Пытанне аб замене герба Беластока адкладзенае на нявызначаны час. Нягледзячы на негатыўныя заключэнні Геральдычнай камісіі і заклікі да змены, гарадскія ўлады вярнулі праект на дапрацоўку, піша MOST.
Сучасны герб Беластока — злева. Прапанаваны — справа. Калаж Hrodna.life
У Беластоку на паседжанні гарадской рады абмяркоўвалася пытанне аб замене герба горада, які, на думку Геральдычнай камісіі, парушае польскія гістарычныя і геральдычныя традыцыі. Дзеючы герб на думку экспертаў, нагадвае аб перыядзе расійскай акупацыі і не адлюстроўвае польскай нацыянальнай ідэнтычнасці.
Герб Беластока з Арлом і Пагоняй зацвердзілі ў 1996 годзе. З таго часу эксперты выказваюць сумневы ў яго адпаведнасці правілам геральдыкі і гістарычнай традыцыі. Пры спробах зацвердзіць якія-небудзь узнагароды з гэтым гербам міністэрская геральдычная камісія абвяргала гэтыя праекты. Таму з’явілася прапанова вярнуцца да герба часоў Яна Клеменса Браніцкага, які не выклікае пярэчанняў спецыялістаў. Ініцыятыва змяніць герб Беластока ўжо рабілася ў 2012 і 2018 гадах. Але тады гарсавет гэтую ідэю не падтрымаў.
«Праблема не ў гербе, а ў геральдычнай камісіі. Яны лічаць наш герб царскім, хаця ён быў зацверджаны пасля дэмакратычных перамен у Польшчы. Цяпер мы хочам вынесці гэтае пытанне на абмеркаванне і паглядзець, ці пагодзяцца на змену дэпутаты гарсавета», — казаў у верасні прэзідэнт Беластока Тадэвуш Трускаляскі.
Камісія рэкамендавала вярнуць Беластоку герб з Грыфонам, падараваны гораду каралём Аўгустам III. Аднак, нягледзячы на гэтую рэкамендацыю і падтрымку некаторых дэпутатаў, у прыватнасці ад партыі «Права і справядлівасць», канчатковае рашэнне аб змене герба было адкладзенае. Праект пастановы аб пачатку працэдуры змены быў вернуты на дапрацоўку.
Агнешка Заброцка ад «Грамадзянскай кааліцыі» прапанавала спачатку стварыць адмысловую працоўную групу для ацэнкі наступстваў змены герба. Яна звярнула ўвагу на тое, што карэкціроўка сімволікі горада можа закрануць не толькі герб, але і іншыя элементы, такія як гарадскія флагі, якія стылістычна звязаны з бягучым гербам.