Сёння вёска Новая Мыш — гэта невялічкае паселішча ў Баранавіцкім раёне, але яшчэ паўтара стагоддзі таму гэта было адно з найбуйнейшых мястэчак старажытнай Наваградчыны, пакуль не з’явілася чыгуначная станцыя ў Баранавічах, вакол якой і завіравала жыццё сённяшняга раённага цэнтра. Але ў Новай Мышы яшчэ захавалася атмасфера былой велічы ды нямала архітэктурных помнікаў, якія сведчаць пра шляхетнае мінулае мястэчка. Ёсць тут і свае таямніцы: да сёння дакладна не вядома, копія ці арыгінал цудадзейнага абраза Маці Божай Бялыніцкай быў выпадкова знойдзены ў мясцовым касцёле. Такім чынам, сёння пабачым храм ХІХ стагоддзя ў стылі класіцызм, помнік Яну Чачоту, рэшткі старой карчмы ды шмат іншых цікавостак.
Новая Мыш, панарама. Фота: planetabelarus.by
Як дабрацца?
З Мінска да Новай Мышы каля 150 кіламетраў. Калі абіраць з грамадскага транспарту, то зручней будзе дабірацца цягніком да Баранавічаў, па часе атрымаецца паўтары-тры гадзіны ад 20 да 5 BYN адпаведна. У Баранавічах можна будзе перасесці на гарадскі аўтобус № 27 ды даехаць да канцавога прыпынку.
Цэнтральны вакзал у Баранавічах. Фота: bar24.by
5 Нагодаў наведаць Новую Мыш
Упершыню ў пісьмовых крыніцах паселішча ўзгадваецца ў XV стагоддзі як вёска Мыш, а ў XVІ стагоддзі ўжо як мястэчка. Вядома, што за ўвесь час існавання ў Мышы гаспадарылі прадстаўнікі наймагутнейшых родаў беларускай шляхты. А Хадкевічы, атрымаўшы ад Жыгімонта Аўгуста графскі тытул, утварылі тут графства Мыш. Тытул графства меў на той час фармальнае значэнне, маёнткі з тытулам не вылучаліся ў асобны від і форму ўласнасці, лічыліся ўсяго толькі часткай магнацкай маёмасці. Але гэтая частка павялічвала прэстыж і выгодна вылучала пэўныя родавыя рэзідэнцыі сярод іншых. Да XVI стагоддзя вядома пра пабудову Хадкевічамі замка ў Мышы. Валы Мышанскага замка і зараз можна пабачыць побач з вёскай Старая Мыш.
Мышанскі замак Хадкевічаў, рэканструкцыя з Цэнтра раённых рамёстваў у вёсцы Русіна. Фота: barturizm.by
1. Пабачыць аўтэнтычную планіроўку старажытнага горада
Сёння дакладна цяжка сказаць, калі Хадкевічы заснавалі менавіта Новую Мыш, якая, паводле задумы гаспадароў, мелася стаць буйным гандлёвым і палітычным цэнтрам тагачаснай Наваградчыны. Верагодней за ўсё, што пасля трынаццацігадовай вайны з Масковіяй, калі загінуў кожны другі месціч колішняй Мышы. Спатрэбілася амаль паўтара стагоддзі пасля той вайны, каб аднавіць былы патэнцыял мястэчка ды зрабіць яго цэнтрам графства.
Панарама Новай Мышы ў 1915 годзе. Фота: bar24.by
Колішняя рынкавая плошча ў Новай Мышы да нашых дзён не надта змянілася, знаўцы звяртаюць увагу, што тут захавалася планіроўка канца ХVII стагоддзя. У Новай Мышы мы не сустрэнем ні звыклай Савецкай, ні вуліцы Леніна. Але можам прайсціся па Слонімскай, Загумённай, Куніцкай. Татарскую замянілі на Садовую, Жыдоўскую — на Баранавіцкую, тым не менш не кожнае беларускае паселішча можа пахваліцца адсутнасцю савецкіх найменняў цэнтральных вуліцаў.
Новая Мыш, вуліца Слонімская ў 1915 годзе. Фота: wikipedia.org
2. Наведаць касцёл Перамянення Божага пачатку ХІХ стагоддзя пабудовы
У забудове колішняй рынкавай плошчы Новай Мышы, як і ў даўнішнія часы, дамінуе касцёл Перамянення Божага, узведзены ў стылі класіцызм у 1825 годзе на месцы даўнейшага драўлянага храма 1641 года. У ім захоўваецца барочны арган, змайстраваны ў 1762 годзе. Інструмент уратаваны разам з амбонам ды трыма цэнтральнымі алтарамі з бенедыктынскага касцёла ў Нясвіжы, пасля скасавання расійскімі ўладамі мясцовага кляштара. З таго часу аўтэнтычным у аргане застаўся толькі праспект, астатняя частка грунтоўна перароблена Фларыянам Астраменцкім у 1891 годзе.
Касцёл у Новай Мышы. Фота: planetabelarus.by
Арган у касцёле ў Новай Мышы. Фота: argany.by
3. Пабачыць копію цудадзейнага абраза Маці Божай Бялыніцкай (а можа, і арыгінал)
Цікавосткі каталіцкай бажніцы ў Новай Мышы на гэтым не сканчваюцца. Ёсць яшчэ адна таямніца, разгадка якой яшчэ наперадзе. Рэч у тым, што пасля пажару 1995 года ў храме падчас рэстаўрацыі за асноўным абразом Унебаўзяцця Божай Маці на адным з бакавых алтароў быў знойдзены іншы, адзін у адзін падобны па апісанні да зніклага абраза Маці Божай Бялыніцкай.
Абраз Маці Божай Бялыніцкай у Новай Мышы. Фота: katolik.life
Гэты цудадзейны абраз шануюць як каталікі, так і праваслаўныя. Арыгінальную ікону ў 1876 годзе схаваў бялыніцкі ксёндз, замяніўшы яго на спіс, калі колішні кармеліцкі касцёл новыя ўлады перадалі праваслаўнай царкве. Куды той святар схаваў арыгінальны абраз, да сёння невядома.
Алтары ў касцёле, праваруч абраз Маці Божай Бялыніцкай. Фота: vedaj.by
Першапачаткова Маці Божая Бялыніцкая была напісана ў барочнай стылістыцы, найбольш верагодна, што ў ХVII cтагоддзі невядомым майстрам. Знойдзены ў Новай Мышы абраз сёння лічыцца копіяй, але паводле апісання, ён вельмі падобны да арыгіналу. На карысць гэтай версіі сведчыць той факт, што калі б абраз з’яўляўся копіяй, то навошта было яго хаваць за іншым?
Новая Мыш, касцёл. Фота: planetabelarus.by
Чытаць яшчэ:
У кожным рэгіёне Беларусі ёсць асаблівыя святыні — цудатворныя абразы Божай Маці, само з’яўленне якіх было незвычайным
4. Ушанаваць памяць Яна Чачота
У пачатку ХІХ стагоддзя Новая Мыш належала Юзафу Несялоўскаму. Менавіта пры Несялоўскім гаспадарчымі справамі маёнтка кіраваў Тадэвуш Чачот — бацька беларускага пісьменніка, фалькларыста, мовазнаўцы, філамата Яна Чачота. Менавіта тут, у Новай Мышы, бавіў дзіцячыя гады паэт, якога ягоны сябар Адам Міцкевіч так і называў «Ян з Мышы». Вядома, што першыя песні Чачота, напісаныя на матыў вядомых яму беларускіх, як казаў сам пісьменнік, «крывіцкіх» песняў, карысталіся надзвычайнай папулярнасцю ў студэнцкім асяродку Віленскага ўніверсітэта. Шмат сваіх баладаў Ян Чачот прысвяціў мясцовым рэаліям: «Мышанка», прысвечаная Хадкевічам, «Калдычэўскі шчупак», прысвечаны Міхалу Верашчаку, брату каханай Міцкевіча Марылі, ды шматлікія іншыя.
Помнік Яну Чачоту ў Новай Мышы. Фота: holiday.by
Таму Новая Мыш — самае месца, дзе варта ўшанаваць памяць гэтага выбітнага дзеяча. Помнік пісьменніку можна пабачыць за касцёлам у Новай Мышы. Манумент, выкананы вядомым беларускім скульптарам Алесем Шатэрнікам, быў усталяваны ў мясцовым скверы 4 ліпеня 1996 года дзякуючы руплівай працы мясцовых краязнаўцаў.
Помнік Яну Чачоту ў Новай Мышы, сучасны выгляд. Фота: bar24.by
5. Наведаць драўляную царкву нетыповай планіроўкі
Праваслаўная Спаса-Праабражэнская царква ў Новай Мышы ўзведзена ў 1859 годзе на месцы колішняга ўніяцкага храма. Бажніца была пабудавана яшчэ да паўстання Кастуся Каліноўскага, пасля якога ў беларускіх гарадох і мястэчках пачалі масава будаваць так званыя «мураўёўкі», таму выглядае не зусім звычайна. У царкве захаваліся некалькі абразоў ХVIII стагодзя, на якія таксама варта звярнуць увагу.
Спаса-Праабражэнская царква ў Новай Мышы. Фота: bar24.by
Інтэр’ер Спаса-Праабражэнскай царквы ў Новай Мышы. Фота: bar24.by
Гісторыя імклівага развіцця Новай Мышы спынілася з пачаткам гісторыі горада Баранавічы, калі ў 1871 годзе ў некалькіх кіламетрах ад Новай Мышы на чыгунцы з’явілася новая станцыя разам з дэпо. Вакол Баранавічаў і пачало віраваць тагачаснае эканамічнае жыццё мясцовасці. Але і ў Новай Мышы працягваліся кірмашы, мясцовыя яўрэі, як і раней, займаліся гандлем. Вядома, што да Другой сусветнай вайны большую частку насельніцтва Новай Мышы складалі жыхары юдэйскага веравызнання. Амаль усе яны, каля двух тысячаў чалавек, былі забітыя летам 1942 года. Апроч моцна перабудаванай сінагогі і некалькіх часткова захаваных будынкаў колішніх крамаў, памяць пра яўрэйскае мінулае Новай Мышы можна сустрэць на мясцовых юдэйскіх могілках.
Колішняя сінагога, у якой сёння месціцца «Еўраопт». Фота: glubinka.by
Вядома, калі ў мястэчку адбываліся кірмашы, квітнеў гандаль, былі і корчмы. Адну з іх можам пабачыць леваруч ад касцёла на цэнтральнай плошчы. У ХІХ стагоддзі тут месціўся гасцінны двор, дзе апроч як пад’есці, можна было яшчэ і пераночыць. На жаль, сёння будынак знаходзіцца ў занядбаным стане. Будынку ж колішняга млына, узведзенаму ў ХІХ стагоддзі, пашанцавала больш. Ён добра адрэстаўраваны і вылучаецца сярод мясцовай прыватнай забудовы, бо мае цэлых тры паверхі. Сёння ў колішнім млыне жывуць людзі.
Будынак колішняй карчмы ў Новай Мышы. Фота: bar24.by
Новая Мыш, карчма ў 1918 годзе
Варта завітаць у Новай Мышы і на каталіцкія могілкі, дзе ў старой часцы захаваўся шэраг старадаўніх надмагілляў. Асаблівую цікавасць тут уяўляе пахавальны склеп Эміліі Мацяеўскай, з помнікам 1874 года. Тут жа можна наведаць і драўляную могілкавую капліцу, узведзеную ў пачатку ХХ стагоддзя.
Могілкавая капліца ў Новай Мышы
Язэп Вараніцкі, Budzma.org
Чытаць яшчэ:
10 старажытных храмаў Баранавіцкага раёна