Беларуская кніга ў замежжы. Жыццё пасля «смерці»?

14.12.2022 Культура

Адным з вынікаў рэпрэсій 2020–2021 у Беларусі стаў пагром незалежных кніжных выдавецтваў. Да адных прыходзілі сілавікі, іншым анулявалі ліцэнзію, а хтосьці быў вымушаны згарнуць бізнес і з’ехаць. Ці магчымае адраджэнне беларускай кніжнай справы за мяжой? Або... яно ўжо ідзе?


01.jpg
Стэнд беларускіх выдаўцоў на Гістарычным кніжным кірмашы ў Варшаве

Калі рэдакцыя СМІ можа рэлакавацца на новае месца і працаваць далей, а чытаць навіны з Беларусі можна праз VPN, то з друкаванымі кнігамі ўсё па-іншаму.

Кнігі — гэта пра культуру чытання. Прычым менавіта з паперы, а не з e-book ці праз аўдыяфармат. Нібы і не штодзённая патрэба большасці... Тым не менш беларускія кнігі з’яўляюцца на кніжных кірмашах ды прэзентацыях у Варшаве, Празе, Вільні. Яны існуюць, нягледзячы ні на што.

Хто гэтым займаецца сёння? Кнігавыданне ў замежжы — гэта пра грошы і бізнес ці... гуманітарная місія і маральны абавязак? Мы паразмаўлялі з прадстаўнікамі некалькіх выдавецкіх праектаў.

«У Беларусі — немагчыма. Таму — тут»

Валянціна Андрэева ў Польшчы са жніўня 2022. Муж у Беларусі займаўся выдавецкімі праектамі ў межах студыі Imago.by — выданні з акцэнтам на картаграфіі і мастацтве. Жывуць у Кракаве. Нядаўна Валянціна зарэгістравала выдавецтва «Гутэнберг». Першы прадукт — адрыўны каляндар «Мова вольных» на 2023 год: па-беларуску, з каларытнымі выявамі і гісторыямі на кожны дзень.

02.jpg

«У Беларусі зараз займацца нечым падобным немагчыма. Як толькі ты стаеш мінімальна заўважным, робячы нешта па-беларуску, чакай праблемаў. А як займацца выдавецкай справай і быць незаўважным? Як рэкламаваць? Як даходзіць да чытача? Як «забараніць» журналістам пісаць пра сябе?.. Да таго ж, праблемы з дарагавізнай друку, лагістыкай і пераводамі грошай, калі друкаваць за мяжой, а везці ў Беларусь... Немагчыма. Таму — тут», — тлумачыць Валянціна Андрэева.

03Irena_NemanВалянціна_Андрэева_Гутэнберг_на_кніжным_кірмашы_фота_Irena_Neman (2).jpg
Валянціна Андрэева на кніжным кірмашы. Фота з Фэйсбука Irena Neman

У планах на бліжэйшы час — настольная гульня (Валянціна жартуе, што адна картонная скрынка да яе абышлася б у Беларусі ў $8), фантастычная аповесць для дзяцей і нават беларускі соннік — навуковае выданне з тлумачэннямі сноў, паводле этнаграфічных звестак.

На кніжных кірмашах да Валянціны падыходзяць палякі з пытаннем, што б такога пачытаць пра Беларусь, але па-польску. Але тут прынцыповы момант з дыстрыбуцыяй: як данесці палякам інфармацыю пра гэтыя кнігі, улічваючы перапоўненаць іхнага ўласнага кніжнага рынку?

Разам з Валянцінай працуюць дызайнер, СММ-шчык, партнёры. Стаўка ідзе на анлайн-продажы — максімальна камфортны варыянт для пакупніка, каб не ўставаць з крэсла. Кніжныя кірмашы — гэта магчымасць убачыцца, абняцца, паразмаўляць. Ёсць ідэя стварэння кніжных хабаў у Варшаве, Вільні, Празе... Там у афлайне пакупнік мог бы набыць кнігі, календары ці часопісы розных выдавецтваў, папярэдне зрабіўшы замову.

«Ніхто ніколі не задумваўся, колькі патэнцыйных чытачоў у замежжы, — кажа Валянціна. — Падлічыць з’ехалых беларусаў можна, а вось чытачоў сярод іх — цяжка. Зараз мы гаворым пра замежжа, бо як вазіць у Беларусь? Пакетамі?.. 100–200 асобнікаў перавязеш, і?.. Не-не, без сэнсу».

Усе запланаваныя выданні «Гутэнберга» — па-беларуску. Гэта прынцып, улічваючы, што мова большасці эмігрантаў расійская? Для Валянціны мова — гэта не прапаганда, а нешта натуральнае. Але паміж беларускамоўным і расійскамоўным праектам у «Гутэнбергу» выберуць першы. Ці магчымыя такія правілы ў выпадку бізнес-праекта?

«Страшна не хачу, каб гэта была гуманітарная місія. Ідэя, каб быў бізнес. Беларуская мова для нас не крыж і не бастыён, але сёння ёсць пул аўтараў і чытачоў, якім бліжэй беларуская.

Мы лічым, што для нашага прадукту знойдзецца дастаткова пакупнікоў, каб існаваць у фармаце невялікага выдавецтва, — выказвае надзею Валянціна. — Будучы год эксперыментальны — паглядзім».

05_Сустрэчы_з_літаратарамі_як_частка_беларускага_жыцця_ў_замежжы_фота.jpg
Сустрэчы з літаратарамі як частка беларускага жыцця ў замежжы

Для Валянціны Беларусь і ўсярэдзіне самой краіны, і звонку. Беларусь без межаў. А што рабіць, калі сітуацыя ў краіне стане больш спрыяльнай і можна будзе вярнуцца? Згортвацца і пераязджаць зноў?..

«Мы хацелі б вярнуцца ў Беларусь геаграфічную, але з досведам, «нагледжанасцю», эфектыўнымі рашэннямі. Каб людзі змаглі купляць наш прадукт і тут, і там. З Беларусі ў больш шырокім сэнсе мы ніколі не выязджалі».

«Перспектыва — вярнуцца ў Беларусь сваімі кніжкамі»

«Вясна», або Vesna Books — беларускае сямейнае выдавецтва ў Празе. Гісторыя праекта пачалася 4 гады таму з выдання рамана Мойшэ Кульбака «Панядзелак» у перакладзе на беларускую Сяргея Шупы, аднаго з заснавальнікаў выдавецтва. За гэты час выйшла больш за дзясятак кніг, уключна з «Сабакамі Еўропы» Альгерда Бахарэвіча.

04_Кнігі_Вясны_разам_з_кнігамі_партнэрскага_выдавецтва_Янушкевіч.jpg
Кнігі ’Вясны’ разам з кнігамі партнёрскага выдавецтва ’Янушкевіч’

Vesna: «Нашы выдавецкія магчымасці абмежаваныя, таму арыентуемся пераважна на саміх сябе. Попыт на кнігі ёсць, дасылаем па ўсім свеце ў паўтара дзясяткі краін. Большасць пакупнікоў расцярушаныя па свеце, таму камунікацыя і продажы вядуцца пераважна праз інтэрнэт і пошту. Прадаем праз прэзентацыі, фестывалі, кніжныя кірмашы. У Празе з мясцовымі і гасцямі камунікуем асабіста».

З чэскімі выдавецтвамі «вясноўцы» сябе не параўноўваюць: тут існуе паўнавартасны кніжны рынак з рэкламай і прамоцыямі, літаратурнай крытыкай, спецыяльнай перыёдыкай, тэле- і радыёпраграмамі. У Беларусі такога і блізка не было нават у «мірныя» часы, перад 2020-м.

Vesna: «Самастойны кніжны рынак у Беларусі існаваў у эмбрыянальным стане. Яго цалкам падмяў пад сябе расійскі. Пра сітуацыю напрыканцы 2022-га няма чаго і казаць: незалежны выдавецкі бізнес амаль цалкам закатаны пад асфальт. Дзяржвыдавецтвы трымаюцца пераважна за кошт выдання класікі. Рынак у летаргічным сне. Якое тут параўнанне з Чэхіяй (дзе жыве столькі ж людзей, колькі ў Беларусі) ці з іншымі краінамі».

Кнігі выдавецтва Вясна.jpg
Кнігі выдавецтва «Вясна»

У «Вясне» кажуць, што ў 2018-м не разлічвалі быць выдавецтвам для чытачоў з дыяспары. У фокусе быў чытач у Беларусі. Таму пачынаючы з другой выдадзенай кнігі — М. Кульбак, «Мэсія з роду Эфраіма» — працавалі сумесна з выдавецтвам «Янушкевіч» (у Беларусі зачыненае пасля арышту і далейшай эміграцыі заснавальніка — Андрэя Янушкевіча). Кнігі выдавецтва мелі два ISBN, чэскі і беларускі, свабодна прадаваліся ў РБ. Зараз — рызыкоўна высылаць нават поштай.

Што да чытацкай аўдыторыі ў сённяшняй дыяспары, то «вясноўцы» толькі намацваюць яе пакупніцкі патэнцыял. Логіка такая: людзі, якія былі вымушаныя пакінуць свой дом не па ўласнай волі, не заўжды гатовыя далёка ад дому брацца за збіранне хатніх бібліятэк — хапае іншых клопатаў. А як наконт перспектываў праекта ў «новай Беларусі»?

Vesna: «Наша перспектыва — вярнуцца ў Беларусь сваімі кнігамі. Дзе мы іх будзем ствараць і друкаваць, ужо не так істотна. Ну, і трэба захоўваць традыцыі Скарыны, хай у Празе і надалей існуе беларускае выдавецтва!»

«Папяровыя кнігі ў замежжы — перспектыўны праект. На жаль...»

Гісторыя Яраслава Іванюка і Kamunikat.org (Беласток) адрозніваецца ад папярэдніх тым, што фонд на працягу 21 года займаўся алічбоўкай папяровых кніг і перыёдыкі з Беларусі (раней, да 2018-га, як Беларускае гістарычнае таварыства). Такім чынам выкладае ў агульны доступ іх pdf-версіі ці e-book. Быў нават лозунг: «Беражыце лес, чытайце кнігі на Kamunikat.org!» з намёкам, маўляў, кніга на паперы — гэта мінулае.

06_Яраслаў_Іванюк_ля_стэнду_з_кнігамі_на_адной_з_безлічы_кніжных_прэзентацыяў.jpg
Яраслаў Іванюк ля стэнду з кнігамі на адной з безлічы кніжных прэзентацый

Толькі за апошні год выйшаў шэраг папяровых выданняў: кнігі Уладзіміра Някляева, Віктара Марціновіча, Ганны Янкуты, шыкоўны зборнік «Нерасстраляныя», ажно пяць кніг Уладзіміра Арлова ды інш. З апошняга — насценны каляндар кампаніі «Будзьма беларусамі!», які на працягу 7–8 год рэгулярна выходзіў у Беларусі. Сёлета — упершыню ў Польшчы.

07_каляндар_кампаніі_Будзьма_беларусамі_сёлета_ўпершыню_выйшаў_у.jpg

«Калі ў лістападзе 2021-га выдалі раман Някляева «Гэй Бэн Гіном», мы з аўтарам праехалі ўсю Польшчу, правялі каля 10 сустрэчаў, з’ездзілі ў Вільню. Увесь першы наклад разляцеўся на прэзентацыях! — распавядае Яраслаў Іванюк. — Тады я зразумеў, што выданне папяровых беларускіх кніг у замежжы, на жаль, перспектыўны праект. На жаль, бо гэтыя кнігі павінны выходзіць у Беларусі. Пасля 2020-га сотні тысяч актыўных беларусаў з’ехалі, але яны надалей хочуць чытаць па-беларуску».

Пераехалі не толькі чытачы, але і элементы кніжнай культуры. Кніжны фестываль «Прадмова», які шмат год праходзіў у Мінску, зараз ладзіцца ў Кракаве, Варшаве, Вільні, Тбілісі. Там можна было набыць кнігі, выдадзеныя раней у Беларусі і вывезеныя на Захад, а таксама тое, што ўжо выйшла за мяжой.

«Беларусы ў плане чытання кніг зрабілі крок на 10 год назад. Апроч аўдыякніг і е-букаў, якія мы працягваем ствараць, хочуць чытаць на паперы! Не магу гэта ніяк патлумачыць, апроч як «настальжы». Шмат хто з выехалых пакінуў на Радзіме вялікія бібліятэкі. Падыходзяць і кажуць: «Я пакінуў у Беларусі 4–5 тысяч тамоў. А перавезлі мне толькі Біблію, Быкава і Караткевіча...». Таму тут купляюць не толькі новае, але і тое, што мелі раней, дома», — кажа Яраслаў Іванюк.

08_Кнігі_ад_фонду_Kamunikat_org_фота_Jaroslaw_Iwaniuk_facebook.jpgКнігі ад фонду Kamunikat. Фота са старонкі Яраслава Іванюка ў Фэйсбуку

Паводле Яраслава, ільвіная доля чытачоў усё адно застаецца ў Беларусі. Але як кнізе туды трапіць? Некаторыя асобнікі рамана Някляева, дасланыя поштай з Польшчы, вярталіся з фармулёўкамі: «ніхто не забраў» або «адрасат невядомы». Дзіўна, мякка кажучы, калі ўлічыць, што тавар аплочаны. Санкцыі не паляпшаюць сітуацыю: цяжкасці з поштай, аплатай, банкамі. «Не бачу магчымасці і перспектывы», — кажа Іванюк пра продажы ў Беларусь.

Прэзентацыя кожнай новай кнігі ў Варшаве, Гданьску ці Уроцлаве пераўтвараецца ў невялічкі кірмаш, бо апроч яе ў афлайне можна набыць і іншыя выданні: гістарычныя, мастацкія, дзіцячыя. Анлайн-продажы таксама працуюць, таму Яраслаў ужо шукае памочніка, які б займаўся паштовымі пытаннямі.

«Кожны тыдзень, сустракаючы беларусаў на прэзентацыях, разумею, што людзям гэта патрэбна. Пабачым, ці разаўецца гэта ў бізнес, хоць я так не разглядаю. Хіба, маленькі. Магчыма, і гуманітарная місія: дапамога тым, хто з’ехаў, — разважае Яраслаў Іванюк. — І чытачы, і аўтары хочуць бачыць кнігу на паперы, як нешта матэрыяльнае. Ці канкурэнты мы з іншымі выдаўцамі-беларусамі? Мы калегі. Кожны мае сваю нішу. Колькі ў замежжы пасля 2020-га выйшла беларускіх кніг? 20–30? Дзе тут канкурэнцыя?.. Гэта — толькі пачатак».

Алесь Кіркевіч, budzma.org