Ці задумваліся вы хоць аднойчы пра тое, ці пабачыце калі-небудзь Беларусь вашых мараў? Гэткую цудоўную краіну, якую вы ўяўляеце ў сваіх летуценьнях, пра якую гаворыце зь іншымі, і дзеля якой, магчыма, яшчэ й нешта робіце? У сваёй рубрыцы «Прыдарожны пыл» Валера Руселік шукае адказ на пытаньне, чаму ж гады лятуць і лятуць, а нашая прымроеная краіна ўсё аніяк не матэрыялізоўваецца.
Колькі беларусаў, столькі адказаў на адвечнае нашае пытаньне: дык а што рабіць? Гэта нармальна. Як па мне, каб кожны рабіў тое, што можа і што ўважае за патрэбнае дзеля нашае Бацькаўшчыны, дык мы б ужо даўно жылі ў вольнай і заможнай беларускай Беларусі.
А калі б па-беларуску размаўляў кожны, хто публічна гаворыць пра любоў да роднае мовы і пра важнасьць яе захаваньня, то гучала б вакол нас беларушчына куды часьцей.
То-бок на словах-та мы — ого-го, а як да справаў даходзіць, то радчэюць нашыя шэрагі, нібы каласы пад сярпом тваім.
Ну але чаго гэта я ў крытыканства кінуўся...
Насамрэч, як па мне, адказ на пытаньне «дык а што рабіць?» схаваны ўласна ў самым пытаньні: рабіць! Папросту рабіць, а ня лясы тачыць.
Валера Руселік. Фота з асабістага архіву аўтара
Між тым, прызнаюся, куды больш за пэрманэнтна недаточаныя лясы і ўказаньні тым, хто хоць нешта робіць, ад тых, хто нічога акрамя ўласна даваньня ўказаньняў нават не імкнецца зрабіць, мяне ятрыць выраз «ня час для гэтага!». Ну, ведаеце, маўляў, чаго вы са сваёю моваю скачаце — ня час сёньня для вашае мовы, спачатку трэба дэмакратыю збудаваць — тады і за мову можна ўзяцца. Альбо вось яшчэ: маўляў, ды кіньце вы дурное, свае беларускія справы — спачатку трэба Расею разваліць, расейцаў перавучыць на адэкватных людзей, каб яны нас не захапілі — ну а тады ўжо й за беларускія справы можна брацца!
Злуе — ня тое слова. Нейкая папросту вычварэнская пракрастынацыя нацыянальнага маштабу!
Самае ж дурное тое, што ў гэтую формулу «ня час для (падстаўце што-небудзь з таго, што важнае для вас асабіста) — найперш трэба зрабіць (і тут падстаўце што-небудзь паграндыёзьней і панерэальней)» можна наагул упіхнуць усё нашае жыцьцё, усё дарагое й важнае нам. Упіхнуць, плюнуць на яго і ботам расьцерці. Ну бо ж ня час для яго! У нас тут караблі касьмічныя прасторы барозьняць!
Расклад заняткаў у беларускага першаклясьніка ажно ў 2015-м: расейская мова — 3 заняткі, расейская літаратура — 3 заняткі, беларуская мова — 1, беларуская літаратура — 0. Колькі яшчэ пачакаем? Фота Яўгена Меркіса
Корпаючыся ў спробах зразумець гэтае нашае фатальнае самаабясцэньваньне, усялякі раз вяртаюся да... мудрасьці, зашыфраванай у нашай роднай мове. Вось глядзіце. Многія з нас блытаюць значэньні словаў «цяпер» і «зараз». А некаторыя дык і наагул тое няшчаснае «цяпер» адмаўляюць: маўляў, расейшчына, ату яе! Між тым абодва гэтыя словы абсалютна натуральныя для нашае мовы і пры гэтым розьняцца міжсобку. «Цяпер» — гэта слова зь цяперашняга часу, тое, што адбываецца вось менавіта ў дадзены момант: ты цяпер чытаеш «Прыдарожны пыл», ты цяпер данаціш на «Будзьма беларусамі» і г. д. Ну а «зараз» — гэта ўжо гаворка пра будучы час, тое, што яшчэ не адбылося й неўзабаве адбудзецца: зараз я дачытаю «Прыдарожны пыл» і пайду заданачу на «Будзьма беларусамі».
Цяпер разумееце? Ну а я зараз працягну.
А калі дом гарыць — таксама пачакаем? Пажар у гандлёвым цэнтры «Беларусь» (сьнежань 2024 г.). Фота vitvesti. by
Дык вось. Магчыма, гэтая блытаніна сэнсаў калі й не тлумачыць цалкам, то прынамсі выдатна ілюструе й нашую блытаніну ў падыходзе да таго, што нам рабіць і як наагул жыць. Жыць тут і цяпер — гэта быць максымальна шчырымі самі з сабою, пражываць кожны момант як апошні, напоўніцу. Гэта нялёгка, згодны. Часьцяком куды прасьцей адкласьці як-небудзь на потым, праўда? Заняцца ўласным здароўем і скінуць лішнюю вагу, пачаць размаўляць па-беларуску альбо вывучыць замежную мову, падцягнуць «хвасты», прыбрацца ў кватэры, патэлефанаваць бацькам і г. д.
Адкласьці, як той казаў, на сьвятое ніколі. Альбо, як кажуць у нас на Гарадзеншчыне, на сьвенты нігды.
Усе ж чулі гэты выраз? Яшчэ адная моўная цікавінка, якая надта ж дарэчная да нашых сёньняшніх развагаў. Выраз «на сьвятое/сьвятыя ніколі» (яшчэ сустракаецца варыянт «на сьвятыя мігды») азначае літаральна «невядома калі, ніколі, на няпэўны час». Гэткая моўная гульня зь іншым выразам: «на сьвятога Ніколу (Міколу)», то-бок на Дзень сьвятога Міколы — каранямі можа сягаць яшчэ далей, ажно да часоў Рымскае імпэрыі. Кажуць, імпэратар Актавіян Аўгуст надта ж любіў выраз «ad kalendas Graecas» («да грэцкіх календаў»), які і азначаў дзень, каторы ніколі не наступіць, бо яго няма ў календары.
Дарэчы, у нашай мове ёсьць і іншыя выслоўі з падобным значэньнем: як воўк брахаць хвастом будзе; як на далоні валасы парастуць; як будзе баба дзеўкаю; як бусел жарабя ўродзіць; на тое лета, пасьля абеда, гэтакаю парою; (заўтра) ў тую пару, калі рак паляціць з вады ўгару.
Карацей, што-што, а на сьвятое ніколі мы, беларусы, адкладаць умеем будзь здароў! З натхненьнем і красамоўем!
Кожны дзень напоўнены Беларусьсю. Каляндар-слоўнічак-2025 «Лёгкая мова». Фота litarka. com
І штораз, калі я чую чарговае «ня час для гэтага!», адказваю раздражнёна: дык а калі, як не цяпер?! Чакаць, да прыкладу, зрынаньня антыбеларускага рэжыму, каб, урэшце, узяцца за адраджэньне нашае мовы? Дык ён ужо чацьвёрты дзясятак гадоў сядзіць — колькі яшчэ чакаць? Беларуская дзятва сёньня часьцяком наагул не разумее роднае мовы — а мы ўсё будзем чакаць таго зрынаньня рэжыму? Дык нават калі той рэжым заўтра лясьнецца, зноўку ж паўстане чарговае «сьвятое ніколі»: трэба ж найперш эканоміку падняць, а тады ўжо можна і за мову брацца! А потым — яшчэ нешта, і яшчэ, і яшчэ...
Альбо, скажам, некаторыя прапаноўваюць адкласьці ўбок беларускія справы і кінуць усе свае сілы, час і энэргію на развал Расеі, перавыхоўваньне расейцаў і яшчэ штосьці там падобнае з шэрагу касьмічных праектаў. Дык а сваё — што, пачакае? Колькі чакаць? Дзень? Два? Месяц? 10 гадоў? Трыста гадоў? І што, увесь гэты час нашыя беларускія справы пачакаюць, пакуль мы будзем займацца чужымі? Як па мне, ды хай яны там хоць на галаве ходзяць, тыя расейцы — абы да іншых ня лезьлі.
Пры гэтым нашых справаў аніхто за нас ня зробіць. І ніхто нашага беларускага жыцьця за нас з вамі не пражыве. Нават сьвяты Мікола.
І, урэшце, няхай жа ж жыве Беларусь тут і цяпер, а не калі-небудзь потым, праўда?
Валера Руселік, Budzma. org