Прайшло ўжо больш за месяц з таго дня, як у памяшканні Беларускага моладзевага хаба ў Варшаве на плошчы Канстытуцыі, 6 памянялі замкі. Старая каманда адмовілася працаваць з новым кіраўніком Сяргеем Бульбам і цяпер шукае новае памяшканне. Мы паразмаўлялі з кіраўніком каманды Хаба Алесем Лапко аб цяперашніх справах і перспектывах арганізацыі, а таксама задалі пытанні аб развіцці канфлікту з Сяргеем Бульбам, якія цікавяць нашых чытачоў.
Перадгісторыя
Другога жніўня ў памяшканні Беларускага моладзевага хаба ў Варшаве на плошчы Канстытуцыі, 6 у прысутнасці паліцыі памянялі замкі. Адбылося тое па ініцыятыве былога кіраўніка і заснавальніка «Белага легіёна» Сяргея Бульбы, які сцвярджае, што цяпер з’яўляецца законным кіраўніком моладзевага хаба, зарэгістраванага як Stowarzyszenie «Białoruski Młodzieżowy Hub». У сваю чаргу цяпер ужо былы кіраўнік Хаба Аляксандр Лапко заяўляе, што адбыўся рэйдарскі захоп. Тады ж, 2 жніўня, у польскім судовым рэестры юрыдычных арганізацый з’явілася інфармацыя пра рэгістрацыю арганізацыі Belarusian Youth Hub з прэзэсам Аляксандрам Лапко. Пра сітуацыю мы пісалі тут.
Дзверы Беларускага моладзевага хаба 2 жніўня 2023 г.
Першага верасня ў памяшканні Беларускага моладзевага хаба на плошчы Канстытуцыі, 6 пачала працаваць прастора «Робім разам». Падобную назву мае грамадская арганізацыя, якую Сяргей Бульба зарэгістраваў 13 чэрвеня і дзе з’яўляецца прэзэсам: Białoruś 2.0. Zróbmy to razem. Пад такой жа назвай дзейнічае рускамоўны сайт, які не абнаўляецца з лютага 2022 г.
Цяперашнія справы і перспектывы
Алесь Лапко распавёў:
— Мы не спынялі дзейнасць, нягледзячы на адсутнасць уласнага памяшкання. Наша ініцыятыва «Напішы ліст палітвязню» зараз часова працуе ў Free Belarus Centre, але хоча да нас вярнуцца, калі знойдзем новае памяшканне. Музычная школа і танцавальны гурток Яварына Kids пакуль на вакацыях. Каманда Хаба, як і раней, выступае як суарганізатар розных мерапрыемстваў, як інфармацыйны партнёр.
Алесь Лапко
Мы дапамагаем нашым ініцыятывам стаць больш самастойнымі. Напрыклад, падтрымліваем у працэсе афіцыйнай рэгістрацыі. Інфармуем, што на сайце мэрыі Варшавы можна знайсці памяшканні, які горад прапаноўвае НДА ў арэнду па мінімальным кошце. Я магу дапамагчы скласці заяўку. Досвед паказвае, што працэс атрымання памяшкання займае да 9 месяцаў.
Калі нашы ініцыятывы падаюць заяўкі на нейкія праекты, то мы просім, каб закладалі грошы на дзейнасць Хаба, калі плануюць іх рэалізоўваць у нас: частку арэнды ці элементарна паперы набыць.
Як сказаў аднойчы культуролаг Максім Жбанкоў, у беларусаў зараз масавая замежная стажыроўка. Мы можам навучыцца дэмакратыі, камунікацыі між сабой, з дзяржавай. Не ўсе вернуцца ў Беларусь, але могуць паспрыяць аднаўленню краіны сваімі ведамі, досведам, кантактамі, інвестыцыямі.
Я на прыкладзе НДА спрабую паказаць людзям, як павінна працаваць дзяржава. Калі юрыдычная форма — таварыства, то ёсць сябры, чальцы, якім можа стаць кожны (народ), надзорная рада (парламент) і прэзэс (прэзідэнт), якім таксама можа стаць кожны, калі выканае пэўныя патрабаванні і за яго прагаласуюць. У Сяргея Бульбы, мабыць, не было разумення, як працуе НДА. Ён хіба думаў, што дастаткова замяніць Сашу на Сярожу — і ўсё будзе як раней. Тое ж самае ў дзяржаве — калі проста замяніць Сашу на Свету ці Віцю, то ці сістэма разваліцца, ці яе трэба загадзя падрыхтаваць, каб рэфармаваць, таму што яна не будзе працаваць.
Я заўважаю, што шмат праблем узнікае праз недахоп інфармацыі, камунікацыі і ведаў. Калі людзі пачынаюць больш камунікаваць, даведвацца адно пра аднаго, нешта вывучаць, становіцца нашмат прасцей. Тады больш шанцаў аб’яднацца.
Якое памяшканне шукае хаб
— Мы шукаем новае памяшканне для Хаба, — кажа Алесь Лапко. — Калі нехта бачыць абвестку, што нешта здаецца, то просім нам паведамляць. Можна пісаць нам сюды: info@bmhub.org. Мы гатовыя на арэнду па камерцыйных коштах. Наш бюджэт — да 12 тысяч злотых у месяц (да гэтага мы гатовыя аплочваць яшчэ камуналку). Трэба памяшканне плошчай не менш за 150 кв. м. Каб была адна зала для вялікіх мерапрыемстваў, яшчэ адна пад каворкінг, і яшчэ асобныя пакоі для музычнай школы, найлепш гукаізаляваныя. Вельмі важная добрая лакалізацыя ў Варшаве, лепш за ўсё, каб гэта быў цэнтральны раён, Śródmieście, ці прылеглыя да яго часткі іншых раёнаў. Найлепш, каб быў асобны ўваход. Хочам знайсці памяшканне як мага хутчэй, бо ў нашых ініцыятыў пачынаецца навучальны год.
Мы працягваем цяжбы за памяшканне на плошчы Канстытуцыі, 6. Нават калі абжывемся на новым месцы і вернем старое памяшканне, то, магчыма, будзе дзве лакацыі, бо нам патрэбна месца: ініцыятыў, якія хочуць з намі працаваць, вельмі шмат. Нам даводзілася шмат каму адмаўляць, бо каляндар быў распісаны цалкам.
Пра канфлікты ў Хабе
Перад інтэрв’ю мы сабралі пытанні, якія цікавяць нашых чытачоў. Алесь Лапко адказаў на іх у бліц-рэжыме.
— Кажуць, што пры старым кіраўніцтве ініцыятывы, якія дзейнічалі ў Хабе, павінны былі плаціць за памяшканне. Ці гэта праўда? Можа, Сяргей Бульба мае рацыю, што трэба было «навесці парадак», каб памяшканне Хаба было дасяжнае для ўсіх?
— Памяшканне Хаба на плошчы Канстытуцыі, 6 на 20% належыць гарадскім уладам Варшавы і на 80 % таварыству ўласнікаў гэтага дома. Горад аддаў нам сваю частку за мінімальны кошт, а рэшта аплаты ішла па вышэйшай стаўцы. То-бок гэта было не задарма. У нас выходзіла ў сярэднім каля 10–12 тысяч злотых (прыкладна 2200–2700 еўра — рэд.) за арэнду і камуналку. У апошні год аплаты камунальныя паслугі ўвесь час раслі. Мы не эканомілі на ацяпленні, каб наведвальнікам было камфортна (напрыклад, танчылі дзеці ў Яварына Kids — трэба адпаведныя ўмовы).
У нас была супольная з Linking Media праграма падтрымкі ад донараў на два гады. Там закладаліся пэўныя кошты, але падрослыя камунальныя аплаты іх перавышалі. Таму калі ў нас праходзілі платныя мерапрыемствы, мы прапаноўвалі ініцыятывам паўдзельнічаць у пакрыцці некаторых выдаткаў. Напрыклад, так сталася, што мы не запланавалі грошы на прыборку памяшкання. Таму мы папрасілі ініцыятывы ці самім прыбірацца, ці аплочваць працу чалавека, які пагадзіўся гэта рабіць. Ці калі было трэба, каб адміністратар выйшаў на працу ў выходны, прапаноўвалі ініцыятывам самім дамаўляцца і пра час, і пра аплату.
Агульныя кошты мы імкнуліся пакрываць з праектаў, а ад ініцыятыў чакалі пакрыцця іх уласных коштаў. Яны, напрыклад, самі прыстасоўвалі памяшканні пад свае патрэбы. Я б хацеў, каб больш пашыралася ідэя, што трэба ўдзельнічаць, у тым ліку фінансава, у працы тых арганізацый, з якімі вы супрацоўнічаеце, а не толькі чакаць, што нехта дасць грошы.
Каманда Беларускага моладзевага хаба
— Чаму Хаб не супрацоўнічаў з Алесем Таболічам?
— У 2022 годзе ён неаднаразова атакаваў Хаб і яго супрацоўнікаў, пісаў брыдкія допісы ў Facebook на сваёй старонцы, каментары пад пастамі Стасі Гліннік і Хаба. У асноўным пад ранак гэтыя допісы знікалі. Разам з тым за сваю калабарацыю з беларускай прапагандай Таболіч не выбачаўся і адкрыта казаў: «А што тут такога?» — калі ўжо сотні палітвязняў сядзелі ў турмах, СМІ разгромленыя, НДА выціснутыя за мяжу. Алесь Таболіч неаднаразова нападаў у інтэрнэце на нашых рэзідэнтаў і сяброў — мультыінструменталіста Сержука Доўгушава і Дзяніса Шматко (удзельнік гуртоў «Дзецюкі» і «Літы Талер»), а прыватна ў п’яным выглядзе лаяўся ў Хабе на Стасю Гліннік.
Агульным рашэннем каманды было адмовіць у правядзенні яго канцэрта ў Хабе, тым больш ён быў замешаны ў скандале вакол іншага канцэрта, суарганізатарам якога выступаў Моладзевы Хаб — да 50-годдзя Аляксандра Кулінковіча (тады Алесь Таболіч сварыўся з Лэслі Найфам). Вельмі важна будаваць інстытут рэпутацыі, калі кожны павінен адсочваць і кантраляваць, што кажа і робіць. Нельга ўвечары пісаць «гаўняны ПорнХаб», а зранку ісці і патрабаваць даць пляцоўку пад канцэрт. Па-першае, ніхто не павінен нічога рабіць на шкоду супольнасці, па-другое, гэта нармальна — бараніць сваіх і сваё, па-трэцяе, трэба несці адказнасць за свае ўчынкі, і выключэнне таксічных людзей — адзін з тых бяспечных інструментаў, якія ёсць у грамадзянскай супольнасці.
— Вы казалі, што падаяце ў суд за падробку Вашых подпісаў на дакументах Хаба. Ці ёсць навіны па гэтай справе?
— Праз польскую бюракратыю справа зацягваецца. Яе перадалі з аднаго аддзялення паліцыі ў іншае, на гэта афіцыйна адводзіцца месяц. Потым я даў узор подпісу — дакументы выслалі на экспертызу. Таму навін пакуль няма. Яшчэ Сяргей Бульба падаў заяву ў паліцыю, каб праверылі дакументацыю. Я вельмі рады гэтаму, хай правяраюць. Бо ў мяне дакументаў няма. Мы як каворкінг не мелі права іх захоўваць. А людзі, у якіх яны павінны быць, не даюць мне да іх дасяг. Магчыма, я знайшоў бы больш папер са сваімі падробленымі подпісамі.
— Чаму вырашылі перанесці канцэрт 9 верасня ў гонар Дня вайсковай славы з Замкавай плошчы на плошчу Канстытуцыі? Там жа з той жа нагоды будзе канцэрт 8 верасня, арганізаваны Сяргеем Бульбам з паплечнікамі.
— Гэта была прапанова ад мэрыі Варшавы, бо Замкавая плошча будзе ў гэты час занятая пад іншае мерапрыемства.
— Калі чалавек не ведае ні старую, ні новую каманду хаба, а проста наведваў мерапрыемствы на плошчы Канстытуцыі, 6, і будзе працягваць гэта рабіць, то ён — калабарант?
— Па памяшканні хаба ў нас такая пазіцыя: гэта часова акупаваная тэрыторыя, і любая калабарацыя з новым кіраўніцтвам не вельмі добра абернецца для тых, хто будзе гэта рабіць. Гэта як паехаць у акупаваны Крым. Мы стараемся гэтую інфармацыю даносіць да людзей.
— Калі Сяргей Бульба Вам прапануе супрацоўніцтва, Вы на гэта пойдзеце?
— Пакуль такіх прапаноў не паступала. Нам дзве арганізацыі прапаноўвалі медыяцыю. Я прыняў абедзве прапановы, а Сяргей Бульба ад абедзвюх адмовіўся.
Прастора Хаба на плошчы Канстытуцыі ўжо знішчаная, пераназваная. Зараз знішчаюць таксама арганізацыю як юрыдычную асобу. Я ўжо не маю дасягу да дакументаў, але ўскосна даведваюся, што не заплацілі за электрычнасць (да сервіса прывязаны мой тэлефон, я атрымаў смс), за інтэрнэт. Не заплацілі падаткі, заробкі. А гэта значыць, што калі яшчэ месяц не заплацяць, то арганізацыя трапіць у чорныя спісы падатковай, інспекцыі працы, іншых службаў. І ў выніку, калі мы вернем кантроль над юрыдычнай асобай, то можам атрымаць вельмі кепскую гісторыю стасункаў з пастаўшчыкамі паслуг.
— Чаму Вы раней не апублічылі сітуацыю канфлікту з нагляднай радай, а дачакаліся змены замкоў?
— Мне робяць закіды і за тое, навошта мы ўвогуле гэта апублічвалі, маўляў, калі Вы маеце рацыю, трэба было ціхенька разбірацца праз суд. З другога боку, пытаюць, чаму апублічылі так позна. Не я адзін прымаў рашэнне аб апублічванні. Былі кансультацыі з нашымі партнёрамі, донарамі, юрыстамі. Параіўшыся, мы паспрабавалі прадухіліць тое, што адбылося, але трошку не паспелі праз тое, што лета, і польская бюракратыя павольна працуе.
Спачатку было незразумела, хто за гэтым стаіць, бо Бульба з’явіўся толькі 2 жніўня, калі не лічыць ананімных паведамленняў мне ў WhatsApp. Перад гэтым прыходзіў да нас, працаваў у каворкінгу. Відаць, памяшканне яму вельмі спадабалася.
А. Л., для budzma.org