Павал Кірылёнак — гід па Каталоніі, беларус па ідэнтычнасці, чэх па пашпарту і каталонец па перакананнях. У эфіры Еўрарадыё ён паразважаў пра мову і нацыянальную самаідэнтычнасць, падабенствы і адрозненні беларусаў з каталонцамі і распавёў, што б паказваў турыстам у новай Беларусі.
— Вельмі шмат людзей, асабліва ў постсавецкай прасторы, сёння блытаюць паняцце нацыі і паняцце этнасу, крыві. Маўляў, беларус — гэта той, хто нарадзіўся ад бацькоў-беларусаў. Але гэта не так. Беларус можа быць яўрэйскага паходжання, татарскага, расійскага, афрыканскага. Ён можа быць паводле сваёй расы азіят, але калі ён мае дачыненне да Беларусі, калі ён лічыць сябе часткай беларускай мовы... Думаю, што гэта самы важны фактар: кім ты сябе ідэнтыфікуеш, — разважае Кірылёнак.
Павел Кірылёнак. Фота: @sekretybarselony
— Я не лічу, што нацыянальнасць павінна быць адна. У мяне нацыянальнасць небінарная. Пашпарт чэшскай рэспублікі, штосьці ёсць ад каталонцаў. А па мове я беларус. Мова — гэта вельмі важны фактар нацыянальнай ідэнтычнасці.
Беларускія анамаліі
Але чаму беларусы так лёгка расстаюцца са сваёй ідэнтычнасцю ў замежжы? На гэта ў Кірылёнка, які з дзевятанццаці гадоў жыве за мяжой, таксама ёсць адказ.
— Беларусы — гэта нацыя прыстасаванцаў. Я вельмі шмат бачыў беларусаў, якія жывуць у замежжы. Размаўляў, назіраў за імі. Беларусы адаптуюцца ў сярэднім нашмат лепш, чым большасць усіх астатніх прынамсі усходнееўрапейскіх народаў. У нас ёсць гэтая хамелеоністасць, я таксама на сабе гэта адчуў.
Мне вельмі лёгка адаптавацца. Куды я не прыеду, я вельмі хутка стану сваім. Я вывучу новую мову, я буду цікавіцца новай культурай. І ў тым ліку з-за гэтага я ў пэўны момант зразумеў, што мне трэба рабіць намаганні, каб захаваць сваю беларускасць. Бо інакш я магу ўсё гэта згубіць.
Павел Кірылёнак. Фота: @sekretybarselony
Аднак калі да 2020 года беларусы зліваліся з асяроддзем у замежжы, то пасля сітуацыя відавочна змянілася, заўважае Кірылёнак.
— У мяне на вачах беларусы, якія жывуць у замежжы, раптам адчулі неабходнасць крычаць: «Я беларус! Мне не ўсё роўна, што адбываецца ў Беларусі». Гэта быў вельмі важны момант у працэсе нацыянальнага будаўніцтва.
Цяпер па ўсім свеце мы аб’яднаныя ў суполкі, хаця да 2020 года беларусы ў гэтым сэнсе былі анамаліяй. Не было арганізаванай дыяспары з клубамі, коламі. Цяпер сітуацыя крыху нармалізавалася. Магчыма, актыўнасць зараз падае, але ўсё роўна, гэта прынцыпова якасна іншая сітуацыя. Беларусы замежжа не тыя, кім былі раней.
Паразважаў Кірылёнак і пра маштабы міграцыйнай хвалі.
— Мяне не вельмі пужае, што за межамі зараз знаходзіцца такая вялікая колькасць актыўных беларусаў. Мяне б пужала, калі б яны заставаліся ў Беларусі і жылі ва ўмовах канцлагеру, змяняліся б пад гэтым уздзеяннем. А тое, што яны зараз у Польшчы, Аўстрыі ці нейкай іншай краіне... Гэтыя людзі ва ўмовах свабоды. Яны працягваюць думаць, аналізаваць, будаваць сэнсы і застаюцца беларусамі. Не думаю, што большасць людзей у перспектыве адмовіцца ад беларускага.
Каталонцы vs Беларусы
— Каталонцы вельмі ўпартыя ў нацыянальным аспекце і вельмі злапамятныя, — дзеліцца назіраннямі Кірылёнак.
Іхняя нацыянальная ідэя шмат у чым стаіць на тым, каб помніць усе крыўды, якія былі нанесеныя каталонцам, і на гэтым будаваць сваю ідэнтычнасць. Бо ў іх няма дзяржавы, іх існаванне знаходзіцца пад вельмі вялікай рызыкай, і яны гэтай упартасцю і злапамятнасцю цэментуюць сябе як нацыю з пакалення ў пакаленне.
Мы, беларусы, вельмі добрыя. Мы ўсё даруем. Хто б нас не пакрыўдзіў, мы ўсё забываем.
У гэтым паміж намі вельмі вялікае адрозненне. Магчыма, у гістарычна-нацыянальным сэнсе нам трэба быць больш злымі. Бо гэта дапамагае ў тых сітуацыях, калі ёсць рызыка згубіць сваю ідэнтычнасць. Магчыма, каб мы былі больш злапамятныя, мы б не апынулася тады ў сітуацыі, калі дзяржава залежная ад Расіі.
Акцыя беларусаў у Барселоне. Фота: @sekretybarselony
Увогуле, я прыхільнік той думкі, што Беларусь — гэта спячая прыгажуня. І калі знешнепалітычная сітуацыя зменіцца, то мы вельмі хутка зможам стаць цывілізаванай дэмакратычнай краінай.
Гід па Каталоніі пра гайды для Беларусі
— Пасля змены рэжыму я б прэзентаваў Беларусь як новую краіну, якая была абсалютна закрытай, а зараз адкрылася. Вельмі шмат у свеце людзей, якія хочуць пабачыць штосьці новае. Трэба зразумець, што турыстычная папулярызацыя краіны абсалютна не абавязкова павінна ісці па звыклых рэйках. Не трэба імкнуцца зрабіць той самы турыстычны прадукт, які робіць Чэхія ці Літва. Трэба рабіць нешта сваё.
Скажам, Мінск. У архітэктурным сэнсе — абсалютна ўнікальны ідэальны савецкі горад, пабудаваны пасля другой сусветнай вайны. Гэта цікава. Такога ў свеце больш, бадай што, няма. Ёсць прыродныя рэчы, якіх у свеце мала. Напрыклад, нашыя балоты. Можна развіваць экалагічны турызм. Гастранамічныя рэчы, пра якія мы самі яшчэ мала чаго ведаем.
Была б свабода, былі б адчыненыя межы. Праблема пакуль што ў гэтым, а не ў тым, што мы можам паказаць свету.
Чытайце яшчэ: Ад Літвы да Аўстраліі. З’явілася культурная мапа беларусаў свету