Нацыянальны мастацкі музей прыдбаў унікальны экспанат — слуцкі пояс даўжынёй больш за чатыры метры

Цэлы cлуцкі пояс, даўжынёй 4 метры 60 сантыметраў, набыты ў прыватнай асобы, з’явіўся ў калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея. У сюжэце беларускага тэлебачання намякнулі, што кошт пояса ўкладаецца ў лічбу з пяццю нулямі, піша reform.news.

Slucki pojas
Скрын відэа

Гэты выраб захаваўся цалкам, у добрым стане і мае шмат залотных ніцяў. Захаваліся махры на канцах пояса, што з’яўляецца вялікай рэдкасцю. Напрыклад, у цэлага пояса ХVІІІ стагоддзя, які захоўваецца ў Нацыянальным музеі, арыгінальных махроў няма.

Slucki pojas
Скрын відэа

Выраблены каля 1807 года пояс даследчыкі музея называюць адным з найлепшых узораў свайго часу. У гэты час Слуцкай мануфактурай валодаў Караль Станіслаў Радзівіл, пра што на поясе захавалася метка.

Паясы з тонкіх шаўковых, залатых і сярэбраных нітак былі нязменным атрыбутам беларускай заможнай шляхты. Спачатку яны былі прывазнымі, пераважна з Азіі, але вельмі хутка на абшарах Вялікага Княства пачынаюць вырабляць уласныя паясы, якія сталі адметнай перлінай высокага майстэрства беларускіх ткачоў, гонарам беларускага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Найбольш вядомымі на тэрыторыі Беларусі былі вырабы Слуцкай мануфактуры.

Слуцкая мануфактура шаўковых паясоў была заснавана ў 1760 годзе князем Міхалам Казімірам Радзівілам. Для навучання мясцовых ткачоў на слуцкую фабрыку быў запрошаны турэцкі рамеснік армянскага паходжання Ян Маджарскі.

Вытворчасць працягвалася каля паўстагоддзя, і за гэты час паясы паспелі ператварыцца ў сапраўдную легенду.

Лічыцца, што ўсяго захавалася не больш за 1000 слуцкіх паясоў, толькі больш за дзясятак з іх знаходзяцца ў сямі беларускіх музеях. Калекцыю колішняй Дзяржаўнай карціннай галерэі з 48 паясоў (32 з іх — з нясвіжскага збору Радзівілаў) вывезлі ў Германію ў Другую сусветную вайну, калекцыя Беларускага дзяржаўнага музея з 21 пояса таксама была страчана.

Новы экспанат пакуль будзе захоўвацца ў фондах.