А вы ў курсе, што ў Бібліі ёсьць зварот да... беларусаў? Вось ён: «Не давайце таго, што сьвятое, сабакам і ня кідайце пэрлаў сваіх перад сьвіньнямі, каб часам не патапталі іх сваімі нагамі ды, адвярнуўшыся, не разарвалі вас». Чаго недаверліва круціце насамі? Так-так, гэта зварот да нас! Ня верыце? Ну што ж, тады Валера Руселік у сваёй рубрыцы «Прыдарожны пыл» раскладзе вам усё па палічках.
Я ведаю, бадай, адзіную краіну ў сьвеце, дзе за грэблівае стаўленьне да мясцовай мовы табе нічога ня будзе. І пагатоў дзе абразы ў бок роднае мовы і яе носьбітаў сыплюцца штодня з усіх бакоў — як ад панаехалых, гэтак і ад мясцовых.
Здагадаліся, што за краіна?
Валера Руселік каля помніка Кастусю Каліноўскаму і ягоным паплечнікам-паўстанцам, Вільня. Фота з асабістага архіву аўтара
Вось і чарговы ў бясконцай чарадзе прыклад. Напярэдадні дызайнэрка зь Менску Юлія Сергіна ў сябе на старонцы ў Фэйсбуку напісала наступнае (цытую на мове арыгіналу ў аўтарскім правапісе):
«Белорусский какой-то в сети не мелодичный, а передёрнутый что-ли. И общаться в живую по-беларуски, не спросив, удобно ли собеседнику, я считаю просто таким же свинством, как зевать с открытым ртом и есть руками в кафе».
У камэнтарах да публікацыі аўтарка дадала, што ёй падабаецца, як па-беларуску размаўляе толькі адзін (!) з выкладнікаў Акадэміі мастацтваў, а вось усё астатняе беларускамоўнае — «уродское уродство», «отвратительная ерундистика». На пытаньне ж аднае з камэнтатарак: «Общаться вживую по-беларуски, не спросив, удобно ли собеседнику? В смысле?))) в Беларуси?» — патлумачыла: «В прямом. Русский тут знают все. Не сложно спросить: „Тебе будет комфортно, если я буду говорить, привычно, по-беларуски?“. Это называется вежливость». На заяву іншага чытача, што ад гэтага моманту ён, калі і будзе ў яе нешта камэнтаваць, то толькі па-беларуску, папярэдзіла: «Будешь послан в лес по-грибы и заблокирован».
Я гэтак падрабязна цытую, таму што празь нейкі час пост быў выдалены альбо схаваны пад замок (ах, якая ўсё-ткі добрая звычка — рабіць скрыны!). Магчыма, таму што камэнтатары далі някіслы адлуп гэтай «моўнай эстэтцы», якая нават па-расейску без памылак пісаць не навучылася. Альбо таму, што, як ні круці, а падобныя выказваньні, як мінімум, трапляюць пад дзеяньне першага пункту артыкулу 130 Крымінальнага Кодэксу Беларусі «Распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасьці»? Гэта да пяці гадоў турмы, на хвіліначку.
Няхай у краіне даўно ўжо «иногда не до законов», але ўсё адно нешта страшнавата — праўда, Юлія?
Скрын выдаленай публікацыі Юліі Сергіной з абразамі ў бок беларускай мовы
Зрэшты, хоць мы і маем штодня дагары і трошкі абразаў ад мясцовых беларусафобаў, пачынаючы ад незабыўнага «Люди, которые говорят на белорусском языке, не могут ничего делать, кроме как разговаривать на нем, потому что по-белорусски нельзя выразить ничего великого. Белорусский язык — бедный язык», гісторыя зь менскай дызайнэркай — гэта ўсё-ткі пра панаехалых. Як піша сама Юлія Сергіна, яна з Алматы, а ў Беларусі жыве з шасьці гадоў.
Цікава, дарэчы, чаго гэта Сергіным у Казахстане не сядзелася? Ці не таму, што адтуль у свой час гэткіх ватнікаў павыганялі? Таму й пераехалі ў Беларусь, дзе ўсе «практически русские», «один народ» і вось гэта вось усё?
Загадка.
А можа таму, што наплывы рознай набрыдзі, якая ненавідзіць і пляжыць усё беларускае — гэта даволі звыклая для нашага краю зьява цягам стагодзьдзяў? Набрыдзі, да якой яшчэ ў 1907 годзе зьвяртаўся ў сваім вершы «Ворагам Беларусі» Янка Купала:
Чаго вам хочэцца, панове?
Які вас выклікаў прымус
Забіць трывогу аб тэй мове,
Якой азваўся беларус?
Чаму вам дзіка яго мова?—
Паверце, вашэй ён не ўкраў,
Сваё ён толькі ўспомніў слова,
З якім радзіўся, падрастаў...
Верш Янкі Купалы «Ворагам Беларушчыны» (1907 г.)
І тут хіба што ня мае сэнсу задавацца рытарычнымі пытаньнямі пра тое, як гэта можна — прыехаць у іншую краіну, якая прыняла цябе і дала ўсё, але замест хаця б банальнага «дзякуй» ганіць усё мясцовае. Ну бо, калі табе тут не падабаецца, то чамадан-вакзал-Расея, праўда ж?
Чаму выбачацца за сваю мову заўжды мусіць менавіта беларускамоўны суразмоўца — чаму б хаця б раз пра камфортнасьць зносінаў не перапытаць носьбіту расейшчыны? Расейскамоўны — гэта што, пуп Зямлі, вакол якога ўсе астатнія павінны скакаць?
Ані пытаць пра гэта, ані тлумачыць падобным юліям сергіным, што ня так зь іхнымі выказваньнямі, асабіста я ня бачу сэнсу. Гэтая імпэрская ўпоратасьць, на жаль, ня мае ні канца ні краю. Памятаю, як калісьці, мо гадоў 10-15 таму, уразіла адна расіянка ў сюжэце расейскай тэлевізіі пра сваё шматгадовае жыцьцё ў Чэхіі. На пытаньне, што падабаецца і што не падабаецца ў краіне, яна адказала: маўляў, тут усё файна, няма на што скардзіцца, адзіны мінус пасярод гэтага раю — ...чэхаў зашмат, замінаюць нармальна жыць.
У Чэхіі. Чэхаў. Зашмат. Замінаюць жыць панаехалым.
Бо гавораць на нейкай сваёй незразумелай мове, а не на «нормальном человеческом языке». І наагул — нейкія «нерусские». Чё непонятного-то?!
Ня цешу я сябе й марнымі спадзевамі на тое, што дзяржава, якая сёньня недарэчна называецца беларускай, стане ў абарону мовы тытульнай нацыі. Хаця, здавалася б, маглі ўзяць прыклад са сваіх старэйшых братоў, якія ня толькі за расейскамоўных па ўсім сьвеце змагацца сабраліся, але й нават абвесьцілі вайну... запазычаньням у расейскай мове. Але ж дзе там! Няма часу на нейкі там «бедный язык, на котором нельзя выразить ничего великого»! Замест таго, каб бараніць сваё (?), беларусафобы і манкурты зь Беларусі занятыя правамі... расейскамоўных: бач ты, вялікі й магучы ў сьвеце прыціскаюць!
Скрыншот з сайта aa.com.tr/ru
А таму, бадай, адзінае, на што, а дакладней на каго, я спадзяюся, дык гэта на нас з вамі, шаноўныя.
Ніколі ня будуць нас паважаць іншыя, пакуль мы самыя не пачнем паважаць сябе. Беларуская мова — гэта ж ня толькі пра гісторыю, культуру, традыцыі. Але і пра самапавагу.
Удзельніца акцыі супраць паглыбленай інтэграцыі Беларусі і Расеі (Менск, 2019 г.). Фота EPA
Раз за разам да нас прыходзілі акупанты, якія зьнішчалі нас толькі за тое, што мы адрозьніваемся ад іх, што мы — не яны. Гаворыш па-беларуску — у турму, а то і ў яму! І вось ужо дайшло да таго, што абсалютная большасьць з нас з маленства пачынае гаварыць не на роднай мове, а на мове акупанта. А калі хто ліе бруд на нашае, то прынамсі абыякава маўчым, а то і падтакваем.
Дык дзе ж нашая годнасьць, беларусы? Дзе нашая самапавага? Мо ўжо годзе гэтых прыніжэньняў? Мо хопіць кідаць сьвятое сабакам ды сьвіньням? І, урэшце, пачаць вяртаць сваё дый пашану да самых сябе?
І першы крок тут нязьменны — пачаць размаўляць па-беларуску.
Валера Руселік, Budzma.org
*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме — пішыце нам на razam@budzma.org