Беларуская моладзь у авангардзе збройнага змагання

Бурлівыя падзеі 1918–1920 гг. зблізілі пазіцыі беларускіх і літоўскіх палітыкаў, якія хоць і гулялі ў свае асобныя гульні з геапалаітычнымі монстрамі рэгіёна, але ўсведамлялі неабходнасць часовага ўзаемадзеяння дзеля змагання з ворагамі. У 1920-я на Гарадзеншчыне і Беласточчыне была ўтворана цэлая дыверсійная сетка, якая, па некаторых звестках, налічвала 12 000 чалавек. Фактычна гэта было першае паўнавартаснае супрацьстаянне беларускіх нацыянальных фарміраванняў моладзевых паўстанцаў польскім уладам у 1920–1922 гг. у Заходняй Беларусі. Якім быў вынік гэтага супрацьстаяння? Піша Аляксей Гайдукевіч.


Беларускія эмігранцкія колы ў Літве шукалі любыя магчымасці дзеля арганізацыі супрацьстаяння польскаму панаванню ў Заходняй Беларусі. Як і беларусы, літоўцы ў тым ліку вялі шчыльную дыпламатычную працу з Саветамі, каб дамагчыся вяртання пад свой кантроль Віленшчыны, якая ўвосень 1920-га дэ-факта апынулася пад уладай Рэчы Паспалітай, абвясціўшчы незалежнасць ад улады Літоўскай Рэспублікі.

У лістападзе 1920 г. урад БНР на эміграцыі пад кіраўніцтвам Вацлава Ластоўскага заключыў з літоўскімі ўладамі ў Каўнасе афіцыйную дамову аб супрацоўніцтве дзеля «супрацьстаяння польскаму імперыялізму».

У беларуска-літоўскай дамовы было некалькі бачанняў будучыні рэгіёна: ад аўтаноміі беларускіх земляў (часткі Беласточчыны, Гарадзеншчыны, Вілейшчыны ў складзе незалежнай Літвы) да канфедэратыўнай дзяржавы.

Усе гэтыя планы таксама адпавядалі інтарэсам немцаў, якім было неабходна паслабленне польскай дзяржавы.

Менавіта таму, на думку польскага гісторыка Войцаха Сьлешыньскага, «Вацлаў Ластоўскі атрымаў ад нямецкага ўрада 40 млн марак на супрацьдзеянне Польшчы».

Ад асветніцкай дзейнасці да збройнага супраціву

Вялікая роля для правакавання магчымай узброенай эскалацыі на беларускіх землях пад уладай Варшавы надавалася незадаволенасці насельніцтва польскім панаваннем. Бо ўрад Рэчы Паспалітай не толькі асабліва не цікавіўся эканамічным заняпадам і становішчам сельскагаспадарчых вытворцаў, але і праводзіў відавочную асіміляцыйную палітыку ў сферы адукацыі.

Таму галоўным ядром нянавісці да Варшавы, якая пазней вылілася праз радыкальныя акцыі наўпроставага дзеяння, была моладзь.

558.jpg
 Беларускія вайскоўцы ў складзе літоўскага Саюза стральцоў. Крыніца: 
s3.eu-central-1.wasabisys.com

Беларускі даследчык Уладзімір Ляхоўскі ў працы пра моладзевыя рухі ў міжваеннай Беларусі падкрэслівае ўзрост удзельнікаў некалькіх дыверсійных групаў на Гарадзеншчыне: 

«Актыў беларускіх партызан і падпольшчыкаў складалі пераважна юнакі і маладыя людзі ва ўзросце ад 14 да 30 гадоў.

Сярод іх варта ўзгадаць былых удзельнікаў Слуцкага збройнага чыну 1920 г. — паручніка Якуба Гузнея, былых сябраў «Папараць-Кветкі» Васіля Русака, Сяргея Бусла і Уласа Дубіну.

Актыўнымі ўдзельнікамі партызанкі на Гарадзеншчыне з’яўляліся таксама былыя актывісты «Грамады беларускай моладзі» ў Горадні».

Вялікі ўплыў на моладзь рэгіёна ў той момант мелі рознага кшталту левыя, сацыялістычныя арганізацыі. З большым ці меншым ухілам у бок беларушчыны. Яны выкарыстоўвалі незадаволенасць беларусаў польскай палітыкай і такім чынам агітавалі да ўступлення ў шэрагі дыверсійных аддзелаў.

12 000 дыверсантаў — гэта цэлае войска

Адной са стратэгічных задачаў урада Ластоўскага ў Коўне была ў будучыні арганізацыя кшталту ўзброеных сілаў з іерархічнай сістэмай падпарадкавання. Каб у выпадку пачатку баявых дзеянняў з боку літоўскага войска не проста асобныя дыверсанты, але паўнавартасныя фарміраванні распачалі дзеянні ў польскіх тылах. З мэтай паралізавання лагістыкі, стварэння хаосу шляхам знішчэння пунктаў сувязі, мастоў, складоў, жывой сілы, тэхнікі.

У чаканні на эскалацыю ўжо сфарміраваныя аддзелы партызанаў займаліся выведчымі аперацыямі. Збіралі інфармацыю аб перасоўванні войскаў, размяшчэнні мастоў, умацаванняў і інш.

Збор такіх аб’ёмаў інфармацыі патрабаваў сапраўды дакладна выбудаванай структуры падпарадкавання. Таму разам з аддзеламі, якія знаходзіліся ў Літве ў складзе Саюза стральцоў, дыверсійныя атрады былі аб’яднаныя ў адзіную структуру на тэрыторыі, кантраляванай палякамі. Са штабамі ва Уцяне і Меркіне.

Групам, звязаным наўпрост з цэнтральным камандаваннем, падпарадковаліся раённыя аддзелы, ім — секцыі і гурткі.

Кіраўніком дыверсійнай сеткі быў прызначаны падпалкоўнік Успянскі — былы камандзір беларускага батальёна ў Ваўкавышках.

Праз слаба ахоўваемую мяжу з Літвы на Віленшчыну і Гарадзеншчыну траплялі літоўскія эмісары, беларускія падрыхтаваныя дыверсанты і падафіцэры, зброя. Таксама ў разбудове партызанскіх структураў удзельнічалі афіцэры нямецкага войска.

559.jpg
 Кіраўніцтва беларускага батальёна ў складзе літоўскага Саюза стральцоў, 1920 г. Каўнас. Крыніца: alkas.lt

Польскія гісторыкі адзначаюць, што хуткаму росту колькасці дыверсантаў (па некаторых звестках да 12 000 разам з часткамі на тэрыторыі Літвы) спрыялі не толькі сацыялістычныя і антыпольскія настроі сярод беларускай моладзі. Істотнымі пунктамі вярбоўкі, лагістыкі і падрыхтоўкі былі беларускія дабрачынныя аб’яднанні, асветніцкія гурткі, нават гімназіі.

Размах дыверсійнай дзейнасці апынуўся вельмі нечаканым для палякаў. Паўстанцкія аддзелы правялі ў 1921-м сотні, калі не тысячы акцыяў на тэрыторыі Гарадзеншчыны і Беласточчыны. Партызаны здзяйснялі не толькі выведвальную дзейнасць, але і знішчалі склады са зброяй, правізіяй, палівам, драўнінай.

Напрыклад, 28 красавіка 1922 г.:

«Група Яна Грыцюка («Чорт») здзейсніла атаку на паліцэйскі пастарунак у мястэчку Кляшчэлі. Былі забітыя некалькі паліцэйскіх. Па выніках пераследу частку групы ліквідавалі польскія вайскоўцы».

Дапамагалі мясцовым патызанам таксама аддзелы дыверсантаў, якія адносіліся да літоўскага Саюза стралкоў. Гэтыя беларускія вайскоўцы, перасякаючы мяжу, нішчылі польскія ляснічыя пункты, паліцэйскія блокпасты ў пушчах, масты і іншую інфраструктуру.

Радыкалізацыя метадаў далейшай барацьбы

Такой актыўнасці не маглі не супрацьстаяць польскія спецслужбы. Але іхнія дзеянні былі не вельмі эфектыўныя да таго моманту, пакуль літоўскі бок не пачаў згортваць падтрымку і ўзбраенне беларускіх паўстанцаў.

Пераход польска-літоўскага супрацьстаяння да халоднай фазы, перагляд планаў дэакупацыі Вільні выключна вайсковым шляхам змянілі вектар палітыкі Каўнаса адносна падтрымкі беларускіх парамілітарных фарміраванняў на тэрыторыі Рэчы Паспалітай.

Нягледзячы на тое, што вялікая колькасць партызанаў у такой абстаноўцы здолела пакінуць тэрыторыю, кантраляваную Варшавай, не абышлося без разгромаў некалькіх аддзелаў і нават раённых звязаў.

У 1923 г. і 1925 у Беластоку і Горадні адбыліся найбуйнейшыя судовыя працэсы над падпольшчыкамі, якія мелі прадэманстраваць прынцыповасць польскай дзяржавы ў барацьбе з любымі спробамі ўзброенага супрацьстаяння ўладам.

На «працэсе 45-ці» і «працэсе 72-х» за арганізацыю і ўдзел у дыверсіях, альбо дапамогу паўстанцам ці агітацыйную працу падсудныя атрымалі тэрміны ад некалькіх год зняволення да пажыццёвага.

Але збройны супраціў усё ж меў пэўны плён. Зацятасць і жорсткасць партызанаў фактычна прымусілі польскія ўлады шукаць варыянты надання беларусам магчымасці мець прадстаўніцтва ў палітыцы. Таму на бліжэйшыя выбары ў Сойм былі дапушчаныя адразу некалькі беларускіх партыяў. Што дазволіла абраць 9 дэпутатаў з шэрагаў беларускага актыву.

Нягледзячы чалавечыя страты і вымушаную міграцыю часткі актывістаў, досвед самаарганізацыі ў першую чаргу сярод моладзі дазволіў працягнуць барацьбу, узмацніць ціск на польскія ўлады.

Менавіта паўстанцкія асяродкі праз блізкасць да левых ідэяў сталі падмуркам для магутнага роста актыўнасці Беларускай сялянска-работніцкай грамады Тарашкевіча. Актыў якой у сярэдзіне 1920-х сягнуў лічбы больш за 100 тыс.

Адмыслоўцы адзначаюць, што без падтрымкі з боку значнай часткі насельніцтва раёнаў Гарадзеншчыны і Беласточчыны супраціў, які некаторыя гісторыкі называюць сапраўдным сялянскім паўстаннем, не быў бы магчымым. Гэтым фактам спарабавалі скарыстацца агенты ўплыву з падсавецкай часткі Беларусі.

Нават было абвешчана аб стварэнні «Сялянска-работніцкай самаабароны» на тэрыторыі Заходняй Беларусі пад кантролем савецкіх эмісараў. Таксама з часам прыхільнікі моладзевага крыла КПЗБ, пры падтрымцы куратараў з СССР і камуністаў іншых нацыянальнасцей, радыкалізавалі свае метады. У тым ліку не толькі ў дачыненні да польскіх уладаў, але і супраць беларускіх палітычных праціўнікаў.

Такім чынам, радыкальныя палітычныя крокі сталі трэндам на бліжэйшыя 15 год на тэрыторыі захаду Беларусі, што дазваляла не толькі прыцягваць моладзь, што чакала на рашучыя дзеянні, але мабілізаваць гэтыя колы на працяг барацьбы.

Аляксей Гайдукевіч, budzma.org