Беларускую дуду плануюць уключыць у спіс аб’ектаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА

Беларускую дуду плануюць уключыць у спіс аб’ектаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Аб гэтым расказала дырэктар Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Вольга Якабсон, піша БЕЛТА.

Bielaruskaja dudaФота Гродзенскага метадычнага цэнтра народнай творчасці

«Цяпер у дударскім грамадстве Беларусі вядзецца дыскусія аб прызнанні беларускай дуды нацыянальнай культурнай з’явай і ўключэнні музычнага інструмента ў спіс аб’ектаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Мы думаем, што гэта атрымаецца зрабіць, як атрымалася з выцінанкай і саломапляценнем», — адзначыла Вольга Якабсон.

Паводле яе слоў, падрыхтаваны дакументы аб магчымым уключэнні ў спіс ЮНЕСКА неглюбскіх ручнікоў.

На дадзены момант Сусветная нематэрыяльная культурная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі прадстаўлена шасцю элементамі. Гэта беларускі абрад «Калядныя цары», вясновы абрад «Юр’еўскі карагод», урачыстасць у гонар шанавання абраза Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст), культура бортніцтва Беларусі і Польшчы, саломапляценне, выцінанка.