Ганна Златкоўская: «Тое, што з’яўляецца ўнікальным насамрэч, улічваючы цяжкасці эміграцыі, чамусьці стала для некаторых асоб варожымі паняццямі»

23.04.2026
Дзе мяжа паміж канструктыўнай крытыкай і бясконцымі абвінавачаннямі супраць тых, хто не здаўся і працягвае свой шлях да перамен? Як нам захаваць тое, што «дапамагае нам трымацца на плыву, быць у палітычным парадку дня мноства краін»? Пісьменніца Ганна Златкоўская разважае пра наступствы 2020 года ў беларускім грамадстве.

Hanna ZlatkoŭskajaГанна Златкоўская. Фота з Фэйсбуку Ганны Златкоўскай

2020 год прайшоў, наступствы засталіся. І памяць пра тое, як важна не спыняцца нягледзячы ні на што. Так, складана, так, рэпрэсіі душаць усіх нас — і тых, хто ў Беларусі, і тых, хто за яе межамі. Кожны другі — «экстрэміст». Маёмасць арыштаваная, сацыяльныя сеткі пад забаронай. Палітвязні выходзяць, але калоніі папаўняюцца новымі людзьмі — рэжым па-ранейшаму баіцца свабоды.

Ва ўсёй гэтай нялёгкай сітуацыі захапляюць людзі, якія не здаюцца. Тыя, хто верыць, што дрэннае абавязкова скончыцца, галоўнае — нешта рабіць і дапамагаць адно аднаму. Мне здаецца, упершыню ў гісторыі нашай краіны настолькі моцная салідарнасць паміж беларусамі і беларускамі, развілося і з’явілася мноства важных структур, і няхай многія працуюць за мяжой (у выгнанні), голас беларускага народа чутны па ўсім свеце.

Гэта ненармальна — бясконцая крытыка супраць тых, хто нешта робіць

Але за ўсім гэтым пафасным спічам як ніколі чуецца адчай і расчараванне многіх людзей. Спрэчкі, сваркі, патрабаванні, ультыматумы. Крытыка абрынаецца на ўсіх: на фонды, на Офіс Святланы Ціханоўскай, на Аб’яднаны пераходны кабінет, на Каардынацыйную Раду, на дыяспары, канферэнцыі і г.д.

Тое, што з’яўляецца ўнікальным насамрэч, улічваючы цяжкасці эміграцыі, чамусьці стала для некаторых асоб варожымі паняццямі. Пры гэтым тыя, хто крытыкуе, не прапануюць альтэрнатыву, не дзейнічаюць самі, не — яны толькі льюць тоны бруду на актывістаў, але самі нічога не робяць.

Так, гэта нармальна — глядзець на рэчы крытычна. Нармальна абмяркоўваць, як палепшыць тую ці іншую структуру і яе працу. Нармальна не пагаджацца з усім запар — гэта і ёсць прыкметы дэмакратычнага грамадства. 

Але ўсё ж ненармальна знішчаць тое, што дапамагае нам трымацца на плыву, быць у палітычным парадку дня мноства краін.

Ненармальна кідацца абвінавачаннямі ў адрас людзей, якія самі пацярпелі ад дзеянняў дыктатуры, але не зламаліся, а працягваюць свой шлях да перамен.

У іх гэтаксама, як у многіх, сядзяць сябры ў турмах, жывуць сем’і ў Беларусі, іх гэтаксама прэсуюць і пастаянна пагражаюць расправай ці новымі крымінальнымі справамі. Але яны ідуць наперад, няхай робяць памылкі, няхай не могуць выратаваць усіх, але яны нешта робяць. І гэта заслугоўвае павагі, як мінімум. Як максімум — добрага слова, а не толькі бясконцай крытыкі ад тых, хто сам не вельмі хоча лезці ў палітыку і мяняць жыццё беларусаў да лепшага.

Важна салідарызавацца, а не выступаць супраць

У 2020-м мы разумелі, што вельмі важна, каб пратэст падтрымала як мага большая колькасць людзей. Каб рэжым убачыў — мільёны супраць дыктатуры, мільёны хочуць бачыць новую ўладу. Тая салідарнасць, якая разлівалася морам па вуліцах беларускіх гарадоў, захапляла і давала надзею: мы справімся, разам мы зможам паваліць гэтую бетонную глыбу.

Цяпер жа людзі нібы забыліся пра гэта. Адзін у полі не воін — старая прымаўка, але

выходзіць, што ўсе зноў хочуць, каб нехта адзін быў героем ці гераіняй, а астатнія толькі пагаджаліся альбо спальвалі на агні крытыкі і прэтэнзій. Але гэта так не працуе. Пакуль улада лютуе і працягвае выбудоўваць магутны плот, які аддзяляе свабоду ад дыктату, мы нашай раз’яднанасцю толькі дапамагаем ёй у гэтым.

Sciah
Лунае, нескароны, На векавых вятрах. Наш, ад крыві чырвоны, Ад болю белы, сцяг. Фота з Фэйсбуку Ганны Златкоўскай

Перамены надыходзяць, калі кожны ўцягнуты знутры, а не звонку, лежачы на канапе і раздаючы парады. Падтрымка, як і раней, — самая магутная зброя супраць таталітарнай сістэмы.

Цяпер, калі ў нас ёсць столькі структур, задача якіх — дапамагаць і прасоўваць каштоўнасці свабодных беларусаў, важна салідарызавацца з імі, а не выступаць супраць.

Выбары ў Каардынацыйную Раду? — супер, удзельнічаем усе, пакажам рэжыму нашую сілу. Трэба дапамагчы палітвязням? — выдатна, з кожнага па еўра, і ў чалавека пачнецца іншае жыццё. Выйшла новая кніга ў беларускага аўтара ці аўтаркі? — ваў, тэрмінова купляем! (тым больш цяпер, калі ўжо і кнігі пад забаронай у нашай цудоўнай краіне).

Заўважце, што маленькія, але станоўчыя дзеянні нясуць значна больш каштоўных імпульсаў, чым стомныя «фе» супраць усіх. Бачыць добрае — складаны навык, і каб яму навучыцца, дастаткова зрабіць маленькі крок самому — таксама зрабіць нешта добрае. Карціна свету тады становіцца зусім іншай: аказваецца, мы ўсё яшчэ моцныя і мы ўсё яшчэ можам.

Няхай пасля падзей 2020 года прайшло ўжо амаль шэсць гадоў, але не час забівае, а толькі нашыя злосць і абыякавасць.

Ганна Златкоўская, Budzma.org

*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org

______________________________________________________________________

Калі вы працуеце ў Літве, вы можаце падтрымаць «Будзьма беларусамі!», пералічыўшы нам 1,2% ад сваіх падаткаў. Вам уласна гэта не будзе каштаваць анічога.

Вось як можна гэта зрабіць