Сучасныя гарады як пасткі смерці ва ўмовах вайны. Шукаем альтэрнатыўныя варыянты самаарганізацыі грамадскіх супольнасцяў

Адключэнні электрычнасці, вады, ацяплення, сувязі для мільёнаў украінцаў прымушаюць задумацца аб тым, што гарады ў сучасным іх выглядзе могуць уяўляць з сябе сапраўдныя пасткі смерці. Якія могуць быць альтэрнатывы сучасным гарадам і дзяржаўным структурам? Ці ёсць прыклады новых фарматаў грамадскіх супольнасцяў, якія эфектыўна дзейнічаюць ужо сёння? Разважае Аляксей Гайдукевіч.


Вайна ва Украіне не толькі абвастрыла шматлікія супярэчнасці і канфлікты па ўсім свеце — ад антыэпідэмічных пратэстаў у Кітаі да фактычнай рэвалюцыі ў Іране. Стан нявызначанасці, мяжы перад невядомым, пакуль пераходным перыядам, які звычайна адчуваецца перад і падчас вайны, быў аздоблены пандэміяй і працяглымі эканамічнымі складанасцямі па ўсім свеце. І нават сутнасным гуманітарна-каштоўнасным крызісам, над праблемамі якога разважаюць інтэлектуалы планеты ўжо некалькі дзесяцігоддзяў.

Неэфектыўнасць міжнародных арганізацый на фоне відавочных вайсковых злачынстваў РФ ужо зараз можа падштурхнуць свет да пераасэнсавання не толькі сусветнай сітэмы бяспекі, але і натхніць некаторыя групы інтэлектуалаў больш гучна прад’явіць новы фармат пабудовы існавання соцыумаў і грамадстваў — на падставах мыслення і ўзаемадзеяння грамадаў/супольнасцяў, а не цэнтралізаваных дзяржаўных надбудоваў з грувасткімі карупцыйнымі схемамі.

Удары РФ па энергетычнай інфраструктуры Украіны падсвяцілі праблему, існавалую ўвесь час ад моманту пачатку маштабнай урбанізацыі, якая паступова ахапіла большасць краінаў на планеце.

Адключэнні электрычнасці, вады, ацяплення, сувязі для мільёнаў украінцаў прымушаюць задумацца аб тым, што гарады ў сучасным іх выглядзе могуць уяўляць з сябе сапраўдныя пасткі смерці. Асабліва ва ўмовах вайны, калі для цэнтральных органаў улады забеспячэнне насельніцтва электрычнасцю не з’яўляецца першым прыярытэтам.

Чытайце яшчэ: Цемра супраць святла: што пераможа ў вайне?


Калі паглыбіцца ў праблему, можа выявіцца, што ў прынцыпе для дзяржаўных апаратаў, электрычнасць, вада, ацяпленне — гэта проста паслугі. А зусім не абавязак. І ў выпадку непрадбачаных катастрофаў насельніцтва буйных гарадоў па ўсёй планеце можа апынуцца сам-насам з праблемамі, якія могуць каштаваць мільёнаў жыццяў.

Перманентны крызіс, які ніколі сам не скончыцца

Нам увесь час распавядалі, што урбанізацыя ёсць бясспрэчнай праявай прагрэсу і вялікім дабром. Але зараз на свае вочы мы бачым мільёны жыхароў густазаселеных рэгіёнаў планеты, якія з-за ўласнай інфантыльнасці трапілі ў пастку, і яна фактычна ёсць мінай запаволенага дзеяння.

Спадзеючыся на цэнтралізаваныя дзяржавы і гандлюючы сваімі свабодамі за не зусім гарантаваныя нормы камфорту, некалькі пакаленняў жыхароў гарадоў крок за крокам гублялі сацыяльныя сувязі.

Такое ўражанне, што толькі відавочная перспектыва страты жыцця ад недахопу вады, ацяплення, не кажучы ўжо пра варожую ракету, можа абудзіць шырокія масы грамадства, прымусіць усвядоміць праблему і пачаць дзейнічаць.

481.jpgУкраіна без святла і вады. Крыніца: media.cnn.com

Пра тое, што планета апынулася якраз зараз на мяжы падобных выпрабаванняў, можа сведчыць рашэнне распрацоўшчыкаў знакамітага брытанскага слоўніка Collins, якія словам 2022 года назвалі permacrisis. Гэта скарачэнне ад «перманенты крызіс» (крызіс без канца). Як адзначаецца на сайце выдання: «Слова выдатна адлюстроўвае сталы стан на планеце, звязаны з хістаннем сітуацыі ад адной беспрэцэдэнтнай падзеі да іншай».

Трэба ўзгадаць, што з крызісамі інтэлектуалы і стратэгі даўно працуюць не толькі як з выклікамі, але і як з вокнамі магчымасцяў. Аднак сёння наш рэгіён і планета агулам безумоўна сутыкнуліся з нашмат большымі праблемамі ў параўнанні з эканамічнымі катаклізмамі канца 1990-х і 2000-х.

Дэцэнтралізацыя і дэурбанізацыя

Рэаліі вайны ва Украіне могуць не толькі падштурхнуць масавую свядомасць да перагляду працы цэнтралізаваных сістэмаў энергазабеспячэння. Верагодна, працэсы не спыняцца на аўтанамізацыі і раздзяленні метадаў дастаўкі буйных аб’ёмаў электрычнасці ад АЭС і ЦЭЦ да прамысловых аб’ектаў. Далейшай дэурбанізацыі і пераходу на самазабеспячэнне ад дробных крыніцаў энергіі асобных паселішчаў у стылі амерыканскіх прадмесцяў. Ёсць спадзяванне, што дэурбанізаванае насельніцтва будзе матывавана інтэлектуаламі на стварэнне дробных грамадаў на падставах дамоўнага ўзаемадзеяння і імкнення да дэцэнтралізацыі, змянення фарматаў дзяржаваў.

Пераход ад прымусовых усюдыісных карупцыйных монстраў да невялікай праслойкі менеджараў, якія забяспечваюць камунікацыю паміж супольнасцямі з рознай прыродай арганізацыі.

Чытайце яшчэ: Сеткавае грамадства, або Як адказаць на выклікі шоку будучыні

Такая тэза можа адразу падацца вельмі фантастычнай і недасяжнай, але насамрэч трансфармацыі ў падобным кірунку ўжо даўно адбываюцца.

Што цікава, імкненне да дыферэнцыяцыі і бесперапыннасці падобных працэсаў у грамадствах была даведзена ў працах аднаго з выбітных сацыёлагаў XX стагоддзя Нікласа Лумана, які падчас сваіх даследаванняў выкарыстоўваў філасофскія метады і напрацоўкі кібернетыкаў.

Калі казаць пра прыроднае імкненне грамадстваў да шматварыянтнасці, аб якім пісаў навуковец, яго сцісла можна сфармуляваць так: «Грамадства нягледзячы на дамінаванне адных сацыяльнасцяў у ім над іншымі заўжды застаецца стракатай палітрай. І ўвесь час памнажае гэтую разнастайнасць».

Таму сцверджанне пра тое, што можна пабудаваць умоўны лад на планеце, які будзе справядлівым для ўсіх, адзіным слушным, падобным, напрыклад, да полпотаўскай Кампучыі, выяўляецца не толькі нелагічным, але і навукова абвергнутым.

На практыцы атрымліваецца, што нават лады з жорсткімі рамкамі і межамі на планеце маюць шматварыянтныя сістэмы.

482.jpg
Крыніца: www2.irrawaddy.com

Сапраўды, у вялікай колькасці краінаў у сучасных іх межах у структурах грамадстваў адначасова функцыянуюць некалькі буйных сацыяльнасцяў (соцыумаў) і безліч меншых. З перспектывы нашага рэгіёна планеты некаторыя спалучэнні могуць выклікаць сапраўднае здзіўленне. Але менавіта іх існаванне і ёсць пацверджаннем мультыварыянтнасці сацыяльных сістэмаў.

Чытайце яшчэ: Як у Ліване этнарэлігійныя групы самазабяспечваюць грамады электрычнасцю, дбаюць пра ахову здароўя і адукацыю

Напрыклад, інстытут шэрыфаў у ЗША існуе ў праваахоўнай сістэме большасці паўночнаамерыканскіх штатаў. Як ні дзіўна, шэрыф — гэта выбарная пасада. На выбары шэрыф ідзе адразу з камандай, якая складаецца з жыхароў акругі, у якой ён балатуецца. У залежнасці ад штата, абавязкі і правы шэрыфаў і іхных памагатых могуць адрознівацца. Але калі абагульніць, функцыі можна параўнаць з нашымі ўчастковымі міліцыянерамі.

Вядома, што супрацоўнікі офіса шэрыфа карыстаюцца нашмат большай павагай і падтрымкай сярод насельніцтва, чым паліцыя. Хаця сутнасць працы гэтых структураў прыблізна аднолькавая, дэфакта такая дадатковая служба выглядае як непатрэбнае ўскладненне сістэмы, малакатраляваная адзінка праваахоўнай сістэмы. Тым не менш амерыканскія ўлады не адмовіліся ад інстытуту шэрыфаў.

Хаця ў Швейцарыі няма шэрыфаў, гэтая краіна лічыцца адной з самых узброеных еўрапейскіх. У 6 млн жыхароў на руках знаходзіцца каля 3 млн адзінак лёгкай зброі.

Такая завядзёнка ёсць рэхам нядаўняй традыцыі, калі пасля тэрміновай службы ў войску мужчыны пакідалі штурмавыя вінтоўкі ў сябе і потым ездзілі з імі на стрэльбы ў горы.

Ёсць меркаванне, што менавіта існаванне такога ўзброенага грамадства дазваляе захоўваць у большасці кантонаў Швейцарыі элементы простай дэмакратыі. Калі грамады абмяркоўваюць і галасуюць па лакальных пытаннях на плошчах гарадоў. І гэтыя рашэнні маюць такую самую сілу, як і законы, прынятыя ў мясцовых выбарных органах. У 3 млн узброеных грамадзянаў цяжка нешта адабраць, тым больш у такіх вальнадумцаў, як швейцарцы.

483.jpgМясцовыя жыхары галасуюць на сходзе горада Апенцэль у Швейцарыі. Крыніца: www.sueddeutsche.de

Яшчэ больш цікавая сітуацыя са структурай улады ў Скандынавіі. Напрыклад, у Швецыі мясцовыя камуны кантралююцца фактычна сходамі грамадзянаў. І дэлегаты ад такіх сходаў маюць права заблакаваць любое рашэнне, прынятае на ўзроўні камуны.

Гэта не зусім швейцарская простая дэмакратыя. Але існуе меркаванне, што ў выпадку знікнення ў Швецыі паліцэйскіх і чыноўнікаў дзяржаўны лад не прыпыніў бы сваю працу. Бо дэпутаты парламентаў 21 акругі размяркоўваюць падаткі, рэгулююць працу сістэмаў адукацыі і аховы здароўя. І што больш істотна — знаходзяцца пад сталым кантролем дзякуючы збудаванай сістэме.

Альтэрнатывы ўжо існуюць

Прыклады ЗША, Швейцарыі і Швецыі дэманструюць, што ў дзяржавах можа існаваць адразу некалькі дэцэнтралізаваных сістэмаў сацыяльнасці, паралельных адна другой. Неабходна ўлічваць, што яны ўсё ж абапіраюцца на нарматыўнасць. Нейкія адзіныя правілы, межы.

Але ў свеце існуе яшчэ шмат тэрытарыяльных структураў, якія не проста не адпавядаюць агульназразумелым нормам суіснавання на планеце. Больш за тое, некаторыя «контрсістэмныя» праекты выклікаюць зайздрасць з боку дзяржапаратаў і спробы рэплікацыі асобных працэсаў.

Не будзем разглядаць зараз найбольш радыкальныя прыклады альтэрнатыўных сацыяльных сістэмаў, такія як рэгіёны Паўднёвай Амерыкі, Азіі, кантраляваныя партызанамі рознага кшталту, ці аўтаномныя рэлігійныя грамады.

А вось прыклад Араніі (Orania) узгадаць варта.

Гэта тэрыторыя ў цэнтры Паўднёвай Афрыкі, дзе на пачатку 1990-х гадоў мінулага стагоддзя паўстала селішча бураў — нашчадкаў нідэрландскіх фермераў, якія перасяліліся з Еўропы да сярэдзіны XIX ст.

Гэта закрытая супольнасць, трапіць у якую магчыма толькі па рашэнні сходу жыхароў. Заснавальнікі праекта не хаваюць сваіх намераў — у перспектыве пашырыць тэрыторыю, якая ёсць супольнай уласнасцю ўдзельнікаў, да памераў так званага Volkstaat (Фолькстат) — былой калыскі нідэрландскамоўных афрыканераў-бураў на ўсходе ПАР.

484.jpg
 У Араніі пражывае каля 3000 жыхароў. Крыніца:
legacy.travelnoire.com

Галоўная мэта гэтай супольнасці — гэта захаванне культуры продкаў у этнічнай разнастайнасці рэгіёна.

Але ўжо зараз бяспекай на тэрыторыі селішча займаецца ўласная ахова, жыхары актыўна выкарыстоўваюць зямлю для вытворчасці сельгаспрадукцыі, развіваецца сонечная энергетыка. А фонд падтрымкі бізнесу Араніі выпусціў уласную валюту для разлікаў на тэрыторыі гарадка і развіцця прадпрымальніцтва.

Варта адзначыць, што ў выпадку з мясцовай грашовай адзінкай «аранцы» не ёсць наватарамі.

У сучаснай Еўропе існуюць адразу некалькіх праектаў з лакальнымі разліковымі адзінкамі, у некалькіх рэгіёнах Германіі, Аўстрыі і Галандыі. Якія дэкларуюць сябе як ініцыятывы, створаныя дзеля спрыяння мясцоваму бізнесу.

Ёсць упэўненасць, што крызісныя з’явы ў эканоміцы і агульная незадаволенасць існуючым ладам на кантыненце і на планеце не толькі пашыраць падобную практыку, а нават могуць перайсці ў іншую якасць, пачаць ціснуць на цэнтральныя ўрады з мэтай перагляду сістэмаў суіснавання ў грамадстве, дэцэнтралізацыі, спрыяння шматварыянтнасці сістэмаў падаткаў, тэрытарыяльнай, эканамічнай аўтаноміі і г. д.

У выпадку адмоўнай рэакцыі камандных апаратаў, верагодна, што праекты такога кшталту будуць намагацца ствараць паралельныя дзяржаўным структуры. Якія будуць уяўляць сабой дзейныя альтэрнатывы існаму ладу. Прад’яўляць новую рэальнасць суіснавання грамадства не на падставах асацыяцый грамадзянаў, але своеасаблівых канфедэрацыяў-супольнасцяў, дзе асацыяцыя прадугледжвае «добраахвотную ад нараджэння» згоду на грамадзянства пэўнай краіны (з улікам усіх правоў і абавязкаў).

«Супольныя» праекты могуць базавацца на свядомым прыняцці дамоваў рознага кшталту, як права да ўдзелу ў грамадзе. Узаемадзеянне з іншымі грамадамі на падставах узаемавыгаднага супрацоўніцтва.

Шматлікія інтэлектуалы па ўсім свеце разглядаюць такую будучыню аб’яднання жыхароў розных краінаў у фарматах ад блізкіх да старажытнагрэцкіх палітыяў да апісаных фантастамі анархакамунаў.

Мысленне і адказнасць — галоўныя ўмовы разнастайнасці

Сацыёлагі з Нідэрландаў у сваёй працы даследавалі працэсы стварэння разнастайнасці сацыяльных сістэмаў у сваёй краіне на падставе новых трэндаў па фарміраванні супольнасцяў, абсалютна адрозных ад цэнтраарыентаваных і нарматыўных:

«Мадэрнісцкія ўяўленні аб функцыянаванні дзяржавы, якія распаўсюджваюцца зараз на сістэму кіравання, пераацэньваюць ролю дзяржаўных суб’ектаў і недаацэньваюць іншыя крыніцы сістэмных інавацый, якія можна назваць «пераходам»».

Даследчыкі падкрэслілі, што шматварыянтнасць існавання будучых аб’яднанняў людзей не толькі не адкідае сучасныя ідэнтычнасці, але пашырае ўяўленне аб іх. А таксама не абавязкова імкнуцца цалкам скасаваць інстытут дзяржаўных органаў як такіх. Толькі дадаць элементы ў мазаіку магчымых варыянтаў самаарганізацыі чалавечых масаў. Дэманстраваць, што суіснаванне супольнасцяў магчымае на падставе абсалютна розных формаў узаемадзеяння і дэлегацыі абавязкаў і правоў.

Больш за тое, такія супольнасці могуць быць не толькі самадастатковымі дамоўнымі праектамі з магчымасцямі шырокага супрацоўніцтва і існавання на адных узроўнях з дэцэнтралізаванымі дзяржаўнымі структурамі. Але і будавацца на розных прынцыпах, не быць прывязанымі толькі да адной тэрыторыі. Бо сучасныя метады транспартнай і інфармацыйнай камунікацыі дазваляюць ствараць прамысловыя паркі за сотні кіламетраў ад чалавечых паселішчаў, асобным групам прафесіяналаў працаваць у інтэрнэце ў любой частцы планеты.

Безумоўна, такога кшталту сістэмы патрабуюць у першую чаргу вялікай інтэлектуальнай працы, ангажаванасці ўсіх без выключэння ўдзельнікаў праекта ў яго разбудове, адказнасці. Адным словам — ускладнення працэсаў.

Грамадства мыслення патрабуе дадатковых вымогаў. Але, у адрозненне ад сённяшняй выключна дзяржавазалежнай рэчаіснасці, гарантуе большую свабоду і рэалізацыю рознабаковага творчага патэнцыялу ў ненарматыўным рознаварыянтным свеце.

Аляксей Гайдукевіч, budzma.org