«Экстрэмізм» — значыць, любоў. Чаму закрываюць усё беларускае?

Улады ў Беларусі ўпарта ваююць супраць усяго беларускага, у тым ліку супраць ініцыятываў, што ніяк не зьвязаныя з палітыкай — адукацыйныя, прыродаахоўныя, выдавецкія — усё ідзе пад нож. У інтэлектуальным полі ўсялякі самастойны вычын глушыцца дашчэнту і на ягоным месцы запаноўвае пустата, піша Сяргей Дубавец на «Радыё Свабода».

Nacyjanaĺnaja symbolika ŭ voknach bielarusaŭ
Нацыянальная сымболіка ў вокнах беларусаў. Восень 2020 году

«Сваё любі да самазабыцьця»

На мове ўладаў усё гэта называецца экстрэмізмам, на чалавечай мове гэта — любоў, удзячнасьць, павага. Не ўпершыню ў гісторыі Беларусь стала краінай, зачышчанай ад публічных праяваў любові. Калісьці беларускі паэт Пятро Бітэль заклікаў: «Шануй чужое аж да пакланеньня, сваё любі да самазабыцьця». Але любіць не прымусіш загадам, таму ўсе 200 апошніх гадоў у нас вядзецца барацьба з самой здольнасьцю чалавека — любіць, быць удзячным, паважаць. Усё, здавалася б, настолькі проста і відавочна, што нават не патрабуе тлумачэньня. Адбываецца працэс псыхалягічнай кастрацыі чалавека, калі замест прыродных рысаў табе накідаюць хадульныя ўяўленьні нібыта ўнівэрсальнага, а насамрэч расейскага характару.

Людзі, вядома, розныя. Ня ўсе здольныя адчуваць любоў, удзячнасьць, павагу. Мабыць, найперш гэта залежыць ад выхаваньня. Вось чаму розныя народы звычайна крытычна ставяцца да саміх сябе і да сваіх суайчыньнікаў. Беларусы, наадварот, ва ўласных стэрэатыпах — «самыя добрыя, гасьцінныя, працавітыя».

Асабліва працавітыя ў задаваньні адно аднаму дыхту і ў маханьні турэмнымі дручкамі, якімі выбіваюць з суайчыньнікаў любоў, удзячнасьць і павагу — усю гэтую «дурь», увесь гэты «экстрэмізм».

Ідзе барацьба супраць прыватнай чалавечай ініцыятывы, якая і ўзьнікае са здольнасьці любіць, быць удзячным, паважаць іншага.

Насамрэч усё вельмі проста. Калі гаворка ідзе пра любоў. І ўсё вельмі складана для іншых. Калі ты ня ўмееш любіць.

Калі беларус любіць усё беларускае (сваю мову, краявіды, дом і род), гэта, здавалася б, ня можа выклікаць пытаньняў. Наадварот, дзіўнавата, што беларус найперш любіць усё расейскае (малдаўскае, кітайскае...). Але ў турму ўлада садзіць першага. Прычына? Гэтая ўлада ня ведае любові, таму любіць не павінен і той, хто любоў ведае. А паколькі ён ня можа забараніць сабе любіць, застаецца такога зьнішчыць. Ён вораг не таму, што ведае любоў, а таму, што яе ня ведае ўлада.

У дэмакратыях гэты псыхалягічны канфлікт вырашаецца на выбарах, там умоўнага Азаронка ня выбера ніхто, бо рэальныя выбары мусяць быць заслонай ад непрыстойнасьці. У нас жа гэта паўтараецца зноў і зноў, і нават выбары (1994) не засьцерагаюць ад Азаронкаў. 

Адсутнасьць практыкі сапраўдных (не сфальшаваных) выбараў пазбаўляе нацыю ад крытычнага погляду на сябе,

Адсутнасьць практыкі сапраўдных (не сфальшаваных) выбараў пазбаўляе нацыю ад крытычнага погляду на сябе, 

ад магчымасьці адэкватнай самаацэнкі і ад таго, каб быць крыніцаю ўлады, хоць так і напісана ў Канстытуцыі. Дый сама дзяржава страчвае адэкватнасьць і перастае быць прававой.

Крыху нетрывіяльных цытат

Віленскі маршалак Станіслаў Шумскі ўспамінаў пра 1831 год (Вільня, нагадаю, хоць і захопленая 30 гадоў перад тым Расеяй, 500 гадоў была для Беларусі фактычнай сталіцай):

«Хутка пасьля нашага вяртаньня ў Вільню Храпавіцкі быў зьняты з пасады, а на ягонае месца быў прызначаны генэрал Даўгарукі, тлусты здор, які піў і жор. Былі ў яго часам і свае добрыя бакі, аднак шмат злога ён зрабіў для Літвы. Бо ён першы паводле царскай задумы нас дэкаталізаваў, дэпалянізаваў, дэмаралізаваў і руйнаваў, быў ахвочы да раскошы і нашых кабет баламуціў, змушаў грамадзян хадзіць у царкву на афіцыйныя набажэнствы і ўсё больш уводзіў тую барбарскую мову».

Не магу не зьвярнуць увагі на гэты факт і не адзначыць Даўгарукага, як пачынальніка мэтанакіраванай русыфікацыі і праваславізацыі. Звычайна ролю піянэра ў гэтай справе прыпісваюць Мураўёву, але варта зьвярнуць увагу і на гэтага пэрсанажа, які ў пераважна ўніяцкай краіне гвалтам наварочваў народ на расейскае праваслаўе і расейскую мову. Між іншым, у Расеі ён сёньня лічыцца героем і важным дзяржаўным дзеячом, пра яго напісаныя кнігі. Тады як амаль пра ўсіх тутэйшых пэрсанажаў, сваіх герояў і дзяржаўнікаў многія беларусы ніколі нават і ня чулі. На жаль.

Ідзем далей.

Наступная цытата — з кнігі Н.Ланской «Обрусители», 1887 году:

«Атэстатаў ніякіх не патрабавалася: дастаткова было прыехаць з Расеі і заявіць сябе праваслаўным, каб атрымаць права на такія ільготы, правы і перавагі, якія ператвараліся ў сапраўдны рог дастатку. Можна таму ўявіць сабе, якая маса рознай дрэні навадніла сабой гэтыя няшчасныя 9 губэрняў! Які кантынгент ілжы, нізасьці, усялякіх падманаў, подкупаў, падробак і маральнага разбэшчваньня прынесла з сабою гэтая армія прагных ды хцівых, сасьмяглых ды драпежных! Як саранча, кінуліся яны на гатовыя месцы, імкнучыся захапіць усю тую прастору, якая была для іх гвалтоўным чынам ачышчаная; цырымоніцца не было патрэбы, і пад выглядам абрусеньня і прапаганды праваслаўя гэтыя заваёўнікі ставілі сабе такія мэты, якія ня мелі нічога агульнага ні з рэлігіяй, ні з маральнасьцю, ні нават з палітыкай рэальнага абрусеньня».

Максім Гарэцкі. «Дзьве душы». 1919 год:

«— Праўда, мне і з тым і з тым матывам аднолькава ўяўляецца тое трагічнае і нялепае для нас, адраджоных беларусаў, што чужыя для нас людзі, не заўважаючы на сабе яшчэ ня скінутай імі сваёй нацыянальнай прапітанасьці, прыйшлі да нас з інтэрнацыяналам толькі на вуснах, зь яго толькі фікцыяй у сваіх мазгох, і з фанатычнай безьміласэрнасьцю ўзяліся рабіць зь беларускай нацыі толькі гной на градкі для ўзрашчываньня сваёй фікцыі інтэрнацыяналу. О, будзь яны прокляты! — узварушоным голасам, з горам крыкнула яна. — Яны хочуць зрабіць адзнакі сваёй нацыянальнасьці інтэрнацыяналам для нас, — дык дзякуй за ласку... Можа, трапім увайсьці ў інтэрнацыянал як роўныя з усімі, бяз гэтай дадатковай формы разьвіцьця!»

Паэтка Натальля Арсеньнева згадвала, як у 1940 годзе разам з Максімам Танкам і Міхасём Машарам езьдзіла на сустрэчу зь сябрамі Саюзу пісьменьнікаў у Менск. «Кучар зрабіў Танку цікавую заўвагу, калі мы раз ішлі Савецкай вуліцай. Танк, вядома, як Танк, ішоў, сьмяяўся, голасна гаварыў па-беларуску, бо па-іншаму ён ці ўмеў». На што Кучар заўважыў: «Не гаварыце так голасна па-беларуску, у нас гэта не прынята».

У 1978 годзе Генадзя Бураўкіна прызначылі кіраўніком радыё і тэлебачаньня БССР. Ён пачаў беларусізацыю і, паміж іншым, спытаўся ў Машэрава наконт адкрыцьця беларускіх школ. Тады ў гарадах Беларусі не было ніводнае беларускае школы. На што Машэраў адказаў: а гэтага ты не чапай, за гэта мне ў Маскве галаву скруцяць.

Заўважу: усе гэтыя сюжэты — з прыходам да ўлады Лукашэнкі — сталі паўтарацца ў нашым жыцьці зноў. Зь іх відаць, што 

русыфікацыя заўсёды праводзілася ў Беларусі толькі гвалтам і падманам,

што яе задачай было і ёсьць — вынішчэньне любові да свайго і замяшчэньне гэтай любові сурагатам расейшчыны, перарабленьне беларусаў на расейцаў, якімі яны ўсё ніяк ня стануць. Як у першым перапісе Расейскай імпэрыі 1897 году амаль 6 мільёнаў назвалі роднай мовай беларускую, так і сёньня 60 адсоткаў называюць беларускую роднай.

Прычына тут, відавочна, у невуцтве начальства, у няздольнасьці гэтых людзей любіць сваё і любіць у прынцыпе. Ці шмат вы згадаеце словаў Лукашэнкі і ягоных служкаў пра любоў, удзячнасьць і павагу да людзей?..

Беларускія адраджэнцы прычынаю абрусеньня называюць моцны гвалт з боку Расеі. З гэтым можна было б пагадзіцца, калі ня браць пад увагу, што русыфікацыяй беларусаў даўно займаюцца і самі беларусы. Што праўда, з тым самым посьпехам. Інакш кажучы, русыфікацыя — зусім ня той шлях, які мог бы спрыяць беларусам, а не заганяць іх на самае дно, дзе дабро ператвараецца ў зло.

«Ары, барануй, засявай»

Суседнія з намі краіны, якія разьвіваюцца і паўнавартасна існуюць як нацыі, маюць прававыя дэмакратычныя дзяржавы (да чаго імкнецца і Ўкраіна). І беларусы, якія ўцяклі туды ад Лукашэнкі, гэта пацьвердзяць. Прынамсі ў параўнаньні з сытуацыяй у Беларусі, дзе жыць яны ня могуць, а сытуацыя пагаршаецца, зноў і зноў даказваючы, што станоўчай альтэрнатывы быць самім сабой у грамадзтва няма. Калі няма любові ды ўдзячнасьці, усё перакульваецца і ператвараецца ў дзікунства. Калі мы не ўзвышаемся, не вырастаем, не становімся адметнымі, напоўненымі сокамі нашае спадчыны, нізкае існаваньне перамагае. Тады школы, таварыствы, прэса — усё «мяккае», творчае, добрае — закляймёнае як экстрэмізм. А ўсё «цьвёрдае», тупое і нязьменнае — падаецца як ідэалёгія «дыктатура наш брэнд» і шырокім патокам ліецца з кожнага праса.

Словам «экстрэмізм», якому няма тлумачэньня ў законах і якое можна разумець, як адхіленьне ад нормы, людзі ў судах і ў тэлевізары называюць любоў да Беларусі («Жыве Беларусь!» — экстрэмісцкі кліч), прыватную ініцыятыву, самую норму мірнага супольнага суіснаваньня, спрабуючы навязаць грамадзтву ў якасьці нормы адваротнае — «дзіцячую траўму Лукашэнкі».

Я кажу пра відавочныя рэчы: нічым не бліжэй і радней беларусам расейцы за іншых нашых суседзяў — латышоў, літоўцаў, палякаў ды ўкраінцаў. Пры тым за ўсю гісторыю ніхто не зрабіў беларусам больш балюча, чым расейцы. 

Ніхто ў цывілізацыйным пляне не адкінуў беларусаў далей ад разьвітага сьвету так, як расейцы.

А мы працягваем лічыць расейцаў і іх культуру «сваімі», толькі таму, што разумеем іхную мову (і гэта зусім не ўзаемна). Лукашэнка з прыслужнікамі фактычна панізіў статус нашай краіны ад незалежнасьці да саюзнай рэспублікі БССР. Быццам інтэрнат у доме суседа — выгаднейшае жыльлё, чым свой уласны дом. Выгаднейшае, як выглядае на практыцы, толькі за турму.

Як нагадвае Радыё Свабода, на канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў у Беларусі былі забароненыя. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі — крымінальная адказнасьць і турма.

Ня буду даваць ніякіх ацэнак, бо іх, бесстароньніх, дадзена шмат. Напрыклад, паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык «экстрэмізм» для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як «экстрэмісцкія», якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».

Што ж такое экстрэмізм? Забойства, рабаўніцтва, абраза? Зьвярніце ўвагу на кожную з гэтых соцень тысяч справаў, пачытайце пра іх і вы пабачыце, што гэта — роўна наадварот — любоў да свайго, удзячнасьць да іншага, павага да чалавека.

Як пісаў Янка Купала яшчэ ў 1908 годзе:

Хай злыдні над намі скрыгочуць зубамі
Любі сваю ніву, свой край
I, колькі ёсьць сілы, да самай магілы
Ары, барануй, засявай!..