацкай прозы, гісторый, апавяданняў. Спроба пераасэнсаваць, адрэдагаваць і дадаць пад адной вокладкай тое, што збіралася і стваралася на працягу дваццаці гадоў.
Выданне будзе складацца з кніг, якія ўжо выдаваліся, і тэкстаў, якія раней не выходзілі афіцыйна. Кніга падводзіць пэўную мяжу ў творчасці і ўтрымлівае тэксты, якія былі па-новаму адрэдагаваныя і пераасэнсаваныя і цяпер чытаюцца з іншым жыццёвым і гістарычным вопытам.
Кніга ўтрымлівае наступныя часткі:
Кніга «Пан Проза» — для дарослых, для чытачоў, якім цікава не толькі паглыбіцца ў мінулыя гады, але і адшукаць кантэкст, метафару альбо цытату з культурнага кантэксту, дзе паглыбіцца ў міфалогію, а дзе і ў рэалізм, метафізіку, постмадэрн альбо гонза-журналістыку.
Аб’ём кнігі: 860 старонак.
Запланаваны час выдання — зіма 2026.
Кніга выйдзе накладам 1000 асобнікаў.
Кошт асобніка — 40 еўра.
Сяргей Календа (пісаў таксама пад псеўданімам Аляксандр І. Бацкель) мае вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці культуролаг-гебраіст. Скончыў БДУ (факультэт міжнародных адносін), аддзяленне літаратуры і філасофіі Беларускага калегіюма пры Беларускім ПЭН-цэнтры. Сябра Беларускага ПЭН-цэнтра і Саюза беларускіх пісьменнікаў. Лаўрэат прэміі «Празрысты Эол — 2018» за найлепшую электронную кнігу. Атрымаў узнагароду «Выбар Святланы Алексіевіч» у фінале прэміі імя Ежы Гедройца — 2019. Піша мастацкую прозу для дарослых і дзяцей, выдаваў часопіс беларускай прозы і мастацтва «Макулатура», цяпер выдае часопіс прозы «Мінкульт».
Падтрымаць збор можна на платформе gronka.org па спасылцы.