Сёння беларусы адчуваюць падтрымку з усяго свету, сваю салідарнасць выказваюць сусветныя зоркі і палітыкі, акцыі салідарнасці ладзяцца штодня. Не менш каштоўнай і натхняльнай з’яўляецца падтрымка тых беларусаў, якія цяпер жывуць і працуюць за мяжой. “Будзьма” паразмаўляла з некаторымі з іх пра рэакцыю на падзеі ў Беларусі, салідарнасць і падтрымку, якую яны аказваюць суайчыннікам.
Таня Рэут
Кантэнт-спецыялістка, журналістка
Швейцарыя
— Эмацыйны напал гэтага лета, асабліва гэтага жніўня, цяжка апісаць. Гонар і радасць ад таго, наколькі беларусы пасіянарныя, адважныя, салідарныя і светлыя. Агіда і жах ад таго, што робіць АМАП і як ганебна паводзіць сябе Лукашэнка. Пачуццё бездапаможнасці, калі знаходзішся далёка, і прага быць там, на радзіме, у Мінску. І з усім маім досведам пратэстаў (у 2003-м за Коласаўскі ліцэй, 2006, 2010, 2011) і журналісцкай заглыбленасцю ў тэму барацьбы з рэжымам, гэтым летам я пастаянна здзіўляюся.
З пачатку агітацыйнай кампаніі і да сённяшняга мне давялося пазнаёміцца з дзясяткамі вельмі класных беларусаў у Швейцарыі. Я не ведала, што нас столькі. Людзі вельмі актывізаваліся, арганізоўваюцца для акцыяў салідарнасці (напрыклад, перад будынкам ААН у Жэневе), дзеля незалежнага назірання на ўчастку і экзіт-полаў (дарэчы, паводле афіцыйнага пратакола, у Швейцарыі перамагла Ціханоўская – 240 галасоў з 284). Вельмі мала абыякавасці, арганізоўваюцца самі, без канкрэтнага лідара. З 9 жніўня, вядома, дадаліся гнеў і перажыванні за блізкіх у Беларусі. Адразу некалькі чалавек казалі адное і тое ж – скінулі вагу ад перажыванняў. Не могуць ні спаць, ні есці, усе думкамі ў Беларусі.
Што тычыцца менавіта швейцарцаў, то нейкай зацікаўленасці ці заклапочанасці з іхнага боку не заўважыла. Людзі ў асноўным не ведаюць пра падзеі ў Беларусі. Ці чулі, але ім не вельмі цікава. Але па маіх назіраннях яны ў прынцыпе мала цікавяцца замежнай палітыкай. Менавіта таму, мне здаецца, мясцовыя беларусы так шукаюць кантакту адно з адным. Палітыкі пакуль што трымаюць паўзу: Швейцарыя наконт легітымнасці выбараў яшчэ не выказвалася. Паміж краінамі існуюць неблагія гандлёвыя адносіны, і, магчыма, яны “асцярожнічаюць”.
Спрабую дапамагаць па меры мажлівасці. Вядома, грашовымі пераводамі ў фонд пацярпелым ад гвалту і на дапамогу страйкоўцам. Распаўсюд інфармацыі ў сацсетках ужо стаў аўтаматычным, плюс спрабую пісаць навіны на ангельскай ці нямецкай мове, каб неяк варушыць небеларускіх падпісчыкаў. Бачу па фэйсбуку, што некаторыя знаёмыя замежнікі пераводзяць сродкі ў фонды менавіта пасля таго, як убачылі гэта ў мяне. Таму спадзяюся, што які-ніякі плён з гэтага ёсць. Ездзіла на акцыі ў Жэневе і Цюрыху, асвятляла як журналістка.
Я ўстрымаюся ад парадаў беларусам на месцы, таму што ў мяне толькі захапленне і падтрымка для іх. Яны даюць рады і без нас, хаця спадзяюся, што адчуваюць хвалю любові ад суграмадзянаў па ўсім свеце. Адзінае: будзьце асцярожныя і беражыце здароўе, у тым ліку псіхічнае.
Магу сказаць, што ў самой Беларусі не толькі блізкія сябры і сям’я не засталіся абыякавымі (у маім блізкім асяроддзі амаль усе былі і раней заангажаваныя і ілюзій наконт улады Лукашэнкі не было), але па стужцы інстаграма і фэйсбука бачу, што абсалютна ўсім баліць за Беларусь, нягледзячы на род заняткаў і былую “апалітычнасць”. Адчуваецца еднасць нацыі, і гэта дае надзею.
Юліяна Раманенка
Выкладчыца ангельскай мовы
Казахстан
— Мне брыдка ад таго, як хутка міліцыянты страцілі людскасць. Горш за ўсё усведамляць, што яны заўжды былі такімі. Дакладней, я ведала, што сярод іх шмат нягоднікаў. Але больш за тыдзень таму (сёння 21 жніўня) я зразумела, як шмат у нашай краіне маральных вырадкаў, якія таксама займаюць кіроўныя пасады і аддаюць злачынныя загады. Ганьба ім!
Усім, каго я ведаю, сумна. Нам балюча сачыць за падзеямі на Радзіме. Нават не хапае словаў, каб выказаць абурэнне і гнеў. Мы хочам зрабіць што-небудзь, але вырашылі не лезці на ражон у краіне, якая падтрымала ілжэпрэзідэнта. Тым не менш, са словаў тутэйшых, казахстанскія “праваахоўнікі” выкарыстоўваюць падобныя да лукашэнкаўскіх метады (затрыманні тых, хто не ўдзельнічае ў дэманстрацыях).
Спачатку я не ведала, як магу дапамагчы беларусам. Чатырнаццатага ліпеня я зрабіла першы перавод, у мяне атрымалася падзяліцца грашыма з затрыманымі праз Антона Матольку, бо праз фэйсбук нешта было не так. Потым я даведалася, што можна назіраць за выбарамі не толькі ў Беларусі, а таксама за мяжой.
Я паставіла сабе мэту стаць назіральніцай на выбарчай пляцоўцы ў Казахстане. Адзінай цяжкасцю было знайсці суайчыннікаў — за тры гады я не сустрэла тут нікога з беларусаў. Дапамог прамоўшн у інстаграме. Так пачалі знаходзіцца людзі, але я атрымала акрэдытацыю толькі ў асноўны дзень галасавання. Я з’явілася на выбарчай пляцоўцы ў восем гадзін ранку, каб сустрэць дастатковую колькасць суайчыннікаў. Мне спатрэбілася некалькі гадзін, каб атрымаць акрэдытацыю. Я не заўважыла, як праляцеў гэты час, бо казахстанскія міліцыянты дзесяць разоў запыталіся, чаму я адна стаю ля амбасады. Яны прасілі паабяцаць, што я не збіраюся заклікаць дэманстрантаў і парушаць парадачак. Чым больш ля амбасады збіралася нас, тым больш вакол збіралася міліцыянтаў. Калі яны зразумелі, што мы нічога злоснага не запланавалі, то паменшылі крыху разышліся.
Пасля 9 жніўня я падзялілася грашыма на BYHELP праз фэйсбук, прапанавала свае паслугі выкладчыцы замежнай мовы для тых, хто сышоў з дзяржаўнай працы і каму патрэбная перападрыхтоўка. Я магу дапамагчы палепшыць стан рускай пісьмовай мовы, а таксама ангельскай з любога ўзроўню. Гэта ўсё, вядома, бясплатна.
Штодзённа я раблю рэпосты з тэлеграм-каналаў, пару разоў давала інтэрв’ю, якія нават былі змешчаныя на анлайн-пляцоўках у Казахстане. Час ад часу даю каментар у дачыненні да таго, што з’яўляецца на маёй старонцы ў фэйсбуку. Я хачу, каб тыя, хто застаўся ў Беларусі, ведалі, што думкамі і сэрцам я з імі. Я імкнуся падтрымліваць словам і справай.
Я напісала прыкладны зварот да прэзідэнта Казахстана, але не атрымала моцнай падтрымкі сяброў, таму звароту адрасат яшчэ не бачыў. Я не хачу, каб мае дзеянні выглядалі як адзіночны пікет вар’яткі, таму нічога з гэтым зваротам не зрабіла, але план яшчэ ёсць. Магчыма, у нашай тусоўкі з’явіцца натхненне, і мы вырашым, што з ім зрабіць.
На маю думку, тое, што дзейная улада робіць цяпер, – гэта дэмаралізацыя грамадства і маніпуляцыі. З аднаго боку, затрыманні не спыніліся – балюча, працоўных пазбаўляюць працы ці грошай – прыкра. З іншага, мы ядналіся як нацыя – мурашкі па целе. Мы адно аднаму дапамагаем, запісваем відэазвароты і заклікаем змагацца ўсімі правамернымі спосабамі. Людзі маюць фінансавую дапамогу і страйкуюць! Што да маніпуляцый ўладаў, мне здаецца, што, паколькі затрыманняў цяпер менш, чым было, і яны не такія відавочныя, існуе рызыка змірыцца з гвалтам як з нормай беларускага грамадзянскага жыцця. Калі такое адбываецца – гэта страшна! Я ўдзячная ўсім, хто рэпосціць гісторыі гвалту, бо ўсе павінныя памятаць і ведаць іх. Гэтых гісторыяў ніколі не будзе зашмат! Гэта дваццаць першае стагоддзе ў свеце, дзе ўсе імкнуцца жыць дэмакратычна, і мы, беларусы, таксама. Але мы, на жаль, нарадзіліся ў “Паўночнай Карэі пасярод Еўропы”.
АРЛ не спяшаецца прызнаць, што нацыя не з ім, а адно з адным. Будзе цяжка, калі ён вырашыць працягнуць свае брудныя гульні з эканомікай і жыццямі людзей. Будзе цяжка, калі ён пахавае суверэнітэт дзяржавы, перадаўшы яго Расіі. Будзе шкада нашых агульных намаганняў, калі мы адно за адным пазбавімся натхнення і спынім грамадскую дзейнасць, накіраваную на будаўніцтва вольнай будучыні. Будзе прыкра, калі ў дзяржаўных фашыстаў атрымаецца спыніць струмень фінансавай падтрымкі з усяго свету.
Але калі мы ўспомнім, што адбывалася падчас Вялікай Айчыннай вайны, то нагадаем сабе, што тады мы перамаглі, маючы нават меней, чым цяпер. Мы павінныя нагадаць сабе, што мы – партызанская краіна! Гэта ў нашай крыві! Мы дзейнічаем у адзіночку і разам. Мы ведаем, што і як рабіць моўчкі. Але мы ўжо не робім усё моўчкі, цяпер мы працуем гучна. Нас натхняе, што мы разам. Мы можам хутка дамовіцца – і ўсе бачаць сотні тысяч на вуліцах Мінска. Мы – моц! Нашая цягавітасць – нашая моц. Калі мы вытрымалі дваццаць шэсць гадоў пры такой уладзе, мы вытрымаем некалькі месяцаў або болей, ігнаруючы яе. Мы трывалыя! Улада хутчэй стоміцца, бо яны абыякавыя, млявыя і дурныя – рэцэпт правалу!
Хай усе цемрашалы ідуць да д’ябла! Пекла зачакалася! Вар’ятня таксама зачакалася! Зачакалася пані Гаага! Шчаслівай дарогі! Хутка ў іх усіх заслужаныя вакацыі ды паці, назва якой – трыбунал. У той дзень у беларусаў у крамах скончыцца ўсё, што мае градус!
А пакуль нам варта працягваць рабіць тое, што мы ўжо пачалі рабіць! Трэба спыніць прыкорм злачыннай улады! Затрыманыя павінныя пісаць скаргі, расказваць усім, што адбылося з імі ў СІЗА, задакументаваць свае збіццё ды калецтва, набытыя падчас знаходжання побач з АМАПам ды іншымі вырадкамі беларускай фашысцкай здрадніцкай сістэмы! Не мы, толькі шматлікія сілавікі ды высокапастаўленыя дзеячы, прадалі сумленне за грошы і здрадзілі сабе, сваім бацькам і свайму народу!
Мае знаёмыя і сябры на Радзіме баяцца, але робяць. Яны распавядаюць, што ім страшна, але выходзяць на мірныя пратэсты. Адна мая сяброўка нават жартуе, што нельга лічыцца добрым чалавекам, калі ты хоць аднойчы не пакатаўся ў аўтазаку. Мне ад гэтага жарту сумна, нават усмешка не з’яўляецца на твары.
Любыя, я з вамі! Я ўночы сачу за вамі па шматлікіх відэа! Маё сэрца з вамі. Мне ніколі не было абыякава!
Аляксандра Цвяткова
Выкладчыца, перакладчыца
Іспанія
— З аднаго боку, я адчула шок і страх за лёс народа, гнеў і непрыняцце дзеянняў сілавікоў і вусатага, а з іншага – велізарны гонар за беларускі народ і за тое, што я таксама частка гэтага народа.
Наогул, усе з беларускай дыяспары падзяляюць мой пункт гледжання, а іспанцы асабліва здзіўленыя цывілізаванасцю, выхаванасцю, адвагай, згуртаванасцю. Аказваецца, мірныя пратэсты таксама існуюць.
Менавіта ў маім горадзе калі і ёсць беларусы, то я іх не ведаю, таму арганізаваць акцыю тут складана. Актыўна падтрымліваю распаўсюд інфармацыі. Хацелася б дапамагчы фінансава, але свая сітуацыя вельмі складаная. У выніку я пісала ў арганізацыі, якія дапамагаюць пацярпелым, цяпер дыстанцыйна дапамагаю, адказваючы на паведамленні пацярпелых і іх блізкіх, любога, хто звернецца. У цэнтры далі ўсю інфармацыю, каб зарыентаваць чалавека ў такіх няпростых абставінах.
Шчыра спадзяюся на сумленныя выбары, на тое, што ў АРЛ прачнецца сумленне або здаровы сэнс, і ён сыдзе сам. Беларусам нельга рабіць ні кроку назад, столькі людзей ужо аддалі жыцці, столькі людзей пацярпела. Мне было б сорамна адступаць, калі ўсё ўжо так далёка зайшло. Я сама хачу вярнуцца, упершыню за 10 гадоў прачнулася жаданне.
Што тычыцца маіх сваякоў у Беларусі, яны вельмі спакойныя людзі. АРЛ яны не падтрымліваюць, але звычайна маўчаць. Мае сябры ўсе з белымі бранзалетамі.
Аляксандр
Спецыяліст па сувязях з грамадскасцю
Эстонія
— Тое, што цяпер адбываецца ў Беларусі, выклікае жах не толькі ў мяне, але і ва ўсім маім асяроддзі.
Зверствы ў дачыненні да грамадзян краіны, якія мірна выйшлі на вуліцы, недапушчальныя і наогул немагчымыя, як многім здавалася, у 2020 годзе. Аднак беларускія ўлады паказалі, што іх зверствам няма мяжы. Цяпер Лукашэнка неяк спрабуе апраўдаць збіццё, прыкрыць і зменшыць, выдаючы чарговую хлусню і паклёп, што былі наркаманы, што здымкі падробленыя і да т.п., але людзі, грамадзяне Беларусі ніколі гэтага не забудуць.
У мяне няма ніводнага чалавека, хто б галасаваў за Лукашэнку, а ЦВК кажа пра вялізную падтрымку ўлады, што сябе зжыла. Лукашэнка захапіў уладу і, на вялікі жаль, праваахоўныя органы сталі не на абарону народа, а на бок аднаго ўжо не легітымнага прэзідэнта.
Беларусы, якіх я ведаю, абураныя гвалтам у дачыненні да пратэстоўцаў. Гэта законнае права грамадзяніна свабоднай краіны, але беларусаў чарговы раз яго пазбавілі. Гэта ўжо вынік таго, што многія гады беларусаў прыціскалі ў правах, давалі штрафы за любыя свабодныя акцыі.
Шмат хто з маіх эстонскіх знаёмых цяпер не разумее, як такое магло адбыцца ў Беларусі. Калі з'явіліся першыя кадры з пратэстаў, а пасля кадры, якія цяжка глядзець чалавеку з моцнай псіхікай, гэта адкрыла ім вочы на Беларусь не толькі як на краіну парадку і чысціні, але і як на краіну дыктатуры, якая здольная збіваць дзяцей, гвалтаваць мужчын і жанчын, здзекавацца са старых. Эстонія, як і іншыя краіны, вельмі жорстка адрэагавала на дзеянні беларускіх уладаў, рэакцыя была імгненнай, але ёсць і тыя, хто лічыць, што ўсё правільна там адбываецца, у асноўным у рускамоўных рэгіёнах краіны. На маю думку, адэкватны чалавек, у якога ўсё нармальна з галавой, ніколі не ўхваліць такі гвалт.
Падтрымліваць на адлегласці заўсёды прасцей, чым быць на месцы, я разумею гэта. Некаторыя папракаюць, маўляў, прыязджай, выходзь з намі, не разумеюць, што ў мяне ўжо іншае жыццё і ў ім таксама ёсць свае абставіны, але Радзіма ў нас агульная, і ўсе яе праблемы мне баляць. Першапачаткова я і шмат іншых беларусаў пачалі дапамагаць фінансава, скідалі грошы на штрафы, у фонд. У Таліне я арганізаваў першую акцыю салідарнасці ля беларускай амбасады.
9-га я з'ехаў у іншую краіну на нейкі час і, калі ўсё пачалося, пару сутак сачыў за тым, што адбываецца. Калі пачалі шукаць сваякоў, самастойна дапамагаў некалькім людзям шукаць родных. Некалькі паведамленняў у тэлеграм-суполцы, якія я прачытаў, былі настолькі чалавечымі і безнадзейнымі адначасова (людзі не маглі знайсці сваяка або сябра), што я вырашыў "курыраваць" іх вышук, не ўсе ўмеюць добра карыстацца інтэрнэтам, а інфармацыя была раскіданая, шукаць трэба было па розных крыніцах. Звязаўся з валанцёрамі, адсочваў спісы, спісваўся з роднымі, удакладняў дадзеныя, перадаваў іх валанцёрам на месцах.
За ноч атрымалася знайсці 4 чалавек, а аднаго хлопца ніяк не атрымлівалася. Яго шукаў сябар, з бацькамі той хлопец не кантактуе. Так бы мовіць, сірата пры жывых бацьках, якія наўрад ці пачалі б яго шукаць. Сябар ездзіў то ў Жодзіна, то на Акрэсціна, а я перачытваў спісы, пісаў знаёмым, рабіў усё што мог. Яго атрымалася знайсці праз пару дзён. У мяне гэты хлопец не выходзіў з галавы, я ўвесь час думаў што ж яшчэ зрабіць, каб дапамагчы.
Некаторыя, хто мяне ведае, пыталіся, дзе знайсці інфармацыю пра псіхолагаў, як зняць пабоі і г.д. Усё гэта я шукаў і даваў тэлефоны, спасылкі, кантакты. Як аказалася, людзі не былі гатовыя да такой сітуацыі і ні адна арганізацыя – ні сацыяльная ні праваабарончая – не сутыкалася з такім раней. Вельмі крута, што з'явілася шмат ініцыятываў, якія проста пачалі дапамагаць людзям. Я ганаруся беларусамі.
Цяпер думаю зрабіць адзін інтэрнэт-рэсурс, які б дапамог знайсці сваякоў. Спадзяюся ён дапаможа людзям.
Падзеі прагназаваць цяжка. Лукашэнка ўхапіўся за ўладу і, выкарыстоўваючы падаткі беларусаў, намагаецца яе ўтрымаць. Я бачу спад пратэстаў, людзі стаміліся, некаторыя запалоханыя, і гэта зразумела. Калі цябе збіваюць суткі, не кожны вытрымае. Але я спадзяюся, што людзі не апусцяць рукі і працягнуць барацьбу за свае правы. Не трэба баяцца, што звольняць, што будуць санкцыі: калі пераможам, усё вернецца да ладу.
На жаль, МУС, пракуратура і іншыя органы, якія павінны адсочваць выкананне закона, цяпер бяздзейнічаюць. Калі не атрымаецца, то з Беларусі паедуць сотні тысяч людзей.
Бацькі мае заўсёды падтрымлівалі Лукашэнку: што б я ім ні казаў, у адказ – "абы не было вайны". Гэтым разам усё інакш, вайны няма, а людзі жывуць бедна, у маленькіх гарадах галеча. Што б там ні казалі па БТ. На гэтых выбарах ніхто з маіх блізкіх не падтрымаў Лукашэнку. Яны таксама бачылі пратэсты, некаторыя ў іх удзельнічалі, на шчасце, не было затрыманняў, і ўсе вярнуліся дадому. Сярод сяброў у Мінску ёсць тыя, хто пабываў на Акрэсціна або чые родныя апынуліся ў ІЧУ.
Гутарыў Кірыл Стаселька, budzma.by