Гурт Re1ikt даў вялікі сольны канцэрт з трох частак у Re:Public. Выступ музыкаў чарговы раз агаліў пытанне пра неабходнасць дармавых мерапрыемстваў.
Re1ikt выступаў у межах акцыі, якую з пачатку года ладзіць кампанія “СТА Логистик”. Бізнэсоўцы вырашылі падтрымаць маладых музыкаў ды паспрыяць іх далейшаму прасоўванню. З гэтай мэтай у Re:Public перыядычна праходзяць канцэрты, уваход на якія вольны. Ахвотных паслухаць адну з самых перспектыўных беларускіх каманд знайшлося нямала – чарга ў клуб была прыблізна такая ж, як на заезджых гастралёраў. Музыканты падрыхтаваліся да свайго вялікага сольніка як мае быць, прыдумаўшы безліч сюрпрызаў. Праўда, на гуку арганізатары, відаць, вырашылі сэканоміць. Прынамсі, гучаў гурт нашмат горш, чым на сваім жа сольніку тут жа год таму. Пасля таго канцэрту, дарэчы, сышоў вакаліст каманды Уладзімір Казлоў. Яму знайшлі замену, але потым музыкант вырашыў вярнуцца.
Канцэрт быў умоўна падзелены на тры часткі. У першай, напалову акустычнай, граліся практычна ўсе хіты з ранейшых альбомаў ды колькі новых прыдумак. Пачалі з “Бруднай дзяўчыны”, потым былі і “Вочы”, і “Нажы”. Уразіла беларуская версія Ніла Янга Old man з запевам “Стары, паглядзі на мяне”. Калі б Re1ikt працаваў у такім жа рэчышчы – не было б яму цаны. Часам Казлоў удаваў з сябе Кірчука, калі браўся перапяваць народныя творы – “Усе вулачкі падмецены” і “Тры Янгалы”.
За шоўмэна на канцэрце быў бубнач і лідар Re1ikt Аляксандр Дземідзенка, які перыядычна выходзіў да мікрафона, каб падзякаваць спонсарам ды настойліва параіць наведаць наступныя канцэрты гурта, а перадусім іх выступ у межах праекту “Тузін.Немаўля” 22 лістапада ў клубе Loft з фільмам “У агні народжаная”. Трэйлер да гэтай унікальнай стужкі музыкі агучылі тут жа і, здаецца, проста зачаравалі публіку. “Хто не прыйдзе на “Немаўля”, атрымае па ілбе”, – мудра заўважыў Дземідзенка.
Яшчэ адзін сюрпрыз – танцы экстрым-тэатра пад музыку гурта, што глядзелася феерычна, хоць і не надта да месца. У трэцяй частцы музыкі паспявалі з гасцямі і сыгралі поўную электрычнасць. На сцэну некалькі разоў выйшла вакалістка гурта “Рокаш” Паліна Дулінец, а таксама колішні часовы саліст каманды Сяргей Долгушаў. Паслухаць “рэліктаўцаў”, між іншым, прыйшла абазнаная публіка. У залі былі заўважаныя лідар “Палаца” Алег Хаменка, тэлевядоўца Сяргей Філімонаў, прадусар Алег Ціханаў, дызайнер Ігар Назаранка…
Выступ музыкаў чарговы раз агаліў пытанне пра неабходнасць дармавых мерапрыемстваў. З аднаго боку, задуму “СТА Логистик” варта ўхваліць, бо дзякуючы ёй людзі маюць шанец бліжэй пазнаёміцца з актуальнай беларускай музыкай. З другога боку, дармавы ўваход можа разбэсціць публіку, і людзі проста не захочуць плаціць грошы за тое, што ім паказвалі бясплатна. Не варта таксама забывацца, што і для саміх музыкаў гэта праца, а кожная праца мусіць хоць неяк аплачвацца. Ёсць безліч спосабаў падтрымаць музыкаў – дапамагчы ім з запісам, напрыклад, ці каб уваход на іх канцэрт каштаваў сімвалічных грошай, але каштаваў!
Сяргей Будкін
Фота: Аляксандр Ждановіч