Ці можна пачуць у нашых універсітэтах не толькі лекцыі па літаратуры і гісторыі па-беларуску, але і словы «выпрамяненне», «напружанне», «вапна» ды іншыя тэхнічныя тэрміны?
Карэспандэнт budzma.org абзваніла ўсе буйныя ВНУ сталіцы і высветліла, што беларускамоўныя выкладчыкі натуральных навук ёсць амаль у кожнай з іх. Вядома ж, такіх адзінкі. Што замінае беларускамоўнай адукацыі – дрэнна распрацаваная тэрміналогія, недахоп дапаможнікаў, замежныя студэнты? Мы спыталі ў тых, для каго выкладанне па-беларуску – гэта прынцып.
Ігар Сташкевіч: «В’етнамскія студэнты пішуць мне адказы па-беларуску»
Кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт кафедры лазернай фізікі і спектраскапіі БДУ.
Прадмет, які выкладае па-беларуску: фізіка лазераў.
– Пачаў я выкладаць у 1989 годзе. Паколькі тады ўжо быў свядомым беларусам, падумаў: а чаму я павінен у выкладчыцкай дзейнасці карыстацца нейкай іншай мовай? Агульнае грамадскае напружанне ў той час было даволі высокае, паступала шмат палітычна актыўных студэнтаў, якія падтрымлівалі беларускамоўнае навучанне. Але было і шмат тых, хто з розных прычынаў не вучыў мову ў школе, цяпер такіх амаль няма.
Cтудэнты ставяцца да беларускамоўнага навучання збольшага станоўча, а вось у выкладчыцкім калектыве часам бывалі супрацьлеглыя думкі. Мой непасрэдны навуковы кіраўнік казаў: «Што ты выдумляеш, ты б па-ангельску ім лепей выкладаў!». Трэба адрозніваць мову навукі і мову адукацыі. Зразумела, што мова навукі ў фізіцы – гэта мова той дзяржавы, якая яе развівае, то бок ЗША. Але адукацыя павінная быць на нацыянальнай мове. І такой сітуацыі, як у Беларусі, дзе няма ніводнай ВНУ з беларускай мовай навучання, у Еўропе сустрэць нельга.
Праблему з замежнымі студэнтамі з В’етнама, якіх на патоку чалавек шэсць, я вырашыў, выдаўшы ім праграму і літаратуру на рускай мове. Але яны здаюць залік па маёй кніжцы, так што адказы пішуць па-беларуску. Сумняюся, што яны глыбока разумеюць, але што да напісанага, то там усё правільна.
Кур’ёзныя выпадкі падчас выкладання бываюць. Напрыклад, адна студэнтка чамусьці слова «лямпа» пачула як «лямка», пасля на заліку доўга расказвала мне пра нейкія «лямкі».
Я ведаю, што многія выкладчыкі, у тым ліку і на фізфаку, пры ўзнікненні спрыяльных умоваў з радасцю пачалі б выкладаць па-беларуску.
Тэрміналогія распрацаваная вельмі добра. Ёсць выдадзены ў 1994 годзе Руска-беларускі фізічны слоўнік (укладальнікі У. Самайлюковіч, У. Пазняк, А. Сабалеўскі), які ахоплівае ўсе галіны фізікі. Акрамя таго, у пачатку 90-х працавалі чатыры групы навукоўцаў-фізікаў менавіта на тэрміналогію, адна з іх дайшла да выдання слоўніка, тры не дайшлі, тым не менш гэтая праца не была марнай, некаторыя з іх даследаванняў друкаваліся. За савецкім часам быў навуковы часопіс «Весці Акадэміі навук БССР», дзе ў кожным нумары выходзілі артыкулы на беларускай мове. Гэта дазваляла падтрымліваць тэрміналогію. Цяпер час ад часу дзякуючы энтузіястам з’яўляюцца такія публікацыі, хаця большасць беларускамоўных навукоўцаў друкуецца сёння на ангельскай мове.
Увогуле, праблемы з тэрміналогіяй не існуе: калі якога тэрміна няма, то бярэцца ангельскі ці лацінскі корань і адаптуецца да беларускай фанетыкі. Спрэчкі бываюць толькі пра варыянты словаў – «выпрамяненне» альбо «выпраменьванне», «плёнка» ці «плеўка» і г.д., але не бачу ў гэтым нічога дрэннага.
Пётр Вайцяховіч: «Усё чакаю беларускамоўнага аспіранта»
Загадчык кафедры машын і апаратаў хімічных і сілікатных вытворчасцяў БДТУ, дацэнт, доктар тэхнічных навук.
Прадметы, якія выкладае па-беларуску: асновы інжынернай творчасці; машыны, абсталяванне прадпрыемстваў будаўнічых матэрыялаў.
Я выкладаю два прадметы. Асновы інжынернай творчасці – цікавая і просценькая дысцыпліна, дзе вывучаюцца метады інтэнсіфікацыі выдачы новых ідэй і затым іх афармленне ў выглядзе заяўкі на вынаходніцтва. Гэты прадмет вучыць уключаць мазгі і прапаноўваць ідэі на вытворчасці. Другі прадмет больш важны – тут вывучаюцца машыны для вытворчасці цэглы, цэменту, вапны, сілікатных блокаў, керамічных і шкловырабаў.
Выкладанне па-беларуску – для мяне сапраўды прынцып. Выкладаю я з 1981 года, а на беларускую мову перайшоў толькі гадоў праз 10 – у пачатку 1990-х. Імпульсам стала стварэнне нашай дзяржавы, але цалкам усвядоміў неабходнасць гэтага, калі аднойчы ў кіёску набыў маленькую кніжачку Вацлава Ластоўскага “Кароткі нарыс па гісторыі Беларусі”. Гэта ўсё перавярнула ў маім жыцці, бо я зразумеў, што тое, што нам выкладалі па гісторыі, зусім не так, чатырыста ці пяцьсот гадоў выпалі з яе наогул. А яшчэ адной важнай падставай сталася тое, што я вучыўся ў сельскай школе і, сказаць па шчырасці, па-руску добра размаўляць так і не навучыўся, вымаўленне і акцэнт мяне выдаюць. Я ўпершыню гэта зразумеў, калі абараняў кандыдацкую дысертацыю ў Маскве і запісаў свой даклад на магнітафон.
Перайсці ў выкладанні на беларускую было псіхалагічна цяжкавата. Але калі трэба штосьці змяніць, я раблю гэта рэзка. Я проста прыйшоў аднойчы і пачаў весці заняткі па-беларуску. Рэакцыя студэнтаў была нармальная, хаця спачатку сустракалася і абурэнне. Цяпер такое бывае значна радзей. Я нават памятаю студэнта, які казаў мне: “А давайце будзем па-руску”. Добры быў студэнт, прозвішча ў яго Якімовіч. Я яму адразу сказаў: “Якімовіч, ты адкуль родам? Прозвішча сваё прачытай яшчэ раз”. Цяпер, калі такое чую ад беларусаў, прыводжу прыклады студэнтаў з Расіі, якія вучыліся па-беларуску на “выдатна” і слова ніколі не сказалі супраць.
Я даводжу студэнтам: “Вы класна валодаеце беларускай мовай”. Таму што некаторыя, слухаючы мяне па-беларуску, канспект пішуць па-руску. А сінхронны пераклад – гэта найвышэйшая кваліфікацыя перакладчыка!
Вядома ж, выкладчыку, які вырашыў весці свой прадмет па-беларуску, давядзецца самому пісаць дапаможнікі і канспекты лекцый. Пачынаў я свой пераход на мову з напісання просценькіх матэрыялаў, якія студэнты ласкава называюць метадычкамі. Паступова асобна і ў суаўтарстве выйшлі некалькі маіх дапаможнікаў. Я ўвесь час напаўжартам кажу: “Наступны аспірант у мяне будзе толькі беларускамоўны”. Але на жаль, усё чакаю таго, каму можна было б перадаць сваю работу па актывізацыі беларускай мовы ў тэхнічных дысцыплінах, якія выкладаю. Старэйшыя беларускамоўныя выкладчыкі паступова сыходзяць на пенсію, а маладыя не надта імкнуцца пераймаць эстафету.
Калі ў мяне пытаюцца пра праблему тэрміналогіі, я кажу: “А няма ніякай беларускамоўнай тэрміналогіі”. Уся тэхнічная тэрміналогія – замежная, нават слова “рамонт” – у яго ж французскія карані. Так што калі хтосьці скардзіцца на дрэнна распрацаваную тэрміналогію, я тлумачу гэта толькі нежаданнем пераходзіць на мову.
З калегамі ў мяне сёння няма ніякіх праблем, бо дзве траціны з іх – мае былыя студэнты. Але быў перыяд, калі папярэдні загадчык кафедры, ваяўніча рускі чалавек, ставіўся да мяне рэзка негатыўна і як да чалавека, і як да выкладчыка. Ён выказваўся нават так: “Вось быў нармальным чалавекам – і раптам пачаў выкладаць па-беларуску!”.
Наш рэктар – сам прыхільнік беларускай мовы. Калісьці ва ўніверсітэце былі курсы, якія мусілі прайсці ўсе выкладчыкі, адбываліся навукова-метадычныя канферэнцыі па беларускамоўным выкладанні. На жаль, цяпер праца ў гэтым кірунку звялася да чыстага энтузіязму.
Пётр Лопух: «Давялося перайсці на рускую праз замежных студэнтаў»
Дацэнт кафедры агульнага землязнаўства БДУ, кандыдат геаграфічных навук.
Прадметы, якія выкладаў па-беларуску: Гідраграфія Беларусі. Гідралогія
Выкладаў свае дысцыпліны па-беларуску я з сярэдзіны 90-х. Але з мінулага года давялося перайсці на рускую, бо з’явілася шмат замежных студэнтаў – з Туркменістана, Кіргізіі, Таджыкістана, плануецца, што прыедуць 12 чалавек з Балівіі. Сітуацыя безвыходная. Калісьці ў нас была адна спецыяльнасць – геаграфія, а ў яе межах існавала 5-7 спецыялізацый. Былі паралельныя беларускамоўныя і рускамоўныя групы. Цяпер у нас ажно шэсць спецыяльнасцяў, групы невялікія, падзяліць іх паводле мовы выкладання немагчыма.
На факультэце недзе тры выкладчыкі, якія чытаюць свае дысцыпліны на роднай мове. Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт паступова рухаецца да свайго стогадовага юбілею і будзе імкнуцца да статуса нацыянальнага. Безумоўна, трэба, каб беларуская мова гучала ў яго сценах.
Сам я скончыў вясковую школу на Палессі, таму для мяне большую праблему ўяўляе руская мова, чым беларуская. У пачатку 90-х я быў намеснікам дэкана, і мы арганізавалі на факультэце спецыяльныя курсы. Выкладала такая прывабная дзяўчына, мы зачароўваліся гучаннем беларускай мовы.
Цяпер, калі навучанне перавялі на рускую, з патоку знаходзіцца недзе пяць студэнтаў, якія, рыхтуючыся па маіх даведніках, на экзамене адказваюць па-беларуску. Магчыма, з часам беларускамоўных выпускнікоў будзе яшчэ менш.
Сёлета Павел Антонавіч Каўрыга (дацэнт кафедры агульнага землязнаўства і гідраметэаралогіі, таксама выкладае па-беларуску – budzma.org) выдаў руска-беларуска-ангельскі дапаможнік па метэаралогіі і кліматалогіі. У мяне таксама ёсць мэта выпусціць такі даведнік па гідралогіі. Рукапіс ляжыць, але рукі не даходзяць. Ды і не ведаю, ці будзе ён запатрабаваны.
Дыпломы на роднай мове часам абараняюцца. Сёлета адзін студэнт, які скончыў гідраметэаралогію, пісаў дыплом па-беларуску. Былі праблемы з правапісам, напрыклад, з ужываннем «Менска» замест «Мінска», я працу прыняў, хоць пераконваў яго выкарыстоўваць замацаваную сёння назву, ён не пагадзіўся, і пасля гэта выйшла бокам. Некалі нашым студэнтам быў Павел Севярынец, ён у дыпломе выкарыстоўваў тэрміны Карскага, што таксама выклікала праблемы. Але ўвогуле, калі студэнт жадае пісаць працу па-беларуску, то любы выкладчык у стане яе ацаніць, тут цяжкасцяў быць не павінна.
Аляксандра Дорская