Беларусы Батумі штотыдзень збіраюцца на сустрэчы, дзе вучаць традыцыйныя і сярэднявечныя танцы. Мы запыталі суполку танцораў, навошта ім гэта трэба, ці дапамагаюць танцы падтрымліваць эмацыйную сувязь з Радзімай, і ці грузіны далучаюцца да заняткаў.
Танцы ў беларускім цэнтры Батумі «Аксяродак». Фота: Mikola Aeru
Беларускай танцавальнай суполцы ў Батумі хутка год. Па ўспамінах яе заснавальніцы, якая прадставілася як Ваткі, 19 лютага 2024 года адбыўся першы занятак: «Не з першай спробы атрымалася набраць жадаючых, але з гэтай даты ўсё пачалося, — распавядае дзяўчына. — На пачатку лютага не набралася тры пары, бо гэта была галоўная ўмова заняткаў. Не было ў Батумі танцаў, а мне хацелася. Мой сябра глядзеў, як я пакутую (а ад мяне пакутуюць тыя, хто чуе, як я хачу танчыць) і накіраваў да Аксаны Акуневіч, заснавальніцы беларускага цэнтра Батумі «Аксяродак». Яна прапанавала гэтую прастору для заняткаў. Вось так мы і пачалі».
У «Аксяродку» танцы праходзяць, калі надвор’е не дазваляе танчыць на вуліцы. Большасць сустрэч адбываецца на каланадзе ля мора.
Каланада, на якой праходзяць беларускія танцы ў Батумі. Фота Алены Ляшкевіч
Мы запыталі танцораў, чаму яны цікавяцца танцамі, ці займаліся імі да пераезду, і ці грузіны ды замежнікі далучаюцца да заняткаў. Імёны некаторых суразмоўцаў зменены ў мэтах бяспекі.
Ваткі: Я ніколі сур’ёзна танцамі не займалася. Зрэдку хадзіла на вечарыны па серадах на Корч (так звалі месца збору музыкаў і танцораў на вольным паветры ў Мінску — рэд.). Пасля наведвала аматарскі клуб сярэднявечных танцаў, нешта сама паказвала гасцям, калі была аніматаркай.
Аляксей: Да пераезду ў Грузію я танцамі цікавіўся мала. Мне была трошкі цікавая гісторыя і сярэднявечная культура, але збольшага толькі ў межах наведвання сярэднявечных фэстаў (накшталт «Наш Грунвальд», «Купальскае Кола», «Свята Сонца»). Часам удзельнічаў у майстар-класах, якія там праводзіліся, але не больш за тое.
Аліна: Мой вопыт традыцыйных танцаў да Грузіі невялікі. Танчыла некалькі разоў на канцэртах гурта «Стары Ольса». І ў першым класе, памятаю, танчылі Лявоніху. Мне вельмі не спадабаўся хлопчык, з якім мяне паставілі ў пару, таму я адмовілася танчыць. Атрымала двойку і больш не танчыла Лявоніху да батумскіх вячорак.
Сяржук: Цешуся, што нягледзячы на сталы ўзрост, пачаў займацца беларускімі традыцыйнымі танцамі ў Беларусі.
Воля: Беларускімі танцамі да пераезду ў Грузію я асабліва не цікавілася. Пару разоў была на майстар-класах. У мяне сем год вопыту заняткаў ірландскімі спартыўнымі танцамі. Таксама я вяду ірландскія сэты — гэта сацыяльныя танцы.
Беларускія танцы на каланадзе ў Батумі. Фота: Кася Беларуская
Сяржук: Я лічу, што народныя танцы — частка нашай культуры і нацыянальнай ідэнтычнасці. Асабіста мне прыемна ў добрай кампаніі адчуць у танцы абмен энергіяй, нейкую еднасць. Танцы здымаюць напружанне, калі ўсё пачынае атрымлівацца, то разнявольваюць і радуюць.
Аліна: Мне падабаецца ўзгадваць традыцыі, вучыць новае, сустракацца з іншымі беларусамі і не толькі, добрая фізічная актыўнасць, цудоўны настрой, ну і таму што гэта так прыгожа.
Аляксей: Першапачаткова я пачаў хадзіць на танцы, каб была нагода выйсці з дома. Я ўвогуле той яшчэ дамасед, і калі толькі пераехаў у Грузію, то шукаў працу і большасць часу бавіў дома, рассылаючы рэзюмэ і давучваючыся (планаваў трапіць у новую для сябе сферу). Праз тое, што шмат часу сядзеў дома, танцы падаваліся добрым спосабам сацыялізацыі (да таго ж у асяроддзі аднадумцаў) — так у выніку і атрымалася. Плюс гэта даволі добрая трэніроўка, што карысна. Ну, і не ў апошнюю чаргу — гэта нагода вывучыць (а потым нават і перадаць, навучыць іншых) частку нашай (і не толькі) гісторыі, культуры, традыцый, якая захоўваецца ў танцах. А мо нават і патанчыць неяк на якіх-небудзь фэстах сярэднявечнай культуры.
Воля: Мне падабаецца займацца танцамі, бо гэта добрае спалучэнне кардыянагрузкі і цікавай, прыгожай актыўнасці. Проста бегаць мне было б нецікава, а танчыць — гэта файна. Плюс у нас добрая кампанія. Акрамя беларускіх танцаў мы танчым сярэднявечныя. Істотна, каб танцы чаргаваліся: складаныя, хуткія (такія збольшага беларускія танцы, якія мы вучым), а пасля іх — больш лёгкія і павольныя, бранль які-небудзь.
Беларускія танцы ў Батумі. Фота: Кася Беларуская
Аляксей: Мне здаецца, што грузінам увогуле цікавыя танцы, а чые яны — гэта ўжо для іх другаснае. Бо некалькі разоў да нас далучаліся маладыя хлопцы-грузіны, калі бачылі, што мы танчым. Звычайна пасля нашых танцаў яны паказваюць нам нешта са сваіх традыцыйных.
Аліна: У мяне склалася ўражанне, што грузінам не асабліва цікавыя беларускія танцы. Моладзь, якая падыходзіць да нас, калі танчым на вуліцы, спрабуе паказаць, наколькі грузінскія танцы лепшыя за беларускія. Да нас перыядычна далучаюцца расейцы і ўкраінцы. Вось яны, магу сказаць, цікавяцца. Бывае, далучаюцца патанчыць турысты з розных іншых краін.
Воля: У нас на танцах былі людзі з іншых краін. Я часта чую, што беларусы малайцы — збіраюцца, танчаць разам. І, маўляў, шкада, што ў нас (рускіх) такога няма. Грузіны да нас падыходзілі на калонах, цікавіліся. Яны абавязкова пакажуць, як танчаць самі. Мне падалося, што паказваць ім больш цікава, чым танчыць з намі.
Беларусам грузінскія танцы больш цікавыя, таму што яны больш раскручаныя. А ў нас усё наперадзе. Калі будзе беларускае адраджэнне пасля падзення рэжыму, то, можа, нас таксама чакае папулярызацыя. Як беларускую мову, так і беларускую культуру можна зрабіць сэксі.
Алена Ляшкевіч, budzma.org