Інтэрнэт-крамa GeeksOutfit выставіла ў продаж новую лінейку адзення, прысвечаную трагедыі на Чарнобыльскай АЭС. Асартымент з’явіўся напярэдадні 40-годдзя катастрофы 1986 года і ўжо выклікаў дыскусіі ў сацыяльных сетках. Усе пазіцыі можна набыць за сумы да 60 еўра, што робіць калекцыю даступнай для шырокага кола пакупнікоў, піша «Штодзень».
У лінейцы — худзі і світшоты з хуліганскімі надпісамі, правакацыйныя малюнкі з саркафагам, а таксама калядныя швэдары са знакамі радыяцыі. Асобнае месца займае фэнтэзійнае худзі, аформленае ў стылі пазнавальнага лагатыпу Disney, толькі замест казачнага палацу там намаляваны чацвёрты энергаблок ЧАЭС пасля выбуху — затое ў яркіх, жыццярадасных вясёлкавых колерах.

Як вынікае з адкрытых крыніц, кампанія GeeksOutfit працуе ў фармаце інтэрнэт-продажаў, арыентуецца на маладую аўдыторыю і часта выкарыстоўвае правакацыйныя сюжэты для прыцягнення ўвагі. Аднак чарнобыльская тэма ў гэтым кантэксце выклікала пытанне: ці маральна ператвараць адну з найбуйнейшых тэхнагенных катастроф ХХ стагоддзя ў модны мерч?
Нагадаем, катастрофа на Чарнобыльская АЭС у красавіку 1986 года, вядомая як Чарнобыльская катастрофа, закранула мільёны людзей. Радыеактыўнаму забруджванню падвергліся тэрыторыі Беларусі, Украіны і Расеі, сотні тысяч чалавек былі вымушаныя пакінуць свае дамы. Асабліва моцна пацярпела Беларусь, куды выпала большая частка радыеактыўных выкідаў. Наступствы трагедыі — рост анкалагічных захворванняў, экалагічныя страты, дэмаграфічныя зрухі — адчуваюцца дагэтуль. На гэтым фоне камерцыялізацыя Чарнобыля ў выглядзе модных калекцый выглядае для многіх як этычна сумнеўная практыка. Адны ўспрымаюць гэта як форму іранічнай поп-культурнай рэфлексіі, другія — як спекуляцыю на трагедыі і памяці ахвяраў.