У спецпраекце «Беларускае кіно на зломе эпох» кінакрытык Тарас Тарналіцкі піша пра кінафестываль «Нефільтраванае кіно» і фільмы, якія трапілі ў конкурсную праграму 2023 года.
Кінафестываль «Нефільтраванае кіно» без усялякага перабольшання лічыцца ўнікальнай культурнай кінападзеяй для Беларусі. Асабліва відавочна гэта цяпер, у часы позняга аўтарытарызму.
Заснаваны ў нетрах сталічнага андерграўнду ў сярэдзіне 2010-х як сайд-праект больш уплывовай, але, як выявілася пазней, недаўгавечнай кінападзеі Cinema perpetuum mobile, ён выгадна вылучаўся на досыць аднатыпнай фестывальнай мапе Беларусі.
Яго арганізатары — а гэта энтузіясты супольнасці «Мінскага кінакааператыву», — зрабілі стаўку на нетыповае, а часам досыць эксперыментальнае аўтарскае кіно і анімацыю, а таксама яго яскравую падачу. Яны запрашалі аўтараў з усяго свету ў Беларусь на паказы, дамаўляліся з кінатэатрамі ў розных кутках краіны на супрацу, ладзілі вандроўныя кінаклубы з праглядам стужак на адкрытым паветры. І гэта ўсё без наяўнасці фінансавання.
Апынулася, што «Нефільтр» не толькі маніфеставаў індзі-кіно як сістэму каштоўнасцей, вобраз мыслення і стыль жыцця, але наглядна дэманстраваў, што ў краіне з жорсткім кантролем і цэнзурай магчыма калі не ўсё, то вельмі многае.
Гэтая праява ўнутранай свабоды стала асабліва заўважнай пасля 2020 года, калі на галовы пасыпаліся «казні егіпецкія»: каронавірусная пандэмія, потым палітычны крызіс, рэпрэсіі і, нарэшце, вайна. Большасць культурных падзей не вытрывалі настолькі інтэнсіўных выпрабаванняў. Але «Нефільтр» і тут змог даць рады і самазахавацца, пакуль улады не распачалі адкрытае паляванне на апошніх публічных пасіянарыяў.
Мінулы год стаў складаным для фестывалю. Ён прайшоў праз афіцыйную адмену Мінкультам за суткі да адкрыцця, паўтарыўшы лёс фестывалю «Лістапад» у 2020 годзе, далейшую забарону паказаў і кіналекторыяў і нечаканы арышт арганізатараў у канцы мінулага года.
Падавалася б, на гэтай мінорнай ноце гісторыя падзеі павінна была скончыцца. Але стваральнікі і тут знайшлі выйсце, матэрыялізаваўшыся за мяжой: у Літве, Фінляндыі і Германіі. Непатапляльны андэрграўнд, па-іншаму і не скажаш.
Акрамя зайздроснай жывучасці, «Нефільтр» увесь час існавання займаўся важнай сацыяльнай місіяй, падтрымліваючы сувязь паміж стваральнікамі беларускага кіно і яго гледачамі. Тое, што ў нармальных краінах павінна рабіць ці хаця б падтрымліваць дзяржава, у нас легла на плечы простых энтузіястаў, якія рабілі гэта, бо, як кажуць, не маглі не рабіць.
Менавіта пра стужкі з Беларускай праграмы фестывалю за апошнія два гады зараз і пойдзе гаворка.
Гэтым разам — конкурс 2023 года.
Распачынаецца ён з музычна-артыстычных перформансаў, што хаваюць у сабе розныя сэнсы.
«Клаўстрафобія»
У працы Валерыя Карышава ўсё зразумела з назвы. Яго «Клаўстрафобія» прадстаўляе экспрэсіўны выступ маладых танцораў у пыльным закінутым доме, выхад з якога закладзены цэглай. У сваёй пастаноўцы творчая група яўна натхнялася лакдаўнам і страхам перад пандэміяй, але ў сённяшнім палітычным кантэксце фільм успрымаецца больш драматычна — як трывожная метафара краіны, грамадства якой амаль цалкай адарвана ад знешняга свету.
«Патэнцыял»
Ва ўдумлівым візуальным эсэ «Патэнцыял» аўтарка Вераніка Кандраценка ўвасобіла асабісты вопыт пошуку ўласнай самарэалізацыі на прыкладзе... пашыва рэчаў. Менавіта гэтым займаецца безыменны хлопец у белым касцюме, блукаючы па зімовым лесе ў пошуках нітак, іголак, тканіны і швейнай машынкі, якія скіроўваюць яго на творчы лад.
«Палон»
Не вельмі захапляльны, просты па форме і аднатыпны па змесце анімацыйны кліп «Палон» Рыты Ціхановіч выконвае дзве функцыі. Першая з іх — абрамленне аднайменнай песні Лявона Вольскага пра фізічныя абмежаванні і свабоду ўнутры кожнага чалавека. А другая распавядае пра распачатыя ў 2021 годзе масавыя рэпрэсіі ў краіне. На жаль, анімацыя тут выконвае дапаможную функцыю, і без музыкі «Палон» як самастойны твор папросту не працуе.
Ад сур’ёзных прац рухаемся да больш іранічных.
«Ціхаходкі»
З фірмовым саркастычным поглядам на беларускую рэальнасць на экраны вярнуліся Кацярына Ермаловіч і Кацярына Бялецкая. Дзяўчаты знялі чарговую серыю свайго неаб’яўленага сатырычнага вебсерыяла пра «Ціхаходак», дзе замест мікраскапічных беспазваночных, здатных да існавання ў любых неспрыяльных умовах, тут выступаюць дзве стэрэатыпныя жанчыны з постсавецкай прасторы: у футравых капелюшах, з яркім макіяжам і прагай да таннага віна (у дадзеным выпадку «Кагор») і прагляду тэлебачання. Такія сабе аднаклетачныя людзі без асаблівасцяў, якія не маюць ні мар, ні памкненняў, гатовыя задавольвацца малым, толькі каб не трапіць у небяспечную і больш складаную рэчаіснасць.
«Мікалай»
У жанравую пародыю гуляецца Уладзіслаў Санацэнка. Яго «Мікалай» — гэта камедыйны дэтэктыў пра двух прыватных шпікаў з Бабруйска, якія разабіраюцца ў таямнічым забойстве фатальнай прыгажуні ў чырвонай сукенцы Марыі Сафіі. Асаблівую разынку тут дадае наўмысная закадравая агучка з беларускай мовы, на якой размаўляюць героі, на рускую. Гэтым фільм нагадвае прагляд на відэакасеце ў 90-я тыповага галівудскага нуара, падзеі якога разгортваюцца ў пазнавальным антуражы беларускай глыбінкі.
«Смеццевая галава»
Больш цэльнымі па змесце і яскравай форме апынуліся дзве апошнія стужкі.
Галоўная з іх — містычная прытча «Смеццевая галава» Юрыя Сямашкі. Стужка атрымала некалькі ўзнагарод на фестывалях і прэміях. Яе галоўны герой — малады зборшчык смецця (яго грае сам аўтар фільма), апантаны акторскай гульнёй і дэкламацыяй вершаванай драмы Іягана Гётэ «Фаўст». Праз спакусу пройдзе і сам хлопец, аднойчы адшукаўшы сярод груды смецця жывую галаву, здольную выконваць любыя жаданні.
Кідкі стыль, якасная рэжысура і добра выбудаваны аповед дазваляюць назваць «Смеццевую галаву» сапраўдным маленькім шэдэўрам, які нагадвае першыя працы Дэвіда Лінча, Ціма Бёртана і Тэры Гіліяма.
«Аднойчы была Зямля»
А вось глыбіня сэнсу і прастата гісторыі абмінулі працу «Аднойчы была Зямля», абласканага дзяржавай пачынаючага рэжысёра Кірыла Халецкага. Яго чарговая філасофская прытча пра бога, жыццё і яго сэнс атрымалася настолькі напышлівай і дыдактычнай, што ўсур’ёз яе проста немагчыма ўспрымаць. Прэтэнцыёзны апломб, з якім зусім яшчэ малады чалавек разважае пра сілу хрысціянскай веры і разбуральнасць чалавечых заганаў, вымушае ў пэўны момант гамерычна засмяяцца, не датрываўшы да канца прагляду.
Калі «Беларусьфільм» хоча бачыць менавіта такое, цалкам пазбаўленае жыццёвай энергіі, але насычанае «духоўнасцю» кіно пра вечныя каштоўнасці, то з Халецкім як рэжысёрам «навырост» яны сапраўды не прагадалі.
Тарас Тарналіцкі, Budzma.org
Чытайце яшчэ: Фільм «Купала». У кіпцюрах вечнай імперыі