Гэтую прэмію Еўрапарламента беларускі журналіст атрымаў разам са зняволенай журналісткай з Грузіі Мзіяй Амаглабелі, піша БАЖ.
Мзія Амаглабелі з Грузіі, Анджэй Пачобут з Беларусі, лаўрэаты прэміі імя Андрэя Сахарава 2025 года © L.S/Belta AFP & Z.T/Netgazeti
Анджэя Пачобута на прэмію імя Андрэя Сахарава рэкамендавала група еўрапейскіх кансерватараў і рэфармістаў, у якую ўваходзіць польская партыя «Права і справядлівасць».
16 кастрычніка члены камітэтаў Еўрапейскага парламента па замежных справах і развіцці прагаласавалі за трох фіналістаў прэміі імя савецкага фізіка і праваабаронцы Андрэя Сахарава «За свабоду думкі» 2025 года.
На прэмію прэтэндавалі зняволеныя журналісты Анджэй Пачобут з Беларусі і Мзія Амаглабелі з Грузіі; журналісты і гуманітарныя работнікі ў Палестыне і ва ўсіх зонах канфліктаў, прадстаўленыя Палестынскім сіндыкатам журналістаў, Чырвоным Паўмесяцам і Блізкаўсходнім агенцтвам ААН для дапамогі палестынскім уцекачам; сербскія студэнты.
Рашэнне канферэнцыі прэзідэнтаў Еўрапарламента абвясціла лаўрэата 2025 года падчас пленарнага пасяджэння 22 кастрычніка. Цырымонія ўганаравання адбудзецца 16 снежня 2025 года ў Страсбургу.
Анджэй Пачобут у судзе, 2023 года. Фота: БелТА
Анджэй Пачобут — журналіст і адзін з лідараў непрызнанага ўладамі Саюза палякаў Беларусі Анджэй Пачобут быў затрыманы 25 сакавіка 2021 года ў Гродне па так званай «польскай справе» разам з іншымі актывістамі грамадскай арганізацыі польскай меншасці.
Судовы працэс над журналістам пачаўся 16 студзеня 2023 года і праходзіў у закрытым рэжыме. Перад гэтым суд некалькі разоў пераносіўся.
Анджэя Пачобута абвінавацілі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: арт. 361 КК — заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь; арт. 130 КК — распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці.
8 лютага 2023 года журналіста прыгаварылі да 8 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Ён адбывае прысуд у калоніі № 1 у Наваполацку.