Беларускі спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА можа папоўніцца яшчэ адным, сёмым аб’ектам. Традыцыя паходзіць з Гомельшчыны і добра знаёмая жыхарам Гомельскага рэгіёна. Гаворка пра тэкстыльную традыцыю, што паходзіць з вёскі Неглюбка Веткаўскага раёна, піша homeldays.org.
Фота: Іван Ярывановіч. Гомельская вобласць, Веткаўскі раён, вёска Неглюбка
Неглюбскае ткацтва вылучаецца разнастайнасцю тэхнік, складанай паліхроміяй і багатым арнаментам. Слынныя неглюбскія ручнікі выкананы ў бела-чырвонай гаме (да 25 адценняў у адным вырабе), з сіметрычнымі геаметрычнымі і расліннымі матывамі. Акрамя ручнікоў у гэтай стылістыцы ствараюцца посцілкі, фіранкі, а таксама адзенне — архаічны Неглюбскі строй з багатай вышыўкай.
Заяўка ўжо пададзена, канчатковае рашэнне будзе напрыканцы года. Калі яно будзе станоўчым, негюбскае ткацтва стане першай традыцыяй выключна Гомельскага рэгіёна, што займее такі прэстыжны статус.
На дадзены момант у спісе беларускай нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА ўжо знаходзяцца абрад «Калядныя цары», вясновы абрад «Юр’еўскі карагод», Будслаўскі фэст, культура бортніцтва (разам Беларусі і Польшчы), саломапляценне і выцінанка.