Беларускі фальклор прагучаў на адным з найбуйнейшых фестываляў традыцыйнай музыкі ў Польшчы Wszystkie Mazurki Świata. Выступілі гурты «Колісьнія» і Poniemnie.
Гурт «Колісьнія»
У Варшаве прайшоў фестываль Wszystkie Mazurki Świata («Усе мазуркі свету»). Гэта адна з найбуйнейшых і найбольш вядомых цыклічных імпрэз, прысвечаных традыцыйнай музыцы, у Польшчы: некалькі дзён канцэртаў, майстар-класаў, танцавальных вечарын, кірмаш музычных інструментаў, праграма для дзяцей. Падчас фестывалю адбыўся канцэрт «Памежжа без межаў», на якім прагучалі ў тым ліку і беларускія песні ды танцавальныя мелодыі. Канцэрт быў прысвечаны польска-беларуска-літоўскаму памежжу. Гурты «Колісьнія» і Poniemnie прадставілі паўночна-заходнюю Беларусь, а Chłopcy z Nowoszyszek і Pogranicze — паўночна-ўсходнюю Польшчу.
Куратарка канцэрта «Памежжа без межаў» Наста Някрасава і галоўны арганізатар фестывалю Wszystkie Mazurki Świata Януш Прусіноўскі
«Сёлета тэма меж і памежжа асабліва важная, — казала са сцэны куратарка канцэрта Наста Някрасава. — Назва канцэрта паказвае, што памежжа не раздзяляе людзей, а злучае. Мы — спадкаемцы Рэчы Паспалітай нават не абодвух, а шматлікіх народаў. Мы хочам глядзець на памежжа як на тое, што нас узбагачае. А часамі памежжа ў плане захавання традыцыйнай культуры багацейшае за цэнтр».
Гурт Pogranicze з Шыплішкаў на Сувалках пачаў выступ з велікоднай песні Wesoły nam dziś dzień nastał, запытаўшы ў залі, ці дазволяць заспяваць. У іх мясцовасці валачобніцтва звалася «хаджэнне з алелуяй» (chodzenie z Alelują). У прыпеве другой валачобнай песні, якую гурт выканаў на канцэрце, уласна пяецца «Алелуя, алелуя». У Шыплішках калядаванне было менш папулярным за валачобніцтва.
Гурт «Колісьнія» з Мінска граў музыку з Цэнтральнай і Заходняй Беларусі. Прагучалі танцавальныя мелодыі і вясельныя песні. Зала вельмі прыхільна сустрэла беларусаў, ахвотна танчыла. Падчас фестывалю «Колісьнія» таксама давалі майстар-клас па танцах, удзельнічалі ў кірмашы музычных інструментаў. Назва гурта адсылае да іх рэпертуару: граюць даўнюю музыку, колісьнія людзі.
Гурт Poniemnie складаецца са студэнтаў і супрацоўнікаў Варшаўскага ўніверсітэта. Выконвае песні беларускага Панямоння (Гродзеншчыны) на мясцовых дыялектах беларускай і польскай моў (пра дэбютны альбом гурта мы пісалі тут).
На канцэрце разам з традыцыйнымі валачобнымі і сацыяльна-побытавымі песнямі Poniemnie выканаў львоўскую песеньку, якая ў міжваенны час трапіла на Гродзеншчыну, хутчэй за ўсё праз радыё і вінілавыя плыты. Прагучаў таксама раманс, які мастацкая кіраўніца гурта Наста Някрасва класіфікуе як частку гарадскога фальклору Гародні. «На Гарадзеншчыне праз урбанізацыю хутчэй адыходзіў традыцыйны рэпертуар і развіваўся гарадскі», — патлумачыла этнамузыколаг.
Гурт Chłopcy z Nowoszyszek узяў сваю назву з аднайменнага рамана польскамоўнага пісьменніка Фларыяна Чарнышэвіча, родам з Усходняй Беларусі. Ён паходзіў са шляхецкай каталіцкай сям’і, змагаўся супраць бальшавікоў. Пасля Рыжскага міру 1921 г. жыў на Віленшчыне, у 1924 г. эміграваў у Аргентыну. Пра віленскі перыяд свайго жыцця Чарнышэвіч напісаў згаданы раман. А гурт, каб падкрэсліць сваю любоў да польска-беларуска-літоўскага памежжа, узяў яго назву. Chłopcy z Nowoszyszek свой рэпертуар перанялі ад скрыпачоў Францішка Раціса і Мечыслава Пахутко, якіх ужо няма на гэтым свеце.
У канцы канцэрта можна было яшчэ раз пераканацца, што памежжа не раздзяляе, а яднае: гурты «Колісьнія» і Chłopcy z Nowoszyszek зайгралі разам.
Гурт Poniemnie
Гурт Chłopcy z Nowoszyszek
Алена Ляшкевіч, budzma.org
Фота і відэа аўтаркі