Беларускія арганізацыі ў Літве з першых дзён вайны не засталіся ў баку ад таго, што адбываецца зараз ва Украіне. Пра тое, як яны дапамагаюць народу Украіны, мы ўжо пісалі раней. А сёння прапануем пачытаць гісторыі асобных людзей, якія не належаць ні да якой установы, але, прачнуўшыся 24 лютага ў новай рэальнасці, замест таго, каб трапіць у шок і апатыю, вырашылі па меры сіл рабіць тое, што можа калі не пакласці канец, то хаця б аблегчыць пакуты ні ў чым не вінаватых людзей.
Міхаіл: не кожны дзень здараецца гуманітарная катастрофа
Я жыву ў Літве восем год, — распавядае дызайнер Міхаіл, — паехаў сюды вучыцца, скончыў універсітэт. Паехаў па тых жа прычынах, чаму маладыя людзі з’яджаюць з Беларусі — не хацеў аддаваць час і мазгі так званай беларускай арміі.
24 лютага я прачнуўся, узяў тэлефон у рукі, пачаў чытаць навіны, даведаўся, што пачалася вайна. Адчуў тады гнеў, неразуменне, як гэта можа адбывацца ў XXI стагоддзі. У мяне ёсць блізкія і знаёмыя ва Украіне. Таму заставацца абыякавым я не хацеў.
У першыя дні я быў у шокавым стане. Не мог ні есці, ні спаць. Толькі чытаў навіны і перасылаў іх усім знаёмым. Потым я ўбачыў, што патрэбныя валанцёры, каб загружаць гуманітарную дапамогу на складзе, таму я паехаў туды. На наступны дзень мы з маімі знаёмымі паехалі на польска-ўкраінскую мяжу. Пачыталі ўсе тэлеграм-чаты і каналы, даведаліся, што ёсць некалькі памежных пераходаў, ёсць лагеры бежанцаў. Мы прыехалі ў першае месца — Дарогуск. Там адразу зразумелі, што ёсць чым заняцца.
У нас былі з сабой намёт, спальнікі. Мы паставілі намёт каля палаца Сухадольскіх — гэта турыстычны аб’ект у звычайны час, але зараз яго перарабілі ў пункт прыёму бежанцаў. Мы дапамагалі сартаваць гуманітарную дапамогу, збіралі людзям рэчы, у залежнасці ад таго, чаго ў іх не хапала: ежы, сродкаў гігіены, адзення. Па вечарах, калі людзі звычайна пачыналі масава прыязджаць з мяжы, мы дапамагалі ім зарыентавацца, атрымаць сім-карты, патрэбную інфармацыю і знайсці транспарт. У такія моманты мы павінны былі распавесці чалавеку, куды яму трэба звярнуцца, што рабіць, як патэлефанаваць, прынесці коўдру, камусьці знайсці яшчэ якія-небудзь рэчы.
Сартаванне рэчаў валанцёрамі ў лагеры бежанцаў. Крыніца: уласны архіў суразмоўніка
Мы прабылі там 7 дзён. У асноўным сартавалі рэчы. Праз пару дзён у нас з’явілася пэўная структура. Мы зрабілі такі невялічкі гуманітарны базарчык, дзе можна было сабраць сабе ўсяго патроху. Гэта ўсё змянялася вельмі дынамічна, таму што людзі прыходзілі, забіралі нейкія рэчы, адразу з’яўляліся новыя, бо прывезлі новую партыю гуманітарнай дапамогі. Асобна мы сартавалі рэчы, якія ішлі непасрэдна ва Украіну, напрыклад, рэчы для ваенных, некаторыя лекі. Потым прыязджалі людзі, якія непасрэдна займаюцца перавозкамі ва Украіну, мы ім загружалі гэтыя рэчы. Пад канец усе валанцёры ўжо змяніліся, бо людзі прыязджалі хто на дзень, хто на два, хто на пяць. Таму праходзіла такая ратацыя валанцёраў. Пэўныя абавязкі, якімі хтосьці займаўся, прыходзілася браць на сябе. У апошні дзень мне трэба было дапамагчы сям’і дабрацца да аўтобуса, які накіроўваўся на Нарвегію. У выніку аўтобус не дачакаўся: адмовіўся чакаць дзве гадзіны. Таму прыйшлося вырашаць, куды іх засяліць. У апошні дзень, калі мы ўжо з’язджалі, мы дапамаглі ім дабрацца да Варшавы. Паралельна з маім сябрам, які жыве ў Гданьску, дапамаглі ім знайсці жытло, каб яны былі бліжэй да Балтыкі: усё роўна яны накіроўваюцца ў Нарвегію. Так яшчэ ў апошні дзень атрымалася дабро зрабіць.
Мы жылі ў намёце, у нас былі спальнікі. Людзі гатавалі ў кухні гэтага палаца, але яшчэ прыязджалі людзі з нейкімі палявымі кухнямі, гатовай ежай. У гэтым плане ёсць уся падтрымка бежанцаў і валанцёраў. У палацы былі абсталяваны месцы для адпачынку: прыблізна 70 раскладанак, прытым яны стаялі вельмі шчыльна. Зразумела, з наплывам людзей месцаў усім не хапала, таму мы жылі ў намёце.
З агрэсіяй супраць беларусаў я не сутыкаўся, але было ў мяне пару выпадкаў, калі я дапамог чалавеку штосьці паднесці, ці яшчэ штосьці для яго зрабіў, а чалавек потым пытаецца, адкуль я. Я адказваю, што беларус. Ён кажа: дык беларусы ж ваююць супраць Украіны! Тады тлумачыў, што гэта зусім не так. Тлумачыў, што да чаго і што на самай справе адбываецца. Але ніякай адкрытай агрэсіі не было, усе былі вельмі міралюбныя, ставіліся з дабрынёй. Ніякай агрэсіі.
Агульнае ўражанне ад бежанцаў... Гэта жанчыны, дзеці, сталыя людзі. Я бачыў вельмі розныя карціны: як гора, так і слёзы радасці. Смех, смутак, усё ўперамешку. Бачыў людзей, якія патухлі, бачыў тых, хто трымаецца. Цяжка апісаць. Бачна, што не кожны дзень здараецца гуманітарная катастрофа.
Адзін мужчына, у яго шматдзетная сям’я, яны былі на машыне, распавядаў, што тры дні таму яны выехалі з Харкава, а два дні таму будынка, дзе яны жылі, не стала. Гэта было ў моманты першых бамбардзіровак Харкава. Учора ў цябе было ўсё, а сёння няма нічога, і ты едзеш у невядомасць. І гэта ўсё вельмі масава. Але бачна, што людзі трымаюцца, усе разумеюць, дапамагаць адно аднаму. Бачна было, што людзі ў гэтым месцы могуць ужо выдыхнуць, адчуць сябе ў бяспецы, бо тут аб іх паклапоцяцца.
Гэта была вельмі інтэнсіўная, вельмі ўражлівая паездка. Я рады, што быў менавіта там, дзе павінен быць. Я рады, што здолеў дапамагчы людзям, хаця сітуацыя, канечне, жахлівая.
Яна: я была ў такой жа сітуацыі ў 2020-м
Я ў Вільні ўжо паўтара гады, з’ехала, вядома, праз рэпрэсіі, — пачынае Яна. — Займаюся дыяспарай з таго моманту, як я сюды прыехала. Вяду інфармацыйны тэлеграм-канал «Акцыі Вільнюса», займаюся арганізацыяй розных мерапрыемстваў.
Яна Чарняўская. Крыніца: уласны архіў суразмоўніка
Пра тое, што пачалася вайна, мне напісаў сябар. Для мяне гэта не было такой нечаканасцю, як для іншых, бо я сачыла за навінамі. Гэта як у Чэхава: калі на сцэне з’яўляецца ружжо, яно павінна выстраліць.
У першы дзень, як пачалася вайна, я стварыла табліцу. То-бок гэта была форма, куды людзі, якія знаходзіліся ва Украіне, упісвалі свае пашпартныя дадзеныя, пакідалі нумар для сувязі. Пазначалі, ці ёсць у іх віза. Гэта была такая табліца для тэрміновай рэлакацыі ў Польшчу або ў Літву. Гэтыя дадзеныя я перадала ў Freedom House — гэта праваабарончая арганізацыя тут, якая займаецца візамі і гуманітарнымі калідорамі.
У гэтай табліцы было сем тысяч толькі беларусаў, і амаль палова з іх з’ехалі па палітычных матывах. Тыя людзі, каму адчынялі гуманітарны калідор, і якія былі ва Украіне з-за рэпрэсій, маюць права на гуманітарны від на жыхарства ў Польшчы і ў Літве. Я разумею, што шмат хто, напэўна, не дачакаўся, усё ж сілы былі абмежаваныя. Большая частка людзей, якія змаглі верыфікавацца, ім адкрылі гуманітарныя калідоры ў Польшчу і ў Літву. І я тады рассылала лісты, дзе была ўся інфармацыя: як легалізавацца, калі можна паехаць у Польшчу або Літву, якія магчымасці існуюць.
Я вырашыла дапамагаць бежанцам, бо ў мяне, напэўна, прачнулася сацыяльная адказнасць. Я была ў такой жа сітуацыі, калі я з’яджала ў 2020 годзе. У мяне ў адной кішэні былі майткі з якойсьці вясковай крамы, у другой зубная шчотка, і ўсё, больш нічога не было. Таму я разумею: гэта сапраўды велізарная гуманітарная катастрофа.
Ужо больш за два мільёны з’ехалі. Гэта так на лічбах проста гучыць, але насамрэч гэта жах і жудасць. Я вырашыла паехаць на мяжу, бо маю медычную адукацыю: я лекар. І я падумала, што магу дапамагчы. Каб у мяне не было дзяцей, я б магла паехаць у нейкі шпіталь ва Украіну, але калі туды ехаць, то ўжо не на тыдзень, гэта ўжо надоўга. Адказнасць перад дзіцём: я не магу яго так кінуць надоўга, бо яму патрэбна маці. І я вырашыла ехаць на мяжу. Ехалі зусім не ведаючы, што там робіцца. Насамрэч інфармацыі пра гэтыя пункты шмат, але дакладнай інфармацыі, ці патрэбен ты ў гэтым канкрэтным пункце — няма. Гэта значыць, ты прыязджаеш, калі высвятляецца, што там сапраўды шмат валанцёраў, то едзеш на іншы памежны пункт.
З польскай мяжы людзей вязуць у цэнтры размеркавання ўцекачоў. Там амаль няма мужчын, гэта ўсё жанчыны з малымі дзецьмі. Бывае, што едуць проста дзеці, напрыклад старэйшая сястра, а з імі тры-чатыры няпоўнагадовых. На мяжы я займалася медычнай дапамогай, але не зусім. Я больш працавала як фармацэўт. Звычайна ёсць спісы таго, што патрэбна ва Украіну. Але гуманітарная дапамога звычайна прадстаўляе сабой вялікую колькасць гэтых скрынак з лекамі, якія яшчэ і не падпісаныя. Я заняла адзін намёт, мне туды зносілі ўсе лекі за тыдзень, я там разграбала гэтыя медыкаменты. Упакоўкі былі на розных мовах. І трэба было глядзець не па назве, а па рэчыве, якое там. Я там пісала на скрыні «Україна», ставіла крыжык, і пісала, якія ў ёй медыкаменты, бо ім тады прасцей... Гэта ўсё забіраюць украінскія кіроўцы, гэта ўсё вязуць ва Украіну. Іншую частку медыкаментаў, якая заставалася, я таксама сартавала: сама сабе прыдумала сістэму, напэўна, як у аптэцы. Я па розных скрынях сартавала: гэта ад кашлю для дзяцей, гэта ад кашлю для дарослых, ібупрафен, парацэтамол для дарослых і для дзяцей, асобна лекі ад алергіі. Гэта асноўныя медыкаменты, якія спатрэбяцца людзям, якія едуць далей у Еўропу, бо ў Еўропе яно каштуе шмат і шмат якія лекі — па рэцэпце. Мы збіралі такія аптэчкі для бежанцаў.
Фота10. Намёт, дзе Яна сартавала медыкаменты. Крыніца: уласны архіў суразмоўніка
Калі казаць пра польскую сістэму размеркавання бежанцаў — яна вельмі дакладная. Шмат людзей, якія прыязджаюць, нават не ведаюць, дзе яны будуць жыць, і, суадносна, хто іх туды будзе везці. Трэба сказаць, што гэта жытло і праезд — гэта ўсё бясплатна. У польскага боку ёсць валанцёры. Як толькі бежанцы прыязджаюць у пункт размеркавання, яны рэгіструюцца, пакідаюць пашпартныя звесткі. Кажуць, ці ёсць ім куды ехаць, калі няма — ім шукаюць жытло. Прытым звычайна ўцекачы чакаюць ад дзвюх гадзін да дзвюх дзён. Бываюць такія сітуацыі, калі ў бацькоў, напрыклад, пяць дзяцей. І складана знайсці такое жытло, але ў любым выпадку ўсё знаходзяць. Людзі прыязджаюць, а пра дзве гадзіны ў гэтым будынку ўжо зусім іншыя людзі. Гэта такі паток. Пакуль людзі чакаюць, у іх ёсць месца, дзе паспаць, што паесці і нават медычная дапамога.
Я чытала шмат навін пра агрэсію да беларусаў з боку ўкраінцаў, але я не сутыкалася. Па-першае, некалькі ўкраінцаў сказалі, што ў мяне вельмі прыгожая руская мова, мякчэйшая, чым у расейцаў.
А так мы на намёт павесілі БЧБ-сцяг і быў украінскі сцяг. Ніколі не чула ніякага негатыву з-за таго, што я беларуска.
Анатоль: займаюся крызісным менеджментам
Я працую продакт-менеджарам, — распавядае Анатоль, — з Беларусі з’ехаў у чэрвені 2021 года праз рэпрэсіі.
24 лютага я прачнуўся а шостай раніцы: тэлефанаваў брат. Мае стрыечныя брат і сястра жывуць у Кіеве. Брат сказаў, што іх бамбяць, пытаў, што яму рабіць. Я сказаў, каб скочыў у машыну. Яны з жонкай і маленькай дачкой селі ў машыну і паехалі да сваякоў у Луцк, бо там спакайней было тады. Праз дзве гадзіны патэлефанавала сястра, а ў іх яшчэ і ўся сям’я хварэла на ковід. Я параіў, каб пакуль пачакалі, можа, у сяброў, калі там магчыма дзесьці ў падвале пабыць, а заўтра раніцай, чым раней, тым лепш, з’язджалі. Яны пераначавалі, але а трэцяй гадзіне раніцы на наступны дзень таксама паехалі ў Луцк. Там ужо вырашалі, як перавозіць жанчын і дзяцей, а мужчыны засталіся ў Луцку. Дапамагаюць там зараз з эвакуацыяй і каардынацыяй.
У мяне таксама сябры сям’і жывуць у Адэсе. Я ім патэлефанаваў, сказаў, што я на сувязі, каб казалі, калі штосьці трэба. І вось, калі Адэсу пачалі бамбіць, там пачалася цісканіна, на цягнік не трапіць. У іх вялікая сям’я: сем чалавек, у тым ліку і дзеці грудныя, і інвалід другой групы. Трэба было вырашыць, як іх вывезці. Знайшлі кіроўцу, заплацілі (я пераводзіў грошы), ён іх давёз, але не да самой мяжы. Дзесяць кіламетраў ім прыйшлося яшчэ ісці пешшу. Я знайшоў кантакты амерыканскай місіянерскай арганізацыі ў Малдове, папрасіў дапамогі гэтай сям’і, займаўся каардынацыяй, каб усіх сустрэлі. А ў гэты ж самы час яшчэ групу валанцёраў вёз на мяжу. Карацей, займаўся амаль тым жа самым, што на працы: крызісным менеджментам.
Мы займаемся развозам людзей і гуманітаркі, спрабуем каардынаваць іншых людзей. Я адразу зрабіў групу ў Telegram для валанцёраў, яна зараз разраслася, там больш за 80 чалавек, і ўсе так ці інакш дапамагаюць бежанцам. Знайшоў мікрааўтобусы, першы раз на мяжу паехалі пятнаццаць чалавек. Таксама менеджару людзей на мяжы, са мной ужо пачалі звязвацца прадстаўнікі розных замежных арганізацый. Мы з немцамі рабілі сумесны спецыяльны заказ: трэба было перадаць у Кіеў стаматалагічнае абсталяванне. Ці, напрыклад, хтосьці вязе восемдзесят намётаў, ці сто спальнікаў, мне трэба вырашыць, што з імі рабіць. Карацей, мне трэба звязаць усіх, каб і рэчы, і людзі дайшлі да адрасатаў. Зараз мы яшчэ працуем з літоўскай арганізацыяй «Моцныя разам». Яны забраніравалі нумары ў гатэлі, таму ўсіх, хто едзе ў Літву, можна везці туды, а там іх чакаюць вялікія аўтобусы. Што цікава, кампанія, дзе я працую, калі ўсё пачалося, параіла ўзяць адпачынак да красавіка, бо я б не змог ні нармальна працаваць, ні нармальна дапамагаць валанцёрам.
Калі я заходзіў у пункт размеркавання бежанцаў і бачыў усіх гэтых дзяцей, зразумеў, што схіляюся перад валанцёрамі, якія там на месцы працуюць. Цэлы дзень ці тыдзень зносін з людзьмі — я б не змог гэтага вытрымаць, мне гэта вельмі цяжка эмацыйна. Там маленькія дзеці, жанчыны і сталыя людзі — яны ў шоку. Пачынаеш з імі размаўляць, яны распавядаюць, як іх бамбілі, як яны сядзелі ў падвалах, як яны эвакуяваліся, а іх абстрэльвалі. Калі гэта ўсё слухаю, то потым функцыянаваць не магу. Валанцёрства — гэта цяжка, з той групы, якую мы вазілі ў першы раз, толькі два ці тры чалавекі паехалі ў другі. Хтосьці захварэў, хтосьці стаміўся, у кагосьці ковід, бо ў лагеры гэта ж ніяк не правяраюць.
Лагер бежанцаў. Крыніца: https://t.me/abflithuania
У мяне ніколі не было навязанага пачуцця віны за тое, што я беларус, а з тэрыторыі Беларусі бамбяць украінцаў. Я з першага дня дапамагаю. Ведаю, што рабіў у Беларусі ў дваццатым годзе і чаму сядзеў на Акрэсціна.
Я чытаў у навінах пра агрэсію адносна беларусаў, але ў нас зусім нічога такога не было. Усе вельмі ўдзячныя. Людзі, якіх мы вывозім, нават кажуць, што разумеюць, што мы акупаваныя. Ні я, ніхто з майго атачэння ніколі не сутыкаўся ні з якім негатывам.
Дар’я: калі пачынаеш дапамагаць, цябе адпускае
З ураджэнкай горада Баранавічы Дар’яй мы, як і з усімі іншымі героямі, сустрэліся ў Вільні, хаця дзяўчына ўжо 15 гадоў жыве ў Лондане. Калі пачалася вайна, яна прыехала ў Літву, каб з групай валанцёраў накіравацца на ўкраінска-польскую мяжу.
Я заўсёды была чалавекам, для якога справядлівасць вышэй за ўсё, — апісвае сябе Дар’я, — нават з дзіцячага садка. Па адукацыі я матэматык, скончыла магістратуру, але я не магла сябе ўявіць, як я пайду выкладаць у «савецкую» школу, таму я шукала, куды я магу з’ехаць. Я паехала ў Брытанію, пачала там працаваць прыбіральніцай, афіцыянткай, потым пачала працаваць рэпетытаркай па матэматыцы. Зараз працую ў фінансавым кансалтынгу. Я атрымала брытанскі пашпарт, але ад беларускага грамадзянства не адмовілася. Калі адбыўся 2020 год, я паехала назіральніцай на выбары, у сваю ж школу прыйшла. 16 жніўня я была на плошчы ў Мінску. Гэта было свята душы для мяне. У Беларусі я пабыла месяц, хадзіла на маршы, пісала скаргі. Потым вярнулася ў Брытанію і зразумела, што ў Лондане так шмат беларусаў! Дагэтуль я ў асноўным ведала толькі рускамоўных літоўцаў ды латышоў. Мы стварылі сваю дыяспару, мы робім акцыі, стаім каля парламента са сцягамі. Трымаем павестку, каб пра нас не забываліся.
Калі пачалася вайна, па збегу акалічнасцей я была ў Расіі, у Санкт-Пецярбургу. Я прачнулася, і мне некалькі чалавек адразу напісалі, бо яны ведалі, што я ў Расіі. У мяне ў той дзень была вельмі важная сустрэча праз Zoom, я здавала праект. Я сяджу, разумею, што мне трэба гаварыць, а я зусім не магу, у мяне слёзы цякуць.
Я не хацела насамрэч выходзіць на мітынг, бо я ведала, што мне хутка трэба з’яджаць, а калі б мяне затрымалі, то маглі б яшчэ дэпартаваць у Беларусь, але яшчэ ў першы дзень вайны, калі я чытала ўсе гэтыя навіны, то зразумела, што не магу я не выйсці, ну проста не магу.
Мне здаецца, шмат расійцаў да сяе пары не ўсвядомілі, што адбываецца. Я заклікала выходзіць сваіх знаёмых, бо я сама выходзіла. У асноўным усе лічаць, што вайна — гэта, канечне, дрэнна, але выходзіць яны не будуць, бо страшна. А хтосьці нават падтрымлівае Пуціна. Некалькі дзён я яшчэ пабыла ў Пецярбургу. І я памятаю гэты стан, калі ты выходзіш на вуліцу, уся такая абураная, глядзіш, а там звычайнае жыццё ідзе. Людзі ідуць у краму, у кавярні, вось, як тут, у Вільні. Але тут гэта зразумела: Літва не частка канфлікту. А Расія — удзельніца! Таму трэба бегчы кудысьці, штосьці рабіць, а людзі там быццам аглушаныя — быццам па галаве далі, але яны ідуць далей.
Вельмі цяжка, калі ты жывеш за мяжой, калі дзеі адбываюцца ў тваёй краіне, а ты не там. Значна лепей быць на плошчы і рызыкаваць сваім жыццём, чым разумець, што хтосьці з тваіх блізкіх там, а ты нічога не можаш зрабіць. Гэта такое пачуццё бездапаможнасці! І менавіта таму я паехала валанцёрам, бо гэтае маё пекла, калі я вярнулася з Беларусі ў Лондан, назірала за навінамі і разумела, што яно зараз паўторыцца, калі я не прыеду сюды. На вайну я, канечне, не паеду. Бо ад мяне толку там — смяецца, — я буду там толькі пужацца і бегаць...
Калі мне трэба было з’яджаць з Расіі, я паляцела ў Рыгу. Мне трэба было паляцець у любую еўрапейскую краіну, бо хутка закрывалі паветраную прастору. Я пабыла ў Рызе, пагуляла каля Расійскай амбасады, там усё было ў кветках, у свечках. Там таксама былі акцыі. Людзі стаялі амаль кругласутачна з плакатамі, са сцягамі. У Рызе я прабыла пару дзён, проста адыходзіла ад усяго. У мяне яшчэ былі сябры ва Украіне. Я дапамагала ім арганізаваць выезды, дасылала якіясьці грошы. У той перыяд я амаль не магла спаць! Гэта быў кашмар, хаця ў Рызе значна спакайней у параўнанні з Расіяй. Па начах я сядзела ў сацыяльнай сетцы Клабхаус. Там я ўпершыню ў жыцці сутыкнулася з нянавісцю з-за нацыянальнасці. Я ўпершыню пачула, што беларусаў ненавідзяць. Канечне, украінцаў трэба зразумець: у іх вайна, а гэта ж яшчэ быў першы тыдзень. Беларусы там выбачаліся, а я сядзела ў шоку і плакала. Я зразумела, што гэта жах, што нас зараз будуць ненавідзець. Я зразумела: трэба штосьці рабіць.
Я вырашыла ехаць на мяжу з Украінай, каб не сядзець далёка, нервавацца і адчуваць бяссілле, а каб зрабіць хоць штосьці невялікае. І гэта спрацавала! Там, у лагеры, ты думаеш пра тое, каб дапамагчы чалавеку, каб дапамагчы сям’і з’ехаць, каб табе самой паспаць і паесці, а пра навіны ты ўжо не думаеш. Калі штосьці такое адбываецца, трэба бегчы і штосьці рабіць, хоць штосьці невялічкае, але тое, што ў тваёй сферы ўплыву.
Тады мне знаёмая, якая працуе паміж Брытаніяй і Літвой, распавяла, што ў Вільні рэгулярна збіраюцца групы валанцёраў, каб ехаць дапамагаць на мяжу. Я паехала ў Вільню, пайшла на акцыю ў падтрымку Украіны. Там пазнаёмілася з людзьмі, якія дадалі мяне ў групу ў Telegram, дзе збіраюцца валанцёры. У выніку я на пару дзён паехала на мяжу.
Мы прыехалі ў пункт размеркавання бежанцаў і сказалі тым палякам, што мы валанцёры, беларусы з Літвы, хочам вам дапамагчы. Нам далі валанцёрскія камізэлькі. У гэтым пункце велізарны паток людзей. Там ужо было чалавек трыста: жанчыны і дзеці. Там было так ціха...
Там не зусім трунная цішыня, але неяк вельмі спакойна. Гэта так ненатуральна для дзяцей — быць такімі спакойнымі. Бачна, што людзі стомленыя, і ў вачах не тое, каб страх, але нейкая пустэча.
Пункт размеркавання прадстаўляе сабой спартыўную залу, дзе стаяць раскладанкі, там ёсць куток з ежай і напоямі, а яшчэ медычны пункт і офіс, дзе дапамагаюць з дакументамі. Ёсць яшчэ месца рэгістрацыі. Калі хтосьці прыязджае з мяжы, то павінен напісаць свае пашпартныя дадзеныя і месца, куды потым едзе. Калі нейкі кіроўца-валанцёр прыязджае ў пункт, каб забраць людзей, то таксама павінен зарэгістравацца. Палякі неяк намагаюцца людзей рэгуляваць. Але гэта цяжка, бо палякі ўкраінцаў чамусьці часта не разумеюць. Асабліва цяжка з пасведчаннямі аб нараджэнні, бо там дадзеныя запісаны толькі кірыліцай. Першы наш плюс як валанцёраў — гэта тое, што мы разумелі рускую і ўкраінскую.
Бывала, што ўкраінцы ў мяне пыталі, як дабрацца да якой-небудзь польскай вёскі, дзе іх чакаюць родныя ці знаёмыя. Я наўпрост усё гугліла, на мапе глядзела, дзе тая вёска. Казала: так, вам лепей даехаць, напрыклад, да Варшавы, там шмат кіроўцаў-валанцёраў, яны вас туды адвязуць.
Калі бачыш, дзесьці смецця шмат — проста бярэш прыбіраеш. Мне проста хацелася, каб людзям, якія дабіраліся шмат дзён, было хоць неяк камфортна. Для мяне галоўнае было даць трошкі цеплыні, каб яны адчулі, што іх падтрымліваюць, што мы з імі, што іх не кінуць. З некаторымі пачынала размаўляць, а яны тады пачыналі плакаць. Калі бачыла, што чалавек сядзіць адзін, проста ў шоку, я магла яму гарбаты прынесці, каб эмацыйна даць яму штосьці. Там была адна жанчына з коткай. Яна мне распавядала пра сябе, усё гаварыла-гаварыла, потым пачала плакаць. І ў гэты момант котка пачала есці свой корм. Гэта жанчына мне сказала, што котка адмаўлялася ад ежы некалькі дзён. Бачна, у гэты момант котка адчула, што гаспадыня трохі выплюхнула эмоцыі, расслабілася. І дзеткі там такія ціхія-ціхія, відаць, у шоку. Яны там не смяюцца, не ганяюцца адно за адным. Вось сям’я, якую мы забіралі ў Літву: маці і два хлопчыкі. Гэтыя хлопчыкі пачалі бегаць толькі, калі мы ўжо амаль заехалі ў Літву. Толькі тады, відаць, трохі расслабіліся і пачалі весці сябе як дзеці. Не, былі некаторыя, якія пачыналі скандаліць. І мне здаецца, гэта самыя псіхічна ўстойлівыя дзеці.
Лагер бежанцаў. Крыніца: уласны архіў суразмоўцы
Калі пачынаеш дапамагаць, цябе адпускае. Бачыш карысць ад сваіх дзеянняў. І адзінае, што ідзе ад людзей — гэта ўдзячнасць. У мяне, дарэчы, ніхто ні разу не спытаў, адкуль я, што размаўляю па-руску. Ніхто не лаяўся на рускіх і беларусаў. Адзінае, чаго людзі хочуць — гэта проста з’ехаць.
Як бачыце, усе беларусы Вільні вельмі розныя, і Украіне яны дапамагаюць па-рознаму. Хтосьці валанцёрыць на мяжы, хтосьці арганізуе перавозку гуманітарнай дапамогі, хтосьці ладзіць акцыі, хтосьці збірае сродкі, хтосьці распаўсюджвае карысную інфармацыю. Аб’ядноўвае іх усіх не толькі салідарнасць і жаданне дапамагчы ў складанай сітуацыі, але і моцная жаданне аддзяліць сябе як беларусаў ад дзеянняў беларускага рэжыму. Некаторыя з нашых суразмоўцаў прасілі не выкладаць іх фота і не называць прозвішчы, бо яны хвалююцца за родных, якія застаюцца ў Беларусі. Такія зараз надышлі часы: людзі, якія дапамагаюць тым, хто пацярпеў ад вайны, баяцца пагрозы для блізкіх з боку ўлады, якая дапамагае тым, хто гэтую вайну распачаў.
Чытайце яшчэ: «Робім, што можам, і абавязкова пераможам». Як беларусы Вільні дапамагаюць Украіне
ДГ, budzma.org