У 2020 годзе беларусы ўразілі ўвесь свет сваёй надзвычайнай салідарнасцю і тым, як дапамагалі адно аднаму. Многія мысліцелі тады казалі, што гэта і ёсць завяршэнне працэсу фарміравання беларускай нацыі: кожны ўсведамляе сваю прыналежнасць да народа і робіць нешта ў адпаведнасці з інтарэсамі гэтага самага народа. Пытанне ў тым, ці распаўсюджваюцца гэтая салідарнасць і жаданне дапамагаць на прадстаўнікоў іншых нацый, калі бяда здараецца ў іх? У выпадку з беларусамі Вільні адказ адназначны — так, распаўсюджваюцца. Беларускія арганізацыі, якіх зараз мноства ў Літве, і нават асобныя беларусы, якія не належаць ні да якіх устаноў, не засталіся ў баку ад таго, што адбываецца зараз ва Украіне. Сёння мы пазнаёмімся з некалькімі гісторыямі людзей, якія 24 лютага прачнуліся ў новай рэальнасці, але замест таго, каб трапіць у шок і апатыю, вырашылі па меры сіл рабіць тое, што можа, калі не пакласці канец, то хаця б аблегчыць пакуты ні ў чым не вінаватых людзей.
ЕГУ: акцыі салідарнасці, канцэрт і рускі карабель
Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт быў заснаваны ў 1992 г. у Мінску, і праз дванаццаць год стаў першай незалежнай установай, якая пацярпела ад рэжыму Лукашэнкі: універсітэт зачынілі, нягледзячы на актыўныя пратэсты студэнтаў і выкладчыкаў. Праз год ЕГУ аднавіў сваю дзейнасць у Вільні і паспяхова працуе тут ужо больш за пятнаццаць год. Калі пачалася вайна, ЕГУ абвясціў збор сродкаў на медыкаменты для дапамогі Украіне. За некалькі дзён адміністрацыя ўніверсітэта сабрала лекаў на суму больш за дзве тысячы еўра.
Прадстаўнікі ўніверсітэта кажуць, што не маглі застацца ў баку яшчэ і таму, што ва ўніверсітэце вучацца дванаццаць студэнтаў з Украіны. Больш за тое, пасля пачатку ваеных дзеянняў чатыры выкладчыкі ЕГУ паехалі ва Украіну як добраахвотнікі, адзін з выкладчыкаў — на ўкраінска-польскую мяжу, каб дапамагаць там. Пяцёра студэнтаў прыязджаюць з украінскіх універсітэтаў-партнёраў у Вільню, каб часова працягнуць адукацыю у ЕГУ. Універсітэт абяцае прадаставіць бежанцам месцы ў інтэрнаце.
Будынак ЕГУ. Крыніца: lithuaniatribune.com
Трэба адзначыць, што ліберальны падыход і заахвочванне ініцыятыў студэнтаў, якія звычайна праяўляе адміністрацыя ЕГУ, мелі месца і ў гэтым выпадку. Студэнты прымалі ўдзел у акцыях, ладзілі пікеты.
12 сакавіка ў сценах ЕГУ адбыўся дабрачынны канцэрт, які арганізавалі трое студэнтаў-першакурснікаў Мікіта, Алікс і Вікторыя Смуглая. Яны самі запрасілі ўдзельнікаў з ліку таленавітых студэнтаў ЕГУ і знаных беларускіх музыкаў, якія зараз жывуць у Вільні. Падчас канцэрта адна з арганізатараў Вікторыя Смуглая выканала песню ўласнага сачынення «Русский корабль нах** идет».
Калі адбываюцца такія дзеянні, цэнзурных слоў не хапае, — з сумнай усмешкай растлумачыла музыка.
Трэба адзначыць, што публіка адказала на гэту песню бурнымі авацыямі, і такі востры тэкст ніхто не асудзіў, нават нягледзячы на прысутнасць у зале дзяцей.
Дабрачынны кірмаш студэнтаў ЕГУ
Напрыканцы імпрэзы Алікс, якая адказвала за збор ахвяраванняў, з гонарам абвесціла, што сабралі больш за дзвесце еўра.
Пасля канцэрту стомленыя, але задаволеныя арганізатары затрымаліся, каб распавесці пра сябе.
Я вучуся на першым курсе спецыяльнасці «медыякамунікацыі» ЕГУ, — пачынае Мікіта, — працую журналістам, раблю праект @gutar_ka у інстаграме. Родам я з Бабруйска. Паступіў у ЕГУ, хаця ад пачатку збіраўся на факультэт журналістыкі БДУ, я даўно з імі супрацоўнічаў, калі яшчэ быў школьнікам, перамагаў ва ўсіх іхных журналісцкіх конкурсах. Гэта для мяне была сапраўдная мара: там жа вучыліся ўсе супержурналісты, але пасля падзей дваццатага года я абраў ЕГУ і, лічу, не памыліўся. Гэта месца дае рэалізавацца на поўную. Вось, напрыклад, гэты канцэрт, калі мы звярнуліся да адміністрацыі з ініцыятывай, нас падтрымалі. Забяспечылі нас абсталяваннем і аўдыторыяй і далі поўную свабоду дзеянняў. Удзельнікаў мы запрашалі самі, арганізавалі ўсё самі.
У дзень, калі пачалася вайна, раніцай, калі я прачытаў навіны, то першай справай пабег усім распавядаць пра тое, што адбываецца. Потым усе беларусы інтэрната сабраліся ў адным пакоі. Мы вырашылі рыхтавацца да вялікага мітынгу 24 лютага, які прайшоў каля сейма, а потым у скверы Барыса Нямцова. У мяне вельмі балела сэрца, што беларускія ўлады ўдзельнічаюць у вайне на баку агрэсара. Мне мой сябар сказаў: «Ты ж разумееш, што наша краіна ад гэтага ніколі не адмыецца, яна саўдзельнік агрэсара?» Я зразумеў, што мы павінны штосьці рабіць, каб змяняць гэтую сітуацыю. Крычаць, паказваць, што мы супраць.
Ад пачатку я таксама валанцёрыў у нашай універсітэцкай кампаніі па зборы гуманітарнай дапамогі. Потым у мяне з’явілася ідэя зрабіць на базе ўніверсітэта такі дабрачынны вечар. Дзяўчынкі мяне падтрымалі, і мы ўсё гэта зрабілі, атрымалася вельмі добра. Для мяне гэта быў вельмі цікавы досвед: я камунікаваў амаль з паловай Вільні, з усякімі знакамітымі беларускімі музыкамі.
Мікіта падчас дабрачыннага канцэрта
Частка маёй сям’і зараз знаходзіцца ва Украіне, яны збеглі ў Закарпацце, а жылі ў Кіеве. Канечне, я хачу зрабіць штосьці, каб гэта прыпыніць. Можа, я не магу зрабіць штосьці фізічна, але хаця б расказаць, паказаць, навесці кіпіш на ўсю Вільню. Мне здаецца, уся Вільня ведала, што ў нас канцэрт.
— У мяне таксама родныя ва Украіне, — дадае Алікс, — на захадзе. Я таксама за іх хвалююся, але ў іх усё пакуль што спакойна, спадзяюся, да іх і не дойдзе. У мяне маці — украінка. Дарэчы, пасля пачатку вайны ў мяне з’явілася думка, што трэба аднаўляць мае ўкраінскія дакументы.
Я родам з Мінска, вучуся таксама ў ЕГУ на першым курсе медыякамунікацый, калі пачаліся ваенныя дзеянні, я адразу «стартанула» маляваць плакат на пратэст, бо гэта была першая думка, што магчыма рабіць. Потым мы ў ЕГУ збіралі лекі, я там таксама дапамагала і збіраць, і потым іх упакоўваць.
Яшчэ мне напісала жанчына, якая хоча зрабіць ранішнік для ўкраінскіх дзяцей, я яе перанакіравала да адміністрацыі ЕГУ, а потым дапамагала збіраць людзей на гэтую імпрэзу. Таксама я дапамагала рабіць канцэрт і збірала ахвяраванні.
Да таго ж, я вяду цік-ток, але зараз амаль нічога там не раблю: мне сорамна рабіць забаўляльны кантэнт. На тэму вайны я таксама нічога не здымала, бо не хачу нажывацца, набіраць аўдыторыю за кошт гэтага ўсяго. Адзінае, што я зрабіла — гэта ролік, дзе я распавядала, што Крэмль купляе рэкламу «вайсковай спецаперацыі» ў папулярных блогераў. Больш за 50 тысяч чалавек паглядзелі. Якісьці ўклад, украінцы пасмяяліся. Лепей, чым нічога.
— Аб тым, што пачалася вайна, я даведалася менавіта ад Алікс, — распавядае зорка канцэртнай праграмы Вікторыя. — Мы жывем у адным пакоі ў інтэрнаце. Раніцай 24 лютага Алікс абудзіла мяне гэтай навіной. Я была ў шоку. Цэлы дзень я была ў апатыі, а потым сабралася з думкамі, зрабіла плакат, каб ісці на акцыю. Праз некалькі дзён я напісала песню «Русский корабль нах** идет». Мікіта вырашыў, што гэтую песню абавязкова трэба прадставіць публіцы, таму менавіта з ёй я выступала падчас дабрачыннага канцэрта ў ЕГУ. У такі час цэнзурных слоў сапраўды не хапае.
Вікторыя Смуглая падчас выканання песні
АБФ: робім, што можам, і абавязкова пераможам
Адна з вядомых беларускіх арганізацый, якой прыйшлося з’ехаць з Беларусі пасля падзей 2020 года, — арганізацыя народнай адукацыі АБФ, або «Актыўным Быць Файна».
Галоўная менеджарка АБФ Юлія Міцкевіч. Крыніца: abfby.org
— Наша арганізацыя займаецца нефармальнай адукацыяй, — распавядае галоўная менеджарка праекта Юлія Міцкевіч. — Мы працавалі ў Беларусі з методыкай шведскіх гурткоў, у гэтым годзе нам якраз спаўняецца 10 год. Па зразумелых прычынах мы не маглі працаваць у Беларусі так, як раней. Мы былі ліквідаваныя, як і шмат іншых НКА, але мы працягвалі нашу дзейнасць нават пасля ліквідавання. Так здарылася, што я як генеральная менеджарка была вымушана пераехаць у Вільню пасле рэпрэсій, пасля таго, як я была ў турме. Потым яшчэ мая каманда перабралася сюды. І так з’явілася ідэя адкрыць тут нашу арганізацыю. Потым такую ж арганізацыю мы заснавалі ва Украіне і Грузіі, куды збегла найвялікшая колькасць беларусаў. Нашая мэта была ў тым, каб працягваць тое ж, што мы рабілі ў Беларусі, зноў жа для беларусаў. Хаця ва Украіне мы працавалі, у тым ліку, і для ўкраінцаў.
У прыватнасці і ў найвялікшай ступені ў Херсонскай вобласці, якую пачалі бамбіць адной з першых. І вось наша каардынатарка Аксана, якая была ў горадзе Новая Кахоўка, яна там сядзела ў падвале, бо яе хата апынулася пад абстрэламі. Мы з ёй неяк выходзілі на сувязь. Усё гэта было, канечне, жахліва. Яна змагла з дачкой выбрацца і перабрацца ў Палтаву, а муж і старэйшы сын засталіся там, і зараз яны нават не маюць сувязі. Некаторыя нашыя лідаркі шведскіх гурткоў, якія знаходзіліся ва Украіне, таксама апынуліся ў такой сітуацыі, што ніякай дзейнасці адукацыйнай ужо не вядзецца. Людзі ратуюцца ад вайны.
Увогуле методыка шведскіх гурткоў, з якой мы працуем, дазваляе людзям навучаць адно аднаго, там не патрэбен нейкі настаўнік. Людзі наўпрост збіраюцца разам і робяць тое, што ім цікава. Але гэта методыка таксама базуецца на дэмакратычных каштоўнасцях: раўнапраўе, талерантнасць, негвалтоўнасць, інклюзіўнасць, давер, безумоўна. І ўвогуле гэтая методыка працуе з такімі сацыяльна ўразлівымі групамі: жанчыны, моладзь, прадстаўнікі ЛГБТК-супольнасці. Таму для нас гэта заўсёды было блізка: дапамагаць тым, хто патрабуе. Канечне, па шчасці, у нас раней ніколі не было такіх мерапрыемстваў, каб дапамагаць тым, хто пакутаваў ад вайны. Але мы заўсёды стараліся рэагаваць і ўключацца ў тое, што адбываецца навокал. Таму калі адбыліся падзеі ў Беларусі, мы таксама хутка пераарыентаваліся, зрабілі групы падтрымкі для жанчын і для ўсіх, хто знаходзіцца ў стрэсе, у траўматычным досведзе.
Таму з першага дня вайны мы пачалі дапамагаць тым, хто там апынуўся. Гэта было абсалютна лагічна і натуральна для ўсёй нашай каманды тут і ў іншых гарадах. У прыватнасці, мы працуем у Батумі. Там таксама шмат бежанцаў. Яшчэ ў нас ёсць прадстаўніцтва ў Малдове. Там адбываецца тое ж самае. Таксама арганізуюцца групы падтрымкі, дапамагаюць бежанцам і г. д. Толькі ва Украіне мы, на жаль, не можам зараз працаваць.
Збор гуманітарнай дапамогі ў офісе АБФ. Крыніца: https://t.me/abflithuania
У першы дзень вайны з намі звязаліся нашыя сябры з украінскай партнёрскай сацыял-дэмакратычнай моладзевай арганізацыі. У іх быў такі запыт на куплю пэўных медыкаментаў. Яны спыталі, ці ёсць у нас такая магчымасць арганізаваць такую дапамогу. Мы адразу ўключыліся, далі аб’яву, што мы збіраем вось такія рэчы, у нас быў спіс таго, што патрэбна. З намі якімсьці чынам звязаўся мужчына, ён таксама беларус, і прапанаваў сваю дапамогу. У яго ёсць сувязі з вайскоўцамі тут і з вайсковым складам. Таму мы змаглі тут закупіць бронекамізэлькі і іншыя рэчы, якія былі па спісе патрэбныя.
Я хачу сказаць, што тут дапамагаюць абсалютна ўсе. Калі мы давалі аб’явы ў нашых сацыяльных сетках, адклікаліся, у першую чаргу, нашы ўдзельнікі шведскіх гурткоў. Але я ведаю, што потым інфармацыя распаўсюджвалася, і прыходзілі людзі, якія дагэтуль ні разу ў нас не былі. Яны прыносілі рэчы і грошы. У нас, напрыклад, ёсць зараз валанцёрка Ганна, якая ніколі ў нас дагэтуль не была, наўпрост дзесьці ўбачыла анонс і прыйшла.
Беларусы — неймаверна салідарныя, гэта было зразумела яшчэ ў час нашых падзей, а цяпер гэта паўсюдна. І літоўцы таксама.
Мы прыйшлі ў аптэку, і загадчыца даведалася, што мы збіраем лекі для Украіны. Тады яна нам зрабіла якуюсьці неверагодную зніжку, а яшчэ ўзяла ў нас спіс і тэлефанавала ў іншыя аптэкі і склады, збірала ўсё для нас тое, што патрэбна. Была яшчэ такая гісторыя, што мы размаўлялі ў краме паміж сабой. І побач стаялі хлопцы-літоўцы, якія пачулі, што мы збіраем гуманітарны груз для Украіны. Яны падышлі для нас і сказалі, што нядаўна перабіралі склад іхнай крамы, і ў іх знайшлося 50 куртак даволі цёплых, і яны маглі б іх бясплатна аддаць, калі б мы прыехалі і забралі. Мы, канечне, забралі. Потым з нам звязалася яшчэ адна дзяўчына з украінскіх моладзевых прафесійных саюзаў, мы таксама з імі супрацоўнічалі. Яна спытала, ці ёсць магчымасць арганізаваць збор таксама і для іх, і яны таксама даслалі спіс таго, што ім патрэбна ў шпіталі.
Хаця мы, канечне, не маем такіх аб’ёмаў дапамогі, як які-небудзь фонд, бо мы не такая вялікая арганізацыя, але разам з тым інфармацыя неяк вельмі хутка распаўсюджваецца пра нас. І гэта класна, мы вельмі рады, бо мы гатовыя дапамагчы.
Нядаўна нам яшчэ напісала дзяўчына Аляксандра, кіраўніца студэнцкага саюза аднаго з кіеўскіх універсітэтаў. Яна зараз знаходзіцца ў Літве і таксама дапамагае бежанцам. У яе была просьба па воінскім рыштунку, які ім патрэбен. Яна напісала, што ёй нашы кантакты далі літоўскія валанцёры, а мы нават не ведаем, якія.
Яшчэ нам напісала каманда студэнцкай арганізацыі, якая дапамагае ў Польшчы бежанцам. Яны спыталі, як можна з польска-ўкраінская мяжы перавезці маладых людзей у Вільню, і я якраз тлумачыла лагістыку.
У нас ёсць яшчэ адна літоўская партнёрская арганізацыя, якая займалася тэмай талерантнасці да вайны, і зараз мы з імі на сувязі. Напрыклад, яны робяць інфармацыйныя буклеты для ўкраінцаў, якія сюды прыязджаюць, для жанчын у прыватнасці. Ёсць асобныя выпадкі, з сексуальнымі дамаганнямі, якім некаторыя з іх падвяргаліся ўжо пры пераездзе з Украіны, і г. д. І іншыя моманты, звязаныя з жанчынамі і іх патрэбамі. І вось яны зрабілі такія буклеты, якія мы ў іх забралі, і таксама адправілі на мяжу, каб у лагеры гэтую інфармацыю распаўсюджвалі. Яшчэ яны зараз працуюць з ВІЧ-пазітыўнымі людзьмі, і гэта таксама вялікая праблема, бо гэтым людзям патрэбна штодзённая тэрапія, а з лекамі, вядома, складана, а пакуль яны ў дарозе, яны не маюць лекаў, таму мы зараз спрабуем працаваць з гэтай групай бежанцаў. Дарэчы, адзін з нашых партнёраў — арганізацыя ВІЧ-пазітыўных жанчын. Таму ў нас зараз такое трохбаковае супрацоўніцтва. Тая арганізацыя дае нам кантакты бежанцаў, мы сочым, хто з іх едзе ў Вільню, а тая літоўская арганізацыя находзіць лекі для такіх людзей. Увогуле такая тут узаемавыручка, падтрымка. Дарэчы, я думаю, мы хутка пачнем рабіць яшчэ больш груп псіхалагічная падтрымкі для ўкраінцаў і беларусаў, якія прыязджаюць у Вільню з Украіны.
У лагеры для бежанцаў на ўкраінска-польскай мяжы зараз знаходзяцца Дзіма і Ксюша — валанцёры з нашай каманды. Яны займаюцца тым, што дапамагаюць з любымі пытаннямі: дзе памыцца, дзе знайсці адзенне, як уставіць сім-карту ў тэлефон, як з’ехаць з мяжы і гэтак далей. І там ёсць розныя беларусы, якія з Вільні едуць арганізаванымі групамі. Любая сетка, дзе апынаюцца беларусы, там заўсёды хутка наладжваецца сістэма, якая эфектыўна працуе. І гэта добра, бо тады людзі атрымліваюць дапамогу максімальна хутка.
Валанцёры з каманды АБФ у лагеры бежанцаў. Крыніца: https://t.me/abflithuania
Я магу сказаць, што ні я, ні мае калегі і каляжанкі ніколі не сутыкаліся [з негатыўнай рэакцыяй — рэд.] з боку літоўцаў ці ўкраінцаў, таму што мы беларусы. Я лічу, вялікае значэнне мае тое, што мэр Вільні і прэм’ер-міністарка Літвы казалі, каб не змешвалі рэжым і беларусаў, бо беларусы тут наадварот выступаюць у падтрымку Украіны.
Што датычыцца маёй уласнай матывацыі, то я гэта раблю, бо вельмі веру ў любоў. Я веру, што дабро перамагае зло так ці інакш.
Я веру ў тое, што нягледзячы на разнастайнасць колераў, у некаторыя моманты жыцця ёсць відавочна чорнае і белае, правільнае і няправільнае. Тое, што адбываецца зараз ва Украіне — гэта няправільна, тое, што робім мы і ўвесь свет для ўкраінцаў — гэта правільна. Украінцы і ўкраінкі змагаюцца не толькі за сваю свабоду і незалежнасць, але і за нашу.
Я ўпэўнена, што, па-першае, яны перамогуць, па-іншаму і быць не можа. Плюс, гэта наша агульная барацьба, я ўпэўнена, што перамога ва Украіне прывядзе і да перамогі ў Беларусі, да яе новай будучыні, дэмакратыі, перамогі правоў чалавека, мы вернемся дамоў, у нашу новую Беларусь, як мы заўсёды і марылі.
Мой асабісты і ўсёй каманды зараз дэвіз: робім, што можам, і абавязкова пераможам.