Цяпер у адным з галоўных музеяў Еўропы, прысвечанаму гісторыі польскіх яўрэяў POLIN, даступны аўдыёгід на беларускай мове, піша byculture.org.
«Гэта важны крок для беларускай супольнасці. Мы вітаем падобныя праекты, скіраваныя на падтрымку і папулярызацыю беларускай мовы ў культурніцкіх установах розных краін свету. Стварэнне беларускамоўнага аўдыёгіда ў музеі POLIN — добры прыклад дзейнасці, які мы заўжды гатовыя падтрымліваць», — адзначыў кіраўнік Беларускай Рады культуры Сяргей Будкін падчас афіцыйнага візіту ў музей гісторыі польскіх яўрэяў POLIN у Варшаве.
Цяпер у музеі, дзякуючы грантавай праграме ArtPowerBelarus, даступны аўдыёгід на беларускай мове, што значна спрашчае ўспрыманне інфармацыі наведнікам з Беларусі. Гэта не толькі камфорт успрымання інфармацыі на роднай мове, але і важны элемент нацыянальнай ідэнтычнасці.
POLIN — адзін з найбуйнейшых музеяў у свеце, прысвечаных гісторыі яўрэяў, і Беларусь займае ў гэтай гісторыі важнае месца. У міжваенны час яўрэі складалі значную частку насельніцтва Беларусі, тут развівалася ідышкультура, працавалі школы, тэатры, універсітэты, друкаваліся газеты. Але сёння вывучэнне яўрэйскай спадчыны ў Беларусі знаходзіцца ў заняпадзе. У гэтым кантэксце прысутнасць беларускай мовы ў POLIN — неабходны крок для захавання памяці і сувязі паміж пакаленнямі.
Як распавяла Малгажата Вашчук, кіраўніца секцыі міжкультурных праграм і лідарства музея POLIN, аўдыёгід на беларускай мове ўжо быў даступны раней, але яго фінансавала беларуская амбасада. Пасля таго, як музей змяніў сістэму аўдыёгідаў і спыніў супрацоўніцтва з амбасадай, гід знік. Але запыт на беларускую мову заставаўся, і цяпер, дзякуючы новаму праекту, ён вярнуўся.
Агучку аўдыёгіда зрабіў вядомы перакладчык, пісьменнік і даследчык беларускай гісторыі Сяргей Шупа. Яго голас надае гэтаму праекту яшчэ большую каштоўнасць і звязвае яго з беларускай культурнай традыцыяй.
У музеі цяпер 400 аўдыёгідаў, статыстыка карыстання беларускай версіяй пакуль не збіраецца, бо праект дзейнічае толькі месяц. Але ў будучыні такая інфармацыя будзе даступная.
Кіраўніца секцыі міжкультурных праграм і лідарства музея POLIN Малгажата Вашчук, кіраўнік БРК Сяргей Будкін і спецыялістка па камунікацыях БРК Маргарыта Прохарчык
Музей адкрыты да далейшага супрацоўніцтва з беларускімі даследчыкамі, прадстаўнікамі культуры і грамадскіх ініцыятыў. Ужо цяпер у POLIN ладзяцца спецыяльныя аўтарскія экскурсіі і тэматычныя актыўнасці на беларускай мове, а таксама гарадскія шпацыры, прысвечаныя яўрэйскай спадчыне Варшавы. Такія ініцыятывы важныя не толькі для беларусаў у Польшчы, але і для захавання культурнай памяці, якая аб’ядноўвае Польшчу, Беларусь і іншыя краіны рэгіёна.
Музей гісторыі польскіх яўрэяў POLIN вядомы сваёй адкрытасцю і імкненнем да міжкультурнага дыялогу. Установа супрацоўнічае з рознымі нацыянальнымі меншасцямі, у тым ліку з украінцамі, і цяпер адкрывае новыя магчымасці для беларусаў.
Беларуская Рада Культуры дзякуе музею POLIN за падтрымку беларускай мовы і культуры. Гэта не проста аўдыёгід — гэта прастора памяці, дзе беларусы могуць пазнаёміцца з гісторыяй, якая з’яўляецца часткай нашай агульнай спадчыны.