На які цуд здатны кінафестываль, якому ўлада адмовіла ў існаванні, а яго арганізатарам — у свабодзе? Усё па запаветах хрысціянства — сімвалічная смерць і нечаканае ўваскрашэнне, ужо па-за межамі рэпрэсіўнай прасторы.
Трэба прызнаць, што вымушаная эміграцыя тэматычна і арганізацыйна паўплывала на селекцыю Беларускай праграмы апошняга «Нефільтраванага кіно». Раней кааперацыя з аўтарытарнай дзяржавай патрабавала ад падзеі непазбежнай самацэнзуры — пазбягання публіцыстычнага і палітызаванага кіно, аўтары якога не маглі адкрыта гаварыць на тэмы, што іх турбуюць, і падымаць праблемы, якія не вырашаюцца. Цяпер гэтыя фільтры «эзопавай мовы» зніклі — і «Нефільтраванае кіно» нарэшце цалкам стала адпавядаць сваёй назве.
Самымі шчырымі па традыцыі зноў апынуліся дакументалісты ў сваёй рэфлексіі аб жыцці па-за Беларуссю.
«Раскіданае гняздо»
Берасцеец Валеры Нескардзяны ў «Раскіданым гняздзе» пераказвае няпросты лёс дзяўчыны Насты і яе бацькоў, што тэрмінова выехалі з краіны пасля 2020 года. Сям’я беларусаў-палітуцекачоў, да таго ж з сынам з інваліднасцю, запытала палітычнага прытулку ў Францыі, але мясцовая бюракратыя ім не паверыла і вырашыла ім адмовіць. Стужка аформлена як цікавы мультымедыйны дзённік з архіўнымі відэа мінулага жыцця, аўдыякаментарамі самой Насты і актуальнымі здымкамі ў эміграцыі, у якіх не ведаеш, што цябе будзе чакаць на наступнай старонцы. Пры гэтым разумееш, што ўсё будзе добра. Адзінае не зразумела, чаму рэжысёр вырашыў весці размову ад імя Насты, а не ад сябе, але гэты мастацкі ход ніяк не псуе аповед.
Кадр з фільма «Раскіданае гняздо»
«Раскіданае гняздо» — гэта шчыры партрэт сённяшняй хвалі беларускай эміграцыі, абумоўленай скрадзенай будучыняй на Радзіме і пошукам сябе ў прасторы іншых краін і грамадстваў.
«Каханнем свету адпомсцім»
Пошукам новага вобраза сябе займаецца і мастак-акцыяніст Аляксей Кузьміч. Ён праславіўся аголенамі палітычнымі перформансамі, што крытыкуюць дзяржаўную цэнзуру, фальсіфікацыю выбараў, расійскі імперыялізм. Як выявілася, эстэтыка голага цела і выклік кансерватыўнаму грамадству маладога артыста непарыўна звязаны з метадам працы яго бацькі-мастака — Аляксея Кузьміча-старэйшага, вядомага вялікай серыяй прац пра сучасных Мадон. Гэтай непарыўнай сувязі бацькі і сына, мастацкаму нонканфармізму, нежаданню падладжвацца пад патрэбы ўлады, няспынным пошукам натхнення і прысвечаны фільм «Каханнем свету адпомсцім», зроблены ютуб-праектам Malanka.Doc.
У аўтараў фільма Аляксандры Глаголевай і Юрыя Буцько за дваццаць хвілін атрымалася паказаць глыбіню поглядаў і матываў мастака, якая застаецца зусім незаўважнай за яго публічным эпатажам і правакацыйнымі паводзінамі.
«Кроў і караоке»
Чарговы маленькі шэдеўр выдаў пакарыцель андэрграўндных фестываляў Юрый Сямашка, аўтар фільмаў «Смеццевая галава» і «Калі я быў генерал». Яго новы прасякнуты сарказмам мультфільм «Кроў і караоке» пра няўпэўненага ў сабе ахоўніка крамы, які сутыкаецца на працы і ў жыцці з нахабным гопнікам, апынуўся шматграннай працай.
Гэта адначасова з’едлівая прытча ў духу братоў Коэнаў пра абсурднасць нашага жыцця, натуральнае адлюстраванне нашай рэчаіснасці з распаўсюджаным бытавым гвалтам і проста добра зробленая крымінальная мікракамедыя. Іранічнасці і бескампраміснасці падыходу Сямашкі ва ўспрыманні нашай траўматычнай аўтарытарнай сучаснасці вельмі бракуе айчынным кінематаграфістам, якая жывуць у палоне пафасу і залішняй драматызацыі моманту. А адшукаць нешта смешнае нават у самай страшнай падзеі здольныя далёка не ўсе аўтары.
«Цалкам праглынула адразу»
Да мудрагелістасці чалавечай памяці і настальгіі дасылае эксперыментальны відэаарт «Цалкам праглынула адразу» Арцёма Ілюшкіна на аднайменную песню выканаўцаў alan chumakh. У ёй аўтар пад абнадзейлівую музыку сумясціў з нарэзкай відэа горада (па ўсім выглядае, што гэта Вільнюс і Віцебск) і паўсядзённага жыцця гараджан, якія тонуць у піксельным шуме ад рэзкіх пераходаў. Прастора для інтэрпрэтацый тут максімальна вялікая, але, калі глядзець на працу эмігранцкай оптыкай, узнікае разуменне ўспамінаў родных мясцінаў, якія паступова знікаюць і выціскаюцца думкамі і пачуццямі з новага жыцця.
«Пале адзін у свеце»
Самоту эмігранцкага жыцця і разарванасць былых сацыяльных сувязяў адлюстроўвае «Пале адзін у свеце» — тэатралізаваная версія дзіцячай кнігі дацкага пісьменніка Энса Сігсара, зробленая акторскай камандай «Дыяфільм.Лайв» і знятая Віктарам Красоўскім. Яна расказвае гісторыю маленькага хлопчыка Пале, які раз за разам прачынаецца ў свеце, дзе ён застаўся адзін. Радасць ад магчымасці гуляць, есці слодычы і жыць як хочаш паступова саступае адчаю праз адсутнасць бацькоў і сяброў.
Літаратурная першакрыніца, што на момант выхаду кнігі ў пачатку 1940-х, што цяпер, захоўвае свой мастацкую энергетыку — яна ўсё яшчэ кранальная і вельмі моцная. Задача аўтараў відэа толькі эмацыйна падкрэсліць драматызм гісторыі праз акторскую гульню, што і адбылося. Але сэнсу ў створаным відэашэрагу, як і неабходнасці менавіта глядзець пастаноўку, усё роўна няма. Можна было абысціся малой крывёй — стварэннем якаснага аўдыяшэрагу ці нават аўдыякнігі.
«Групавая тэрапія»
Пра ўласныя тараканы ў галаве і неабходнасць змагання з імі праз псіхатэрапію распавядае праца «Групавая тэрапія», знятая Стасам Турко і Варфаламеем Курагой у межах ініцыятывы «Кіно за 48 гадзін».
Нягледзячы на актуальнасць тэмы, праца атрымалася ў дрэннем сэнсе слова «аматарскай», сырой і недапрацаванай, асабліва на фоне іншых удзельнікаў конкурсу. Але сам факт, што беларускія кінематаграфісты працягваюць здымаць хоць нешта, дае надзею на тое, што такое мастацкае ўгнаенне праз пэўны час пачне даваць сапраўдныя плады.
Чытайце па тэме:
«Нефільтраванае кіно’23»: няскораны фестываль і беларускі кінаандэрграўнд
Тарас Тарналіцкі, Budzma.org