Калі мы чуем нешта пра студэнцкія таварыствы, часцей за ўсё ўзгадваем галівудскія сюжэты, у якіх тэма тайных арганізацыяў у амерыканскіх універсітэтах закранаецца ў кантэксце дзейнасці спецслужбаў альбо разгульнага жыцця навучэнцаў у кампусах. Найбольш абазнаныя ў гісторыі Беларусі могуць прыгадаць пра дзейнасць «філаматаў і філарэтаў» — студэнцкіх суполак у Віленскім універсітэце 1820-х, куды ўваходзілі Адам Міцкевіч, Ян Чачот, Ігнат Дамейка ды іншыя менш вядомыя дзеячы. Як адрознівалася дзейнасць гэтых студэнцкіх суполак ад падобных рухаў на Захадзе? Ці ёсць перспектывы развіцця беларускіх студэнцкіх таварыстваў сёння? Распавядаем у артыкуле.
На пачатку XIX ст. у навучальных установах па ўсёй Еўропе ствараліся нямецкамоўныя студэнцкія таварыствы, якія пераўтварыліся ў сапраўдны рух арганізацыяў з рознымі палітычнымі, рэлігійнымі і каштоўнаснымі ўстаноўкамі. Досвед гэтых таварыстваў даў штуршок у тым ліку для распаўсюду студэнцкага руху і на землях, кантраляваных на той момант Расійскай імперыяй.
Першыя арганізацыі па прынцыпе зямляцтваў утваралі нямецкамоўныя навучэнцы ўніверсітэтаў у Тарту і Рызе. А потым ідэю падхапілі эстонскія і латвійскія студэнты гэтых установаў. З часам дайшло і да Вільні.
На тэрыторыі сённяшняй Германіі, Швейцарыі і Аўстрыі, а таксама на землях колішняй Прусіі на пачатку XIX ст. адначасова ўзнікалі арганізацыі з дыяметральна супрацьлеглымі каштоўнаснымі падмуркамі. Некаторыя падтрымлівалі традыцыі яшчэ сярэднявечных, выключна зямляцкіх суполак. Іншых студэнтаў больш цікавілі ідэі нацыянальнага рамантызму і ліберальнай ідэалогіі. Існавалі каталіцкія таварыствы, значную ролю мелі яўрэйскія аб’яднанні.
Нямецкі студэнцкі рух кардынальна адрозніваўся ад амерыканскага. Бо ў ЗША навучэнцы хутчэй капіявалі падыходы, ідэалогію і традыцыі «старэйшых таварышаў» са шматлікіх таемных арганізацыяў, на якіх, можна сказаць, уласна і будавалася амерыканская дзяржаўная сістэма. Асабліва падчас першых яе крокаў, калі амаль уся палітыка была прасякнута дзейнасцю рознага кшталту непублічных структураў — ад каштоўнасна-ідэалагічных да эканамічна-бізнесовых.
фота: zofingertagblatt.ch
Студэнцкія таварыствы паміж паўстаннямі супраць расейцаў
Студэнты Віленскага ўніверсітэта, што паходзілі з тэрыторый сучаснай Беларусі, на пачатку XIX ст. абапіраліся на традыцыі і ідэалогію нямецкіх таварыстваў нацыянальна-ліберальнага кшталту. Менавіта таму аднымі з галоўных кірункаў дзейнасці «філаматаў і філарэтаў» былі даследаванні культуры і гістарычнай спадчыны «простага народа».
Можна смела сцвярджаць, што віленскія студэнцкія аб’яднанні прытрымліваліся агульнаеўрапейскіх трэндаў нацыянальнага рамантызму, вельмі актуальнага на тыя часы.
фота: profil.adu.by
Імкненне да маштабавання дзейнасці на вялікія масы — адно з галоўных адрозненняў ад узгаданых нямецкіх брацтваў. Калі нямецкамоўныя студэнты ў Еўропе засяроджваліся на працы выключна сярод навучэнцаў, віленскія згуртаванні на пачатку XIX ст. спрабавалі выйсці за межы толькі студэнцкай арганізацыі. Такая асаблівасць была абумоўлена актыўным грамадскім жыццём у Еўропе, дзе ўжо развіваліся спартыўныя ініцыятывы, арганізацыі працоўных і іншыя аб’яднанні новага кшталту. Сярод гэтага своеасаблівага тлуму, які да таго ж канкураваў з суполкамі былой, рэлігійнай фармацыі, студэнтам было цяжка прабіцца за межы ўніверсітэтаў.
На тэрыторыі сучаснай Беларусі сітуацыя была кардынальна іншай. Хвалі рэпрэсіяў не дазвалялі грамадскаму жыццю ўзняць галаву, каб у дастатковай меры ўплываць на насельніцтва былога Вялікага Княства Літоўскага.
Удзельнікі віленскіх універсітэцкіх суполак у такой атмасферы прынялі даволі смелае рашэнне — нягледзячы на небяспеку магчымага пераследу з боку акупантаў «ісці ў народ». З адукацыйнымі і асветніцкімі ініцыятывамі. Таксама ў межах актуальнага ў тую эпоху разумення — прасоўваць «здаровы лад жыцця».
У якасці формы дзейнасці таварыства Тамаш Зан абраў маёўкі — агульныя пагулянкі з выкарыстаннем урачыстых, часам таямнічых рытуалаў. Гэта былі безалкагольныя сустрэчы, падчас якіх сябры таварыства выступалі з вершамі і прамовамі, ладзіліся гульні ды спевы.
Відавочна, што падобны фармат працы быў запазычаны ў нямецкіх студэнцкіх і часткова амерыканскіх брацтваў, аздоблены мясцовым каларытам і неабходнай канспірацыяй.
На жаль, на пачатку XIX ст. да беларускіх земляў яшчэ не дайшлі спартовыя тэндэнцыі, якія ўжо панавалі на Брытанскіх выспах і актыўна развіваліся ў Нямеччыне. На захадзе студэнцкая моладзь была для спартовых актывістаў, як «свежая кроў», і сталася адным з галоўных элементаў на шляху да папулярызацыі спартовых спаборніцтваў, гульняў.
Напрыклад, у Ірландыі менавіта студэнцкія таварыствы спрычыніліся да магутнага штуршку па развіцці нацыянальных відаў спорту, якія і да сёння не саступаюць пазіцыі брытанскім, канкуруюць з уплывамі вялікага суседа.
Чытайце па тэме:
Тэматыка «здаровага ладу жыцця» нездарма ўзнімалася віленскімі брацтвамі на пачатку XIX ст. Фізічная і маральная дэградацыя насельніцтва былога ВКЛ на працягу ўсяго стагоддзя выклікала рэакцыю ў рэлігійных, а потым і студэнцкіх асяродках. У гэтай сувязі ўзгадваецца таксама дзейнасць іншай, менш вядомай суполкі студэнтаў у Віленскай медыка-хірургічнай акадэміі ў 1836–1838 гг.
Лідар арганізацыі, якая налічвала некалькі сотняў сябраў, Францішак Савіч неаднаразова ў сваіх публікацыях падкрэсліваў неабходнасць прапаганды фізічнага і маральнага ўдасканальвання народа.
Яшчэ больш радыкальны супраціў палітыцы маскоўскіх начальнікаў па алкагалізацыі насельніцтва здзяйснялі каталіцкія дзеячы ў 1860-я, якія аб’ядноўвалі сялянаў дзеля супрацьстаяння рэальнаму алкагольнаму генацыду на тэрыторый былога ВКЛ.
Чытайце па тэме:
Рэпрэсіі і супрацьдзеянне кіраўніцтва вучэльняў, паліцыі на дзесяцігоддзі задалі траекторыю дзейнасці студэнцкіх таварыстваў у XIX ст.
Для віленскіх студэнтаў, а потым і для ўдзельнікаў зямляцкага аб’яднання навучэнцаў з Польшчы, Літвы і Беларусі ў Санкт-Пецярбургу «Огул», у якое ўваходзілі браты Каліноўскія, канспірацыя і патаемныя сустрэчы былі абумоўленыя неабходнасцю. У адрозненне, напрыклад, ад амерыканскіх студэнцкіх брацтваў, для якіх гэта ўсяго толькі частка рытуалаў. Можна сказаць, гульні.
Каліноўскія разам з аднадумцамі з-за пераследу паліцыі на чужыне падчас навучання былі вымушаныя абмяжоўваць публічную дзейнасць настолькі, што звестак пра дзейнасць зямляцтва засталося вобмаль.
Міжваенныя студэнты
Чарговы ўздым студэнцкага руху з удзелам беларускіх навучэнцаў пачаўся адразу пасля адраджэння Віленскага ўніверсітэта, за часам міжваеннае Польшчы.
У 1920-я і 1930-я Беларускі Студэнцкі Саюз (БСС) быў падобны на нямецкія брацтвы сярэдзіны XIX ст. дзякуючы паноўнаму сярод сябраў арганізацыі духу нацыянальнага рамантызму і палітызаванасці таварыства.
Дзейнасць БСС кардынальна адрознівалася ад канспіратыўнай працы «філаматаў і філарэтаў». Бо сітуацыя з пераследам іншадумства ў Вільні на пачатку XX ст. за 100 год змянілася.
Беларускі гісторык Уладзімір Ляхоўскі адзначае ў сваім даследаванні, што цягам 1920-х — 1930-х заканадаўства Польшчы, якое рэгулявала дзейнасць грамадскіх арганізацый, некалькі разоў змянялася ў бок больш жорсткіх патрабаванняў:
«Аўтаномія вышэйшай школы ў Польшчы захоўвалася і давала студэнтам для рэалізацыі сваіх грамадскіх і культурніцкіх праектаў больш шырокія магчымасці, чым для прадстаўнікоў іншых арганізацый няўрадавага сектара. Універсітэты і ў перыяд наступу аўтарытарызму ў краіне ў 1930-я гг. заставаліся невялікімі «выспамі» лібералізму, дзе працягвалася самадзейная грамадская і культурна-асветная чыннасць.
Калі, напрыклад, у 1937 г. у Польшчы былі забаронены амаль усе беларускія грамадскія арганізацыі, Беларускі студэнцкі саюз і Таварыства прыяцеляў беларусаведы ў Вільні працягвалі сваю легальную чыннасць у сценах Універсітэта С. Баторыя».
Такая рэчаіснаць дазваляла беларускім студэнцкім ініцыятывам праводзіць актыўную культурна-сацыяльную дзейнасць, удзельнічаць у палітычным жыцці. Хаця кіраўніцтва арганізацыі ўвесь час намагалася прытрымлівацца нейтральнага стану, супольнасць усе 20 год існавання хісталася паміж рознымі палітычнымі сіламі. Ад хрысціянскіх дэмакратаў да сацыялістаў рознага гатунку.
Прэзідыум Беларускай студэнцкай карпарацыі ў Вільні
Вялікі ўплыў у пэўныя перыяды на ўдзельнікаў згуртаванняў беларускіх студэнтаў здзяйснялі ў тым ліку прасавецкія камуністычныя групы і амаль непрыхаваныя бальшавіцкія агенты. У гэтым сэнсе студэнцтва не вельмі адрознівалася ад рэшты беларускага насельніцтва міжваеннай Польшчы. Гэта давала некаторыя падставы польскім спецслужбам апраўдваць рэпрэсіі і забароны беларускіх арганізацыяў неабходнасцю супрацьстаяць бальшавіцкай прапагандзе і радыкальнай дзейнасці.
Нягледзячы на палітычныя супрацьстаянні ўнутры Беларускага студэнцкага саюза, у розныя гады існавання арганізацыя займалася не толькі відавочнай асветніцкай і навуковай дзейнасцю, арганізоўвала культурніцкае жыццё, але і намагалася матэрыяльна падтрымліваць незаможных навучэнцаў. Хаця і не без цяжкасцяў з-за складанасцяў атрымання сродкаў з фондаў пры ўніверсітэце і слабой салідарнасці сярод беларускай грамадскасці.
Палярызацыя студэнцкіх рухаў
У сувязі з абвастрэннем палітычнай барацьбы ў Польшчы на пачатку 1930-х студэнцкі рух у краіне моцна палярызаваўся. З’яўленне нацыянал-радыкальных згуртаванняў адбілася і на студэнцкім жыцці. Некаторыя таварыствы навучэнцаў этнічных палякаў, у тым ліку ў Вільні, бралі за прыклад дзейнасць студэнтаў у Нямеччыне. Дзе асобныя суполкі далучаліся да фрайкораў — мілітыразаваных групаў ветэранаў Першай сусветнай (сімбіёз сучасных прыватных вайсковых кампаній з традыцыйнымі студэнцкімі брацтвамі).
Беларускія арганізацыі масава па гэтым шляху не пайшлі. Але БСС і іншыя былі вымушаныя ўлічваць верагоднасць фізічнага супрацьстаяння з ідэалагічнымі праціўнікамі падчас мерпрыемстваў. Да таго ж актывізаваліся прабальшавіцкія моладзевыя згуртаванні, якія на загады з Масквы неаднаразова здзяйснялі правакацыі супраць цэнтрыстаў з БСС і студэнцкіх таварыстваў блізкіх да беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў.
Уладзімір Ляхоўскі так апісвае адну з няўдалых акцыяў камуністаў супраць Беларускага студэнцкага саюза: «24 сакавіка 1930 г. да 12-х угодкаў святкавання Акта Незалежнасці Беларусі ў залу, дзе адбываліся ўрачыстасці з ініцыятывы БСС, уварваліся каля 200 камсамольцаў розных нацыянальнасцяў, якія пачалі закідваць беларускіх актывістаў камянямі, паліваць прысутных чырвонай фарбай і скандаваць камуністычныя лозунгі.
Беларусам удалося адбіць гэты бандыцкі напад, але ў выніку пагромнай акцыі адзін студэнт атрымаў раненне, былі пабітыя шыбы, пашкоджана мэбля».
Некалькі выпускаў беларускіх студэнтаў Віленскага ўніверсітэта ў міжваеннай Польшчы здолелі запачаткаваць традыцыю таварыстваў навучэнцаў. І гэта нягледзячы на стрымліванне польскімі ўладамі развіцця няпольскіх грамадскіх згуртаванняў, немагчымасць фінансавання за кошт дзяржаўных і дабрачынных фондаў, прамыя забароны і пераслед.
Частка беларускіх студэнтаў далучаліся да польскіх таварыстваў дзеля магчымасцяў атрымання матэрыяльнай дапамогі, іншыя імкнуліся распаўсюджваць нацыянальныя ідэі сярод землякоў і прадстаўляць нацыю ў міжнародных студэнцкіх структурах.
Бальшавіцкае мінулае ўплывае на сучаснасць
За сацыялістычным плотам умовы існаваня студэнцкіх рухаў былі кардынальна іншымі. Афіцыйна навучэнцы маглі гуртавацца выключна ў лаяльныя да кампартыі суполкі. Ці ўвогуле толькі ў ініцыяваныя бальшавікамі аб’яднанні. А любая «самадзейнасць», нават у перыяды больш-менш лагоднага стаўлення Масквы да беларушчыны і грамадскіх аб’яднанняў, сканчалася арыштамі, запалохваннямі. Альбо нават турэмнымі тэрмінамі ці расстрэламі.
Зважаючы на пабудаваны бальшавікамі падмурак, пасля 1991 г. масавы студэнцкі рух хаця б крыху падобны да віленскага 1920-х — 1930-х, не кажучы ўжо пра еўрапейскі альбо амерыканскі, узнікнуць адразу папросту не мог.
У заходняй традыцыі, нягледзячы на пэўную ступень патаемнасці і апеляцыю да закрытых грамадаў, студэнцкія таварыствы вядуць цалкам легальную публічную дзейнасць. Больш за тое, у ЗША ніхто нават не намагаецца хаваць, што сябры брацтваў з найбольш элітных універсітэтаў з’яўляюцца патэнцыйнымі спадкаемцамі палітычнага, вайсковага і бізнес-эстэблішмэнта. Прадстаўнікі каторага не толькі ўдзельнічаюць у фінансаванні згуртаванняў, але і дапамагаюць развіваць лідарскія якасці і наладжваць сувязі самым выбітным і перспектыўным студэнтам. Фактычна выхоўваюць моладзь, беручы ўдзел у жыцці арганізацыяў.
Адно з брацтваў Ельскага ўніверсітэта каля будынка арганізацыі, 1942 год
Такі заходні падыход, пабудаваны на імкненні да правакавання канкурэнцыі за блізкасць да элітаў, захаванне супрацьвагаў і канфліктнасці не толькі ў эканоміцы, але і палітыцы, абсалютна не адпавядае бальшавіцкай традыцыі.
Як можна заўважыць, студэнцкія арганізацыі і 100, і 200 год таму ў Вільні ствараліся ў часы турбулентнасцяў. У 1800-х гэта была канчатковая страта надзеяў на хуткае аднаўленне Рэчы Паспалітай, крах спадзеваў на напалеонаўскае войска, роспач сярод былых элітаў. У 1900-х — паслярэвалюцыйная трансфармацыя не толькі межаў, але і каштоўнасна-ідэнтычнасная рэвалюцыя.
Відавочна, што ў 1990-х у Беларусі ўмовы для пераходу выкананыя не былі, экзістэнцыйныя пагрозы не сталіся настолькі крытычнымі ў свядомасці соцыуму.
Да стану пераходу, вымушаных трансфармацый нашае грамадства падыходзіць толькі зараз.
Але нягледзячы на магчымыя ахвяры і страты, цалкам верагодна, што менавіта ў стане перад прорвай грамадства нашай краіны згенеруе сэнсы найвышэйшага гатунку, неабходныя для фарміравання грамадскай супольнасці сапраўды новага кшталту. У тым ліку і распачне традыцыю студэнцкіх брацтваў на еўрапейскі лад.
А. Г., budzma.org