Ён не п’е, не курыць і зусім не карыстаецца мабільным тэлефонам. Ён проста грае п’есы для адзінокай флейты ў мінскіх кавярнях для выпадковых слухачоў, піша магічныя вершы, а ў вольны ад творчасці час працуе на радыё.
З кавярні на ціхай вулачцы практычна ў цэнтры Мінска даносяцца гукі кларнета. Да яго раз-пораз далучаецца бязладнае шыпенне кава-машыны, і часам падаецца, што яна ўдзельнічае ў гэтай дзеі. Музыка і паэт Віктар Сямашка для сваіх выступаў заўжды намагаецца абіраць такія ціхія ды ўтульныя месцы. Амаль 15 гадоў яго бачылі ў складзе розных эксперыментальных фармацый — “Нагуаль”, “Кузнец і Сяманя”, “Князь Мышкін”, а цяпер ён выступае пераважна сольна. Але не адзін. У гэты вечар разам з ім грае выдатны бас-гітарыст Эрык Арлоў-Шымкус і родны брат Алесь Сямашка. Са словаў Віці, гэта адны з нямногіх людзей у Мінску, здольныя імправізаваць. За працэсам стварэння музыкі ў рэальным часе сочыць з дзясятак слухачоў. Кампазіцыі нараджаюцца тут і цяпер, таму самі музыкі не ведаюць да якіх вышыняў сягне іх думка. Кожны свой выступ Віктар фіксуе на дыктафон, пераслухоўвае і потым ужо дае назвы кампазіцыям. Адна з апошніх, напрыклад, атрымала назву “Плюшавы дэсант”. “Ёсць там атмасфера палёту над Беларуссю з нейкай сакрэтнай місіяй”, — тлумачыць музыка, але не настойвае на адназначнай трактоўцы сваіх твораў. Наогул Віця лічыць слухачоў толькі пасярэднікамі, а звяртаецца да Бога, хоць у месіянстве не заўважаны. Кажа, што імкнецца вярнуць музыцы яе сакральны сэнс, каб яна магла аднавіць сувязь чалавека з Уладаром.
Віктар Сямашка з малых гадоў таксама піша вершы. Першыя яго творы прагучалі на беларускім радыё яшчэ тады, калі аўтару было 12. Цяпер ён мае два зборнічкі, а цягам вясны ў выдавецтве “Галіяфы” мае выйсці трэці — “Габітацыя”. Але на канцэртах ён чытае вершы рэдка і з музыкай іх не спалучае. “Гэта два розныя віды мастацтва. Наколькі яны блізкія, настолькі і розныя. Паэзію і музыку можна параўнаць з рознымі раз’ёмамі ў камп’ютары, яны маюць розныя спосабы падлучэння”.
Кожны выступ для Сямашкі — экстрым. Яму не патрэбныя канцэртныя залы, нешматлюдная кавярня яго цалкам задавольвае. Гэта самы просты варыянт, які не накладае абавязкаў ані на слухачоў, ані на яго самога. “Я нікога не заманьваю на свае выступы, не прадаю квіткоў і не развешваю афішаў. Мне цікава, калі прыйдуць людзі абсалютна незаангажаваныя, якія нічога пра мяне не ведаюць. Яны могуць слухаць, а могуць проста піць гарбату, гэта не атмасфера канцэртнай залы”.
Віктар мае жонку і сына. Жыве з працы на радыё. Ён цалкам усведамляе, што музыкай не заробіш. Але ў яго няма адчування, што яго занятак дарэмны, бо творчасць прыносіць радасць. “Сямейныя абставіны якраз і змушаюць да таго, каб граць публічна, а не дома”, — так жыццярадасна падыходзіць музыка да сваёй творчасці і сцвярджае, што знайшоў сэнс жыцця, толькі словамі яго выказаць не можа. Віктар наогул не любіць ставіць перад сабой мэты, бо ў выніку атрымліваецца не тое, што планавалася, ці незразумела што рабіць пасля дасягнення мэты, ці ўкладзеныя сілы і рэсурсы не апраўдваюць дасягнення. Ягоная дарога ў тым, каб рабіць тое, што падабаецца, з такой лёгкай няпэўнасцю, а потым ужо шукаць у гэтым сэнс.
Неўзабаве на лэйбле Fundamental.net выйдзе новы альбом музыкі./
Паслухаць ранейшыя сэты можна тут.
Ужывую пачуць Віктара Сямашку можна 25 сакавіка ў кавярні Newton.
Сяргей Будкін