У суботу 24 красавіка беларусы Бастона правялі акцыю памяці 35 гадавіны аварыі на Чарнабыльскай АЭС і паднялі пытанне бяспекі Астравецкай АЭС перад сусветнай грамадскасцю. Беларусы сабраліся каля Капітолія штата Массачусэт і ўшанавалі хвілінай маўчання ахвяраў Чарнобыльскай трагедыі. На фоне велізарнага трохметровага знака радыёактыўнасці пад трывожныя гукі лічыльніка Гейгера прадстаўнікі беларускай дыяспары ў рэспіратарах і абаронных касцюмах распавялі свае гісторыі трагедыі, перажытыя 35 гадоў таму:
«Вакол мяне не было ні воднага чалавека, які б не пацярпеў ад гэтай трагедыі - страцілі члена сям'і або знаёмага з-за вострай прамянёвай хваробы альбо хваробы звязанай з радыёактыўным забруджваннем. Але, напэўна, самае галоўнае: абсалютна ўсё жылі ў страху і няўпэўненасці - у наступныя месяцы, годы і дзесяцігоддзі»
Да беларусаў далучыліся прадстаўнікі ўкраінскай дыяспары, каб выказаць сваю салідарнасць. Удзельнікі акцый нагадалі амерыканцам, што для радыёактыўных ападкаў няма мяжаў і наступствы такіх катастрофаў ўплываюць на здароўе кожнага чалавека. Менавіта таму запуск Астравецкай АЭС ва ўмовах глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі і непрастрыстасці пратаколаў бяспекі станцый, тычыцца ўсіх. Гучалі заклікі ўзмацніць ціск на рэжым Лукашэнкі з мэтай правядзення свабодных і справядлівых выбараў і патрабавання міжнароднага кантролю за бяспекай Беларускай атамнай электрастанцыі.
Пасля прачытання эмацыянальных урыўкаў з твора Святланы Алексіевіч «Чарнабыльская малітва», удзельнікі акцый зладзілі свой Чарнобыльскі Шлях - марш да памятнага знака, усталяванага ўкраінскай дыяспарай на 5 гадавіну Чарнабыльскай катастрофы. Там жа прайшла вулічная выстава працаў мастакоў і фатографаў на Чарнобыльскую тэматыку, дзе да кожнай працы была падабраная цытата з «Чарнобыльскай малітвы».
Напрыканцы, удзельнікі акцыі прапанавалі ўсім наведвальнікам парка паўдзельнічаць у перфомансе «Ліквідацыя»: любы мог зняць паветраны шарык з вялізнай істаляцыі знака радыёактыўнасці і падумаць, як бы яны моглі дапамагчы ў ліквідацыі наступстваў ядзерных катастрофаў і прадухіленні такіх трагедый у будучыні.