Беларуская мадэль ідэальнага свету: цікавыя факты пра саламянага павука

Сёння, на праваслаўнае Вадохрышча, на большай частцы тэрыторыі Беларусі сканчаюцца Каляды. Тым, хто мае дома леташняга саламянага павука, самы час ад яго пазбавіцца. Распавядаем, чаму варта так зрабіць, а таксама дзелімся цікавымі фактамі пра гэты выраб.

Sałamiany pavuk
 Саламяны «павук» у доме ў калядны час — гэта абярэг, што прыцягвае шчасце і дабрабыт. Малюнак Андруся Такінданга

Якія бываюць павукі па форме

Павук — гэта прасторавая кампазіцыя, найчасцей з саломы і, часам, дадатковых упрыгожанняў. Найбольш часта сустракаюцца і, бадай, лічацца класічнымі рамбічныя і пірамідальныя павукі, якія складаюцца са злучаных ромбаў. 

Sałamiany pavuk Павук у в. Пагост Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобласці. Студзень 2014 г. Фота Алены Ляшкевіч

Бываюць яшчэ шарападобныя павукі — саломінкі з каласкамі ці ўпрыгожваннямі на канцы ўтыкаюцца ў бульбіну ці іншую гародніну. Зоркападобныя павукі ўяўляюць з сябе плоскую зорку з саламяных трубачак. Жырандолепадобныя павукі робяцца на круглым абручы з лазы ці дроту, да якога падвешваюць гірлянды з зярнят фасолі, лубіну альбо гароху, нанізаных на нітку.

Sałamiany pavuk
 Рамбічны павук у в. Пагост Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобласці. Студзень 2014 г. Фота Алены Ляшкевіч

Павукі ўвасабляюць касмічныя з’явы

Даследчыкі лічаць, што рамбічныя і пірамідальныя павукі маглі ўвасабляць і самога павука, і яго павуцінне. У традыцыйных уяўленнях павук — святая істота, якая ўдзельнічала ў заснаванні Сусвету, што ткаўся, як палатно. Павуцінне праз сваю лёгкасць, паветранасць, звязана са сферай нябеснага, боскага. Да таго ж ромб — гэта архаічны сімвал урадлівасці і плоднасці. Такім чынам, саламяны абярэг увасабляе мадэль ідэальнага свету.

Шарападобны павук увасабляе сонейка, а зоркападобны — зоркі на небе. Па пазнейшых, хрысціянскіх, уяўленнях, гэта магла быць і Віфліемская зорка, якая вястуе нараджэнне Хрыста і пачатак Калядаў. У Польшчы запісана тлумачэнне, што саламянага павука вешаюць на Каляды, таму што павучок прысутнічаў падчас нараджэння Ісуса.

Sałamiany pavuk
Павук на покуці, в. Слабодка Клічаўскага р-на Магілёўскай вобласці. Лета 2011 г. Фота з архіву грамадскай арганізацыі «Студэнцкае этнаграфічнае таварыства»

Беларускія павукі ў міжнародным кантэксце

Мастацтва саломапляцення ў Беларусі (у т. л. выраб павукоў, але не толькі) у 2022 г. унесена ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO. Саламяныя павукі сустракаюцца таксама ў Польшчы, Украіне, Чэхіі, Сербіі, Балгарыі, Германіі, Фінляндыі, Скандынавіі і краінах Балтыі, ва ўдмуртаў.

Sałamiany pavuk
Павук на покуці, в. Слабодка Клічаўскага р-на Магілёўскай вобласці. Лета 2011 г. Фота з архіву грамадскай арганізацыі «Студэнцкае этнаграфічнае таварыства»

Калі рабілі саламяных павукоў

Павукоў рабілі штогод на Каляды і Вялікдзень. На свята на покуці над сталом павінен быў ужо вісець новы павук. Ён знаходзіўся там год, выконваючы ролю абярэга і «збіраючы» ўсё кепскае, што магло пагражаць дабрабыту ў хаце. Таму на наступнае свята ад старога павука трэба было пазбавіцца.

Па звестках мастацтвазнаўцы Яўгена Сахуты, саламянымі павукамі перасталі ўпрыгожваць хаты ў сярэдзіне 1950-х гг., засталася толькі практыка вырабу сувеніраў ва ўстановах культуры. Аднак падчас этнаграфічных экспедыцый у 2010-х гг. мне і маім калегам даводзілася бачыць павукоў у звычайных вясковых хатах.

Abrad «Ciahnuć kaladu na dub»
Абрад «Цягнуць каляду на дуб» у в. Новіны Бярэзінскага р-на Мінскай вобласці. 21 студзеня 2011 г. Фота Алены Ляшкевіч

Калі і як пазбавіцца ад старога каляднага павука

У праваслаўных на большай частцы тэрыторыі Беларусі Каляды сканчаюцца 19 студзеня, на Вадохрышча. У некаторых лакальных традыцыях святочным лічацца яшчэ ад аднаго да трох дзён.

Мапа з месцамі запісаў аб працягу каляднага перыяду пасля Вадохрышча (19 студзеня)

Да канца святочнага перыяду трэба пазбавіцца ад яго сімвала — у нашым выпадку ад старога каляднага павука. Традыцыйна каляндарныя сімвалы выводзіліся са «сваёй» прасторы шляхам спальвання, таплення, простага выкідання. Цікавы прыклад — абрад «Цягнуць каляду на дуб», які здзяйсняўся ў Бярэзінскім і Клічаўскім раёнах 21 ці 22 студзеня. Увасабленне свята ў выглядзе бараны, старога кола, калоды, ступы, снапка (часам «апранутага» як лялька ў жаночай іпастасі), гаршчка з куццёй ці рэшткаў накалядаванай ежы зацягвалі на дуб. Таму і старога саламянага павука можна павесіць на дрэва.

Алена Ляшкевіч, Budzma.org