Народны каляндар: што і як беларусы адзначалі ў траўні

01.05.2023

З даўніх часоў людзі намагаліся ўладкаваць сваё жыццё, гарманізаваць яго з навакольным светам. Адным са спосабаў гэта зрабіць стаў святочны каляндар. Назіраючы за цыклічнасцю ўсяго існага, нашы продкі ўладкоўвалі свой быт згодна з прыроднымі законамі. Кола святаў і «асаблівых» дзён стварыла неабходную рытмічнасць жыцця. А абрады і рытуалы дадалі пачуцця кантроля і бяспекі: запаліш вогнішча — дапаможаш нарадзіцца новаму Сонцу, якое пераможа холад і зіму.

2.jpeg


Такім чынам, народны каляндар — гэта не проста прыгожыя традыцыі і звычаі, гэта адзін з падмуркаў устойлівасці, уладкаванасці карціны свету і адпаведна — псіхічнага здароўя людзей. Ён і сёння можа даць апору і падтрымку ў такіх зменлівых і няўстойлівых абставінах. 

А беларускі народны каляндар яшчэ мае сваю адметнасць — амаль усе вялікія святы ў нас адзначаюцца двойчы: па юльянскім і грыгарыянскім календарах.

Травень — «гарачы» час для земляроба. Выган у поле скаціны, пасадачныя работы — клопату багата. Амаль усе травеньскія святочныя абрады і рытуалы скіраваны на абарону хатняй жывёлы, спрыянне будучаму ўраджаю. Таксама існавала шмат прыкмет, па якіх прадказвалі надвор’е і ўраджайнасць розных гаспадарчых культур.

У старажытнасці гэты месяц прысвячалі багіням, якія ўвасаблялі моц прыроды (напрыклад, Артэмідзе, Флоры).

У каталіцкай традыцыі травень лічыцца месяцам Дзевы Марыі. У касцёлах праходзяць адмысловыя маёвыя набажэнствы ў яе гонар. 

Дык што і як беларусы адзначалі і адзначаюць у траўні, разбіраемся разам.

5 (па юльянскім календары) траўня — Ляльнік. Гэта веснавое свята ў гонар Лялі (Лёлі) — дачкі багіні Вясны і жаноцкасці Лады. У некаторых рэгіёнах свята называецца Красная Горка (часцей Краснай Горкай называюць першую нядзелю альбо ўвесь тыдзень пасля Вялікадня). 

Шмат хто лічыць Лялю «кабінетным» міфалагічным персанажам. Але апісанне самаго свята сустракаецца досыць часта. Святкуецца Ляльнік у асноўным моладдзю на прыродзе: карагоды, спевы, скокі, гушканне на арэлях. Нават сустракаецца павер’е, што ў гэты дзень юнакам і дзяўчатам нельга ў хаце сядзець, інакш сямейнае жыццё будзе нешчаслівым.

5495bad96c2988fa963a467f4a76d86b.jpeg


6 (па юльянскім календары) траўня — Веснавы Юр’я (Ярыла, Ягорый). Старажытнае свята першага выгану свойскай жывёлы. Хрысціянскі Юр’я (атаесамляецца з Ярылай) лічыцца апекуном земляробства ды жывёл.

Усе дзеянні ў гэты дзень былі скіраваны на абарону свойскай жывёлы. Статкі абкурвалі купальскімі зёлкамі, шапталі над імі замовы, паганялі вербнымі галінкамі. Таксама прыносілі ахвяры лясному гаспадару, каб абараніў хатнюю жывёлу ад ваўкоў. На Смаленшчыне можна сустрэць такую назву свята — «Чэстной Леса». Па ўяўленнях нашых продкаў гэты персанаж — уладар над усімі лесавікамі.

На Ярылу ўшаноўвалі пастухоў — частавалі рытуальнай яешняй. А тыя ў падзяку праводзілі розныя абарончыя рытуалы для статку.

Юр’еўскім абрадам у вёсках Ахонава (Дзятлаўскі р-н) і Пагост (Жыткавіцкі р-н) нададзены статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці. Абрады ўяўляюць сабой абыходы вёскі (выхад на поле ў Пагосце) з рознай атрыбутыкай гуртом спявачак.

Чытайце падрабязней: Як у пагосце правялі веснавы абрад «Карагод» на свята Юр’я

8 (па грыгарыянскім календары) / 21 (па юльянскім) траўня — Іван Веснавы (Іван Даўгі, Мікольнік). Дзень у гонар аднаго з апекуноў земляробства. На Івана Веснавога стараліся пасадзіць цыбулю (на Віцебшчыне), пасеяць агуркі (у Лельчыцкім раёне). 

Пры пасадцы краналі сваё калена, каб гародніна парасла круглай ды тоўстай. На Піншчыне жанчыны падбіралі спадніцы як мага вышэй — таксама для спрыяння добраму ўраджаю... А, можа, так зручней было корпацца ў градах? 

На Мазыршчыне раскладалі вогнішча на беразе ракі, падпальвалі ад яго пукі саломы і кідалі ў ваду — каб добра лён урадзіў.

9 (па грыгарыянскім календары) / 22 (па юльянскім) траўня — Мікола Веснавы. Яшчэ адзін апякун земляробства ва ўяўленнях нашых продкаў. Усе абрадавыя дзеі ў гэты дзень былі скіраваны на абарону жывёлы. Перавага аддавалася коням і валам. Іх абкурвалі зёлкамі, абыходзілі з яйкам, якое пасля аддавалі сляпцу. Рытуальная страва на Міколу — яешня. Таксама лічылася, што з гэтага дня з’яўляюцца камары: «Прыйдзе Мікола — высыпле камароў з прыпола».

d092ec4deac461ff5291af450d2a6466.jpeg

9 альбо 11 траўня — Бабскія розбрыкі. Адзначаліся ў аўторак альбо чацвер пасля Юр’я. У гэты дзень жанчыны скакалі, куляліся ды качаліся па ніве. Такія дзеянні мусілі станоўча паўплываць на будучы ўраджай і плоднасць свойскай жывёлы. 

Наконт магічнага ўплыву на ўраджай сказаць нешта складана, але псіхатэрапеўтычны эфект ад рытуалу дакладна будзе.

18 (па грыгарыянскім календары) / 31 (па юльянскім) траўня — св.Фядот альбо Сем (у іншых крыніцах — Шэсць) Дзеў. У хрысціянскай традыцыі дзень памяці святых Фядота і 7 дзеў, што загінулі за веру ў ІІІ ст.

У народным календары «героямі» гэтага дня з’яўляліся лён і дуб. Па тым, колькі лісця з’явілася на лясным волаце, варажылі, ці ўраджайны будзе год. 

28 траўня — сёлета на гэты дзень прыпадае каталіцкая Пяцідзясятніца ці Духаў дзень. У адрозненне ад праваслаўных, каталікі асобна святкуюць Тройцу і Пяцідзясятніцу. Таму Зялёныя святкі (Тройца) прыпадае на адзін і той жа дзень у абедзвюх канфесіях. У 2023 годзе яна будзе святкавацца 4 чэрвеня.

212.jpeg 

У артыкуле выкарыстаны матэрыялы з манаграфій Алены Ляшкевіч «Традыцыйны каляндар. Нарысы» (Мн.: 2022) і Змітра Скварчэўскага «Па слядах багоў: нарысы беларускай міфалогіі» (Мн.: 2019).

Падрыхтавала Ева Вятрыскіна, budzma.org