Беларускі Рабінзон: Янка Маўр

З нагоды гадавіны нараджэння 10 траўня Янкі Маўра — класіка беларускай літаратуры ды аднаго з пачынальнікаў шэрагу яе накірункаў, «Будзьма!» вырашыла узгадаць шматграннага, цікавага і нетыповага беларускага творцу.


Імперскія рэпрэсіі і сваяцтва з Коласам

Пісьменнік Янка Маўр з’яўляўся надзвычай эрудзіраванванай і шматграннай асобай. А асаблівасці захапленняў у спалучэнні з кантэкстам яго літаратурных твораў, ствараюць асаблівую атмасферу, аўру вакол яго асобы, асабліва на фоне іншых і беларускіх, і савецкіх пісьменнікаў.

Нарадзіўся Янка Маўр яшчэ ў 1883 годзе, а таму значная частка ягонага жыцця прыпала не толькі на часы Савецкага Саюза, але і Расейскай імперыі. Малой радзімай пісьменніка стаў латвійскі горад Ліепая, дзе бацька працаваў сталяром. Пасля яго смерці, хлопец пераехаў з маці ў яе родную вёску Лебянішкі (цяпер тэрыторыя Літва). Дзякуючы намаганням маці, будучы пісьменнік атрымаў пачатковую адукацыю, паступіў спачатку ў Ковенскае рамеснае вучылішча, а пасля ў настаўніцкую семінарыю. Адначасова з навучаннем малады чалавек адкрыў для сябе шэраг аўтараў і навукоўцаў, сярод якіх былі Чарльз Дарвін з яго знакамітай тэорыяй. А таксама чытаў нелегальную літаратуру ды ангажаваўся ў сацыяльную праблематыку.

001.jpg
Янка Маўр – памочнік настаўніка пачатковай школы ў мястэчку Новае Места (Літва)

Варта адзначыць, што праблемы з уладамі (розных узроўняў) у маладыя гады ў Янкі адбываліся не аднойчы. Так, верагодна, адным з першых падобных здарэнняў стала выключэнне з настаўніцкай семінары і за, так званыя, вальнадумства і сумневы ў рэлігіі. Неўзабаве Янка ўсё ж атрымаў магчымасць здаць іспыты і атрымаць настаўніцкае пасведчанне.

Далей Янка Маўр пачаў працу ў беларускіх школах. Менавіта ў гэты перыяд адбыўся чарговы і найбольш сур’ёзны пераслед будучага пісьменніка расейскімі ўладамі. У 1906 годзе ён прыняў удзел у нелегальным настаўніцкім з’ездзе, які, дарэчы, быў адлюстраваны ў творы Якуба Коласа «На ростанях» (ды прататыпам аднаго з герояў якога стаў Маўр). Пасля выкрыцця з’езда паліцыяй, Янка Маўр трапіў пад суд, яму забаранілі педагагічную працу, а паліцыя ўзяла пад нагляд.

Тут варта згадаць два аспекты, звязаныя з сямейным жыццём пісьменніка. Менавіта на з’езде Янка Маўр пазнаёміўся з Якубам Коласам, з сям’ёй якога пазней парадніўся — дачка Маўра пабралася з сынам Коласа. Другі аспект звязаны з уласным шлюбам. Звычайна жонкай пісьменніка згадваецца Стэфаніда Аляксандраўна. Але цікава таксама ўзгадаць, што гэта быў другі шлюб. Перад гэтым Янка Маўр працаваў гувернёрам у сям’і святара, пасля смерці якога ажаніўся на ўдаве і гаспадыне дома, якая засталася з трыма дзецьмі.

Пісьменнік-пачатковец сталага ўзроста

Тролькі праз некалькі гадоў пасля судовага працэса (звязанага з настаўніцкім з’ездам) Янка Маўр змог аднавіць педагагічную працу. У 1911 годзе ён пачаў працаваць у мінскай прыватнай гандлёвай школе, а яшчэ пазней у мінскай чыгуначнай гімназіі і чыгуначнай школе.

Дэбютаваў пісьменнік ужо 20-х гадах ХХ стагоддзя. Адметна, што ў адрозненні ад многіх іншых славутых беларускіх пісьменнікаў (таго часу), Янка Маўр пачаў літаратурную дзейнасць у досыць сталым узросце, калі яму было больш за сорак гадоў. У прыватнасці, сваю першую аповесць ён напісаў ва ўзросце сарака чатырох гадоў.

002.jpg
Янка Маўр — семінарыст Панявежскай настаўніцкай семінарыі

У перыяд пасля ўсталявання савецкай улады ў Беларусі і да Другой сусветнай вайны Янка Маўр, акармя выкладчыцкай дзейнасці (скончыў выкладаць толькі каля 1930 года), працаваў у Наркамаце асветы ды рэспубліканскім саюзе работнікаў асветы, з 1930 да 1936 года працаваў у Беларускім дзяржаўным выдавецтве. Ды чым далей, тым болей ён разгортваецца ў творчай, літаратурнай працы. Так, у гэты перыяд з’явіліся такія творы, як «Чалавек ідзе», «У каіне райскай птушкі», «Сын вады», «Палескія рабінзоны», «ТВТ».

Падчас Другой сусветнай вайны Янка Маўр знаходзіўся ў эвакуацыі, спачатку ў Навасібірску, а потым ў Алма-Аце. Дарэчы, у гэты перыяд ён працягваў падтрымліваць сувязь з Коласам, які дапамагаў пісьменніку і фінансава (аплайіць навучанне дачкі, якая пазней і стала нявесткай Коласа). У 1943 годзе Маўр пераехаў у Маскву, а ў 1944 годзе вярнуўся ўжо ў Мінск, дзе да 1971 года працягваў сваю культурніцкую і літаратурную працу.

Эсперанта, Ява, скрыпка

Янка Маўр лічыцца не толькі вялікім эксперыментатарам, але і адным з пачынальнікаў шэрагу накірункаў у беларускай літаратуры. У прыватнасці, лічыцца адным з пачынальнікаў дзіцячай, прыгодніцкай, навукова-пазнавальнай і нафукова-фантастычнай беларускай літаратуры. У гэтым сэнсе адментную ролю адыграла веданне пісьменнікам эсперанта. У самым пачатку 1900-х Маўр толькі пачаў вучыць гэтую мову, а ў 1926 годзе нават вёў праграму на беларускай мове для аматараў і прыхільнікаў эксперанта, ды з’яўляўся ганаровым старшыней арганізацыі беларускіх эсперантыстаў. Менавіта веданне гэтай міжнароднай штучнай мовы дапамагло яму ў далейшым у творчасці, у тым ліку, для атрымання факталагічнага матэрыялу.

003.jpg
Якуб Колас і Янка Маўр на адпачынку

Многіх вельмі здзіўляла, што пісьменнік вельмі дакладна выяўляе ў сваіх тэкстах далёкія, экзатычныя краіны, хоць сам там ніколі не быў. Адзін з сакрэтаў звязаны з актыўнай перапіскай з эсперантыстамі іншых краін. Менавіта дзякуючы гэтаму з’явіўся раман «Амок», на напісанне якога натхнілі публікацыі пра паўстанне на Яве ў французскiм эсперанцкiм часопiсу, і матэрыялы для якога атрымліваў ад эсперантыстаў з самой Явы і Галандыі.

Пра шматграннасць і эрудзіраванасць Янкі Маўра, якая выяўлялася і ў творчасці, у пэўнай ступені, сведчыць і той факт, што ён сабраў адну з самых багатых прыватных бібліятэк. У ёй было мноства часопісаў, энцыклапедый, навуковых кніг, кніг вандроўнікаў, твораў сусветнай літаратуры і іншых тэкстаў. Але тая бібліятэка была страчана падчас вайны.

004.jpg
Я. Маўр у сямейным асяроддзі

Ды разам з тым у асобе Янкі Маўра цікавым чынам спалучалася і іншыя захапленні: захапленне спірытызма (ён праводзіў спірытычныя сеансы і нават вёў адіысловыя нататкі), любоў граць на скрыпцы, ладзіць розыгрышы і жарты. Янка Маўр цікавым чынам спалучаў у сабе дарослага і дзіцёнка, творцу і даследчыка, прыхільніка навукі і вандроўніка ў пазанавуковых сферах.

Кірыл Стаселька, budzma.org