Падпішыся за мову! Збіраюць подпісы пад петыцыяй за беларускамоўны галасавы ўвод у Gboard

На пляцоўцы Change.org створана петыцыя за тое, каб беларускі галасавы ўвод дадалі ў Gboard. На момант публікацыі артыкула пад петыцыяй ужо падпісаліся 322 чалавекі.

Googleplex_HQ_(cropped).jpgІлюстратыўнае фота. Крыніца: Вікіпедыя

«У нас не заўсёды ёсць магчымасць адказаць на паведамленне тэкстам, а галасавы ўвод на нашай роднай мове Google проста не падтрымлівае. Гэта штучны бар'ер, які прымушае нас альбо маўчаць, альбо пераходзіць на чужыя мовы, калі мы карыстаемся клавіятурай Gboard.

Чаму ўкраінская, польская ці казаская мовы маюць гэтую функцыю, а беларуская — не? Мы — мільёны актыўных карыстальнікаў па ўсім свеце, і мы не хочам быць «нямымі» ў сваіх уласных тэлефонах», — пішуць аўтары петыцыі.

Чаму гэта важна?

Аўтары петыцыі пералічваюць, дзеля чаго патрэбна неадкладнае з'яўленне беларускай мове ў Gboard:

  • Для бізнесу і творчасці: Калі я працую з іголкай ці інструментам, я не магу хутка адказаць кліенту. Гэта забірае час і стварае перашкоды для развіцця малай справы.

  • Для штодзённага жыцця: Калі вы за рулём, нясеце пакункі ці проста ідзяце па вуліцы — вы павінны мець права карыстацца голасам на роднай мове.

  • Для роўнасці: Google ужо мае ўсе дадзеныя (праз Google Translate і Mozilla Common Voice). Тэхнічных прычын для ігнаравання беларускай мовы няма.
Аўтары петыцыі патрабуюць ад Google дадаць беларускі галасавы ўвод у наступнае абнаўленне Gboard

Падтрымаць петыцыю можна па спасылцы.