За што ў Беларусі забараняюць кнігі, хто ацэньвае іх «шкоднасць» і як агулам працуе механізм цэнзуры? Дакладных адказаў на гэтыя пытанні мы не маем. Асаблівасць беларускай сітуацыі — у адсутнасці ўцямнага тлумачэння з боку рэпрэсіўных структур. Кнігі знікаюць з бібліятэк, крам, школьных праграм — і разам з імі знікаюць важныя ідэі пра мову, гісторыю, свабоду, піша penbelarus.org.
Нашая задача — выносіць на святло «недазволеныя» кнігі, гаварыць пра іх. Бо слова працягвае жыць, пакуль ёсць тыя, хто хоча яго прачытаць.
Выстава, прысвечаная забароненым у Беларусі кнігам, будзе працаваць з 24 студзеня па 7 лютага ў Варшаве, у Музеі Вольнай Беларусі (Foksal 11). Гадзіны працы выставы:
Аўторак — пятніца: 16:00–20:00
Субота — нядзеля: 12:00–20:00
Праект дэманстраваўся на пачатку восені ў Кракаве, на 91-м Кангрэсе Міжнароднага ПЭНа, і ў лістападзе ў Гданьску, падчас правядзення цырымоніі прэміі Гедройця.
Старшыня Беларускага ПЭНа Таццяна Нядбай:
«Сабраныя на нашай выставе кнігі вельмі розныя: жанрамі, тэмамі, геаграфіяй, глыбінёй чалавечага досведу. Але аб’ядноўвае іх адно: непрыманне ідэй таталітарнай дзяржавы. Яны паказваюць іншыя мадэлі жыцця, альтэрнатыўныя версіі рэальнасці. Гэтыя творы і іх аўтары не ставяць межаў ні эмоцыям, ні думкам — і таму небяспечныя.
Сапраўдная літаратура не падпарадкоўваецца ўладзе, а проста слухае жыццё, ловіць яго дыханне і праз гэта і адлюстроўвае, і фармуе новы грамадскі парадак. Не прыслужвае — вось у чым яе галоўная віна перад дыктатурай.
У павелічальнай да абсурду чыноўніцкай оптыцы нават у нашага першадрукара можна адшукаць «небяспечныя» радкі. А колькі «мінаў запаволенага дзеяння» бачаць ідэолагі ў Купалы, Арсенневай, Ластоўскага, Някляева, Бахарэвіча, Севярынца... У нашых класікаў, сучаснікаў, замежных аўтараў.
У краіне, дзе праўда лічыцца пагрозай, а служэнне людзям — падазроным учынкам, словы свабодных творцаў гучаць як выклік. З’яўляюцца нагодай для забароны. Бо гаворка не пра пакору чарговаму начальству, а пра адказнасць перад сабой і Беларуссю.
Жыццё вучыць: у гісторыі няма цэнзара, які перамог бы слова. Кнігу можна спаліць, але не знішчыць сэнс. Думку можна зняволіць, але не прымусіць маўчаць. І менавіта таму літаратура застаецца наймацнейшай формай свабоды. Якая перажыве любы рэжым».
Сёння ў Беларусі:
311+ кніг забаронена з палітычных і ідэалагічных прычын
256+ аўтараў і аўтарак пад забаронай
5 ліквідаваных выдавецтваў за апошнія 5 гадоў
не менш за 31 чалавека слова ў няволі
Уся інфармацыя на тэму забароненых кніг сабрана і сістэматызавана на сайце.