1 мая ў сённяшняй Беларусі найчасцей асацыюецца са святам у стылі агратрэш з абавязалаўкай для чыноўнікаў і шэрагамі прыгнаных школьнікаў з панылымі тварамі на афіцыёзных мерапрыемствах. А старэйшае пакаленне яшчэ можа прыгадаць савецкія парады з абавязковым удзелам працаўнікоў усіх магчымых катэгорый і піянераў са штучнымі кветкамі ў руках. Але ці ўсё так адназначна з гэтым святам? Ці варта адмовіцца ад яго, як толькі будзе магчымасць? Распавядаем, што стаіць за датай 1 мая, адкуль паходзіць свята і як яго адзначаюць у розных краінах свету.
Паштоўка Лявона Вольскага
Паходжанне святочнай даты
Вытокі святочнай даты звязаны з працоўным рухам Новага Свету. 1 траўня 1886 года анархічныя арганізацыі ЗША і Канады арганізавалі шэраг мітынгаў і дэманстрацый. Пры разгоне дэманстрацыі ў Чыкага ўдзельнікі якой выступалі за 8-гадзінны працоўны дзень, загінула шэсць дэманстрантаў. Праз некалькі дзён адбыліся масавыя выступленні супраць жорсткіх дзеянняў паліцыі, у выніку якіх невядомы кінуў бомбу, а ў адказ паліцыя адкрыла пальбу па дэманстрантах.
У выніку гэтай падзеі загінулі сем паліцыянтаў і сама меней чатыры дэманстранты, шэсцьдзесят паліцыянтаў і сто пятнаццаць грамадзянскіх асоб атрымалі раненні. Па абвінавачанні ў арганізацыі выбуху восем рабочых-анархістаў былі прыгавораны да павешання, траім з іх смерць замянілі на 15 гадоў катаргі.
Ілюстрацыя, прысвечаная трагічным падзеям у 1880-х гг. у ЗША. Крыніца: chicagohs.org
Менавіта ў памяць аб пакараных смерцю Парыжскі кангрэс II Інтэрнацыяналу (ліпень 1889-га) па прапанове амерыканскіх працоўных, якія запланавалі сваю забастоўку на 1 траўня 1890 года, абвясціў гэтую дату Днём салідарнасці працоўных усяго свету і прапанаваў адзначыць яго дэманстрацыямі з патрабаваннем 8-гадзіннага працоўнага дня і з іншымі сацыяльнымі патрабаваннямі.
На сённяшні дзень 1 мая афіцыйна адзначаюць як нацыянальнае свята палова свету, ад краін Еўропы і Амерыкі да Аўстраліі і Афрыкі. У шматлікіх краінах Еўропы першае мая з’яўляецца непрацоўным днём, калі адбываюцца дэманстрацыі і мітынгі, акцыі салідарнасці і творчыя перфомансы.
Дэманстрацыя ў Аўстрыі з нагоды Дня міжнародной салідарнасці працоўных. Крыніца: wikipedia.org
Дзень працы ў Расійскай імперыі і Савецкім Саюзе
У Расійскай імперыі першага мая як дзень міжнароднай салідарнасці працоўных упершыню адзначылі ў 1890 годзе ў Варшаве правядзеннем стачкі, у якой прыняла ўдзел 10 тысяч працоўных.
З 1897 года гэтая дата стала насіць палітычны характар і суправаджалася масавымі дэманстрацыямі. Першамайскія выступленні рабочых у 1901 годзе ў Пецярбургу, Тбілісі, Гомелі, Харкаве і іншых гарадах Расійскай імперыі ўпершыню суправаджаліся лозунгамі: «Далоў самадзяржаўе!», «Хай жыве рэспубліка!», адбываліся сутыкненнені з войскамі.
На першамайскія стачкі і дэманстрацыі 1912-1914 гадоў выходзіла больш за 400 тысяч працоўных. У 1917 годзе, пасля Лютаўскай рэвалюцыі, першае мая ўпершыню адсвяткавалі адкрыта: мільёны працоўных выйшлі на вуліцы з рознымі лозунгамі і плакатамі.
Дэманстрацыя 1 мая 1917 года ў Пскове. Крыніца: wikipedia.org
Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі дата стала афіцыйным святам, якое першапачаткова называлася «Дзень Інтэрнацыянала», а ўжо пазней (з 1972 года) было перайменавана ў «Дзень міжнароднай салідарнасці працоўных — Першае мая». У гэты дзень праводзіліся дэманстрацыі працоўных. Арганізаваныя калоны працоўных ішлі па цэнтральных вуліцах гарадоў усіх рэспублік і пасёлкаў СССР пад маршы і музыку палітычнай скіраванасці, а з гучнагаварыцеляў гучалі прывітанні дыктараў і палітычныя лозунгі.
Дэманстрацыя на 1 мая ў Савецкім Саюзе. Крыніца: eg.ru
У савецкі час нават прыдумалі імя, якое ўсхваляе Дзень міжнароднай салідарнасці працоўных, і гучыць яно Даздраперма. Абсурднае імя паходзіць ад скарачэння лозунгу «Да здравствует Первое мая!».
Ваппу — у Фінляндыі, Дзень адзінства — у Казахстане, Дзень ландыша — у Францыі
Для большай часткі еўрапейскіх краінаў 1 мая з’яўляецца афіцыйным святам, а ў частцы краінаў і выхадным днём.
У Польшчы штогод адзначаецца Дзень працы. Актыўна гэта дзень адзначаўся яшчэ ў міжваеннай Польшчы.
Першамайскі парад у Кракаве ў 1936 годзе. Крыніца: Narоdowe Archiwum Cyfrowe
У пасляваенны час, з усталяваннем савецкага палітычнага рэжыму, з 1950 года Дзень працы атрымаў статус дзяржаўнага свята. У наступныя гады ўлады ПНР планавалі і кантралявалі ход Дня працы. Штогод ладзіліся першамайскія шэсці, збіраючы мільёны палякаў. Нярэдка прысутнасць на іх была абавязкам.
Пасля развалу Савецкага Саюза і атрымання Польшчай сапраўднай незалежнасці 1 мая застаецца афіцыйным дзяржаўным святам, які па-польску называецца «Święto Pracy». У гэты дзень актывісты прафсаюзаў звычайна ладзяць парады ў гарадах і пасёлках па ўсёй Польшчы, але яны не маюць такога асвятлення і помпы, якія былі падчас Польскай Народнай Рэспублікі. Яны былі і застаюцца сімвалічнымі.
У Фінляндыі першага мая адбываецца традыцыйнае свята Ваппу, што ўзыходзіць яшчэ да паганскіх рытуалаў сустрэчы вясенне-летняга перыяду і сумяшчаецца з традыцыяй найноўшага часу ўшаноўвання людзей працы.
У Фінляндыі свята пачынаецца ўжо напярэдадні 1 мая і па традыцыі адзначаецца не толькі як дзень працоўных, але і як дзень студэнта. Святкаванне суправаджаецца карнаваламі, шэсцямі, дэманстрацыямі.
Студэнты напярэдадні 1 мая, Хельсінкі, 2016 г. Крыніца: wikipedia.org.
З 1979 года 1 мая аб’яўлена ў Фінляндыі афіцыйным дзяржаўным святам, падчас якога вывешваюць дзяржаўны сцяг. Для большасці жыхароў Фінляндыі Ваппу — гэта перш за ўсё свята весялосці і радасці чакання надыходзячай вясны. Нязменным атрыбутам свята Ваппу з’яўляюцца белыя фуражкі выпускнікоў гімназій, якія апранаюць не толькі нядаўнія выпускнікі, але ўвогуле ўсе, хто калі-небудзь скончыў гімназію.
У Францыі разам з першамайскімі мытынгамі адбываецца свята ландыша. Менавіта ў гэты дзень абсалютна любы жадаючы мае права на продаж ландышаў на вуліцах французскіх гарадоў.
Людзі на вуліцах французскіх гарадоў падчас 1 мая. Крыніца: livemaster.ru
Здаўна, паводле народнай традыцыі, людзі дораць адно аднаму ландышы, бо яшчэ за кельцкімі часамі лічылі, што гэтая кветка прыносіць шчасце. Традыцыя дарыць кветку-талісман вельмі старадаўняя, што атрымала шырокае распаўсюджанне ў ХVI стагоддзі пры каралі Карле ІХ. Кожны год у Францыі першага мая прадаецца каля 60 мільёнаў ландышаў.
Досыць адметна, што ў Казахстане першае мая адзначаецца як свята адзінства народа Казахстана, якое пачало адзначацца з 1996 годзе пры Нурсултане Назарбаеве. Гэта свята прызначана для захавання міжнацыянальнай і міжрэлігійнай згоды, балансу паміж рознаэтнічным і поліканфесійным насельніцтвам краіны.
Прадстаўнікі розных народаў Казахстана спяваюць дзяржаўны гімн. Крыніца: wikipedia.org.
Маёўкі і першамайская тапаніміка
Народная традыцыя гэтага дня заключаецца ў так званых «маёўках», калі адбываліся сямейныя вылазкі на прыроду або сяброўскія пікнікі, пры гэтым яны ўсе былі прымеркаваныя да першых дзён мая. Фактычна адбывалася сустрэча першых сапраўды цёплых вясновых дзён, хоць у народзе лічылася, што цёплыя першыя майскія дні сведчаць пра халады ў другой палове месяца, а калі яны халодныя, то будзе наадварот.
Народнае гулянне ў Сакольніках 1 мая. Гравюра XIX стагоддзя, аўтар невядомы.
Адметна, што ў беларускім тапаніміконе дата 1 мая адбілася толькі ў назвах вуліц гарадоў, якіх можна налічыць дзясяткі, прычым у розных частках краіны. А вось гарадскіх альбо вясковых паселішчаў з першамайскім найменнем вобмаль. У Беларусі існуюць толькі дзве вёскі з назвай «Першае мая»: у Рэчыцкім раёне Гомельскай вобласці і ў Гродзенскім раёне.
Шыльда на ўездзе ў вёску Першае Мая Гродзенскай вобласці. Крыніца: wikipedia.org.
Натуральна, цяперашнія назвы вёсак не з’яўляюцца народнымі і не адлюстроўваюць лакальную гісторыю гэтых паселішчаў. Да прыкладу, вёска Першае Мая Рэчыцкага раёна раней называлася Пагулянка (назва лучыць паселішча з ідэяй маёвак). Адзначым таксама, што абедзве згаданыя вёскі вельмі малыя і знаходзяцца на мяжы знікнення.
Хведар Прылёпаўскі, Budzma.org
Чытайце яшчэ:
Панямонне, Падзвінне, Падняпроўе. Навошта за савецкім часам для Беларусі прыдумлялі неіснуючыя рэгіёны